ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Зэльва,11жніўня 1970 г.

Дарагі сябра Іван!

Дружа мілы, дзякую Вам за памяць. Не ведаю, ці гэты ліст да Вас дойдзе. Кіне яго муж у Баранавічах. Сябры мае чыталі ў Аўстраліі “Жовтень”. Яны захопленыя. Гэта было для мяне адзінае прывітанне ў прэсе. Дзякую Вам усім! Людзі былі аж з Караганды. Было многа плачу. Адна дзяўчына шукала нас, каб павіншаваць і перадаць падарак аж з Лос-Анджэлеса. Ад свае сястры... Старая хата ўся была ў кветках. Не ўсе людзі баяліся. Ішлі з букетамі, нават прадаўшчыца з магазіна. Усім была чарка. Бог памагаў, усяго хапіла і асталося.

Яшчэ трывожна, усе раз’ехаліся. Здароўе маё няважнае. Столькі гора прынеслі мне і прыносяць мае ворагі, гэта надчалавечыя сілы.

Браты мае, сябры мае дарагія, дзякую Вам за ўсё, і буду вельмі рада бачыць Вас у сваёй хаце. Прыязджайце яшчэ зацепла, каб пагутарыць мы змаглі ў чыстым полі пад нашым небам.

Бывайце здаровыя, заставайцеся з Богам!

Ваша Ларыса Геніюш.

Івану Гнацюку

Зэльва,18 верасня 1970 г.

Дарагі і паважаны дружа!

Дзякую Вам за ліста і за ўсе Вашыя шчырыя і добрыя словы. Як жаль, што Вы хворы, як жаль. Хацела б болей ведаць аб стане вашага здароўя. Прыкра толькі, што Вас не друкуюць у перыёдыцы. Ці гэта часова? Чым “правініліся”? Пішуць мне сябры здалёк, што Вашыя суродзічы і там мяне не забылі! Дзякуй ім вялікае! Успомніла мяне на днях пару словамі і беластоцкая “Ніва”. Пішу цяпер мала, крыху хварэю. Усюды на мяне такая “нагонка”, што жыць цяжка, не тое, што пісаць. Лісты да мяне пагана даходзяць, а ад мяне да людзей – яшчэ горай. Нават да сына даходзяць не ўсе. Але, як Вы зазначылі, мы да ўсякіх труднасцяў ужо прывыклі. Жыву, як затворнік, і многа працую ўдома фізічна. Чытаю.

Калі б змаглі да нас прыехаць, дык будзем Вам вельмі радыя, пазнаёміцца нам неабходна. Маё прызнанне і ўдзячнасць да Вас не маюць граніцаў. Лёс мой не цікавы, таму чым хутчэй прыедзеце, тым лепш, бо рознае можа здарыцца. Век мой глыбокі, і жыццё маё было і ёсць цяжкім ва ўсіх разуменнях.

Друкаваць мяне болей не трэба. Я чула, што мяне нельга нават успамінаць. Слава і нізкі паклон “Жовтню” за яго адзіныя тут і шчодрыя віншаванні. Гэта было хораша!

Я ўсё думаю аб Вашым здароўі, толькі б Вам было добра! Муж едзе ў Мінск і кіне гэтага ліста. Я чакала падобнай нагоды, таму і запазнілася з адказам. Прашу прабачэння.

Шчыра вітаю Вашую жонку. Я рада, што Вы не адзін.

Я заўсёды цэлым сэрцам любіла ўсё, што было Украінай, і вось атрымала такую вялікую падзяку. I я шчаслівая. Усяго Вам добрага, светлага, дружа, — творчасці невычарпальнай і сілаў, сілаў.

З вялікай павагай і ўдзячнасцю да Вас — Ларыса Геніюш.

Алесю Белакозу

Зэльва, 9 лістапада 1970 г.

Паважаны сябра!

Ліста Вашага атрымалі. Цешыць мяне, што музей Ваш пакрысе багацее. Што датычыць дывана, дык слова сказана. У нас адліга. Толькі ў прыродзе…

Мы больш-менш здаровыя. Як я ўжо пісала, муж кінуў курыць, што ж – усебакова на карысць. Аб Караткевічу чытала, Жога – гэта псеўданім Прокшы, а яўрэі ніколі не былі спагадлівымі да культуры народаў, з якіх жылі, яны наагул раскладалі еўрапейскую культуру. Былі ў іх і асветнікі, але ўвесь бруд, хлусня, парнаграфія – усё пераважна з-пад іх пяра. Тую “Ладу” шчыра ганяць і рускія пісьменнікі, гэта не песня Ісакоўскага, напрыклад, а нейкая брындушка без аніякага густу (я сама чытала), але беларусы павінны ёю захапляцца, бо яна па-расейску. Прокшава логіка. Я, здаецца, нядаўна чытала аб гэтай “Ладзе” ў “Литературной газете”. Паводле Прокшы, усе мусяюць пісаць аб ГЭС, ДрЭС і т.п. А вось прыедуць чужынцы ці разумныя экскурсанты, дык тая ГЭС для іх – не цуда, яны едуць у Кіжы, спяшаюцца ў Эрмітаж, у Аружэйную палату, разглядаюць старую архітэктуру, якая была яшчэ не стандартам, а вялікім індывідуальным мастацтвам вялікіх майстроў.

Такое прамаўляе да людзей без крыку і рэкламы, бо ў ім – мастацтва, любоў і душа. Грандыёзныя будоўлі – гэта не натхнёная творчасць, гэта пытанне матэрыяльных магчымасцяў дзяржавы, гэта радуе дабрабытам, але веліччу не палоніць, як, напрыклад, простыя формы маўзалею В[ладимира] И[льича] Л[енина] ля Крамля.

Валодзя [Караткевіч] – паэт, таму піша аб сапраўды цікавым і паэтычным. Кожны бачыць свет па-свойму, і гэта цікава, а не стандарт. Вось у Зэльву прыязджалі нашы амерыканцы. Яны павезлі дамоў не фабрычныя вырабы, гэтым іх не здзівіш, а беларускі тканы дыван, добрую кніжку, што прамаўляе да сэрца, вязку сухіх грыбоў-баравікоў. Знача, людзі адвозяць кусочак душы народу, а яго матэрыяльным дасягненням яшчэ жадаюць расці. Тэхніка захоплівае толькі ў кампутарах ды ў палётах на Месяц, а мастацтва, справядлівасць, чалавечнасць, свабода і песня будуць палоніць людзей да канца існавання свету. Хто сяння апявае трактар (між іншым – неабходны)? А вось каня-сябру, вытрывалага памочніка, даганяючага вецер ці выносячага з бою, жывога і вернага – апявалі вякамі.

Думаю, што Вам, карыстаючыся з умення Ю. Бібіла і старэйшых жанчын, варта наладзіць у Гудзевічах мастацкі, хоць і аматарскі, выраб паяскоў, сурвэтак і другіх сувеніраў. Вось было б цудоўна! А можа, наладзіць лучнасць з адпаведнымі арганізацыямі і пусціць гэта ў свет? Усё, створанае пад кіраўніцтвам добрых мастакоў і знаўцаў, было б і прыстасаваным да сучаснасці, і карысным, і экспанатамі для музею. Адукаваныя ткачыхі-мастачкі – гэта ж і неблагі заробак каля хаты. Як Вы на гэта заглядаецеся, Саша?

Учора былі ў нас госці – Наташа Брылёўна з мужам Семашкевічам і Г. Яны фактычна прыехалі да Г., але нанеслі візіт і нам. Наташа – скромнае, харошае дзяўчо, сам Семашкевіч пасаліднеў, а Г. быў, як заўсёды, п’яны і неразумны. Ён даўно ў нас не быў, на яго лісты я не адказвала, дык і візіт яго не быў для нас асаблівай прыемнасцю. Такіх трэба пасылаць за граніцу, каб яны там малавеле набраліся таварыскага лоску, а то ім здаецца, што напіцца самому і напаіць госця – гэта самае патрэбнае інтэлігентнай маладой жанчыне і яе каханню… Жаль, што ў Менску не іначай адносяцца да жыцця і сяброўства. Калі хто нешта друкуе (казала Наташа), дык так і чакаюць, язык высалапіўшы, каб хутчэй напіцца за кошт аўтара да бяспамяцтва, і гэта галоўнае… А хто з маладых не п’е, дык, знача, той падазроны.

Прывезлі яны мне навіну, якую я ўжо чула раней. Дэкан БДУ Воўк, выступаючы перад цэлым філалагічным факультэтам, вельмі лаяў мяне, называў “фашысцкім прыхваснем”, “буржуазным нацыяналістам” ды г.д. Казаў, што хлапцоў звольнілі з БДУ за тое, што паехалі ў Зэльву да Геніюш. Вось дзе з глузду з’ехаў чалавек! У маёй творчасці няма ні аднаго слова не для майго народу, а ён што напрыдумляў? У яго ўбогія аргументы супраць маёй беларускасці. Як Вы думаеце, ці лёгка мне застацца сяння паэтам? Я адказала яму лістом, прамовіла крыху, можаце не сумнявацца… Адказваючы на ліста, пра гэта не ўспамінайце, не хачу, каб ведаў муж. Ён ужо даўно прывык схіляцца пад ударамі, а я не магу, бо:

Вартыя, слаўныя тыя ў жыцці, хто з годнасцю чалавечай. Лозам згінацца, змеям паўзці, людзям – выпростваць плечы!

Пісалі з Вільні, што сфатаграфавалі і яны тую ляльку – сабе на памяць. Адпраўляючы яе на маю радзіму, пажадалі: няхай прыносіць шчасце музеюі ўпрыгожвае яго!

Пісаў Панізнік з Чэхаў, вельмі ж яму там нявесела. Мікола [Прашковіч] не піша, відно, у сувязі з ваўкамі, якія завываюць па-грамнічнаму ў мой адрас… Юра і муж па-ранейшаму ў мяне малайцы – не кураць, не п’юць абодва.

Поделиться с друзьями: