ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Прывітайце ад мяне Надзежду Андрэеўну.

З павагай да Вас – Ларыса Геніюш.

Дануце Бічэль

Зэльва, 23 верасня 1973 г.

Мілая Дануся!

Дзякуй за любоў, за сяброўства, хоць гэта можа быць (у нашых умовах!) “да першых пеўняў”, усё ж – дзякуй! Гэта было вельмі па часе, бо не вытрымаў муж і “зваліўся”. Вельмі не хацеў у больніцу, дык таму ляжыць удома. Калі ляжыць, дык усё добра, а ўстане – кашляе, задыхаецца, хістаецца. Перспектывы нецікавыя. Я рада хоць з таго, што нарэшце ляжыць ён і лечыцца. Сумна нейк вельмі…

Ад Валі быў толькі адзін ліст. Юрка зусім не піша. Ды і што пісаць яму? Болей не можам паклікаць іх да сябе… Калі бедны Юрка пачне “расхвальваць” наш калгасны лад і лічыць “веласіпеды і матацыклы”, дык я спакойна пытаюся ў яго: “Скажы, сын, толькі сумленна, няўжо вашым гаспадарам у Беласточчыне горай?” Юрка сумна, трагічна сумна замаўкае і не важыцца больш кранаць гэтай тэмы.

Валя цяпер усё пераконвала мяне, што ў Бога ўсе людзі роўныя, дык лепей быць “рускімі”, бо беларусы дрэнныя, найгоршыя людзі і т.п. Я пытаюся: “А хто твой бацька, маці, увесьь род, мы і ты сама?” Тады мой “агітатар” замаўкае… Ну, гэта так мовячы, вяршкі, а аб іншым не напішаш…

Дануся, нейк уварваўся да нас Г. – як з ланцуга! Наплёў нешта, нічога не дагаварыўшы! Такі слізкі, гадкі чалавек. Я думала, што ён паразумнеў, але бачу, што спадлеў. Дарэшты! Раскажу пры сустрэчы… Як можна дакаціцца да такой “дасканаласці”? Проста смярдзіць мне гэты чалавек. Мы проста пайшлі ў кіно, каб выйшаў ён з нашай хаты… Не разумею, ці быць прыхільнікам ідэяў Леніна абавязкова трэба праз подласць? Чаму не наадварот?

Я ўсё думаю пра сына. Здароўе яго дрэннае. Выразана 3/4 жалудка, і гэтую рэшту, што засталася, ён залівае найгарчэйшай кавай, гарбатай па 1/2 пачкі на шклянку, безупынным курэннем, півам, гарэлкаю, ледзь не дзёгцем! П’янее, дурэе і выходзіць з усіх граніцаў розуму і прыстойнасці…

Пытаю чыстага Міхася, калі прыйшоў тата дамоў перад ад’ездам да нас? “Позна, бабуся, недзе а 2-й уначы”. П’яны? “Не, не п’яны, але вельмі злосны…” І так кожны раз іх тут пускаюць “за нешта”, напампаваўшы адпаведнай хлуснёй… А што рабіць, калі едзе, напрыклад, ён з Валяй і сябрам у піянерскі лагер да дзяцей, і на яго вачах тры татуіраваныя бандыты з выразным акцэнтам, здраджваючым іх паходжанне, пераварочваюць у глыбіню возера водны веласіпед з Міхасём і Алесем? Добра, што Міхась плавае, як рэкін, і сяк-так выплыў Алесік. Горай, што людзі, адказныя за бяспеку дзяцей, за парадак на возеры, баяліся самыя, дрыжалі са страху, а Юрку нагнулі галавою ў возера. Шчасце, што і ён выдатна плавае і нырае… Юрка маўчыць, як сцяна, але я бачу ўсё наскроз (мучаны дзесяцігоддззямі чалавек…) і са страхам і агідаю гляджу на іх метады.

Г. тут запалохваў мяне, што яго найлепшы сябра з адпаведных органаў (назваў яго) збірае матэр’ял на “любоў” князя Святаполка-Мірскага да маёй асобы – ха-ха-ха… Я парадзіла, каб той яго “найлепшы сябра” з ім разам пацалавалі таго с…га князя ў адно месца. Адным словам, “изобретательность” гэтага “беларускага паэта” ў галіне падобнай гадасці не мае проста граніцаў… Вось атмасфера, у якой жывём, з якой захварэў Іван Пятровіч.

У нас было адкрыццё Дома культуры, дык казаў ён, што далі яму білет і казалі, што Ларыса Геніюш не любіць іх – ха-ха-ха… Дзед мой, бедны, пайшоў туды “зайцам”, каб пачуць “Песняроў”… Толькі я ж не “заяц”, як Вам ведама, і плявала на ўсе іх “запрашэнні”! Бедны мой дзед.

Дзіўлюся, што дайшоў да нас ліст ад Цябе з добрымі словамі, а то тут “бобікі”, якіх яны падсылалі, вельмі цікавіліся нечаму аносінамі Л. Геніюш – В. Быкаў… Вось так, Данусенька, выюць кругом гіены, але напасці на жывога чалавека яны ўсё не адважваюцца, толькі выюць… Я рада, што яшчэ магу дапамагчы крыху мужу…

Цалуем Вас усіх! Дзякуй яшчэ раз за сяброўства.

Ваша Ларыса Геніюш.

Напішы, ці дайшоў ліст? Л.

Дануце Бічэль

Зэльва, 31 студзеня 1974 г.

Мілая Дануся!

Дзякуй за памяць. Я рада, што ў Цябе дзеткі здаровыя і сябра Эрык чуецца добра. Бабуся Казя будзе хварэць. Старасць – найгоршая і невылечная хвароба. Старайся спагадліва да яе адносіцца. Усякія недаразуменні пускай міма вуха. Ніколі чалавек, асабліва жанчына, не можа быць замнога добрым! Будзь добрай да ўсіх, колькі і як можаш. Будзь – як сонейка! Няхай ад цябе будзе цёпла і здаровым і хворым! Такога ніколі не пашкадуеш, а ўспомніш аб гэтым і на старасці гадоў.

Муж ходзіць пакрысе, працуе. Вельмі злуецца, калі яго запыняюць на вуліцы і шкадуюць… Баюся, што ён за такую “спагаду” адвальвае ім грубасці. Хоча быць паўнавартасным, як усё! Ах, гэтая старасць…

Як я табе пісала, дык тую паганую сястру аперавалі, замест яе далі дзеду ў кабінет другую, якое ніхто не любіць. Але гэтая камсамолачка вельмі дзеду падабаецца. Не любяць яе за тое, што дзяўчо за ўсё бярэцца, хоча ўсё ведаць. Працуе зладжана, выдатна і дзеда шкадуе і паважае, бо заўважыла, што ён многа і грунтоўна чаго ведае ў медыцыне. Цікавіцца дзяўчо, як хто лечыць, гэткая сястра сяння – проста рэдкасць. Горай тое, што няма ў іх паўнавартаснай працы – цесна, на два прыёмы адначасна, кабінет. Да мужа прыходзяць часта з хваробамі вельмі інтымнымі. Гутарыць трэба адзін на адзін. Бо то жонку здрадзіў і баіцца, ці чаго не падчапіў, то трэба на ген. крэсла, і пры другіх – зарэж – дзяўчына ці жанчына не палезе, то трэба загаліцца і г.д. Ды і той сястры з працэдурамі – не разгарнуцца.

Заўчора дала бабе глытаць “макароны” (якімі бяруць жалудачны сок). Улажыла яе на канапе, а тут прыйшоў мужчына на ўкол і спяшаецца на аўтобус. Укол быў у ягадзіцу, дык дзядзька спусціў нагавіцы і стаў попай да сястры, а “фронтам” – якраз да бабкі на канапе. Бедная бабка ледзь не самлела, знячэўку ўбачыўшы падобнае, і доўга плявалася. Яна ж не медык, а жанчына. І наагул, людзі нашыя – сціплыя, скромныя, і такая “аголеная” культура да іх яшчэ не дабрыла…

Злуюцца, бедныя, ледзь не плачуць, але што зробіць мой дзед, калі яго нават не папыталіся, даючы ў такі інтымны кабінет яшчэ і шумную працэдурку. Напрыклад, у Чэхах, калі муж працаваў, дык там шафкі лішняй без ведама гаспадара кабінету не паставяць. Ёсць нейкая этыка лекарская, такт, разуменне самой медыцыны і галоўнае – пацыентаў, якія маюць права і на добры агляд, і на шчырую гутарку з лекарам. Нават да простае каросты такая бабуся не прызнаецца пры натоўпе! А грыбкі, другія жаночыя інтымныя хворасці, медагляд работнікаў таргоўлі і інш. – дык гэта проста для хворых трагедыя! Не суджу лішне строга і мужавых “начальнікаў”! Знача – яны нідзе не былі, не вучылі іх мед. этыцы і чалавечаму абыходжанню з людзьмі. А можа, думаюць, што з беларусамі і цяпер можна чаўпсці, што ўздумаецца? Я пасылала б такіх крыху за граніцу, хоць у дэмакратычныя дзяржавы. Пабачылі б, як у людзей, паразумнелі б. Перадусім хоць пабачылі б, як людзі працуюць, як радзяцца ў шматлікіх пытаннях, як не “ядзяць” адзін аднаго, а памагаюць сабе ўзаемна ў любым няясным выпадку лячэння. Даруй, што ўвяла Цябе ў “кож-вен” кабінет, але і гэта частка жыцця, хацелася б, каб і яна была на вышыні.

Што да сяброў-паэтаў, дык не гневайся на іх! Сама пішаш, што прыязджалі зарабіць, дык на гэта і звярнулі ўвагу. А таму што не дастае ім таварыскай культуры, дык і не найшлі хвілінкі, каб аддаць належную пашану сваёй мілай і абаяльнай сяброўцы па пяру. Мінус гэта ў іхнюю карысць! Атрафіруюцца ў іх ужо ўсякія пачуцці, і так можа з часам атрафіравацца і сам талент, калі ён ёсць. Усё гэта дурніцы, а Ты можаш лічыць сябе шчаслівай, што Твае ўсе здаровыя, што напісала хоць крыху вершаў. Я Табе шчыра зайздрошчу!

Можна сказаць, што дзеці нашыя абсалютна нас выракліся! Гэта можна было заўважыць, калі яны апошні раз да нас прыехалі. Мне гэта так страшна! Я такога ніколі не спадзявалася наагул. Я ў жыцці адракалася ад людзей багатых і злых. Але – ад старых і хворых? Ад беднага бацькі? Няхай ім Бог даруе, я не хачу нават пра іх і гутарыць. Лічу іх сапраўды няшчаснымі. Хачу, каб Ты запамятала гэта, як часць нашай долі.

Цалую ўсю Тваю сямейку. Прывітанні ад Яначкі.

Твая Ларыса Геніюш.

Поделиться с друзьями: