Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Спяшаюся крыху – субота сяння. Бывайце здаровыя, кланяйцеся сваёй сямейцы ад мяне.
З пашанай – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 8 снежня 1966 г.
Максім Танк!
Дазвольце мне павіншаваць Вас з ганаровым, высокім і адказным становішчам. Дазвольце пажадаць Вам шчасця і вытрываласці ў гэтай працы. Безумоўна, спагадаю, баюся за Ваша здароўе перадусім і вельмі шкадую таго, што не напішацца, не створыцца за гэты час. Рада, з нейкага беларускага эгаізму, за Саюз, за нашу літаратуру і літаратараў, асабліва – за яе малады набытак. Усё добра! Вы – малады і вельмі адпаведны на гэта становішча. Будзе з гэтага ўсебаковая карысць!
Дзякую за ліста. Нарэшце нешта пра Вас ведаю ад Вас самога. Я зусім забылася, што ў Вас многа спраў... Цешуся, што павялічылася падпіска на «Полымя». Мне хочацца, каб столькі людзей на яго падпісвалася, колькі было ў свой час грамадоўцаў. Трэба ліквідаваць прычыны, дзеля якіх яно не пашыраецца, варушыць мову, мову і яшчэ раз мову. Узровень «Полымя» вельмі высокі, жаль, што яно не даходзіць да моладзі цераз школы. Прапаную ізноў стварыць ТБШ, як за польскіх «добрых часоў»...
Пра «сваіх старых» мною крыху ўжо напісана, буду прадаўжаць. Калі з Вашых бацькоў яшчэ нехта жыве, дык мне вельмі хацелася б пабачыць... Чаму? Не знаю... У нас усё было б добра, але глаўурач ізноў пачынае свой «кардыбалет»... I да каго тут чапляцца? З чалавека застаўся цень... I як гэта такую брыду зямля наша носіць? Дзіву даюся! Мусіць, усё, што не надаецца ў Расеі і на Украіне, дык шлюць нам сюды – на пацеху...
Хочацца мне паслаць Вам пару сваіх думаў з апошніх дзён. Ці варта пісаць пад народнае? Мне гэта вельмі падабаецца. Мне толькі жаль, што Вы цяпер не зможаце нас адведаць. А нам абоім, мне і мужу, вельмі і вельмі хацелася б бачыць Вас зноў у нашай хаце. Я не ў праве хацець ад Вас гэтага, але калі б былі недзе побач – заедзьце.
Зайздрошчу Вам, што побач Вас – сябры! На іх, на ўсіх сваіх «замаў» надзейна перакладайце цяжэйшыя абавязкі – няхай вучацца! Будзьце толькі здаровыя! Застаюся са шчырай пашанай да Вас і з надзеяй убачыць Вас некалі. Прывітанне Вам ад майго мужа.
Ларыса Геніюш.
Ларыса Геніюш. 8 снежня 1966 г.
Зэльва, 11 снежня 1966 г.
Шчыра паважаны і дарагі пане Прафесару!
Прымеце ад нас нашыя спагаданні і спачуванні з нагоды суровай і няўмольнай страты, якая Вас напаткала. Няхай зямелька Ваша будзе пухам пані Каміле, а светлая і радасная любоў яе жыцця – пацехай для Вас у горы. Спадзяёмся, што добры Бог асвеціць самотныя гады Вашага жыцця ўдзячнасцю і сяброўствам добрых людзей. Шчыра раздзяляем з Вамі Ваш боль і сум.
Вельмі Вам дзякую за фота і за верш, якія я атрымала ў парадку. Прашу прабачэння за ўсе клопаты, з гэтым звязаныя, але калі б магчыма было Вам дастаць і прыслаць і тыя вершы, аб якіх я прасіла, было б надта добра. Цяпер даты: 1910 г. – нараджэнне, 1937 г. – прыезд мой і сына ў Прагу. 5 сакавіка 1948 г. – арышт і выданне нас. Між іншым, мы мелі чэхаславацкае грамадзянства, але ў Чэхах нас не судзілі, бо па чэшскіх законах віны ў нас не было. Мы ніколі не былі грамадзянамі СССР. Сяння мы жывём без грамадзянства. Год 1956, 4 чэрвеня – дзень асвабаджэння з-пад стражы. Гэта асноўныя гады жыцця. Нарадзілася я ў Гродзенскай вобласці, цяпер гэта сельсавет Воўпа.
Мы доўга былі ў вязніцы ў Піску. Здаецца мне, што вашая ўлада не мела вялікай ахвоты нас выдаваць. Аднойчы, калі мы, зняволеныя, вярталіся з працы, на мяне ў сенях вязніцы напаў (пры вязнях) нехта soudruh Houska. Ён пачаў мною трасці і крычаць: “Mate rada Stalina?” Я дзіка вырывалася з яго рук і крычала: “Ne odpovim na tule okazku!” Пасля было горай, але гэта ўжо ў Комі АССР…
Найболей цяпер хачу здароўя для сына і мужа (абодва хворыя) і спакою ў жыцці, якога не маю…
Застаюся з вялікай пашанай да Вас і з надзеяй на вашу прыхільнасць – Ларыса Геніюш.
P. S. Мой муж шле Вам свае сардэчныя прывітанні. Пасылаю Вам літаратурныя спробы сына ў “Ніве” (беластоцкая беларуская газета).
