Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Усё думаю пра культуру быту, пра культуру ўзаемаадносінаў людзей. Ніяк мне з галавы не вылятае ўчарашні Г., якому нямнога тае гарэлкі і трэба, каб згубіць чалавечы воблік. Піша ён непагана, тым больш шкада чалавека. Мы толькі думаем: нашто нам такія людзі ў хату? Хоць ты дзверы зачыняй на два замкі, бо аднаго мала.
Як там Вашыя малыя? Як Міхасік? Нядаўна тэлефанавалі нашыя ўнукі, сын і нявестка, збіраюцца летам да нас. Сяння бацька панёс здаваць вызаў. Гаварылі абодва хлопцы па-беларуску, толькі крыху з польскім акцэнтам. Хачу сёлета паказаць ім магілу прадзеда. Прыедзе і татава сястра з Украіны, каб на тую магілу паглядзець. Сын, пэўна, прыедзе сваёй машынай, бо грошай на малую “Сірэнку” назбіралі, што ж, добра.
Бывайце, Саша! Цалуйце дзетак, кланяйцеся хатнім!
Заўсёды са шчырасцю да Вас – Ларыса Геніюш.
[1970-я гг.]
Дарагія нашыя “Харошкі”!
Зноў мы мелі шчасце бачыць Вас у Зэльве! Дзякуй вялікае, што снегам, марозікам, слізготай, на злосць усім грыпозным інфекцыям Вы зноў прывезлі нам цэлы букет прыгажосці, мастацтва і шчырай радасці. Праўда, не ўсіх мы далічыліся на сцэне, змяніўся крыху і паважаны наш, галосны сябра Пацук, загадаваўшы вусы, але ўражанне ад Вашага выступлення зноў засталося роднае і магутнае, і доўга яшчэ будзе хваляваць нашыя душы.
Аднак, напішу Вам “між намі” і пару заўваг. Аб тым, што кінулася ў вочы не на карысць ансамбля. Зазначаю, што я не харэограф, а толькі просты глядач, які цэніць Вас, любіць і жадае Вам сапраўднай творчай вышыні.
Не адыходзьце моцна ад народнага, толькі ў меру дасканалення танцаў, але з поўным захаваннем народнага духу і стылю. Гэта захавае танец вечна вартым і цікавым для ўсіх. Ніякіх танных, выйгрышных эфектаў, па-мойму, не трэба. Самі танцы, музыка, Ваша непаўторнае і таленавітае выкананне – гэта тое, што захапляе і вечна будзе захапляць нас, гледачоў.
Тав. Балалайка – вельмі цікавы тып (нават прататып!) задорнага сялянскага вясельчака, і ў “Гусарыках” ён дасканалы. Гэта яго амплуа. А вось у “Лянсеі” ён лішні. Наагул, Вы “Лянсея” крыху сапсавалі. Не той “Лянсей”! Першы раз як Вы былі ў нас, людзі так і шапталі: “Пан Быкоўскі!” Цяпер гэтага ўражання не было. Атрымаўся гэты манерны французскі танец ужо не з сялянскай смяшынкай, але з нейкім непатрэбным сялянскім рогатам. “Лянсей” страціў сваю ранейшую, непаўторную абаяльнасць, нейкую тонкасць народную ва ўспрыняцці гэтай французскай манернасці, якую Вы так хораша спачатку ўлавілі.
І тав. Балалайка, і ўсе элементы з высокай дзяўчынай, так характэрныя для ўсіх сібірскіх ансамбляў, зніжаюць вартасць “Лянсея”. І прытым – расцярушваюць увагу гледача. Губляецца ўражанне з дасканаласці выканання танца, яго задума і цэласць. Усё ў Вас нам падабаецца, але акрабатычныя элементы, якія выходзяць за рамкі гарэзлівасці, віхру танца і юнацкай буйнасці, – зусім лішнія. Беларусы скачуць дробна і вогненна, але вельмі дастойна, асабліва нашы жанчыны, а чвараць і ногі вышэй галавы падкідаюць у нас найчасцей у канцы гуляння, калі ўжо добра “дзюбнуць”, гэта знача – глытнуць гарэліцы.
Такога, на маю думку, не трэба паказваць. Сяляне, нашы дзяды і бацькі, пры ўсёй сваёй шырокай весялосці, былі вельмі сціплымі і дастойнымі, да дробязяў уважнымі ў танцы. Не трэба на сцэне і тае сціральнае дошкі. Яна – дысананс як з танцамі, так і з вопраткаю танцуючых. У той час, калі народ наш менавіта так апранаўся, нашыя бабкі яшчэ не ведалі гэтага “здабытку тэхнікі”, а проста адпарвалі ў лузе з попелу свае тканыя рэчы і лупілі іх да белізны пранікамі на рэчцы. Таму і ніякае музыкі на падобным “інструмэнце” ў той час быць не магло.
Вельмі нам спадабалася Ваша вопратка – ад мілых, лёгкіх пастолікаў і саламяных капелюшоў пачынаючы. Спадабаліся паясы і жаночыя, здаецца, тыпова магілёўскія дэталі на галовах. Але найболей нам спадабаліся даволі рыцарскія адносіны танцораў да сваіх партнёрак. Гэта сведчыць як аб культуры нашага сяла, нашага старога народу, так і аб сіле, годнасці і чалавечай вартасці нашай паважанай сільнейшай паловы. Брава, дарагія суродзічы, так трымаць!
Давайце і далей сваіх мілых красунь на авансцэну, прачула спявайце нашыя цудоўныя, старыя песні і скачэце, скачэце заўсёды так хораша і без утомы, як дагэтуль. Мне ж ласкава даруйце мае, напэўна, некваліфікаваныя, але вельмі шчырыя заўвагі. Увесь час сочым за Вамі, ловім кожную вестку аб Вас, нават з Даніі.
Жадаем Вам вялікіх поспехаў і далейшага рэкламавання і дасканалення нашых народных скарбаў! Не ведаю, ці дажыву яшчэ раз убачыць Вас. І таму – яшчэ раз поспехаў Вам і сапраўднае мастацкае вышыні!
З любоўю і павагаю да Вас – Ларыса Геніюш.
[1970-я гг.]
Высокапаважаны айцец Васілій!
Мне не даюць спакою ўсе тыя прыкрыя словы, якія я пачула ад Вас. Баюся, што Вы не зразумелі мяне ці зразумець не хацелі. Чэснасць маю і адвагу ў дачыненні да Вашай асобы і Вашых спраў Вы назвалі ненармальнасцю і ідыёцтвам. Вы самі бачыце, што акрамя маёй асобы няма тут інакшых аб’ектаў, на кім можна паказаць гатовасць уніжаць, правакаваць і мучыць чалавека “ў імя дабра і бяспекі дзяржавы”. Я Вас папярэджвала аб гэтым, і сумленне маё чыстае. Я болей і лепей ведаю сваіх мучыцеляў. І таму, калі разам з мадам Бабылёвай пачаў выступаць супраць Вас, мяне і цэрквы “муж” Машы Корань, якая прадае овощи и фрукты, мяне ўзяла злосць. І чаму мадам не можа адчапіцца ад маёй асобы? Чаму ёй у дапамогу далі гэтага страшнага чалавека? Хто тут імі кіруе?
Я зразумела адно: палітычнае праследаванне маёй асобы хочуць скіраваць супраць Вас, і чалавечы кантакт наш, між Вашай сям’ёю і мною, перавярнуць на палітычны бок. Як ведаеце, я тут нічога дрэннага для іх не раблю, таму чэсна перад людзьмі я маю адвагу бараніць сваё імя і Вашыя пазіцыі ад маіх паліт. перакананняў і спраў. Яны не маюць ужо інакшай магчымасці “есці” Вас, як, ізалюючы Вас ад маёй “паліт. асобы”, не дазволіць Вам працаваць у Зэльве, закрыць па іхняму жаданню Храм і тым самым назаўсёды пакінуць мадам спадчыну па айцу Сергію.
Сяння можна забіць чалавека і за гэта не адказваць, але за малейшае паліт. падазрэнне можна вельмі пакутаваць. Таму падобнае трэба рашуча спыняць.
Той тып учора прыходзіў да Ліды Тукальскай з абвінавачваннем усіх святароў і т.п. Першы раз я пачула, што хаджу ў райсабес, каб мадам не далі пенсіі, і другія падобныя дурніцы. Казаў, што супраць Вас – Гродна. Ліда так дала яму ўсебакова, што замоўк і ўцёк. Таму няварта было так абурацца на мяне, бо акрамя дабра я нічога дрэннага Вам і ўсім добрым людзям не жадаю. Наконт сплетняў – дык слухаю іх, як відно па ўсім, не я…
Спадзяюся, што Вы за ўвесь час нашага знаёмства нічога злога ці амаральнага ў хаце маёй не бачылі. Грашу абычаямі маіх бацькоў – залішняй сардэчнасцю, гасціннасцю і даверрам да добрых людзей. Што ж, у маю хату прабіраліся часам розныя Марыі і Галі. Болей не прыйдуць. Перад гэтым інцыдэнтам прысылалі да мяне п’яных, з бутэлькамі і цукеркамі, якія прадстаўляліся “паэтамі”. Найчасцей удавалася мне ўцячы з хаты, альбо выправадзіць падобных. Таму не дзівецеся маёй рашучасці. Тут жартаў няма. Я адна, сяброў у мяне ў Зэльве няма, таму бараніцца, пакуль змагу, буду з Божай помаччу сама!