Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Усяго-усяго Вам найлепшага, дарагая Людвіка Антонаўна. Сардэчнае прывітанне хатнім.
Ваша Ларыса Геніюш.
29 студзеня 1983 г.
Даражэнькія!
Дзякуй вялікае за святочныя прывітанні. Спадзяюся, што і мае Вы атрымалі. Рада, што Вам падабаецца “На чабары настоена”. Маю для Вас кніжкі, якія просіце. Буду звяртацца з просьбаю, каб дазволілі мне іх выслаць. Спадзяюся, што дазволяць. Пакуль што я крыху прыхварэла. Дрэнна і дрэнна з сэрцам. Штодня хаджу на ўколы.
Як маецеся Вы? Як са здароўем п. Чэся? Магу сабе ўявіць, колькі ў Вас клопатаў, як Вы запрацаваныя, бо гэта ж і праца, і дом, і сямейка. Пісала на свята Марыя. Вельмі радая з кватэры. Цяпер ім лягчэй. У нас сёлета няма зімы. За ўсю зіму пару разоў толькі бачылі снег. Дождж – часцей. Нешта незразумелае, да чаго мы не прывыклі. Людзям хочацца хоць крыху марозіку і снегу, бо слякаць надаела.
Трэці год не бачу ўнукаў і сына. Моцна непакоюся, ды і век ужо такі, што патрэбная штодня дапамога. Стараюся нейк трываць. Жыву адзінока, але без бедна. Усяго мне хапае, акрамя здароўя. Людзі мяне наведваюць, але пры мне нікога няма. У нас была некалі вялікая сям’я і род, а цяпер я адна. Войны забіраюць людзей і разганяюць іх па свеце, раздзяляючы сем’і.
Мне прапануюць выдаць яшчэ адну кніжку. Паспрабую, але на старасць гасне і натхненне. Нейкі матар’ял ужо маю. Учора быў вялікі і разумны ліст ад мілай Зоскі Верас ды здымак з яе 90-годдзя. Падзіўляю гэтую незвычайную жанчыну.
Нейк давялося мне быць у Менску. Так мне прыпала да сэрца наша сталіца! Там толькі я і ажыла. Як жывецца Ядзі і Гі? Ці Вы яшчэ не бабуся? Рада за Карнэльку. Гонар за такіх дзяцей. Як вучыцца Віктар?
Дык буду тут старацца тыя кніжкі выслаць. Крыху папраўлюся толькі. Ёсць надзея, што сёлета могуць пусціць унукаў да нас. Дай Бог!
Калі што патрэбна Марыі, дык я сказала, каб звярталася да мяне. Можа, Ваша мама прыедзе да мяне летам. Я і летась яе запрашала.
Пішэце мне. Цалую Вас усіх і абдымаю. Жадаю здаровечка.
Ваша Ларыса Геніюш.
Каментар
Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943—1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. Гэта чацвёртая значная публікацыя яе надзвычай ёмістага эпісталярыю, з часткай якога чытач ужо мог пазнаёміцца ў наступных выданнях: Геніюш Л. Выбраныя творы (“Беларускі кнігазбор”, 2000), Геніюш Л. Каб вы ведалі: з эпісталярнай спадчыны 1945—1983 гг. (“Лімарыюс”, 2005), “Асоба і час: біяграфічны альманах. Выпуск 3. Ларыса Геніюш” (“Лімарыюс”, 2010).
Публікацыя прыватных лістоў заўсёды спалучаная з пэўным сумневам: што ў людскіх адносінах можна выносіць на суд чытача, а што – не. Тым большае гэты сумнеў, калі лісты належаць нейкай выбітнай асобе, чыё прыватнае жыццё паступова ператвараецца ў жыццяпіс і аб’ект для адмысловых даследаванняў. Падобныя сумневы давялося перажыць і ўкладальніку гэтага тома, які стараўся да купюравання лістоў звяртацца як мага радзей. У выпадках, калі суб’ектыўныя ацэнкі Л. Геніюш маглі некага пакрыўдзіць ці абразіць, лісты ў друк не ішлі і адпраўляліся на далейшае захоўванне.
