Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Але здаралася, што i згаралi — ад празьмерных высiлак, п’янкi цi амаралкi i сыходзiлi ў нябыт на другi ж дзень, як вытрасалiся з сваiх кабiнэтаў. Бы iх i не было нiколi. Тады на iх месца прыходзiлi iншыя — таксама зь нязьменным нiмбам партыйнасьцi, i ўсё пачыналася спачатку. Што да Магiльнiц-кага, дык менавiта на справе Карпюка ён узьнёсься высока — аж да пракурора рэспублiкi, каб у свой час гэтак жа нiзка гэпнуцца i згарэць. Цяпер яго ў Гораднi няма чым i прыпомнiць. Хiба ў зьвязку з ганебнай расправай над пiсьменьнiкам Карпюком.
Але Карпюк быў ня з тых, хто мог бязвольна скарыцца ўладзе, цi ворагу, цi звычайнай жыцьцёвай бязглузьдзiцы. Усё жыцьцё гэты чалавек iмкнуўся асядлаць свой лёс, хаця тое i каштавала яму аграмадных высiлкаў i далёка не заўжды ўдавалася. Але ўдавалася нават у вайну, як ён уцякаў з канцлягеру, пасьля выбавiўся ад расстрэлу ў партызанскай брыгадзе. Ды й на фронце ўвогуле яму шэнцiла, бо пазбыцца пагiбелi зь яго цяжкой ранай ня кожнаму ўдалося б. Карпюк выжыў. Зь ягонай прагай да жыцьця ён жыў бы i болей, калi б тое жыцьцё не ўкарацiлi зламысьнiкi. Для Карпюка пачалася доўгая паласа душэўных пакутаў, хаджэньняў па iнстанцыях, па ўсiх гэтых парткамiсiях зь iх драпежным партыйна-партызанскiм актывам. Ужо тыя, пра каго Карпюк гаварыў i пiсаў, што яны за вайну нi разу ня стрэлiлi ў жывога немца, паказалi сваю прынцыповасьць — аднагалосна адвяргалi Карпюковы апэляцыi.
Сiнхронна спрацавалi i ягоныя калегi ў Саюзе пiсьмень-нiкаў — зьнялi Карпюка з працы сакратара абласнога аддзяленьня. З тым загадам у Горадню прыехаў сакратар СП Грачанiкаў, якi, аднак, паслаў сваё менскае начальства на тры лiтары i да адыходу цягнiка зашыўся ў рэстаране, чым выклiкаў нашае да яго шанаваньне.
Канешне, бяда ня ходзiць адна. У той час беды кружлялi карагодамi. Захварэла Карпюкова жонка, настаўнiца Iна Анатольеўна, Аляксей змушаны быў адвезьцi яе ў Бараўляны. На руках у беспрацоўнага пiсьменьнiка засталося трое дзяцей. Кнiжкi, што мелiся неўзабаве выйсьцi, апэратыўна павыкiдвалi з выдавецкiх плянаў. Грошай ня стала, як ня стала i нiякiх спадзяванак на iх. Карпюк пазычаў у мяне, але я таксама ня быў багаты i пiсаў у лiтфонд заявы аб аднаразовай дапамозе — для сябра. Яму дапамогi ўжо не давалi. Часам, у шэрую гадзiну мы дзе-небудзь спатыкалiся ўтрох — Карпюк, Клейн i я — меркавалi, як быць? Клейн раiў не пагаджацца — змагацца, пiсаць — праўда на тваiм баку. Але каму патрэбна была Карпюкова праўда?
Як пасьля стала вядома, у абласным КДБ вылучылi адмысловага афiцэра, маёра Хамiна, якi засеў «хiмiчыць» на Карпюка крымiнальную справу. Выключэньне з партыi было толькi пачаткам — чалавека належала пасадзiць.
Паколькi Карпюк меў геройскую рэпутацыю з вайны, вырашылi падлавiць яго менавiта з гэтага боку. Маёр зьезьдзiў у Польшчу, па вайсковых сьлядох Карпюка, наведаў Штутгоф, дзе той сядзеў i адкуль уцёк, шукаў кампрамат i дакумэнты. Ну i, вядома, пакарыстаўся ўласнай фантазiяй, — сачынiў, чаго не хапала. Сачыняць яны ўжо ўмелi, былi адукаваныя. Гэта колiшнiя чэкiсты былi з абмежаваным уяўленьнем i змушалi зэкаў самiх прыдумваць сабе злачынствы. Гэтыя сачынялi самi.
