ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Дзве нядзелі быў у нас с. Прашковіч. Я вельмі хачу, каб Вы дазволілі яму зайсці да Вас, калі ён будзе ў Вільні, гэта сардэчны, харошы вельмі чалавек. Нічога пакуль што не пішацца, бо надта многа хатняй работы, а жаль – час уцякае, і так нямнога жыцця яшчэ нам засталося.

Пішэце мне. Не забывайце. Цалую Вас сардэчна – Ваша Ларыса Геніюш.

Прывітанні Вам ад майго Янкі.

Максіму Танку

Зэльва, 14 верасня 1967 г.

Максім Танк!

Я чула, што Вы хворы. Мне здаецца, што Вам трэба легчы ў больніцу! Магчыма, акрамя лекаў Вам патрэбны рэжым і спакой. Не адносьцеся так па-юнаму да свайго здароўя! Прашу Вас вельмі. Эскулапы добра ведаюць сваю справу. Як чуецца Ваш тата? Як здароўе Любові Андрэеўны і Вашага ўнука? Калі ўжо Вы не паехалі ў Маскву, знача, Вы паважна хворы. Я вельмі сумую, і не толькі таму, што Вы не будзеце бачыць сонейка, Нарачы і баравікоў пад ялінкамі, але таму, што хвароба Ваша – гэта небяспека для нас, проста гора. Трымайцеся, глядзеце, не праймайцеся драбніцамі, не ператамляйцеся!

Сёлета было даволі душна, мой муж таксама ледзь-ледзь ходзіць. Ён яшчэ ўсё не браў водпуску. Усё думаў, што будзе нейкая пуцёўка ў санаторыю, хоча паправіць здароўе. Хоць у дом адпачынку на «рыжскае ўзмор’е». Угаварваю, каб ехаў. Разам мы ніяк не можам ехаць, гэта не быў бы адпачынак. Не заўсягды ўжываецца медыцына з паэзіяй і цвярозы мужчынскі розум і толк – з маімі думкамі, планамі. Я патрабую хопь крыху быць зусім адна, прытым трэба пабяліць хату, хоць крыху прывесці яе ў парадак, яна, як і мы, дажывае свой век. Калі не дам рады гэта зрабіць, я памру з адчаю.

Летам у нас без перапынку былі госці. Было б вельмі цікава, каб не столькі абавязкаў на маёй галаве. Я абяцала на 1 кастрычніка здаць сябру Казеку сваю біяграфію. Гэта цяжка. У жыцці маім такія сцылы і харыбды, якіх ніяк не пераскочыш. Напісала рознага два сшыткі і паслала Прашковічу, каб перапісаў, але ўсё тое да друку не надаецца, як недзе і я сама... Надта цяжка сфармуляваць у адпаведна прылізаныя фразы апошнія два дзесяцігоддзі жыцця...

У дзяцей усё добра, цяпер у іх – перапынак у канфліктах, якія, на маю думку, перадусім сведчаць аб іх пачуццях. Абыякавасць заўсягды бесканфліктная. Міхаська разбіў сабе ў школе галоўку, наклалі 4 швы (!). Ганарыцца тым, што не плакаў... Не люблю такога «геройства», калі баліць – трэба верашчаць. Не люблю і другога геройства, калі кажуць легчы ў больніцу, знача – трэба слухацца! Так! Калі Вы будзеце ў больніцы, і дазволяць Вас бачыць, я кіну бяліць хату, варыць кампоты і марынаваць грыбы і абавязкова прыеду паглядзець на Вас. Спадзяюся, што Вы будзеце папраўляцца! Вы, калі ласка, зразумейце, што хворае сэрца – гэта не гуз на лобе, а рэч надта паважная!

Адцвітаюць мае астры і юргіні. Павеяў ужо халодны вецярок. У лесе пасохлі ўсе баравікі і толькі сям-там яшчэ – рыжыкі. Старыя людзі не памятаюць столькі грыбоў ля Зэльвы, як сёлета. I не ў сасняку, але пад кусцікамі, у зараслях, на горках. Былі коратка, але як жа было іх многа! Усе яны мне стаяць у вачох.

Я даўно ўжо нічога не пісала, кожную мінуту майго часу была нейкая праца, а ноч – добра заслужаны сон. Былі з Прашковічам у Гудзевічах на хрысцінах. Сталы стаялі пад яблынямі, гарэлка біла фантанам, а 75-летнія дзяды танцавалі лепей за маладых! Прашковіч танцаваў польку, а Пяткевіч – твіста! Муж спрачаўся з некім, а я слухала, слухала вечарамі мінулае...

Вы ўжо змарыліся ад майго ліста? О, хворае сэрца! Калі б Вы не хварэлі, дык я Вам ніколі болей не напісала б ліста! Я ўжо не злуюся... Толькі адносьцеся з належнай пашанай да медыцыны! Проста дрыжу за Вас, бо чую і ведаю, як гэта ўсё паважна! Вас замучылі рознымі справамі тады, калі нармальнаму чалавеку не адужаць было б размаху адной Вашай паэзіі. Як Ваш пульс, харошы сябра М. Танк? Ці заўсягды носіце з сабою валідол? Ці кладзецеся ў пару спаць? Ужо год будзе зараз з той пары, калі Вы, як сапраўдны рыцар, гатовыя былі памагчы мне выбіраць моркву. Усё смяюся, калі ўспомню, як мы з Вамі ездзілі ў краму, але вось цукерачкі Вы мне тады не купілі...