Укладальнік выказвае асаблівую падзяку сп. Дануце Бічэль, сп. Алесю Белакозу і сп. Аляксею Пяткевічу за перададзеную імі для публікацыі вялікую колькасць лістоў. Вось што адказала Д. Бічэль укладальніку ў лісце ад 18 сакавіка 2010 г. адносна друкавання лістоў, у якіх закраналіся сямейныя адносіны Геніюшаў: “Прыватныя лісты – гэта самыя праўдзівыя сведкі часу, бо яны пасылаюцца непасрэдна ад сэрца да сэрца… З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі... Што да адносінаў Ларысы Геніюш з нявесткай Валянцінай, то яны развіваліся ў традыцыях нашага этнасу – класічна. Ларыса Антонаўна любіла сына нерастрачанай любоўю, іх жа разлучылі, калі сын быў малым хлопцам. У сваёй прыгожай нявестцы яна шукала і знаходзіла шмат недахопаў – на эмацыйным, побытавым узроўні. Але, разам з тым, яны абедзве – і свякроў, і нявестка – цешыліся з рэдкіх сустрэчаў, абдароўвалі адна адну падарункамі і павагай, мелі агульную любоў – Юрку, Валіных і Юркавых сыноў – Міхася і Алеся. Віна нявесткі перад свекрывёй была толькі ў тым, што Валя прымала свякроў па-хатняму, як свякроў, а не як вялікую паэтку і пакутніцу. Гэта неяк павінны зразумець і чытачы, і Валянціна, і нашчадкі… Калі ж у прыватных нашых размовах мы закранулі некага з пісьменнікаў, дык няхай цешацца, што на іх звярнула ўвагу вялікая паэтка! Паэтка і грамадская дзеячка, якая для ўсёй свядомай інтэлігенцыі была духоўным лідэрам, духоўнай маці, да якой прыязджалі і прыходзілі ўсе сапраўдныя, каб набрацца сілы і натхнення. Гэта было элітнае яднанне на ўзроўні, невідочным для ўсіх астатніх людзей… Чытанне лістоў – гэта акт любові, які вучыць нас любіць яшчэ мацней”.
Тэксты ў двухтомніку друкуюцца ў адпаведнасці з сучасным правапісам і арфаграфіяй, з захаваннем стылёвых і лексічных асаблівасцяў мовы Л. Геніюш. У лістах паэтка нярэдка падавала толькі ініцыялы замест імёнаў і прозвішчаў, прыкладам: Рыгор Б., сябра З.П. Дзе магчыма, мы іх расшыфроўваем у квадратных дужках [ ]. Шматкроп’ем у гэткіх жа дужках […] пазначаюцца зробленыя з этычных меркаваньняў купюры. Меркаваныя даты не датаваных паэткай лістоў прастаўленыя таксама ў квадратных дужках.
Выдавецтва і ўкладальнік удзячныя за спрыянне пры падрыхтоўцы эпісталярнага раздзела дырэктару БДАМЛіМ сп. Ганне Запартыка, загадчыку аддзела рэдкіг кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі сп. Аляксандру Стэфановічу, супрацоўніцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сп. Вользе Гулевай, дырэктару Гарадзенскага музея Максіма Багдановіча сп. Алене Гайко, а таксама сп. Валянціне Трыгубовіч, сп. Вользе Іпатавай, сп. Францішцы Сокалавай, сп. Янку Запрудніку, сп. Аляксею Каўку, сп. Віталю Скалабану, сп. Сяргею Шапрану, сп. Міхасю Чарняўскаму, сп. Вячку Целешу.
Сто ранаў у сэрца (с. ). Упершыню – газ. “Голас Радзімы”, 1996, 12 снежня. Публікацыя Я. Кісялёвай. Тэкст быў напісаны Л. Геніюш па просьбе Я. Казекі для кнігі пісьменніцкіх аўтабіяграфій “Вытокі песні” (1973). Ён неаднаразова правіўся і ўзгадняўся з паэткай, але ўрэшце не трапіў у зборнік.
Споведзь (с. ). Упершыню – час. «Маладосць», 1990, №1–6. Публікацыя М. Чарняўскага. Па сведчанні публікатара, твор не меў агульнай назвы, ідэя назваць яго «Споведдзю» належала Я. Сіпакову — тагачаснаму супрацоўніку «Маладосці». Рукапіс быў перададзены аўтаркай М. Чарняўскаму ўлетку 1982 г. у Зэльве. Паводле «Споведзi» на кiнастудыi «Беларусьфiльм» рэжысёрам В. Дудзiным быў зняты мастацкi фiльм «Птушкi без гнёздаў» (1996). Ролю Л. Генiюш выканала артыстка Таццяна Кавалеўская.