Зэльва, 14 снежня 1966 г.
Максім Танк, дарагі і харошы!
Учора прыйшоў ліст ад Вас – бедны, абодраны, без маркі... Шчасце, што не загінуў! Звычайна, нашыя «культурныя» лістаношы, абарваўшы цікавую марку, ліста зажульваюць... Як я чакала б яго... Непакоіць мяне вялікі навал адказнай працы на Вашыя плечы, і болей дзеля Вашага здароўя, як дзеля паэзіі. На гэту мілую сяброўку інтымную хвілінку заўсягды знойдзеце, але вось са здароўем... Баюся думаць... Дзеля гэтага складайце ўсё на харошых “замаў”, а самыя толькі мудра распараджайцеся і не губляйце настрою!
Я прасіла Прашковіча, каб занёс Караткевічу верш, Вам прысвечаны, а ён, піша мне, папёр яго ў «Полымя»... Караткевічу я не пішу, бо ён, здаецца, загневаўся на мяне. Я вельмі далікатна яму напісала, што для такога маладога і таленавітага сябра было б лепш ап’яняцца творчым натхненнем, чымсці гарэлкаю... Можа, гэта было нетактоўна з майго боку, але слоў сваіх назад не вазьму! Няхай гэта застаецца між намі...
Калі буду ў Мінску, я да Вас не зайду, Максім Танк! У Вас і без мяне ўсялякіх клопатаў! Я Вас толькі крышачку недзе пабачу. Хвіліначку, каб не замінаць. У нас другая справа, я не працую. Быў ліст ад Пяткевіча з Гродна, нешта ён піша і пытаўся, ці можна напісаць, што я «з дробных абшарнікаў»?.. Быў ліст з Прагі ад др. Францішка Ціхага. Яму на 80-ыя ўгодкі жыцця ўмірала жонка. Прыслаў мне харошую маю фатаграфію (выразка з газеты старой), просіць даты. Яшчэ хвілінку аб тым, што Вы надта патрэбныя. Пісаў Прашковіч, што на вечары М. Багдановіча «вельмі добра ўступнае слова сказаў М. Танк, цудоўна сказаў». Прашковіч у такіх справах толк знае!
Мне здаецца, што ў нашай літаратуры побач з іншым трэба развіваць, падкрэсліваць шляхотныя рысы беларускасці: працавітасць, дабрату, саліднасць, мужнасць і г. д. – тварыць добрых і чэсных людзей. Без беларусаў – не Беларусь, без добрых людзей – не свет! Пасылаю Вам на пробу «Мы». Яшчэ Вам пасылаю ліста нашага ўнука, якога вернеце мне. Што да глаўурача, то справа тут складаная. Я Вам бесканечна ўдзячная за год адноснага спакою для нас, але ён пачынае ізноў свае дзівы. Пісаць аб ім мне не хочацца, няма аб кім, але я хачу, каб мой муж яшчэ жыў на свеце! Я памятаю, як, даведзеная да адчаю, напісала Вам таго жудаснага ліста і ішла на пошту. Спаткала яго з жонкай на вуліцы і кажу: «Як не сорамна вам, маладому лекару, так нялюдска здзекавацца над маім мужам. Кіньце гэта, іначай пашлю ліста, які ў мяне ў руках...». «Посылайте, он вернется ко мне, как и все». Мне да сёння сорамна, што я плакала на вуліцы ад бяспраўя і свайго бяссілля... Ліст памог, яго асадзілі, а то кожны дзень рабіў нейкія правакацыі, уніжаў і таптаў душу жывога чалавека. Аж аднойчы муж вярнуўся з працы: не еў, не гутарыў, не спаў...
Я тагды паехала ў Гродна, але там у Облздраве гаварылі са мною хітра і груба. Я пайшла ў калегію адвакатаў па раду, а муж паехаў у Маскву і застаўся на рабоце... Вось цяпер пачынаецца ізноў грызня, часамі не [неразб.], непрыкметная, але жыць нельга. Кажуць, што з нейкіх меркаванняў ён тут – асоба «незаменимая», але бясконца подлы ён чалавек, спрытны асабліва каля начальства, такі, які жыве не правам, розумам і сэрцам, але «блатамі»... Можа вельмі многа. Яго «апетыт» цяпер скіраваны на мужа і другога беларуса Прусевіча (камуніста), які быў глаўурачом туббольніцы ў Зэльве, а пасля ліквідацыі яе перайшоў на працу ў больніцу раённую.
Максім Танк, пагаварыце ў Мін[істэрстве] ахов[ы] здар[оўя], вельмі прашу Вас. Муж вельмі даўся за апошні час. Хворых ён прымае ў пачакальні рэнтгенкабінета. Дзверы адчыняюцца проста на вуліцу. Холад, і хворых трэба прымаць у прысутнасці ўсіх чакаючых на рэнтген! Генікалагічнае крэсла завешана ў кутку простыняй. Хваробы гэта інтымныя: так нельга. Гэта ўсё, акрамя «мілых адносінаў»... Восем з паловай гадоў яму не залічылі (зняволенне), і ён вельмі хоча даслужыцца да пенсіі, яшчэ тры гады! Я баюся за яго, разумееце, вельмі баюся!