Вецер калыша маю яблыньку і памаленьку ўжо страсае лісце. Гляджу праз акно на тое месца, дзе Вы стаялі з Алесем Бажко, і здаецца – Вас бачу! Заставайцеся здаровыя,

Максім Танк! Вельмі хачу мець пэўнасць, што няма болей небяспекі Вашаму здароўю.

Да сустрэчы, Максім Танк!

Ларыса Геніюш.

P.S. Ліст Ваш прыйшоў без маркі, такі абодраны. Такая злосць... Вітайце ад мяне Любоў Андрэеўну. Прывітанне Вам ад Яначкі.

Юрку Голубу

Зэльва, 18 кастрычніка 1967 г.

Дарагі Юра!

Я на цябе не гневаюся, сэр, толькі вельмі мне залежыць на тваёй трэзвасці! Павер, шчыра павер, што я твой друг! Не буду цябе нудзіць маралямі, але веру ў твой цвярозы сялянскі розум і сілу волі, знамянуючую нашу будучыню! Пісаў мне Коля [Краўцоў] пра твой зборнік. Хораша, Юра, трымайся! Была ў нас пару дзён Оля Іпатава (харошая і мілая вельмі), прывозіла кантрольны зборнічак Данусі. О, якая харошая рэч! Мне падабаецца!

Ці сустракаешся з сябрам Міколам [Прашковічам]? Гэта вельмі харошы і шчыры сябра. Наведвай яго. Як поспехі ў школе? Ці ўжо развіталіся з Вамі польскія сябры? Што яны адвезлі з Менску апрача твайго сэрца? Ці добрыя ў іх засталіся ўражанні ад нашай сталіцы? Грышы я перадавала адносна берэту і рукавіцы. Спадзяюся, што ўсё патрэбнае ён ужо табе прыслаў.

Вельмі аслабеў Іван Пятровіч. Чакаем наступнага месяца, у якім ён возьме водпуск. У Зэльве восень. Фільмы на 50-годдзе, планы і іх выпаўненне і т.п. Моладзь заўсёды прывозіць з сабою ажыўленне і адвозіць яго, зразумела. Як чуешся? Ці яшчэ не трапіў у палон да мілай, таленавітай мінчанкі? Глядзі, гэта табе перашкодзіць расці да неба! Хоць гэта, можа, і лепш, чымсьці гарэлка… Не ведаю, што з Валодзем, ці вярнулі яму правы? Калі не, дык няхай тата Голуб пасадзіць яго шыць розныя порткі і т.п. – проста за кару! Ах-ах, такі харошы хлопец, а той баранкі ўсё ніяк не ўтрымае, усё яна яму выслізгваецца з рук… Убачыш Мікалая Іванавіча Краўцова – вітай яго ад нас з Іванам Пятровічам. Я вось хату бялю, падлогу крыху памалявала, цяпер у гародзе. Усе пра мяне забыліся…

Бывай, маленькі сябра! Пі малачко, кефір і ўсякую безалкагольнасць! Вітай ад мяне харошых сваіх сяброў (няп’ючых!). Не гневайся, не дуйся, а прыязджай!

Ларыса Геніюш.

P.S. Вельмі харошы зборнік прыслаў украінец Валодзя Лучук.

Максіму Танку

Зэльва, 18 кастрычніка 1967 г.

Максім Танк!

Даведалася, што Вы ўжо прыехалі. О, homo sapiens, чаму ж не ехалі на лячэнне? Я думала, што Вы недзе ўмацоўваеце свае сілы на айчынным курорце, а Вы шыбуеце цераз акіяны! Нічога сабе для хворага чалавека! Ці лекар Вам дазволіў на гэта? Каб хоць прывезлі кружэлак з беларускімі песнямі! Напэўна, забыліся... Як здароўе? Як адчуваеце сябе сяння? Што цікавага ў Вашым жыцці? Як расце ўнучка, а можа, іх прыбавілася? Вы цяпер недзе пад мілай апекай Любові Андрэеўны. Адпачыньце добра, не рвецеся зноў пад аблокі.

Наш малы дворык усланы лісцем, як год таму, калі Вы прыехалі. Толькі сёлета не было прымаразкаў, і цвітуць усе юргіні! Морква ўжо выдраная!.. Я сёння накапала хрэну. Аглядала слоікі з баравікамі, замнога воцату ў іх, яны чакаюць Вас. Мне так хочацца аб гэтым думаць. О, Вы, напэўна, зусім забыліся аб маім існаванні! Нічога, я вось Вам прыпомню аб сабе!

Як Ваш тата? Бярэце, можа, яго на зіму ў Мінск, а то клапатліва Вам будзе зімою. А Татур не меў пуцёўкі... Казаў Прашковічу, што трэба лекарскую посвядку, заяву і г.д., і то на наступны квартал – гэта на наступны год. Не, гэта не падходзіць, ды ўрэшце, я ж – не член Саюза... Муж едзе 10 лістапада недзе ў Лётцы каля Віцебска. Дастаў пуцёўку цераз больніцу. Вельмі, вельмі аслабеў і ледзь ужо ходзіць на работу. Цешуся, што падлечыцца і крыху адпачыне. Я чуюся даволі добра.

Поделиться с друзьями: