Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Якраз у апошнiя днi старога «Нового мира» я прыехаў у Маскву i дазнаўся, што мая аповесьць iдзе ў чарговым нумары. Паводле свайго рэдактарскага звычаю — не «дражнiць гусей» загалоўкам — Твардоўскi назваў яе «Сотнiкавым», што ўвогуле мне не спадабалася. (Чаму — Сотнiкаў? Ужо з увагi на двух герояў трэба — Рыбак i Сотнiкаў.) Алемне патлумачылi, што так лепш — паводле прозьвiшчастаноўчага героя. Галоўны, маўляў, меў на яго адмысловыяспадзяванкi, — мусiць, гэткiя, як i аўтар.
Сазванiўшыся з Адамовiчам, якi той час таксама быў у Маскве, сабралiся ў рэстаране «Арагвi». Прыйшлi Лакшын, Сац, Вiнаградаў, Мiша Хiтроў. Добра пасядзелi, сумна, аднак, гамонячы. Радавацца не было чаму — «Новый мир» канаў. Ззаду заставалася яркая i самабытная старонка расейскай лiтаратуры, якая наўрад цi калi адновiцца. Тое, што зрабiў гэты гнаны часопiс, калiсь будзе належна ацэнена. Таксама як i роля ў iм Аляксандра Твардоўскага. Але калi? Нехта выказаў сумненьне ў тым, бо лiтаратура — не авангарднае мастацтва, якое звычайна ацэньваецца заўтра. Лiтаратура важная для сёньня. Калi сёньня яна не спатрэбiлася, дык наўрад цi калi спатрэбiцца ў будучым. У будучым будзе свая лiтаратура, свае аўтары i свае героi. Таксама як i ў палiтыцы. Я сказаў пра маю апошнюю размову з Твардоўскiм i яго яўнае нежаданьне, каб мая аповесьць была надрукавана пры новым рэдактары. На гэта амаль усе запярэчылi: аповесьць паявiлася ў час i на сваiм месцы. Вядома, лепш, калi б на месяц раней, пры Твардоўскiм. Але ж хто ведаў…
Лакшын сказаў, што пры новым рэдактары доўга не папрацуе — сыдзе ў iншае месца. Сац ужо быў на пэнсii. Iншыя таксама хутка разышлiся хто куды. Даўжэй за iншых заставаўся ў «Новом мире» ягоны сакратар Мiша Хiтроў. Мне яшчэ наканавана было надрукаваць там невялiчкую аповесьць «Абелiск», а пасьля i я сышоў з часопiсу надоўга.
Вялiкая група беларускiх пiсьменьнiкаў была ў Маскве на чарговым пленуме СП, як прыйшла вестка, што памёр Твардоўскi. Мы ўсе засталiся на пахаваньне.
Хавалi яго з ЦДЛ на Вароўскага. Перад тым была нейкая незразумелая валтузьня i трывога — штось не маглi ўзгаднiць з кiраўнiцтвам Масквы цi краiны. Казалi, найперш было клопату, дзе пахаваць, могiлкi на Нова-Дзевiчым не хацела даваць начальства. Публiку ў жалобную залю пушчалi па прапусках, людзей было дужа многа. Стоячы ля труны ў варце, я глядзеў i не пазнаваў колiшняга паэта i рэдактара. Хвароба дарэшты зьела некалi магутнага чалавека, i перада мной ляжаў зьмiзарнелы, з рэдкiм пушком на галаве нябожчык. У час панiхiды казалiся пранiкнёныя словы пра яго заслугi перад лiтаратурай i наогул расейскай культурай, — словы, якiя непапраўна спазьнiлiся. Запомнiўся выступ Канстанцiна Сiманава, якi, гаворачы перад поўнай заляй, не саромячыся, душыўся сьлязьмi. Шмат хто плакаў i ў залi. Там жа многiя ўпершыню ўбачылi Аляксандра Салжанiцына, што сядзеў поруч з удавой Марыяй Iларыёнаўнай і перахрысьціў нябожчыка. Але слова на разьвiтаньне яму не далi. Пасьля стала вядома, што ледзьве пусьцiлi ў залю, — на той час Салжанiцын ужо быў выключаны з саюзу пiсьменьнiкаў.
Як скончылася панiхiда, многiя паехалi на могiлкi.
Быў змрочны, непагодны дзень зазiмку, падаў рэдкi сьняжок. На пад’ездах да могiлак пахавальны картэж сустрэў ланцуг войску МУС — уздоўж чыгункi, аж да брамы могiлак. На могiлках тое ж самае. Усе змушаныя былi прабiрацца празь цесныя шэрагi войску бясьпекi да месца магiлы. Нас з Валяй Шчадрыной250, калi мы выпнулiся з шэрагу, злосна аблаяў афiцэр бясьпекi, нават крыкнуў: «Страляць буду!». На што гэтая непалахлiвая беларуска цiха, але рашуча мовiла: «Давай, страляй, ну!». I той, здалося, аж схамянуўся ад яе рашучасьцi.
Перад тым, як труну засыпаць зямлёй, яе перахрысьцiў Салжанiцын. Тое было нязвыкла ў атэiстычным пiсьменьнiцкiм асяродку, пра што доўга пасьля гаварылi i пiсалi сьведкi. Арганiзатары пахаваньня змушаны былi апраўдвацца — маўляў, вiнаваты, не дагледзелi. Пасьля паховiн усе, сябры i ворагi нядаўняга рэдактара адыёзнага часопiсу, разышлiся па кабаках — абмываць нябожчыка. Беларусы таксама абмылi ягоныя костачкi, асаблiва Аркадзь Куляшоў, якi ўвесь час плакаў. Твардоўскi быў ягоны даўнi i найлепшы сябра. Я дык адчуў сябе сiратой…
Неўзабаве па вяртаньнi дамоў пасьля той сумнай нагоды, як ужо выйшаў «Новый мир» з маёй аповесьцю, «Полымя» запрасiла прыехаць. Сабралiся нарэшце друкаваць, наладжвалася абмеркаваньне. Сыйшлася цi не самая прадстаў нiчая рэдкалегiя, — усе, апроч Барадулiна, якi быў дзесь у ад’езьдзе. Я меркаваў, што будуць дробязныя заўвагi па мове i стылі, аказалася, — усчалi абмеркаваньне па поўнай праграме. На маё слабое пярэчаньне, што ў Маскве ўжо абмяркоўвалi i маскоўскi Галоўлiт прапусьцiў, палымянскi галоўны Павел Кавалёў адказаў, што Масква нам ня ўказ. Масква друкавала i Еўтушэнку, чаго ў Беларусi нiколi ня здарылася б, бо беларуская лiтаратура iдэйна здаровая, бяз шкодных ухiлаў. На абмеркаваньнi асаблiва стараўся Анатоль Вялюгiн, якi, мяркуючы па ўсiм, быў загадзя да таго падрыхтаваны. Ён праводзiў паралелi памiж прозай Быкава i тымi заганнымi iдэямi, што нам навязваюць зь Мюнхену, то бок з радыё «Свабода». Iншыя палымянцы выказвалiся болей памяркоўна, але ўсе сышлiся на тым, што аповесьць друкаваць рана, трэба дапрацаваць. Дапамогу аўтару ў дапрацоўцы было вырашана даручыць Барысу Сачанку. Сказалi, каб з тым не цягнуць.
Адразу пасьля паседжаньня рэдкалегii, яшчэ пакуль не прастылi сьвежыя ўказаньнi, мы з Сачанкам пайшлi да яго на кватэру. Там Барыс мне сказаў, што ня п’е, таму i мне ня раiць, бо рэдагаваць трэба зь цьвярозай галавой — справа сур’ёзная. Я ўжо меў вопыт Сачанкавай рэдактуры, колiсь яго намаганьнямi была амаль цалкам перапiсана мая невялiчкая аповесьць «Здрада». Цяпер мне Барыс па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскiх закiдаў да аповесьцi — адсутнасьць у ёй вобразаў камунiстаў. Я сказаў, што наогул пазьбягаю тых вобразаў, бо не валодаю патрэбным талентам. Мабыць, для iх увасабленьня патрэбны талент кшталту Салтыкова-Шчадрына, а ў мяне, калi i ёсьць, дык iншы. Сачанка сказаў на тое, што ён гэта выправiць у адзiн момант, i, пагартаўшы рукапiс, знайшоў здатнае месца. Во тут i напiшам: Сотнiкаў — камунiст. А што, апроч таго, i сын камунiста, тое вынiкае з кантэксту.
Тады я пасумняваўся крыху, але хутка пераканаўся ў рэдактарскай мудрасьцi Барыса Iванавiча, што ўрэшце прывяла яго на высокую пасаду галоўнага рэдактара БелСЭ.
Хоць мы нiчога больш не зьмянiлi, у тым выглядзе аповесьць пайшла ў набор. Прэтэнзiяў да яе больш не знайшлося нi ў галоўнага — Паўла Кавалёва, нi ў Галоўлiце, нi ў ЦК. Што значыць мудры спрактыкаваны рэдактар! Толькi аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа.
У выдавецка-рэдактарскай практыцы было прынята, што выдаўцы-рэдактары нiколi не спасылалiся на цэнзуру або начальства, рабiлi глыбакадумны выгляд, што лiтаратурнаiдэйныя хiбы выявiлi толькi яны. Тое ставiла аўтара ў iдыёцкае становiшча, калi ён iдыётам лiчыў менавiта таго, хто яму прапаноўваў iдыёцкiя патрабаваньнi. Напрыклад, я шмат гадоў ня ведаў, што нэгатыўныя адносiны да «Мёртвым не балiць» запачаткаваў сам старшыня КДБ СССР Сямiчасны, як ён абвясьцiў пра тое на сакрэтнай нарадзе адразу пасьля публiкацыi твору ў «Новом мире». Вядома, вырак галоўнага чэкiста краiны быў даведзены да ўсiх нiжэйшых зьвёнаў КДБ, партыйных органаў, цэнзуры, рэдакцыяў лiтаратурных ды iншых выданьняў. Ня ведаў пра тое толькi аўтар, якi меркаваў, што гэткi вырак знайшоў разумны шараговы рэдактар, якi зь iм размаўляе. Але рэдактар найперш дбаў пра свой хлеб.
Яшчэ мне давялося быць у Маскве на саракавiны сьмерцi Твардоўскага. Сабралiся ў цеснай кватэрцы Iгара Саца, былi цi ня ўсе навамiрцы i яшчэ некаторыя. Лакшын з адчаем гаварыў, што раскiдалi iх каго куды, нiбы галавешкi з вогнiшча, i цяпер iм застаецца адно: курэць, не гарэць. Гаспадар — колiшнi сакратар Луначарскага — жыў небагата, выпiўкi не хапiла. Тады Жарэс Мядзьведзеў зьбегаў у «Бярозку», купiў за чэкi вiскi, што-нiшто з закусi. Выпiлi, пасядзелi i разышлiся. Болей з апальных навамiрцаў, здаецца, нiкога i ня бачыў. Лакшын хутка памёр, за iм Кандратовiч, пасьля Сац i Берзер. Вiнаградаў перайшоў на «Кантынент», а дзе i чым займаецца Мiша Хiтроў, я й ня ведаю. Зь несправядлiвасьцю або супрацоўнiчаюць, або змагаюцца, — цытаваў некалi Твардоўскi любiмага iм Камю. Ён дык змагаўся, але ўсё роўна не пазьбегнуў паразы. Несправядлiвасьць перамагла.
Якiх-небудзь рэгулярных зносiнаў з замежжам на той час у мяне не было. Зрэдчас атрымлiваў вiншавальныя паштоўкi ад балгараў — двух Вылчавых. Ад Марыё зь Генуi пад новы год прыйшла бандэроль — прыгожая срабрыстая елачка з музыкай. Накруцiш унiзе шрубку, i загучыць цiхая мэлёдыя хваласьпеву ў славу Езуса — Iсуса Хрыста. Але неяк атрымаў ад яго лiст — пакамечаны, параны-перапараны канвэрт з заштэмпэляванымi маркамi. У iм кароценькi, на паўстаронку, тэкст з прывiтаньнямi i паведамленьнем, што Марыё жэнiцца зь менскай беларускай. Тут жа з канвэрту выпаў i другi аркуш — на жоўтай паперыне тыпу ўлёткi было надрукавана буйным шрыфтам: «Да грамадзян Беларусi!». Далей iшоў заклiк згуртоўвацца, арганiзоўвацца i выступаць супраць савецкай камунiстычнай улады. Гэтая ўлётка мяне зьдзiвiла i зьбянтэжыла — няўжо гэты iтальянец такi дурань! Навошта ён мне яе шле? Цi гэта ня ён шле? Чым болей я над тым разважаў, тым усё болей прыходзiў да высновы, што гэта — правакацыя. I м спатрэбiлася мая рэакцыя.
Вельмi нялёгка было мне прыняць пэўнае рашэньне, ды мусiў. Ня стаў дамагацца сустрэчы з маiм «загадчыкам» Дубавiнкiным, вечаровай парой пайшоў у КДБ. Даўно на дзьвярох там вiсела прыгожа напiсаная аб’ява «Прием посетителей круглосуточно», i я аддаў канвэрт дзяжурнаму пры ўваходзе. Калi той папытаўся, ад каго, сказаў: ад Быкава — i ўсё. Як нi дзiўна, нi назаўтра i нiколi нiякiх размоў пра тую ўлётку не было. Але па нейкiх ускосных прыкметах я зразумеў, што ўлётка сталася пэўнай мяжой маiх адносiнаў з органамi. Быццам бы штосьцi яны вырашылi. Празь нейкi час пазванiў Дубавiнкiн i папытаўся, калi я зьбiраюся паехаць у Менск. Мне тое пытаньне не спадабалася, я сказаў, што пакуль ня ведаю, ня маю там справы. Тады праз колькi дзён ён пазванiў зноў. Сказаў, што мяне хочуць бачыць у iхнiм упраўленьнi. «Што — прафiлактыка?» — папытаўся я. Падпалкоўнiк, падобна, зьбянтэжыўся, але хутка адказаў: «Не, для гутаркi. Запрашае генэрал КДБ». Я зразумеў, што колькi нi цягнi, а калi запрашае генэрал КДБ, дык прыйдзецца ехаць. Beдама ж, для прафiлактыкi i за свой кошт. Так яно i атрымалася.