1. Кастусю Езавітаву (с. ). Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа, які зберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 458, воп. 1, спр. 85). Выяўлены Аляксеем Каўкам. Езавітаў Кастусь (1893–1946) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, сакратар ваенных спраў у першым Урадзе БНР (1918), генерал-маёр (1920). Узначальваў галоўную ваенную ўправу Беларускай Цэнтральнай Рады (1944). У 1945 г. арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў Нямеччыне. Памёр пасля катаванняў у менскай турме. Падарожжа, з якога я прывязла…– у траўні 1943 г. Л. Геніюш прыязджала з Прагі ў Беларусь. Weisruttenisches Archiv beim Archiv des Ministeriums des innere, Prag IV Lorettogasse 6 (ням). – Беларускі архіў у складзе Міністэрскага архіва, Прага 4, Ларэтанскі завулак, 6. Вашы пісьмы з архіва дзядзя недзе схаваў…– маецца на ўвазе Захарка Васіль (1877—1943) – палітычны дзеяч, з 1928 да 1943 г. намеснік старшыні, старшыня Рады БНР. Пасля прыезду ў Прагу ў 1937 г. Геніюшы некаторы час жылі ў яго кватэры. Ермачэнка Іван (1894—1970) – дзеяч беларускага палітычнага руху і эміграцыі. З 1940 г. – старшыня Беларускага камітэту самапомачы ў Празе. У 1941 г. пераехаў у Менск, узначаліў Беларускую народную самапомач, быў дарадчыкам генэральнага камісара Беларусі В. Кубэ. З 1948 г. – у ЗША, дзе працаваў лекарам.
2. Лорэнсу Стайнгарду (с.). Друкуецца паводле выд.: Bystrov V. Unosy Ceskoslovensk'ych obcanu do Sovetskeho Svazu v letech 1945-1955. – Praga, 2003. Пераклад з чэшскай мовы Ф. Сокалавай. Лорэнс Стайнгард – амбасадар ЗША у Чэхаславакіі ў першыя паваенныя гады.
3. Васілю Быкаву (с. ). Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа з сямейнага архіва Васіля Быкава – сына пісьменніка. Івана прабіла куля…– маецца на ўвазе Іван Цярэшка, герой аповесці В. Быкава “Альпійская балада”. Карпюк Іна (1929—2009) – педагог, жонка А. Карпюка; настаўнічала ў гарадзенскай СШ №12, выкладала на кафедры педагогікі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы. Руневіч-Брыль не родны мне…– гаворка ідзе пра Алеся Руневіча, героя рамана Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”. Швейк – герой рамана чэшскага пісьменніка Яраслава Гашака “Прыгоды бравага салдата Швейка падчас Другой сусветнай вайны”. Мужу “Птушкі і гнёзды” падабаюцца…– Геніюш Янка (1902–1979) — медык па адукацыі, выпускнік Карлавага універсітэта ў Празе. Сябра пражскага аддзела Беларускай народнай самапомачы. У 1948 г. разам з жонкай быў незаконна пазбаўлены чэшскага грамадзянства, вывезены ў СССР і асуджаны Вярхоўным Судом Беларусі на 25 гадоў няволі. Быў датэрмінова вызвалены (але не рэабілітаваны) і жыў разам з жонкай у бацькавай хаце ў Зэльве, на вул. Савецкай, 7. Світа Эдуард – лекар, працаваў у Зэльвенскай больніцы. Ах, “жонцы Агаце” пашкодзіла косці…– маецца на ўвазе жонка паэта Юльяна Сергіевіча, які жыў у вёсцы Ленкаўшчына Маладзечанскага раёна. Паўстоўскі Канстанцін Георгіевіч (1892—1968) – расійскі пісьменнік. Кланяйцеся ад мяне Надзеждзе Андрэеўне…– гаворка ідзе пра Быкаву Надзею (сапр. Кулагіна; 1923—1982) – першую жонку В. Быкава. Карпюк Аляксей (1920–1992) — пісьменнік і грамадскі дзеяч, у 1978–1992 гг. узначальваў Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.