Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
М[аксім] Т[анк] і А. Бажко былі ў нейкага тав. Канавалава, і гэта ў яго яны дамовіліся і з гэткім хуткім друкаваннем, і з мастацкім афармленнем кнігі і г.д. Усё гэта выглядае – як харошы сон, а якая будзе рэчаістасць – пабачым…
Гудзевічаў сваіх я не пазнала. Няма нічога таго, што было раней. На дзедавым панадворку – вёска. Можа, так і добра, а можа, і не зусім. Шкада старых каменных збудаванняў, якія вынішчылі немцы, адыходзячы, і шкада дрэў і садоў, якія вынішчылі людзі, не пасадзіўшы другіх. Нават рэчку пакапалі, як краты, вынішчылі альшыну і цень і зрабілі з жывой Верацейкі ўбогую лужыну без вады і без рыбы, без хараства і без душы – проста каналік…
Сябра Прашковіч апавясціў, што калі выйдзе мая кніжка, дык ён аб’явіць банкруцтва, бо будзе скупляць яе масава і рассылаць сваім знаёмым.
Вось і ўсё. Да сустрэчы, дарагі сябра. Вітайце ад нас сваю жоначку і дачушку. Застаемся з пашанаю да Вас – Геніюшы.
P.S. Мусіць, буду надакучаць Вам, пакуль аж гэту Галю не дамо вучыцца…
Зэльва, 18 лістапада 1966 г.
Максім Танк!
Добра, што напісалі. Дзякую Вам. Нейк бяспечна і хораша, калі ад Вас – ліст. Мне толькі не асабліва падабаюцца ўсе тыя пасяджэнні, на якіх мусяеце быць. Яны Вам не прыносяць, відно, спакою для творчасці і роздумаў, а здароўя – тым больш. Цяжка ж музам у гэткай калясніцы!
13 лістапада было і для мяне харошым днём. Я не дазволіла мужу ўставаць з пасцелі, пісала лісты (але дату на іх ставіла – 14 лістапада), а пасля прыйшла пошта, а з ёю «Новый мир» і «Полымя»! Я адразочку пазнаёмілася з «Суверэннай дзяржавай» і некалькі разоў перачытала ўсё падрад! Было змястоўна і вельмі цікава. Крыху цешуся, што Вы даношвалі чужыя адзежыны, у выніку чаго і погляд аба мне зробіце зусім самастойны, такі, як і я аб Вас.
Мне думаецца, што Вы аба мне наслухаліся дзіваў, а я – проста толькі чалавек, які таксама думае па-свойму, хоць чужых апранахаў у жыцці не прыйшлося даношваць, бо была найстарэйшай сярод семярых дзяцей маіх бацькоў, і ўсе нешта насілі маё. (Гэта нямнога! У бабак, і татавай і мамінай, маіх дзядзькоў і цётак нарадзілася некалі роўна па 16 дзяцей у кожнай!) Я даволі добра выхаваны чалавек, але калі яшчэ раз пачую, што М. Т. п’е гарэлку і т. п., то мне, напэўна, дадуць 15 сутак, і я недзе іх сапраўды заслужу! Наогул, я болей люблю памагаць людзям, чымсці іх слухаць. Вось таму я так цешуся з тае чужой вопраткі на Вашых маладзенькіх плячох і з Вашага глыбокага, самастойнага думання. Мне калісьці местачковыя краўцы і шаўцы па загаду мамы шылі ўсё навыраст! Я, як пугала, хадзіла сярод сваіх «коlezanek», і вельмі ўжо стукалі мае падбітыя падкоўкамі абцасікі на чаравіках... Хахачу, як успомню!