Мінула трохі часу, і, як пасьля стала вядома, старшыня тадышняга Камітэту дзяржбясьпекі СССР Ю. Андропаў дакладваў у ЦК КПСС: «Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі мае зьвесткі аб нездаровых настроях беларускіх пісьменьнікаў — члена КПСС Карпюка і Быкава… Карпюк нелегальна распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых усялякія пасквілі ў выглядзе кнігі Гінзбург-Аксёнавай „Круты маршрут“ і іншыя. Адмоўна ўзьдзейнічае на моладзь. Пад яго ўплывам студэнт Гродзенскага педінстытуту Малашэнка піша вершы, прасякнутыя пэсімізмам і ўпадніцтвам, некаторыя зь іх утрымліваюць шкодны палітычны сэнс… Погляды Карпюка ў пэўнай ступені падзяляе Быкаў, аўтар тэндэнцыйнай аповесьці „Мёртвым не баліць“… У цяперашні час да Быкава выказваюць інтарэс ідэалягічныя цэнтры ворага. Гэта відно, прынамсі, зь перапіскі зь ім супрацоўніка закрытага сектара „Народна-працоўнага саюзу“ (НПС), якая вядзе яго антысавецкую апрацоўку. З Быкавым устанавіў кантакт італьянец Поджы, які падазраецца ў прыналежнасьці да спэцорганаў ворага… Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі з санкцыі ЦК кампартыі рэспублікі рыхтуе мерапрыемствы, накіраваныя на праду-хіленьне магчымых варожых акцый з боку названых асобаў».
Карпюк распавёў нам з Клейнам, што абвiнавачваньнi яму прад’явiлi такiя, што без суду можна было яго расстраляць. Здаецца, iх было сем, i сярод iх такiя: платнае супрацоўнiцтва з фашыстамi ў канцлягеры Штутгоф; дэзэртырства з партызанскай брыгады; укараненьне ў савецкую разьведгрупу агента гестапа; сувязь з агентам палiцыi; самазванае прызначэньне камандзiрам атраду i яшчэ нешта драбнейшае. Вядома, Карпюк адразу кiнуўся iх абвяргаць. Першым чынам паехаў у Менск, у архiў партызанскага руху, дзе, аднак, не знайшоў нiводнага дакументу з свайго атраду. Не было нават i той справаздачы, якую ён уласнаручна пiсаў улетку 44-га пасьля вызваленьня Беларусi. Тады ён напiсаў усiм сваiм знаёмым партызанам, каб тыя засьведчылi яго камандзiрства. I не атрымаў нiводнага адказу. Затое празь нейкi час яму паказалi ў гаркаме каля 20 iхнiх сьведчаньняў, i ўсе супраць яго, былога iх камандзiра. Там жа, у справе, быў падшыты i аркуш былога камбрыга Вайцяхоўскага, якi пiсаў, што камандзiрам грамадзянiна Карпюка нiколi не прызначаў i наогул такога атраду ня ведае. Toe ўжо магло зьбянтэжыць каго заўгодна. Карпюк кiнуўся ў Ленiнград, дзе на пэнсii жыў камбрыг. Той ласкава прыняў яго i кажа: «Лёша, чаго ты хочаш? Я напiсаў тое, што мне сказалi. Магу табе напiсаць iншае, па-праўдзе». I напiсаў iншае, па-праўдзе, зь якiм Карпюк прымчаў дадому i пабег у гаркам. Магiльнiцкi прачытаў паперу i заявiў: «У нас ёсьць iншы дакумэнт Вайцяхоўскага, завераны пячаткай, а гэта — пустая пiсулька». I кiнуў «пiсульку» Карпюку.
