Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
А Вам, сябра наш дарагі, — здаровечка добрага і шчасця Вашай сямейцы. Дзякуй Вам, дзякуй за ўсё.
З павагай — Ларыса Геніюш.
Зэльва, 9 верасня 1972 г.
Паважаны Васіль Уладзіміравіч!
Перадусім хачу Вам шчыра падзякаваць за мілую ўвагу, якую Вы аказалі мне і маім гасцям пры апошняй нашай сустрэчы ў Гродне. Было гэта так хораша, так міла, што я не знаходжу слоў падзякі для Вас і тых дарагіх асоб, якія былі з намі. Вялікае, вялікае Вам усім дзякуй!
Унукі нас не змучылі. Яны дадалі нам сілаў і бадзёрасці, веры ў жыццё. Нас дарэшты змучылі “разумныя” дзеці, але гэта, як відаць, цяпер у свеце агульнае явішча. Жаль – не змагла я іх правесці. У мяне пачаліся рвоты на ўсю ноч, якая была смяртэльна пакутлівай для мяне. Добра, што гэта не сталася болей нікому. Яны заехалі шчасліва. Званілі мы ім. Унукі – залатыя хлопчыкі, умеюць думаць і працаваць фізічна. Пастроілі мне ўсё вельмі спрытна і добра. Толькі мала мы іх бачылі, бо нявестка вазіла іх недзе па сваяках і наагул на нас вельмі мала звяртала ўвагі. Такога не раскажаш людзям…
Я не ведаю, як выпаўню мілы загад тав. Ульяновіча. Гэта паважаны чалавек, і адмовіць яму нельга, а з другога боку, амаль усе мае сябры любяць гарэліцу, і калі я па іх праедуся, дык яны мне проста “адкруцяць галаву”. Я буду думаць аб гэтым, бо такое мерапрыемства мне падабаецца.
З радасцю прачытала, што прыедуць у Зэльву сябры-пісьменнікі нашыя і маскоўскія госці. Калі будзеце з імі ў Зэльве, дык ласкава заходзьце да нас, і калі Вам захочацца ўзяць у нашу сялянскую, старую хату сваіх сяброў, то прыводзце іх да нас. Будзем радыя ўсім, хто прыедзе з Вамі, і дарагім масквічам.
Прывітанні Вам ад майго мужа. Я шчыра вітаю Надзежду Андрэеўну і нашых знаёмых у Гродне.
Ваша заўсёды – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 12 кастрычніка 1972 г.
Даражэнькія Марыя Міхайлаўна і Аляксей Міхайлавіч!
Дзякуй Вам за ліста. Зоську Верас я прывітала. Піша, што “бязмежна ўзрушана”. Верш быў неблагі. Я крыху не свая нейкая цяпер. Памерла адзінока мая сястра ў Польшчы, і мяне паведамілі толькі праз 20 дзён пасля Яе смерці. Быў у Яе рак страўніка. Вельмі мне цяжка. Думаю ўсё аб Вас, дарагія. Я Вам так удзячная за Вашую ўвагу, што нельга і высказаць.
Болей як месяц таму пісаў мне па загаду тав. Ульяновіча Васіль Быкаў. Прасіў верш пра п’яніцаў. Я не ведаю, што рабіць, яны мне не ўдаюцца, а раней напісаныя – не адпаведныя для друку. Вось і пасылаю Вам іх на ацэнку. Калі будзеце лічыць каторы адпаведным, дык дайце яго ласкава сябру Васілю. Рэшту вершаў пакіньце сабе. Гэта мая гутарка з Вамі шчырая, амаль інтымная. Не судзеце строга. Мне так цяжка цяпер, што я ўцякаю да вершаў…
Як Вам без Марынкі? Дзеці нашыя пішуць, непакояцца аб маім здароўі. А муж злосны на іх, што пакінулі мяне ў такім стане. Яшчэ ўсё колер твару – шэры, ненармальны. І так – шлю Вам шаснаццаць вершаў. Некаторыя з іх паслала і М. Ермаловічу. Спадабаўся яму вельмі мой верш, прысвечаны Зосьцы Верас. Вам яго некалі перадам, бо сабралася сяння зашмат.
Як прайшлі Коласаўскія дні? Няхай Вам усё будзе добра, радасна!
З павагай і любоўю да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 5 лістапада 1972 г.
Дарагая Дануся!
Цяпер вечар. Я крыху змучаная, бо памагала на вяселлі сваячніцы мужа. На вяселле мы не пайшлі, бо свежая яшчэ магілка сястры. Ліста Твайго чытала са здзіўленнем, бо ніколі не думала, што Вы мяне любіце! Я ўжо так прывыкла да іншых адносінаў, што сапраўды не верыла ў існаванне падобнага пачуцця ў маіх сяброў! Я думала, што ім ужо даволі і маіх бедаў і клопатаў са мною. Калі б душа была целам, дык жывога месца не было б ад усіх тых боляў, якімі надзяліў мяне мой тыпічна-беларускі лёс.