Знаеце, як я адношуся да сяброў? Alter ego amicus Plato, sed magis amica – veritas! Так і толькі так! Што да мае адмовы адведаць другога сакратара нашага райкома, дык гэта, прызнацца, не першы раз... Ён, аднак, як я чула, на мяне не абразіўся і сам збіраецца нас адведаць! У нас калісьці быў райком, яны былі нядобрыя да мяне, і таму я, калі мяне паклікалі, не пайшла... Пастараюся Вас паслухаць, хаця, што да ацэнкі нашага сённяшняга першага сакратара, не згаджаюся з Вамі. Абгрунтавана, прытым... Ён калісьці быў ужо ў нас у Зэльве... Сяння чула, што якраз другі сакратар – культурны і даволі харошы чалавек. I зусім не без прычыны такія ў партыі!
Вось мы ехалі з Гудзевіч. Муж і сябра Мікола [Прашковіч] селі разам, каб гутарыць, я перад імі – адна. Месца было ў аўтобусе многа, але адзін таварыш, добра апрануты, у капелюшы, папытаўся, ці можна каля мяне сесці? Я сказала: не, нельга! Ён усё ж сеў, і пасля важна мне пахваліўся, што ён працуе ў лагеры для зняволяных у Ваўкавыску! Я, бачыце, глянула і ўжо ведала наперад, хто ён...
Жыву крыху інстынктамі. Каля Вас магу скакаць на адной назе! Я знаю, як памёр Ваш дзед. Ён пайшоў змяняць пастуха на полудзень і заснуў на вякі. Пад дубам! Як хораша! майму было б сёлета ўжо 118 лет. Гэта ж гаспадар падкапваў камень, каб не перашкаджаў жняярцы, і той на 85-ым годзе жыцця прыціснуў яму рэбры, ды яшчэ да гэтага нешта прыкінулася. Ён у сваіх 18 лет меў на дваіх з братам участак зямлі ў Крынках. Да немагчымасці прагнуў зямлі. Прадаў свой паўучастак і пайшоў купляць і прадаваць зямлю. Ажаніўся дзед мой Павел Францавіч (уніят!) у тых самых 18 гадоў. Бабцы было 16 гадоў. Яна была з Чамяроў. Гэта былі лесавікі на дзяржаўных землях. Пасля знясення прыгону ў іх былі надзелы ў 40 дзесяцін! Бабка мая памятала, як аднойчы раніцой прыйшлі да іх паўстанцы і ў печы палілі паперы. Паўстанне гасла...
У бабкі было многа сёстраў, і адна вельмі прыгожая, Паўлінка. Да яе прыехаў рыжы сват, шляхцюк. Яна высмеяла яго, паказваючы белыя зубкі, і адмовіла. Пакрыўджаны дзяцюк прывёз аднойчы на дзядзінец бочачку піва. Скінуў яе з возу пасярэдзіне ды пачаў збіваць абручы... Піва разлілося, клёпкі рассыпаліся. Год не сышоўся з годам, як харошая Паўлінка стала, як бочачка... Аддалі яе, няшчасную прыгажуню, за нейкага недарэку ў Крынкі. Мне было яе заўсягда жаль... Землі майго дзеда былі «дутыя». Ён іх большасцю «нахапаў» на Віленска-Тульскі банк, хоць расейская імперыя і палякі здзіралі неміласэрна гэты доўг. Мы былі як арандатары. Дзед мой ледзь-ледзь умеў распісацца. Вельмі быў чэсны. Жыдкі пазычалі яму грошы без вэксалёў, толькі на яго слова. Умеў гутарыць толькі па-беларуску, да смерці іначай не навучыўся!
Абедзве нашыя сям’і, і маміна і татава, – гэта духі, варажба і нешта не зусім зямное і натуральнае. Мне часам здаецца, што і я крыху з варажбы... Калі б гэта Вам усё расказаць! Вы не паверыце, Максім Танк, але сапраўды бывае дзіўнае ў свеце. Мне вельмі падабалася, як Вы селі ў куточку і пісалі ліста. Я адразу Вам скінула 45 гадоў. Гэтак і ў Вашых творах: ад юнацкай чысціні і мараў – да цяжкіх роздумаў дзяржаўнага мужа. Дзякую Вам за ўсе добрыя словы.
Даруйце, калі ласка, ізноў за «разлезлы» ліст. З Вамі бясконца хочацца гутарыць аб дарагім, нават аб інтымным. Такая ж даверра да Вас і ў маіх усіх сяброў.
Цешуся, што можна будзе надрукаваць у кнізе верш Вам. Толькі ж, безумоўна, не пра кабыліцу... Гэта быў бы смех на ўсю Беларусь! Мой муж чуецца крыху лепей і дзякуе Вам шчыра за памяць. Ён шле Вам свае сардэчныя прывітанні.
Калі толькі Вы мне прысніцёся, дык усё думаю: а можа, пагана? Хачу, веру і спадзяюся, што – усё, усё добра! Як назавем зборнік? Можа – «Льняное прадзіва»? Ці як інакш? Можа, назавем «Настоенае на чабары»? Ці – «Вернасць зямлі нашай»? Можа, назавем «Прадзедам з удзячнасцю», можа – «Мы – беларусы», ці – «Клёкат бусліны», ці –«Невадам – з Нёману», ці – «З кахання і веры», ці – «Насуперак долі», ці – «Сэрца і праца», ці – «Вытканае з зарніц»? Думайце і Вы, харошы Максім Танк.
Застаюся з глыбокай пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 19 лістапада 1966 г.
Добры дзень, дарагія і паважаныя!
Усё, здаецца, Вам напісала, акрамя самага галоўнага. У мяне гэтак выходзіць часта… Вось не пішэце, калі ласка, “дачка дробнага абшарніка”. Крый Божа! З гэтага вельмі смяяўся М[аксім] Т[анк], бо і с. Глебка напісаў падобнае. Лепш ужо напішэце “дачка кулацкая”. Ці мо так, як у “Полымі” ў 1965 г. напісаў с. Глебка.
Бачыце, дзед мой яшчэ адрабляў 6 дзён прыгону (было б дзеду сяння 118 лет), пасля прадаў 1/2 участка свае зямлі ў Крынках, і пачалося яму, з лёгкай рукі, жыццё. То купляў, то продаў. Купляў землю на Віленска-Тульскі банк (быў такі), а продаў лес, і так далей, і далей. Калі ўзяць гіпатэчную кнігу ў Гродне з гадоў 1900 і далей, дык на кожнай пятай старонцы красуецца мой дзед – Павел Францавіч Міклашэвіч! Дарагі мой дзед ледзь-ледзь умеў распісацца. Быў надта справядлівы і чэсны! Усе жыдкі давалі яму грошы толькі на слова! Вось і было многа зямлі, але на ёй вісеў банк, які, на жаль, не загінуў разам з царскай імперыяй, а цягнуў з нас аберуч свае даўгі… І з дзеда.
Зямлі было многа, але тое “панства” было невялікае. Дзеля яго і загінуў увесь наш род… Аднак, я ўжо так прывыкла да ўсіх мучэнняў за гэту зямельку, што не буду мець нічога супраць, калі напішаце “панская дачка”! Няхай так і застаецца. Тры родныя браты гэтай “панскай дачкі” ваявалі супраць немцаў, два з іх палеглі, а бацькоў нашых замучылі, даканалі свае…
Не маю чаго ўстыдацца ці баяцца, вось і пішэце: “панская дачка”! Па творах пазней відаць будзе. Хлусіць не трэба! Няхай вучацца ў “панскай дачкі” мовы беларускай, сялянскага быту, павагі да працы, кахання да народу і сілы ў цярпенні за яго! Люблю такіх “паноў”, якія не цураюцца мовы свае накшталт сянняшняй сялянскай моладзі, і крывёю сваёю, жыццём бароняць землю ад ворага! Так і пішэце: “панская дачка”, і так яно будзе пісацца!