Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Былі і іншыя беларусы ў Чэхах і ў Славаччыне, але яны да нас не галасіліся, беларускія перспектывы былі не цікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было йсці на небяспеку й забывацца зусім аб сабе. Не кожнаму такое да густу, ды горай, не ўсім пад сілу. Чэхам было бяспечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў, а ў нас ворагаў болей, ад якіх нам гразіў проста апартэід, і мы гэта добра разумелі.
Змаганне нашае пакуль што было амаль без перспектыў, але ні на што нягледзьячы, уніжаныя часта й пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашую прыгнечаную, за сваю гісторыю й дзяржаўнасць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. Нямала было такіх. А іначай нам было, як чэхам. Той самы страх пасля атэнтату на Гайдрыха [99] , той самы боль, калі пералічваліся іх ахвяры.
99
Гайдрых Райхард (1904–1942) — нямецкi генерал, намеснiк райхспратэктара ў Празе. Жорстка душыў чэшскi антыфашысцкi супрацiў. Замах (atentat — польск.) на яго ажыццявiлi чэшскiя дэсантнiкi, засланыя з Лондана.
У мяне без мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб танней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых для работніка і інш. Калі ж мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі пражыць было цяжка, а дакупіць што ўжо не было за што. Гатоўкі ў нас не было ніколі, бо замнога было галодных і наагул патрабуючых. Я расказала ўсё фрау Піпэр, і яны парадзілі мне схадзіць да доктара Вэхтэра, які быў начальнікам Саюза нямецкіх лекараў і загадваў усімі медычнымі справамі.
Я пайшла да яго. Гэта быў сярэдніх гадоў чалавек, даволі сімпатычны вонкава, са шрамам, як належыць нямецкаму студэнту. Гутарылі мы крыху па-чэшску, крыху па-нямецку. Я яму коратка ўсё расказала й кажу, што за такія грошы не пражыву. «А вы Градзілу казалі пра гэта?» — пытае. «Не, не казала, ён сам гэта павінен ведаць». — «Ага, не казалі, дык гэта фальшывая гордасць з вашага боку, вось што: трэба тады Градзіла падаць у суд». — «Не, — кажу, — калі мой муж не меў куска хлеба, ён даў яму працу, хоць скромную, і няхай я буду галодная, але злом за добрае не заплачу». Вэхтэра паклікалі, і я пайшла. Крыху пазней сказалі мне Піпэры, што паводле меркавання доктара Вэхтэра, дык беларусы шляхотны народ... А дапамог мне, як заўсёды, доктар Піпэр. Ён звярнуўся да чэха, прыматара, гэта знача як бургамістра горада Прагі, і ён крыху пабольшыў маленькую нашую зарплату. Жыць было можна. Да таго нашая суседка пані Мораўцава шыла скураныя рукавіцы ад крамы, дзе ёй давалі іх пакроенымі. Вось часам я памагала ёй, гэта былі дэкаратыўныя швы й няблага ў мяне атрымоўваліся. Была гэта бедная жанчына, але як жа харошая.
Юра бегаў у школу, і Свіцкі, дырэктар школы, вельмі хацеў, каб ён заўсёды быў з яго сынамі Нікам і Ванем, каб яны набіраліся энергіі й шустрасці крыху ад яго. Хлопчык вучыўся надзвычай добра. Фактычна ён не вучыўся, вечна выкручваўся й вырабляўся, але калі аднойчы настаўніца прачытала кусок нейкай цікавай прозы й загадала яму расказаць, дык малы паўтарыў гэта слова ў слова, чым непамерна здзівіў клас.
Юра быў надзіва набожны. Яшчэ маленькі штораніцы шукаў нечага пад падушачкай, што туды клаў яму ноччу ангельчык. А ангельчык быў кахаючы, шчодры, і дзень пачынаўся радасна. Калі часам той ангельчык забываўся нешта палажыць, хлопчык крыўдаваў, і раз сказаў нават «кака ангельчык», але болей такога не паўтарыў. Ангел быў добры. Хлопчык быў чысты й вельмі літасцівы для ўсяго жывога. Калі аднойчы загубілася яму любімая цацка, дык прыходжу, а ён стаіць на каленях і вядзе гутарку з добрым Бозенькам, дзе можа быць тая цацка, каб ён дапамог яе знайсці. Гэта пазней вельмі дапамагло самотнаму замучанаму юнаку перахітрыць праследавацеляў, якія намагаліся маральна яго знішчыць, і застацца добрым чалавекам. Аб Юрку, яго здольнасцях і розуме расказвалі па Празе анекдоты. Юра пісаў вершы. Почырк у яго быў немагчыма паганы, але настаўнік чэшскае мовы сказаў мне, што ўсе вялікія людзі пішуць заўсёды непрыгожа...
Добры той чэх высока цаніў малога беларуса, а вось расейскія настаўнікі не ўсе яго любілі і ён не ўсіх. Адна настаўніца, відавочна манархістка, заявіла ў школе, што няма ніякае Беларусі і т.п. Хлопчык абурыўся й сказаў: «Я маленькі й магу паказаць на карце, дзе ляжыць Беларусь, а вы велькая й гэтага не ведаеце, сорамна гэта...»
Адзін раз вярнуўся са школы вельмі задуманы, нешта тварылася ў яго дзяцінай душы. Нарэшце падышоў да мяне й кажа: «Мамачка, я сяння цярпеў за Беларусь». Я збянтэжылася: «Як жа, сынок?» А справа была такая: настаўнік, які не прызнаваў Беларусі, толькі сваю адзіную й недзьялімую Расею, расцягнуў хлопчыка на лаўцы й добра яму ўсыпаў. Можа, і была на гэта якая невялікая прычына, але чыстая дзіцячая душа добра разумела, за што яго б’юць, маленькага... У чэшскай школе было б іначай, але чужынцам у час акупацыі нельга было ў чэшскую школу.
Так горкая доля нашага народу клалася на нашую нашчадзь ужо ад дзяцінства. Не раз яшчэ білі хлопчыка за яго беларускасць, дабівалі яго фізічна й маральна. Б’юць яго яшчэ й сяння, а што будзе з маленькімі ўнукамі? Няўжо і ім давядзецца цярпець, як і нам? Што ж, што ўжо Бог ім дасць, толькі няхай не будуць горшымі ад нас, няхай не адракаюцца ад свайго, няхай будуць чэснымі людзьмі й сапраўднымі сынамі нашага Народу!
А дарагі мой Расціслаў, як толькі змог, уцёк дамоў. Хлопцы ў Берліне дапамаглі яму ў гэтым, і ён прыехаў у Жлобаўцы. Зямля гэта ўжо была нямецкая. Яе, як і другія маёнткі, прызначылі немцы для сваіх герояў вайны, а Гродзеншчыну ўжо загадзя прылучылі да свае Прусіі. Брата пакінулі пакуль што як нейкага эканома ў яго родных Жлобаўцах. Што ж, і гэта няблага пакуль што. Расціслаў аднайшоў самотную бабку Рыгорыху, старэнькую ўдаву па нашым парабку Рыгору, і ўзяў яе сабе замест маці. Пасля прыбіліся да яго нейкія хлапцы. Славачка перавёз з Гудзевіч наш перавезены туды немаведама чаму дом і стаў жыць. Гэты велікан любіў, як дзіця, маці. Для яе, вывезенай недзе ў дзікі Казахстан, ён і перавозіў гэты дом, каб мела куды вярнуцца з высылкі. Людскія сэрцы не маглі верыць таму, што й пасля вайны не спыніцца нечалавечы здзек над людзьмі, гэтага нельга было зразумець сапраўдным жыхарам старой беларускай зямлі. Так было толькі, казалі, некалі, за татараў... Але татары яшчэ не самае горшае ў гісторыі нашай зямлі. Метады нішчання людзей, чужых культур і народаў не былі ў іх так удасканаленыя, як сяння... Дарма чакалі мы з Расціславам сваіх бацькоў. Вырак смерці напісалі ім нелюдзі загадзя. А мы яшчэ верылі.
Так, як Чэхаславаччына, як і Гродзеншчына, так і нашая Зэльва, і родныя Жлобаўцы былі вайною прылучаныя немцамі да Нямеччыны. Гэта давала нам больш магчымасцяў пасылаць пасылкі адныя другім. Памагалі мы так мужавым бацькам і Расціславу. Ён перавозіў дамоў нашую хату, і я пасылала яму з Прагі цвікі, рознае жалеза й асабліва косы, яны былі вельмі добрыя й патрэбныя людзям. А волат Расціслаў заказаў сабе зрабіць касу паўтара метра шырынёю. Калі касіў, дык тры жанчыны вязалі за ім снапы. Ён быў так свята прывязаны да Жлобаўцаў, што ніяк не мог зразумець, што я туды не прыеду. Неяк не цяміў, што абавязкі жонкі й маці важней за наш родны кут...