Дануся, не пакідай сваіх чадаў і не едзь да нас. Табе і так хапае розных клопатаў. Я проста завочна буду верыць таму, што яшчэ хоць два-тры чалавекі любяць мяне хоць крыху на зямлі, якую клічу Бацькаўшчынай. Справа майго тут існавання не стала лягчэйшай за апошні час, але ўсяго Табе не напішаш. Мы вельмі задумаліся над Вашымі словамі і радамі і выказванні Твае лічым негаласлоўнымі. Веру, безумоўна, што шчырая Твая душа беларуская ні модам, ні ўплывам, ні ідэям дня не падлягае. Бабе Казі дазволь, калі трэба, і пакапрызнічаць крыху, толькі б не хварэла сапраўды. Меней на такое звяртай увагі. Пагоды ж не пераменіш, вось і падобныя з’явы разглядай як пагоду. Захмарыцца крыху – а там і выпагадзіцца!
Мікола [Прашковіч] не пісаў яшчэ. Надзежда Васілеўна пісала сяння, што ён быў у іх разам з М. Грынчыкам і першы ўжо стаіць у чарзе на кватэру. А там і ажэнім яго. Іван Пятровіч – ніякі не вынятак, я ў яго любоў асабліва не веру. Проста ён верны сваім абавязкам і часам мне здаецца, што з прыемнасцю замяніў бы свайго “ястраба” на болей спакойную “галубку”. Але дзе яму ўжо мяняць. Ён не паганы і ў грунце шляхотны друг. Часам мне здаецца, што мы сябе вельмі моцна кахаем, хоць і сварымся, часам, на мінуту. Галоўнае, што мне з ім не бывае сумна.
Прыедзь да нас толькі тады, калі не парушыш сямейнай гармоніі. Думаю, што прычына ў тым, што і яны Цябе моцна любяць. Юра выразна нервуецца за нас, а мы – за іх. Піша і Валянціна, але яе лісты – як скрабком па патэльні… Сяння ёй адказала з такой жа “сардэчнасцю”. Алесю сумна ў школе (ён там да вечара). Уцякае часам на вуліцу і ведае, у каго яшчэ на дрэве вісяць яблыкі і як называюцца сабакі ва ўсім наваколлі. Юра піша аб поўным матэрыяльным дастатку, а Валя – як пападдззя, якая ўсё бядуе, што мала грошай. Юра яшчэ ўзяў на нядзелю дзяжурства на хуткай дапамозе ў Беластоку. Усё дзеля тых грошай. А як жывем мы? Нам хапае!
Ты хоць пішы нам, Дануся, а за любоў усім шчырае дзякуй. Вершы для дзяцей вышлю. Цалуем Вас усіх.
Ларыса Геніюш.
Зразумей, што вельмі-вельмі хачу Цябе бачыць, але яшчэ болей хачу, каб быў мір у хаце Тваёй. Шчыра-шчыра Цябе цалую. Гэта праўда, што Вы мяне любіце? Гэта так хораша.
Л.
Зэльва, 19 сакавіка 1973 г.
Дарагі і паважаны Аляксандр Мікалаевіч!
Як Вы там жывыя-здаровыя? Вясна на парозе, дык можа, і настрой лепшы? Уважна і не раз прачытала Вашага ліста і прыйшла да вываду, што калі параўнаць Вашае жыццё з маім, то Вашае – будзе раем! Разумею ўсе цяжкасці, але бяру пад увагу і той высока-гуманны дух, які ўжо адчуваецца ў жыцці савецкага грамадства. Учора мы глядзелі цудоўны фільм “Самый последний день” – з жыцця лейтэнанта міліцыі, сапраўды харошага, вельмі гуманнага чалавека. Такія якасці сустракаюцца ўсё часцей, і з часам, спадзяюся, дойдуць да заскарузлага розуму і сумлення Вашага дырэктара. Дарэчы, нядаўна гутарыла з адным дырэктарам нашага раёна, дык той сказаў мне: каб меў такога дзейнага настаўніка, як Белакоз, дык ганарыўся б на ўсю Беларусь! За адзін музей Вам цаны няма!
Просьбы Вашыя памятаю, усе пастараюся споўніць, тым болей, што, пэўна, нам прыйдзецца пакінуць Бацькаўшчыну з прычыны нашае старасці. Вельмі хачу, каб прыехала мая дваюрадная сястра з Сочы. Відно – яна разумны і моцна партыйны чалавек. Можа, і яна прывязе ў музей старыя здымкі маіх продкаў – на мае 60 год. Была ў нас з дачкою і зяцем татава сястра цёця Вера, якая жыве на Валыні. У яе старых фатаграфіяў – безліч. Спадзяюся, што нешта нам дасць і яна.
Знішчыць, зламаць і забіць усё беларускае сяння нельга! Не той час, каі бяздумна нішчыліся вартасці, народы і іх мовы! Сяння візітовая картачка СССР – дружба народаў, а не іх вынішчэнне! Кожны, хто робіць інчай, – падкладае дынаміт пад гэтую дружбу. Нядобры час нагадаваў розных Салавейчыкаў (персанаж з п’есы Матукоўскага “Алімпіец”), якія бяруць на горла, ходзяць шляхамі нячэснымі і нагла думаюць, што ім усё дазволена. Такія многіх давялі да інфаркту і абвастрылі адносіны між людзьмі.