Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Я Вам пісала, што зверху трэба выясняць адносіны да правоў беларускага народу на беларускай зямлі, а не паддавацца ўсякім бястварым, бесхрыбетным адзінкам, якія не прыносяць карысці ні дзяржаве, ні свайму народу. Сяння людзі з асветаю і разумеюць добрае, але яшчэ лепей разумеюць крыўды. Трэба зацікаўляць людзей мінулым і сучасным, вартасным і маральным, сваім родным. Трэба адрываць людзей ад чаркі і хуліганства, павышаць аўтарытэт сем’яў і чэсных працаўнікоў. Трэба дабіцца таго, каб мы маглі сказаць: “Беларус – гэта Чалавек!” Сяння за чалавека змагаюцца і рускія і інш. І будуць змагацца яшчэ болей. І таму чалавек, які Вам “па-сяброўску” радзіў: “Ну навошта Вам ужываць такія небяспечныя словы, як дэмакратыя, праўда, сумленне, чалавечнасць”, гэта не чалавек, а брантазаўр! Гэта той самы Салавейчык. Калі такі тып з сям’і настаўнікаў, то не зайздрошчу ўзроўню вучняў, якіх ён выхоўвае. Сяння гэта ўжо не перадавы чалавек, а тое, ад чаго трэба шарахацца ўбок. Трымайцеся, Саша!
У свеце сяння спаборніцтва не толькі зброі і тэхнікі, але і асветы, культуры і чалавечнасці. Людзі думаюць, параўноўваюць і робяць вывады. Пасееш добрае – пажнеш такое ж, а пасееш хаос?.. Таму плюньце на ўсю іхнюю складаную механіку адносінаў ці механіку траўлі чалавека-працаўніка ды рабеце далей сваю шляхотную справу. А не дадуць рабіць – звяртайцеся проста да Машэрава, пішэце яму ўсё! Я мела магчымасць пераканацца, што гэты чалавек – шырокага разгляду, а не такі, які кіруе Вамі і не бачыць далей тэлеграфнага слупа. Такія дайшлі да апошняй нізасці, да апошняй подласці чалавечай, травячы тут мяне. У апошні час крыху спыніліся, можа, апамятанне на іх найшло.
А крыўдна бывае да болю! Напрыклад, другі раз піша мне з Польшчы Зыгмунт Абрамовіч – сябра і супрацоўнік Ігната Буйніцкага, і лісты мае да яго не даходзяць, а да ўнукаў ідуць месяц і болей. Ніколі не пасылаем ім забароненае, нікога не ашукалі, не скрыўдзілі, і я не магу зразумець: чаго гэтая нечысць ад мяне хоча? Падумайце самі, якая на гэта ўсё можа быць у маёй душы рэакцыя, а калі дадаць да гэтага лёс нашай сям’і і мінуласць? Жаль – усё яшчэ такіх тут болей. Часам мне здаецца, што ім няма чаго рабіць. Саша, я крыху баялася, ці не загневаліся Вы на мяне за Петрашэвіча? Паверце, Саша, хоць ён і сваяк Вам, але чалавек ён нядобры, і таму адносіны мае да яго застануцца ранейшымі. Верце мне – я баюся людзей! Я не бачу чэснага, чалавечага падыходу да нас. Так і чакай нейкае правакацыі, зла і бруду! Прыходзіць чалавек на тваю дапамогу, безграшова з яе карыстае і топіць цябе і прадае, выдумвае і даносіць! Ёсць гангстэры, ёсць хуліганы, злачынцы, і іх караюць за падобнае, а тут чаўпуць т. зв. “перадавыя людзі”. Ёсць эталон парадачнага чалавека, і ён амаль не мяняецца за ўсе часы, і адхіленняў ад гэтага паняцця не бывае. Як жа назваць гэткіх “імправізатараў траўлі”? Таму нельга здавацца ім, а трэба шукаць рады вышэй і тварыць вартасці і не дазваляць іх нішчыць!
У мужа, як я Вам пісала, было запаленне лёгкіх, і ён яшчэ ўсё не зусім здаровы. Мужны і вельмі вытрывалы ён чалавек. Праўда, на працы яму цяпер лягчэй. Глаўурач адносіцца да яго вельмі цёпла, тактоўна, ды і другія шкадуюць. Горай са здароўем.
І мне часам вельмі баляць ногі. Спадзяюся, што і сёлета прыедуць да нас унукі і дзеці. Юры прапанавалі ехаць з сям’ёю сваёю машынаю (у яго “Шкода”) у Неапаль, але піша, што адмовіўся – хоча дамоў.
Даўно не была я на магіле свайго дзеда, усё выбіраюся. Думала – сын прыедзе на машыне, а тут – нельга! Машыну пакідаюць у Берасці. Думаю, што неяк да Вас дабярэмся, а з Жэняю (сястрою) прыедзем у пачатку чэрвеня.
Часам успамінаюць мяне ва ўкраінскіх выданнях. Вельмі харошую кніжку “Зямля пад белымі крыламі” выдаў у Кіеве Ул. Караткевіч (добра патрос там мой куфар). Цудоўная рэч для моладзі, але ў мяне толькі адна, і тая падпісаная Валодзем.
Сябра Мікола [Прашковіч] дастаў кватэру і “старшага супрацоўніка” АН БССР.
Як маецеся Вы і дзеці? Як Міхась?
Ларыса Геніюш.
Зэльва, 10 красавіка 1973 г.
Даражэнькія!
Дзякуй Вам за перасланую пасылку і ласкава даруйце за ўсе турботы, з гэтым звязаныя. Вельмі мяне ўзварушыла вестка аб працы і дасягненнях гэтай працы Вашай студэнткі. Тэма даволі такі трудная, як на сяння. Жаль, што не ведала, – дала б ёй болей матэрыялу, які, калі перапішу, дашлю Вам. Ён не ўвайшоў у кніжку, бо быў разгублены па рознай перыёдыцы свайго часу. Я сама наткнулася на яго ў адным журнале, будучы ў Польшчы. Там нешта 10 вершаў. Сябры мне іх перапісалі, але “Невадам з Нёмана” была ўжо надрукавана. Іначай увайшлі б туды.
Дануся пісала мне, што В. Караткевіч ці нават М. Танк згодныя рыхтаваць да друку другі мой зборнік. Радзіла мне пад’ехаць у Менск, але дарога далёкая і на месцы абставіны нецікавыя. Здароўе мужава і маё з вясною палепшала.
Вы нічога не напісалі пра Марынку. Жаль, што яна з Вамі не можа (паехаць) на поўдзень, але чаму Вы едзеце ў маі? Можа, якія парухі ў арганізме? Перапрацаванасць, напэўна. У мяне цяпер шмат тупой фізічнай працы ля хаты. Учора пры маёй дзейнай дапамозе кончылі пілаваць дровы. Ад гэтага “мацыёну” яшчэ мне вінецца галава.
Расстроіла мяне і пасылка (за нашыя грошы…), бо чаравікаў нельга насіць. Яны, нават зашнураваныя, спадаюць з ног, а той абцас!.. Ды я выразна напісала дзецям, каб толькі ж не лякеркі… Ну нічога, можа, хто купіць.
Аб Валодзі [Караткевічу] і Адаме [Мальдзісу] пісала мне Дануся. Я цешуся, што візіт іх надарыўся. Ці памятаеце сваю былую вучаніцу Генюш? Яна аказалася вельмі нешляхотным чалавекам, асабліва да маёй асобы, але вучні ёй адказалі, што калі “Зубры” надрукаваныя ў “Полымі” і ў “Невадам з Нёмана”, знача – нічога злога ў іх няма! Сянняшнія вучні… Выступае яна з вельмі нецікавых пазіцыяў. Хачу, каб Вы гэта ведалі.
Імя сваё я толькі бачу час ад часу ва ўкраінскім друку, і гэта – як сяброўскі поціск рукі ад іх. Запрапанавалі нават дапамогу, але ж яна непатрэбная мне сяння. Я адмовілася раз і назаўсёды. Сёлета далі дазвол на прыезд сына з сям’ёй. Мы ім выслалі.
Што ж, цалуем нашую дарагую Марыю Міхайлаўну і Вас, дарагі сябра. Добра адпачыць Вам!
Вашыя Геніюшы.
P.S. Я не захоплена “Хрыстом” Валодзі. Можа, я яго не зразумела? Як Вам ён падабаецца?
Зэльва, 21 жніўня 1973 г.
Дарагі і паважаны сябра Васіль!
Вось завінулася мне галава з гора, захісталіся ногі. Нарэшце я ўбачыла сапраўднае аблічча свайго сына, атручанага дарэшты алкаголем, якому, здаецца, ужо няма ратунку. Вельмі спрактыкавана і хітра ўзяліся сёлета і за малога, светлага Міхася, але хлапца выратавалі пакуль што… Мне ўсё гэта вельмі ясна: метады дастойныя выканаўцаў.
Вось што хачу прасіць Вас: яны ў нядзелю будуць у Гродне, і калі Вы яго будзеце бачыць, дык пастарайцеся сказаць яму такое слова, якое спыніць яго перад фізічнай загубаю цэлай сям’і. Знайдзеце гэтае слова, Васіль Быкаў!
Я тут прашу, дагаджаю, хітрую, каб захаваў ён воблік чалавека хоць тут, у дзедавай хаце, але ўсе яго думкі скіраваныя толькі і выключна на чарку… У Беластоку гэта яшчэ болей трагічна, як цяпер ведама нам. У перспектыве – руіна фізічная.
Васіль Быкаў, пастарацеся дапамагчы! Слоўнік яго ў нашай хаце такі, што ўстыд мне таго сонца, што свеціць… Ён прасіў у мяне некалі, каб папыталася ў Вас беларускага шрыфту кірыліцай на пішучую машынку. Ці можна яго ў Гродне дастаць? Спаўняю яго просьбу. Будзе ён, пэўна, у Дануты, пастарайцеся пагутарыць з ім, спашлецеся на майго ліста. Ён даканаў нас нарэшце, але не тым, што ўніжаў і таптаў нас маральна, толькі воблікам сваім нечалавечым, дном, на якое скаціўся.