ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Верш мой у “Дні паэзіі” сапраўды архаічны. Яго недзе ўзялі са зборніка. Пісаны ён быў для Гудзевіч – як дыдактычная крыху паэзія. Маю ўражанне, што і цэлы мой зборнік будзе архаічным да пэўнай меры. Толькі – і гэта жыццё, і немаведама, якое болей цікавае і сапраўднае… Архаічныя погляды на жыццё (адвечнай беларускасці) добрыя тым, што прадоўжылі б яго і захавалі б… Вялікая частка народу нашага не разумее інакшай паэзіі, ды і самі паэты не могуць быць усе – аднаго жанру. Цікавае якраз – у іх рознасці. Я сама не люблю сваіх вершаў і кажу Вам гэта шчыра, але людзі іх разумеюць.

Бывайце! Кланяйцеся жонцы. Цешуся і жадаю поспехаў пачыну Аляксея Н[ікіфаравіча Карпюка]. Жаль, што не магу памагчы яму.

Ларыса Геніюш.

Максіму Танку

Зэльва, 4 снежня 1967 г.

Дарагі і паважаны Максім Танк!

Я цяпер у таварыстве і атмасферы Вашых вершаў з апошняй падборкі ў «Полымі». Яны гаючыя і глыбокія, на многія [пытанні] адказваюць, захопліваюць і задавальняюць мяне. У іх ёсць мужчынская сіла і розум, ды тое, што я люблю, – дабрата... З імі мне добра, як і наогул з Вамі.

У Вас – гора, і я Вам спачуваю з нагоды скону тав. Казлова. Як жаль, што народ так мала знае пра сваіх кіраўнікоў. На мой погляд, пра іх павінен ведаць кожны, каб склаліся пра іх адпаведныя думкі і пачуцці. Вось адыходзіць чалавек, які, напэўна, нечым заслужыў высокае становішча ў нашым народзе...

Паштоўка ад Вас – цудоўная! Мяне так і пацягнула ў лес, але дарогі ўжо белыя, ды вецер студзіць... Мой муж недзе ў Мінску. Ён, напэўна, скажа Вам, куды хоча ехаць на лячэнне, а я дастасуюся да ягонай волі. Шчыра кажучы, мне найбольш хацелася б у Нясвіж, ці на Нарач. Люблю быць удома, доўга не была… Што да грамадзянства, дык пастараюся, каб было так, як Вы гэтага хочаце. Мне гэта смешна. Я – нічыя і належу сусвету і Беларусі. Я нейкі госць на зямлі, гарошына, якую лёс кідае, дзе хоча, і разам з гэтым – шчыры Ваш сябра. Добра, гарошына будзе мець нейкую фармальнасць...

Чаму не хачу прыехаць? Проста я баюся людзей. I яшчэ баюся, што калі ўбачу Вас у іншых абставінах, дык рассеецца той харошы вобраз, які застаўся ў маім сэрцы пасля Вашага візіту ў нашай хаце. Я многа згублю, калі адчую Вас іншым, хоць і знаю, што становішча Ваша гэтага вымагае.

Карпюк прыслаў мне карэктуру маёй кнігі. Кніга атрымалася светлая і ўзнёслая. Я не ведаю, як і чым Вам за ўсё аддзякую. Яна такая толькі дзякуючы Вам. Гэта вынік Вашай несказанай тонкасці і інтэлігенцыі, Вашых парадаў.

Я крыху адпачыла. Часам не давалі людзі, сваякі (скуль яны толькі бяруцца...). Некалі я дасканала пераносіла адзіноту, таму цяпер у мяне быў нейкі ясны свой свет, і я не сумавала зусім. Жадаю Вам здароўя. У апошніх сваіх вершах Вы такі багаты...

Бывайце, харошы Максім Танк. Гадзіннік цікае ўсё.

Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 20 снежня 1967 г.

Даражэнькія!

Спяшу падзякаваць Вам за мілую і арыгінальную гасціну. Прыкра мне, што я так нечакана ўварвалася ў Ваш дом і прынесла Вам столькі клопатаў…

Я крыху перастыла, ды разбалеўся мне зуб. Цяжкая была ноч, але сяння разрэзалі нарыў на дзясне, ізноў зуб абкалолі пеніцылінам, і чуюся лепш. Удома ўсё ў парадку! Муж як быццам крыху ачуняў. Вельмі, вельмі цешыўся, што я ўжо дома.

У нас – снег і мароз, але ў хаце цёпла. Аўтобус быў халодны, і я ўсё яшчэ адчуваю далёкую дарогу, да якое я не прывычная. Цешуся, што Вас пабачыла, і шкадую, што не паспела прачытаць Вашых успамінаў. Спадзяюся, што Вы адчуваеце сябе добра. Прашу прабачэння ў катоў за тое, што яны мерзлі з маёй прычыны ў халодным пакоі. Усё ўспамінаю, як яны важна і настарожана сядзелі ўвечары на пліце і падазрона на мяне паглядалі. У Вас недзе таксама ўжо снег, і цяжка бегаць Славіку па крутой сцежцы. Успамінаю тую ноч, калі доўга мы з Вамі не маглі заснуць, гутарылі ўсё і пісалі. Два жыцці: маё і Ваша, розныя шляхі і адна мэта.

Сваё дзяцінства і часць маладосці я пражыла на аднаселлі. Ніхто нас вельмі не шкадаваў, і варункі жыцця былі даволі цяжкія. Бывала, паставяць паганяць коні ў манежы, альбо адкідаць салому ад барабана, дык халадно-халадно, а дзень даўгі… Мама лічыла, што ўсё трэба ўмець рабіць. Я адыходзіла ад улюбёнай літаратуры, але пазнавала народ, яго тысячалетнюю даўніну, адкрываючы для сябе ўсё новае і новае.

Вельмі міла я правяла час у сваіх “дзяцей”. Яны зусім не злосныя за маё сватаўство. І Богу дзякаваць за гэта! Многа ўспаміналі. Вельмі мілая ў іх дзяўчынка, але столькі было ўспамінаў, што не было калі мне пагуляць і пагутарыць з ёю.

Караткевічы, пэўна, прыедуць аж 6 студзеня, так пісала ўчора Надзежда Васільеўна. Валодзя, здаецца, жэніцца на нейкай выкладчыцы з Брэсцкага пед. інстытута. Яна 5 дзён гасціла ў іх… Не веру таму Валодзі, цяжкая з ім гутарка ў гэтай справе. Мяне ж ён баіцца, як Вашыя каты, і крыху слухаецца. Ці атрымалі календары? Не забудзьцеся мне аб гэтым напісаць. Цешуся, што пабачыла Вас і пакінула ў поўным здароўі.

Цалую Вас сардэчна і жадаю ўсяго добрага. Шчырыя прывітанні Вашай сям’і.

Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 23 снежня 1967 г.

Даражэнькія!

Спадзяюся, што ліста майго Вы ўжо атрымалі. Яшчэ раз дзякую Вам за мілую гасціну. Вельмі рада была сянняшняй вестцы ад Вас. Я ўсё яшчэ не ў форме, дзясна зажывае добра, але ў зубе ўсё яшчэ нешта не ў парадку. Адчуваю, што ён у мяне ёсць.

Як жа Вы маглі прыняць мяне лепей, даражэнькія? Была мілая гарбата з п. Я. Шутовічам, цудоўны ды адпаведны як на пятніцу абед, харошая пасцелька нанач і спакойны сон пад Вашаю страхою… Харошыя і мілыя Вашыя асабіста адносіны да мяне, можа, крыху з маленькай засцярогай, як да зусім незнаёмай асобы, але ж гэта зусім натуральна ды зразумела. Я радуюся, што Вас пабачыла, думала, што Вы мацнейшая фізічна і маеце болей камфорту, які так неабходны ў нашыя гады. Урэшце, гэта справа прывычкі.

Як жа мне добра некалі жылося на аднаселлі ў бацькоў! Толькі было там 5 пар коней, а зімой яны застойваліся, дык шпарка ехалася па соль і газу. Я сяння рада жыла б там, і не было б мне сумна. Таму вельмі Вас разумею. Харошы Максім Танк радзіць і нам пакідаць Зэльву. Сяння я аб гэтым паважна задумалася.

Субота, трэба было мужу ісці ў лазню, а ён ужо не знайшоў сілаў на гэта… Была б ванна і выгоды ў хаце, да якіх ён прывык за 26 г. прабывання ў Празе, было б усё іначай. Я цягаю торф, попел, ваду, дровы і часта бываю ў сажы, як чорт.

М[аксім] [Танк] хворы, лечыць сваё сэрца на Украіне, дзе на беразе Дняпра стаяць волаты-дубы, якім па 300-500 гадоў… Абавязкова трэба будзе паехаць у Менск, пазнаёміцца са сваімі новымі сябрамі, якіх у мяне там многа, як піша М. Т.

Жаль, што не ўдалося павялічыць ці перазняць старыя фатаграфіі. Дзеля чаго мне гэта? Я Вам пасылаю ліста. Вярнеце мне яго. Такіх лістоў болей. У нас тут перазняць фатаграфію вельмі цяжка. Я дакараю сябе, што не звярнулася з гэтым да фатографа ў Вільні. Вы ж маглі б мне іх пераслаць! Урэшце, я і забылася, мае сябры ў Менску ўмеюць гэта рабіць. Муж бачыў, як яны сабе павялічылі нейкі маленькі мой здымак з газеты! А я тут турбую людзей сваімі справамі! Прашу за гэта прабачэння.

Поделиться с друзьями: