Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Тым часам падзеi ў Гораднi разьвiвалiся па адмысловым сцэнарыi. Наш сябра Барыс Клейн быў чалавек разумны i заўсёды даваў слушныя парады. Асаблiва апошнiм часам, як над Карпюком сабралася гэтае лiха. Болей схiльны да безнадзейнасьцi, я часам лiчыў, што нiчога ня зробiш, трэба мiрыцца з тым, што ёсьць. Ён жа заўсёды раiў змагацца, некуды пiсаць, езьдзiць, зьвяртацца. Толькi аднойчы я ўбачыў яго разгубленым, гатовым зьняверыцца ва ўсiм.
Неяк я сядзеў за сталом, штосьцi пiсаў, ды ў вакно пастукаў Карпюк (я жыў на першым паверсе.) Як я выйшаў на вулiцу, Аляксей запытаўся: «Барыс табе не званiў?» — «Не, не званiў. А ў чым справа?» — «А ў тым, што яго зранку паклiкалi ў гаркам i дагэтуль няма. Пойдзем у парк, там пачакаем».
Тое ўжо была навiна — кепская навiна. Мы моўчкi дайшлi да Каложы, селi пад кустом на ўзьмежак. Клейн ведаў гэтае месца i павiнны быў прыйсьцi. Мы маўчалi. Пра што было гаварыць?
Ён i праўда прыйшоў, гадзiны празь дзьве, ужо надвячоркам. Прыйшоў i стомлена сеў побач. «Ну, усё! Усё прапала. Выключылi i мяне… Зьнялi з работы, адбяруць кандыдацкі дыплём… Цяпер я — нiхто…»
Але што здарылася? I што прычынай таму? Пачалося, аказваецца, не цяпер, — здаўна, пра што Барыс не здагадваўся i не падазраваў. Пры ўсёй яго памяркоў най асьцярожнасьцi, трапiў, бы вяпрук у нерат, зь якога наўрад цi было як выкруцiцца.
Кандыдацкую дысэртацыю Барыс Клейн абараняў у Вiльнi, дзе часам сустракаўся з аднакашнікам па ЛГУ дацэнтам Д. Але на той час усчалася барацьба з лiтоўскiм нацыяналiзмам, i Клейн дачуўся, што ягонага аднакашніка звольнiлi з працы i, здаецца, зьбiраюцца выключыць з партыi. Рухомы сэнтымэнтальнымi пачуцьцямi, Барыс аднойчы па дарозе зь Ленiнграду ў Горадню завітаў на кватэрудацэнта. Якраз было трохi часу паміж цягнікамі, i былы асьпірант хацеў зь ветлівасьці суцешыць літоўскага навукоў ца, выказаць яму свае спачуваньні. Яны няблага пагаварылi той вечар, гаспадар пачаставаў госьця чаркай каньяку. І, абняўшыся, разышлiся. Па дарозе ў Горадню Барыс усё перажываў за калегу, думаў, як яму памагчы. Мабыць, і калега, застаўшыся ў сваёй вiленскай кватэры, не займеў злога намеру супраць госьця, але ён баяўся. Ён дужа баяўся, што ягоны беларускі калега мог быць падасланы з беларускага КДБ, запiсаў iхнюю гаворку i данясе ў літоўскую бясьпеку. Невядома, колькi часу гэтак прапакутаваў-шы, Д. надумаў апярэдзiць беларускага «агента» i сам напiсаў пра iхнюю сустрэчу i, вядома ж, пра крамольную размову. Лiтоўскi КДБ пераслаў тую iнфармацыю ў Менск. Менская бясьпека даручыла гарадзенскай — разабрацца і прыняць меры.
Разьбiралiся даволі доўга i грунтоўна. Барыс гаварыў, што запісалі зь вялікай дакладнасьцю ўсе тэлефонныя размовы і нават побытавыя размовы з жонкай — на кухні і ў спальні, так што наконт выказваньняў — поўная адэкватнасьць. І наконт Карпюка і Быкава, і асабліва наконт «братняй дапамогі» Чэхаславаччыне, якую камуніст Клейн недзе назваў вераломнай акупацыяй. Абвінавачваньне сьцьвярджала, што ўжо з пачатку 60-х гадоў ён пераконваў людзей весьці барацьбу супраць сталіністаў і крамлёўскага кіраўніцтва, якое называў «групай вырадкаў», і шмат што іншае. З фармулёўкамі праблемаў не было, таму лёгка і аднагалосна выключылі. Амаль адначасна ён страціў пасаду дацэнта ў мэдінстытуце, неўзабаве змушаны будзе здаць свой кандыдацкі дыплём і сапраўды стане «ніхто».
«I ты паднiмеш рукi? Здасiся гэтым душагубам? Ты ж мне раiў тузацца, бы жаба ў малочным збане? Дык тузайся! Пiшы, хадзi — ня сьпi ў шапку!» — злосна раiў яму Карпюк. Сам ён усё i ўсяляк тузаўся, праўда, пакуль без жаданага вынiку. Цяпер будуць тузацца ўдвух. Але тузацца ўдвух iм нiхто не дазволiць, бо тое групавуха — гэта яшчэ больш строгi артыкул. Паасобку, па адным, яшчэ дазвалялася. Тузацца.
Увечары мне хтось пазванiў, цiхiм голасам сказаў, каб я трымаўся далей ад тых двух. Бо яны нiбыта хочуць утапiць i мяне. У тое я слаба паверыў, але ранейшая ахвота сустракацца, абмяркоўваць, гутарыць пакрысе змарнела. Я заставаўся адзiн. I я парадаваўся тады, што ня член партыi, не дацэнт, што мяне выключыць няма адкуль. Хаця, канешне, можна зрабiць шмат iншага, ад чаго ня ўзрадуешся. I я мiжволi стаў чакаць гэтага iншага. Бо адчуваў — чарга наблiжаецца.
Клейн тузаўся. Як звычайна ў такiх выпадках, змушаны быў прайсьцi ўсе дантавы колы пакутаў — найперш шматлiкiя парткамiсii са злобнымi катамi — састарэлымi бальшавiкамi, якiя, бы помсьцячы за безьлiч уласных пакутаў i прынiжэньняў, зласьлiва прынiжалi выключанага, прымушалi яго прызнацца ў злачынстве, раззброiцца перад партыяй i савецкiм народам. Сынхронна з партыйнымi органамi працавалi i ўсе iх кафедры, вучоныя саветы, рэктараты i ВАКi. Я, хоць сам адчуваўся дужа няпэўна, распавядаў пра гродзенскiя драмы, дзе толькi было магчыма, у тым лiку i ў Маскве. Аднойчы зьвярнуўся i да Кузьмiна. Той з уважлiвай заклапочанасьцю выслухаў, пагадзiўся, што Клейн разумны чалавек i добры навуковец, але i ўсё. I я зразумеў, што ёсьць iншыя сiлы, уладай над якiмi сакратар ЦК не валодае. Хутчэй — яны валодаюць уладай над iм.
Вельмi хутка гiсторык Клейн апынуўся на гарадзкой гароднiннай базе, дзе цягаў скрынкi з буракамi i морквай. Але суду над iм не было, нiкога не пасадзiлi. Toe ўжо было зразумета як добры сiмвалiчны знак, амаль вястун лiбэралiзацыi. I праўда, неўзабаве нейкi зрух адбыўся i ў справе Карпюка, якога нечакана выклiкалi на бюро ЦК КПБ. Значна пазьней, калi напал драматызму тых даўнiх падзей стаў забывацца i шмат якiя былыя «загадчыкi» нашых лёсаў разышлiся хто куды, сталi вядомыя некаторыя дэталi тагачасных падзеяў. Былы гаспадар Гродзенскай вобласьцi Мiкуловiч распавёў за чаркай, як ён уратаваў Алёшу, а заадно i Васю (Карпюка i Быкава) ад бяды i турмы. Калi гродзенскi КДБ накапaў на Карпюка справу, абласны пракурор прынёс яе на санкцыю «першаму». Мiкуловiч паглядзеў, пагартаў i ажно спалохаўся — кожны артыкул абвiнавачваньняў цягнуў мiнiмум на 15 гадоў. А ўсяго тых артыкулаў было цi ня 7. Шкада яму стала Алёшу, i ён папытаў у пракурора, цi пэўна ўсё тое даказана? Цi грунтоўна? Пракурор трохi «замяўся» — што-нiшто, можа, i ня надта грунтоўна. Тады Мiкуловiч: «Вярнiце справу назад, хай дасьледуюць як мае быць». (Каб ужо засадзiць пэўна i надоўга.) Пракурор паслухмяна вярнуў. Але нi ён, нi Мiкуловiч, нi КДБ, мабыць, не ўлiчылi, што Карпюк не дарма браў прыклад з жабы i прадаўжаў «тузацца».
Аднойчы ў Горадню завiтала Ларыса Генiюш. Раней яна нiколi не прыяжджала сюды, жыла ў сваёй Зэльве, пiсала. Звычайна езьдзiлi да яе, у тым лiку аднойчы i мы з Карпюком. Перажыўшы нямала драмаў i трагедыяў, яна ўвогуле была жанчына негаваркая, мала каму давярала, шмат што перажывала ў сабе. Мы спаткалiся зь ёй у домiку Ажэшкi, на той раз яна здалася нам дужа вясёлай i абнадзеенай. Зрэшты, было чаго — яе пусьцiлi ў Беласток, дзе яна мелася сустрэцца з сынам, якога ня бачыла з моманту свайго арышту ў Празе. Паказвала грошы, «цэлую кучу», якую яна зарабiла, дзякуючы Максiму Танку, што дамогся выхаду яе зборнiка. Мы шчыра парадавалiся шчасьлiваму павароту ў яе жыцьцi. Там жа Карпюк, адвёўшы госьцю ў цiхi закутак, уручыў ёй лiст для перадачы ў Беластоку аднаму чалавеку. Тым чалавекам быў нядаўна намi падазраваны Олек Амельяновiч. Я дужа сумняваўся ў правiльнасьцi карпюкоўскага ўчынку, баяўся, што тым ён можа «падставiць» Ларысу. Баяўся, атрымалася, марна.
Генiюш была старая кансьпiратарка i зрабiла ўсё як належыць. Усё як належыць зрабiў i Амельяновiч. Паехаў у Штутгоф, дзе на месцы былога канцлягеру арганiзавалi архiў, i там сярод процьмы iншых дакумэнтаў адкапаў злашчасную нямецкую ведамасьць. На першай старонцы гэтай пажоўклай паперыны выразна значылася: Рэестар грашовых пераводаў, якiя паступiлi палонным ад iхнiх родзiчаў. Далей iшлi дробныя сумы ў дойчмарках i подпiсы тых, каму яны прызначалiся. Вядома, нiякiх марак зняволеныя не атрымлiвалi, але бухгалтарская пунктуальнасьць патрабавала, каб усе расьпiсалiся. У тым лiку i зьняволены Карпюк, якi расьпiсаўся i забыўся. Нiякiх грошай ён, вядома, ня бачыў, дык навошта было пра iх памятаць. Ягоная галава ў той час была занятая праблемай уцёкаў, якiя ён i зрабiў. А пасьля пры допытах у КДБ тыя, што там даседзелi да вызваленьня, сьцьвярджалi, што ўцячы са Штутгофу было немагчыма. Што Карпюка, можа, выпусьцiлi. I iм верылi, ня ведаючы, што каму — немагчыма, а Карпюку стала магчыма. Бо Карпюк заўжды «тузаўся», такiм ужо валодаў характарам.
Дагэтуль невядома, цi мелi члены бюро ЦК КПБ на руках тую ведамасьць, як вырашалi лёс Карпюка, бо Карпюк атрымаў яе значна пазьней. Але абмяркоўвалi ўсе пункты абвiнавачваньня доўга i старанна. Пасьля галасавалi.
На галасаваньне было пастаўлена дзьве прапановы: выключыць або даць страгача. За выключэньне прагаласавалi два даўнiя «сябры» Аляксея — генэрал Дэбалюк i Мiцкевiч. За страгача — Кузьмiн i Аксёнаў. Сам Машэраў устрымаўся. То быў паратунак. Урэшце спынiлiся на страгачы, якi Карпюк пранасiў год i стаў зусiм чысты. Перад партыяй i савецкiм народам. А вельмi проста маглi б i засадзiць — за супрацоўнiцтва з гестапа ды iншае. А заадно i тых, хто супрацоўнiчаў з супрацоўнiкам. Ужо былi такiя прыклады, i адзiн зь iх — драматычная гiсторыя слонiмскага паэта Анатоля Iверса247. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыi, ён змушаны быў па заданьнi зь лесу пайсьцi працаваць ў гарадзкую ўправу, ягонага таварыша ўкаранiлi нават у СД. Дапрацавалiся яны там да таго, што ледзь выратавалiся ад арышту. Iверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана i жонка з дзецьмi загiнула. Пасьля вызваленьня нейкi час усё было добра, iхнюю гiсторыю ў Слонiме ведалi, iх не чапалi. Але зь цягам часу, калi партызанскiя кiраўнiкi, на якiх яны працавалi ў немцаў, памерлi або разьехалiся, абодвух «выкрылi». У Гораднi быў суд, Iверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Iверс быў звольнены з працы, выключаны з СП i пятнаццаць гадоў прарабiў на смалакурнi ў лясгасе.
Клейн у гэтую пару яшчэ рабiў на гароднiннай базе, праўда, тады ўжо не цягаў скрынкi, — як чалавека пiсьменнага, яго з алоўкам у руках паставiлi iх падлiчваць. Toe была паслабка. Няхутка яшчэ ён перайшоў на працу ў сацыялягiчны аддзел хiмкамбiнату.
«I высакародны чалавек можа стаць нявольнiкам абставiнаў, але той, хто робiцца лакеем абставiнаў — не высакародны чалавек», — зазначыў калiсь Леў Мiкалаевiч248.
Пазванiў Твардоўскi i голасам, якi я даўно (а можа, i нiколi) ня чуў, паведамiў, што ён сыходзiць з часопiсу. Я разгубiўся i ня ведаў, што яму на тое сказаць, а ён адразу ж папытаўся, цi буду я ў такiм разе друкаваць новую аповесьць у «Новом мире»? Яшчэ болей зьбянтэжаны, я штось мармытаў, а затым папытаўся, як ён параiць? Аляксандр Трыфанавiч, як мне здалося, раздражнёна адказаў, што таго раiць ня будзе, — рашайце самi. Гэта была мая апошняя размова з Твардоўскiм. Болей гаварыць зь iм не давялося. Барацьба супраць Твардоўскага i «Нового мира» вялася даўно — галоўнага рэдактара выжывалi з часопiсу ўсялякiмi спосабамi. Хоць маглi, канешне, зьняць «з трэскам», але, мабыць, у ЦК хацелi зрабiць тое далiкатна, рукамi кiраўнiцтва Саюза пiсьменьнiкаў на чале з Федзiным — Варанковым. Тыя, аднак, марудзiлi. Начальства наладзiла рэгулярны прэсiнг на самога Аляксандра Трыфанавiча, часткова празь некаторых членаў рэдкалегii часопiсу. Галоўнага рэдактара самааддана падтрымлiвала рэдакцыя, цi ня ўсе намесьнiкi i аддзелы. Тады з ЦК распаўсюдзiлi чутку, паводле якой у выпадку добраахвотнага зыходу галоўнага ўся рэдакцыя застаецца ў ранейшым складзе, Аляксандр Трыфанавiч атрымлiвае добрую ўрадавую пэнсiю, крамлёўскi паёк i да 60-годзьдзя, якое неўзабаве наблiжалася, — званьне Героя. Мусiць, гэта нарэшце i паўплывала на аканчальнае рашэньне Твардоўскага, якi i напiсаў заяву. (Забягаючы наперад, зазначу, што нiводзiн пункт з абяцанага ня быў выкананы, рэдакцыю па адным разагналi, а адстаўны рэдактар, страцiўшы любiмую працу, хутка невылечна захварэў.)