Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Дзякуй Вам, што Вы былі добрым і шчырым чалавекам адносна мяне. Дзякуй, што паказалі мне поле, сяло, дарогі, пералескі, старыя магільнікі і нават дарагія мае Гудзевічы. Яшчэ раз за ўсё шчырае дзякуй Вам!
Застаюся з павагай да Вас – Ларыса Геніюш.
1 ліпеня 1971 г.
Даражэнькая Валя!
Дзякуй Вам і Эве за памяць аба мне, за дарагія прывітанні, якія прыйшлі 29 ліпеня. Дзіва! Было ў нас і сумна, і скромна на гэты раз. Лёс сястры цяпер на ўсім. А які моё лёс?.. Галоўнае, што дзеці і ўнукі пакуль здаровыя. Патэлефанавалі, віталі. Найлепей – Алесік, як дарослы. І сыновая! Нешта ў лесе здохне, бо піша – “мама”.
Змяніліся нашыя сыновыя. І Вераніка [Клімовіч] гаварыла Яначцы аб вялікай сваёй згодзе з дзецьмі. Крыху позна… Адольф [Клімовіч] купіў хату на імя сына, а сабе там – пакойчык на лета. Выгнала сыновая. Колькі, бедныя, нацярпеліся, каб пабачыць унучку – Людачку. Перад смерцю Адольфа. Гэтага не забыцца.
Гартаю “Вянок” Багдановіча 1913 г. І плачу… З Друкарні пана Марціна Кухты…
Часам урываюцца сябры ў шэрасць дзён, але хутка ўцякаюць. Я разумею іх. Ніколі не забудуся Раісе яе сяброўскай дапамогі маёй сястры. Я вярну ёй гэта хоць крыху кніжкамі. Хоць крыху яшчэ трэба дапамагчы, хоць крыху… Той Раман змяніўся, глядзіць сястру. Відно – ёсць у яго крыху сумлення. Я нікога не асуджаю. Жыве кожны як можа, а памыляецца – дык яго гора. Дорага пасля за гэта плаціць.
Святара Строка памятаю, але здаецца мне, што гэта быў айцец Іаан. Я была маладзенькай і пазнаёмілася з ім у хаце маіх бацькоў. Другога не памятаю. Я заўсёды была вельмі набожнай, але неяк па-свойму. Мой храм – гэта мая Беларусь, а Бог мой – любоў і ўся справядлівасць і чалавечнасць. Божа мой, я і сяння такая ж.
Яначка ўдома. Усё загарае. Чорны ўжо – як нацмен! У хаце яму добра. Я думаю. Цешуся, што Ксеня піша, што яшчэ жыве. Гэтыя гады яна мне не пісала, у яе былі свае інтарэсы. Божа мой, які чалавек бяссільны перад хваробамі!
Былі ў нас старыя мае сябры – муж і жонка. Я іх пажаніла ў цяжкі час. Проста сказала: “Вось ею заапякуйся”. У іх цяпер дачушка. Сядзяць яны на ганку, а я рву маліны. Кажуць – не, гэта не яна, бо яна ўжо мусяе быць старэнькая… Дзівіліся. Старэць нельга, бо многа працы.
Зноў купіла Эве кружэлку. З кнігамі вышлем. Дзякуй за памяць Вам, а Раісе, харошай маёй, у горы харошай да слёз, за ўсё дзякую.
Пішэце мне, дарагія. Прывітанні Вам усім з Беларусі!
Юра пісаў, што Ксеня не пражыве болей за 6 месяцаў пасля аперацыі. Божа мой…
Ну, усяго Вам найлепшага. За пару дзянькоў напішу Вам.
Ларыса.
Зэльва, 15 ліпеня 1971 г.
Дарагая Раіса!
Сяння атрымала ліста ад сястры. Яна ўжо вярнулася са шпіталя дамоў. Недзе ў сэрцы я спадзяюся, што гэта не рак, і будзе жыць бедная мая сястрычка… Так людзям хочацца жыць. Почырк ёй змяніўся, такі няпэўны.
Даўно ўжо атрымала я “Рагнеду”. Мела радасць. Таго, другога, верша не памятаю. Я наагул усё забываю.
Яначка ў Паланзе. Не задаволены. За кватэру там трэба плаціць 2 руб. ці 1 руб. 50 кап. Усе, хто багаты, едуць цяпер у Прыбалтыку, бо на Чорным моры нейкія бактэрыі ці нешта падобнае. Ён знайшоў сабе “койку” (на верандзе) за 1 руб., але гэта 3 км ад санаторыя. Усё думаю, як ён там ходзіць? Такі нядужы… Піша, што ўцячэ. І добра зробіць. Ліст з Палангі ідзе 4 сутак! Ён нервуецца.
Ці атрымалі 5 нумароў “Помнікаў”? Што ні раблю, дык усё думаю пра сястру. Юра выслаў ёй 500 зл. Я выслала сяння крыху ежы, якую згэтуль дазваляюць. Мала выслала. Калі ж няма нічога… А грошай нельга высылаць. Хоць плач… Скупаваты крыху Юра, але дзякуй яму і за гэта. Надта хочуць ехаць у Балгарыю. Гэта адная магчымасць для іх. Юра зрабіўся надта нервовы. Піша цяпер вельмі рэдка.
Са старых вершаў маю хоць кусочак “Рагнеды”. Дзіўна неяк. За адсутнасць Яначкі я зрабіла такі рамонт, што не пазнае хаты. Але ж далася начыста! Цешыць тое, што чыста кругом. Янка аб гэтым нават не ведае. Дастала фарбы і на падлогу. Прыемней стала ў хаце. Горай стала з сэрцам.
Як там Вы маецеся? Як той “Караван” прайшоў? Ці паздаровелі Эве ножкі? Ці не было дэфіцыту? Малы, дарагі здымачак памагаў мне ў працы. Былі мы ўдваіх.
Пахаладала зноў. Не растуць гурочкі. Мой гарод наагул слабы. Вада там стаяла ў дождж. Адзін сябра з часоў нялёгкіх прывёз мне арла, выразанага з дрэва. Цудоўнага! Пабег у краму, усяго мне накупляў і гэтак жа знік, як паявіўся. Заплакаў. Зняў мяне на плёнку, калі атрымаю здымкі, дык вышлю Вам у лісце.
Вось чакаю Яначкі. Ціха-ціха. Часам ноччу не гашу святло. Іначай неспакойна. Працы – поўныя рукі, жалю – поўнае сэрца. Чакаю вестак ад Вас. Баюся вельмі сваіх 61-х угодкаў. І не таму, што пуставата ў кішэнях… Проста думаю недзе ад’ехаць на пару дзён, хоць добрых людзей магу гэтым абразіць, а злых мне на вочы бачыць цяжка.
Рая, Раечка, ці Вы выпаўнілі маю вялікую просьбу? Адносна маёй сястры? Дзякуй Вам, дарагая!
Цалую і абнімаю Вас усіх.
Заўсёды Ваша – Ларыса.
Зэльва, 30 кастрычніка 1971 г.
Шчыра паважаны і дарагі сябра!
Цешуся, што Вы больш-менш здаровыя. Цешуся з Вашага ліста, і дзякуй Вам вялікае за “Кабзар”. Гэта ж цуда — як ён любоўна і хораша выдадзены! (Кончыўся запас маіх алавікаў у ручцы і застаўся толькі чырвоны...) Трымаю яго ў руках і цешуся, цешуся. А ручнікі ў Вас інакшыя, як нашыя. Якое прыгаство! Ну, дзякуй Вам. Гэта другі “Кабзар”, падараваны мне сябрамі-ўкраінцамі. Першы падаравала пані Косач-Шыманоўска. Выдалі яго ў Празе ў колькасці толькі 600 экземпляраў... Вось і прынесла мне яго з цудоўным надпісам (на які я нават не заслужыла) Оксана Пэтрівна.
Часта пакруціш радыё і чуеш Украіну, або пра Украіну. Аж галава закружыцца. Божа мой, як жа добра пазнаецца народ, калі дзеліш з ім... пайку. А дзялілі! Не я з Вамі, а Вы са мною. Вашыя сёстры. Не раз. I не два разы! Калі разам душою, дык як жа дзялілі сэрца. Тут было па раўні!
Мне, бачыце, давялося сустрэцца з аўстрыячкамі. Тудой мяне вязлі. Якая розніца між імі і гэтым цудам у Львове! Чысцінёй, славянскай веліччу і амаль святасцю Вашых жанчын! Бачыце, гэта ўжо не дружба. Гэта роднасць. Мы мала і гаварылі, глянулі — і ўсё разумелі. Было — як у казцы. І цяжкасць не цяжкасць, калі такое ў сэрцах! А яно не сціхае.
Дзеці нашыя і ўнукі вярнуліся з падарожжа задаволеныя. Найлепей іх сустракалі чэхі, нашыя знаёмыя. Сын здае спецыялізацыю ў Польшчы. Ён педыятр.
Добра, што Вам спадабалася мая кніжачка (якую я паслала). Гэта было самае лепшае, што Вам хацела паслаць. I я люблю мінуласць. Адчуваю яе нейкім дзіўным чуццём.
Муж мой ляжыць. Ён альбо працуе, альбо ляжыць... Яму ўжо 69 гадоў. Хадзіць ужо цяжка. Задушны дзень сяння. Дзяды ў нас святкуюць! Але я не ў цэркві. Паверце мне: баюся папа, спыняю сваю шчырасць, дабрату, гасціннасць, нават набожнасць. Я ўжо “умудрённая опытом”. Смешна, але факт.