Наконт укараненьня нямецкага агента ў нашу разьведгрупу я ўжо штось ведаў — зноў жа з гутарак Карпюка з Вайцяхоўскiм. Справа выглядала так. Улетку 44-га пасьля вызваленьня Карпюк у лiку iншых партызанскiх камандзiраў быў паклiканы ў Менск, каб напiсаць справаздачу пра дзеяньнi атраду. Аднойчы ён зь сябрам, таксама партызанскiм камандзiрам Андрэевым, iшоў уздоўж драцяной загародкi, за якой тоўпiлiся нямецкiя ваеннапалонныя. I раптам Карпюк убачыў там знаёмага немца, зь якiм колiсь сядзеў у канцлягеры. Немец таксама пазнаў яго. То быў неблагi немец, добра адносiўся да савецкiх, частаваў iх курывам. На тое зьвярнуў увагу Андрэеў, i Карпюк распавёў, адкуль у яго гэткае знаёмства. Тады Андрэеў кажа: «Трэба сказаць ахове, хай яны яго вызваляць». Так i зрабiлi. Зайшлi да аховы, i Карпюк распавёў пра аднаго з ваеннапалонных. Болей ён таго немца ня бачыў. Толькi пасьля стала вядома, што немца перавербавалi, уключылi ў якасьцi перакладчыка ў нашу разьведгрупу, якую закiнулi ў чэшскiя Татры. Але там група загiнула, i вiна за тое легла на перакладчыка. А цяпер яшчэ i на Карпюка. Так усё спрытна зьвязалi.
Тое, што маёр Хамiн фармуляваў як дэзэртырства Карпюка з партызанскай брыгады, было, па сутнасьцi, ягонымi ўцёкамi з адной брыгады ў другую. Сталася так, што ў той першай брыгадзе, у якую Карпюк прыбег зь лягеру, яму не паверылi, западозрылi i мелiся расстраляць. Уцёкшы з канцлягеру, Карпюк легка ўцёк з саплiвай зямляначкi i прыбiўся да iншай брыгады, якой камандаваў Вайцяхоўскi. Той паверыў хлопцу, выпрабаваў яго ў баях i затым прызначыў камандзiрам атраду сваёй брыгады. (Тады паверыў, а цяпер памагае зацягнуць пятлю на шыi колiшняга свайго падначаленага.) Прыкладна такiмi ж прыцягнутымi за вушы былi i абвiнавачваньнi ў сувязi з агентам палiцыi. Тым агентам быў мясцовы лясьнiк, якi адразу ж, як яго завербавала палiцыя, прыбег у брыгаду i сказаў: «Вазьмiце мяне ў атрад, бо мне там нельга». А той жа камбрыг яму кажа: «Чаго ты баiшся? Працуй, iнфармуй нас». Ён так i рабiў — працаваў на два фронты, а сувязь з брыгадай трымаў праз атрад Карпюка. Праўда, як заўжды, двайная гульня кепска скончылася, — пасьля вайны таго двайнiка ўзялi. А цяпер за яго ж хочуць узяць i камандзiра атраду.
Мы з Клейнам меркавалi, што калi як сьлед намагчыся, дык гэтыя абвiнавачаньнi магчыма абвергнуць. Заставалася, аднак, галоўнае: платнае супрацоўнiцтва Карпюка з фашыстамi ў Штутгофе. Хамiн для доказу таго падрыхтаваў дакумэнт — старонку зь фiнансавай ведамасьцi, дзе значыўся подпiс Карпюка. Карпюк сам нам аб тым распавёў i сказаў: «Не магу даўмецца, адкуль тэты подпiс. Але подпiс мой». Тое ўжо было горш. Аднойчы ў Менску, улучыў шы зручны момант на нейкай нарадзе, я распавёў Кузьмiну аб фальсыфiкацыях супраць Карпюка. Той моўчкi выслухаў i кажа: «Галоўнае — там росьпiс за маркi. А ўжо немцы задарма грошай ня плоцяць».
З тым цяжка было не пагадзiцца.
Аповесьць «Сотнiкаў» (у першым варыянце «Лiквiдацыя») нарадзiлася ня так «з галавы», як з пачуцьцяў, што былi натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасьцю. Вядома, можна сказаць, што сюжэт бiблейскай прыпавесьцi пра Авэля i яго брата Каiна жыве ў чалавецтве даўно i праяўляецца рэгулярна, у вайну тым болей. Але калi ў iншы час брат забiваў брата дзеля карысьцi — спадчыны цi багацьця, дык у вайну — дзеля элемэнтарнае, бiялягiчнае мэты выжыць. Toe быццам апраўдвала або, прынамсi, давала штось зразумець у шэрагу тагачасных матываў i наступстваў.
У мiрны ж час ужо не забiвалi дзеля элемэнтарнай патрэбы выжыць, лiтаратарам не стралялi ў патылiцу. Затое шырока практыкавалася забойства iх твораў. Творы не друкавалi, за iмi палявалi, рукапiсы перахоплiвалi на пошце, тайна аддавалi ў карныя органы, якiя выносiлi свае прысуды — i творам, i аўтарам. I рабiлi тое не акупанты, ня людзi iншай нацыi цi рэлiгii, а свае — калегi, таварышы, нават сябры. Партыя не магла (а можа, i не хацела) рабiць усю няўдзячную ўвогуле працу ўласнымi рукамi, рукамi сваiх штатных функцыянэраў, усiх гэтых сакратароў-глаўлiтаўцаў-цэнзараў, чэкiстаў у форме i ў штацкiм, актывiстаў iдэалягiчных камiсiй, таму шырока карысталася паслугамi тых самых пiсьменьнiкаў. Як тады гаварылi — лiтаратурных палiцаяў, i тое было дакладна. Усе рэдактары лiтаратурных (ды i астатнiх) газэтаў i часопiсаў, загадчыкi аддзелаў i рэдакцый, цi ня ўсе члены рэдкалегiяў i асобна давераныя рэцэнзэнты — былi зь лiку пiсьменьнiкаў, членаў СП, самi пiсалi i друкавалiся ў тых самых органах, што i астатнiя. Менавiта там яны i выкручвалi рукi ўсiм iншым, хто не трапляў у iх кiраўнiчае, як бы пастаўленае над лiтаратурай кола. Некаторыя гэта рабiлi зь цьвёрдым бальшавiцкiм перакананьнем, што так i трэба, што тое — у iнтарэсах партыi i народу. Iван Пташнiкаў, праз рукi якога прайшла ў тыя гады цi ня ўся беларуская проза, меў выключнае значэньне ў лiтаратуры, бо нiхто зь яе кiраўнiцтва — нi Шамякiн, нi Танк, нi шмат якiя парторгi — ня мелi такой магчымасьцi прымаць, адмаўляць, рэзаць i перайначваць, як загадчык аддзелу прозы часопiсу «Полымя». Дзiўна, што тое амаль не адбiвалася на якасьцi яго ўласных твораў, якiя выходзiлi з-пад ягонага пяра зусiм неблагiя. Але, як часта здараецца, да ўласнага былi iншыя, адмысловыя патрабаваньнi. Iншыя з рэдактараў, здаралася, разумелi сваё сабачае становiшча, але ж у кожнага былi сем’i, дзецям патрэбны быў хлеб. I яшчэ было распаўсюджана юдава меркаваньне — а каго замест? Маўляў, замест нас паставяць яшчэ горшых, таму лепш — мы. Рэдка хто зь iх знаходзiў у сабе сiлу i рашучасьць сказаць: не! Я ня буду. Тое амаральна. Рэзаць пiсьменьнiцкi твор — тое самае, што рэзаць яго дзiця. Прабачце, падаю заяву i сыходжу. Вядомы толькi адзiн прыклад гэткага кшталту — расейскi пiсьменьнiк зь Менску — Фёдар Яфiмаў. Ён жа выказаў нязгоду з задушэньнем Чэхаславацкай вясны, за што i быў выключаны з партыi. У пэўным сэнсе «Сотнiкаў» стаўся лiтаратурнай рэакцыяй на тагачасную рэчаiснасьць, хоць дзея там адбывалася ў iншым асяродку ды ў iншы час. Як заўжды, пасьля напiсаньня падкочвалася праблема з друкаваньнем — куды адвезьцi? Мне ўжо стала няёмка змушаць на тое «Маладосьць», мабыць, не адмовiла б мне i на гэты раз, але i ня надта ўзрадавалася б. Тым болей, што адносiны галоўнага рэдактара мiлага Пiмена з начальствам сталi даволi нацягненыя. I ў немалой ступенi праз Быкава. Падумаўшы i павагаўшыся, аднёс рукапiс у «Полымя». Усё ж той часопiс быў болей аўтарытэтны, з большымi заслугамi перад партыяй, значыцца, i з большымi прабiўнымi магчымасьцямi, што тады найболей было каштоўна. Праўда, друкаваць Быкава «Полымя» не сьпяшалася, ды i я не прысьпешваў яго, памалу пераклаў аповесьць на расейскую мову, Iрына243 перадрукавала i, маючы «лёгкую руку», адвезла рукапiс у «Новый мир». Надзiва хутка там прачыталi, пазванiў сам Аляксандр Трыфанавiч — будзем друкаваць. Калi? Яшчэ ня вырашана, але цягнуць доўга ня будзем. Абнадзеены, я пачаў чакаць.