А кут той мне сніўся начамі. Не зусім было добра там светлавалосаму Расціславу, было адзінока. Аднойчы атрымалі мы дзіўнага ліста. Расціслава праследаваў чорны цень. Ён яго часта стаў бачыць на панадворку і ў хаце. Вяртаецца сутоннем з поля, паявіцца ля яго высокі чорны чалавек, уздыхне й згіне ў паветры. Мой муж, цвярозы медык, прачытаўшы ліста, рашыў, што Расціслаў мог гэта бачыць толькі ў нецвярозым стане. Я яму так і напісала. Аказалася зусім іначай. Брат, гэты чысты і, як сляза, незаганны юнак, пачаў і піць, і курыць, як пісаў, з гора й з адзіноты. Толькі чорнага чалавека бачылі ўсе, хто тады жыў у Жлобаўцах,— і старая Рыгорыха, і дзяўчына, якую Славачка ўзяў у помач Рыгорысе, і хлапцы, якія з імі жылі. Мы з Расціславам ніколі не махлявалі, проста лічылі гэта ніжэй нашага гонару, і нельга было яму не верыць. Яшчэ сяння расказваюць сяляне аб тым чорным чалавеку, як загрудкі браў Расціслава начамі. Брат не ўсё мне аб ім расказаў, шкадаваў мяне відавочна.
Што ж, зноў старыя сямейныя духі, якія так ведамыя ў сем’ях маіх бацькоў. Можа, у цяжкі час перадсмяротны так наведваюць сваю верную нашчадзь у палёх духі іх продкаў. Нешта ж між зямлёю й небам ёсць. Брату я часта пісала, і ён называў мяне «Рыбка залатая», гэта таму, што ўсё мне хацелася аддаць яму, усё выслаць, усім дапамагчы. Чэхі мне ўсё давалі — і дзверцы да пліты, і самую пліту. Толькі дзіва мне, як гэта ўсё тады даходзіла — а даходзіла ўсё. Калі раз вечарам летнім вяртаўся Расціслаў з хлопцамі з рэчкі, да іх падышлі партызаны. Што ж, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, тады свіснулі партызаны, і пазбягаліся ўсе тыя, што акружылі Жлобаўцы, не ведаючы, як брат зарэагуе на іх візіт. Ракою ж пралілі кроў нашага роду ў 41-м годзе... Партызаны пасябравалі са Славачкам. Яны завялі яго да Люціка, якога хацелі забіць за тое, што падпісаўся й выдаў на вываз бацькоў. Расціслаў, як я, хрысціянін, папрасіў іх усіх выйсці, спыніць свой гнеў і помсту пакінуць Богу...
А мама калела з холаду й з голаду ў Казахстане, дагарала яе жыццё. Аркадзі й Аляксей ваявалі ў Андэрса [100] . Маленькая Люся расла ля казахскіх гавец, а Ксеня й Ніна найменей думалі аб хворай маці. Недзе, няведама дзе нават, здаецца, у гродзенскай турме, крычала, прасіла аб помсце нявінна пралітая кроў таты. Але мы з Расціславам не мсціліся, мы не любілі сваіх ворагаў, настолькі хрысціянамі мы не былі, але мы памагалі ім у цяжкі час, можа, крыху спадзяваліся, што дабро ачалавечыць ім душы, а можа, і нічога не спадзяваліся, проста мы няздольныя былі зрабіць зло.
100
Андэрс Уладзіслаў (1892–1970) — польскі генерал. У 1941–1942 гг. камандаваў арміяй, сфармаванай на савецкай тэрыторыі па ўзгадненні ўрада СССР і польскага эміграцыйнага ўрада. Адмовіўся змагацца з немцамі на баку саветаў і перайшоў да хаўруснікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. У 1943–1944 гг. камандаваў польскім корпусам у Італіі.
Начальнік таго невялікага партызанскага збору ля Воўпы, нейкі Міша, здаецца, вельмі зачасціў са сваімі хлопцамі да Расціслава. Яны абодва абмяркоўвалі аперацыі, вельмі пры гэтым аглядаючыся, каб не нішчыць народу. Крыху пазней мы прагутарылі з братам ноч напралёт, было гэта ў Зэльве. Расціслаў клікаў мяне ў Жлобаўцы, але мяне не пусцілі. Ён запэўніў мяне, што партызаны радыя мяне сустрэнуць, і вось тады пачаў расказваць пра іх. Я пыталася: ці не ўдарыў яго камісар нямецкі? Ён папрасіў, каб я аб гэтым ніколі не запыталася яго болей. Сказаў толькі, што мама мусіць жыць і яму трэба яе дачакацца.