Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Аднойчы ўранку я паднiмаўся па шырокiх прыступках параднага ўваходу ў палац КДБ на Ленiнскiм праспэкце ў Менску. Расчынiў цяжкiя дзьверы i апынуўся ля стала дзяжурнага прапаршчыка. Той патэлефанаваў кудысь, — з палацавых нетраў хутка прыбег маладжавы афiцэр, павёў на паверх, у кабiнэт намесьнiка старшынi КДБ. Тоўсты сiваваты генэрал за сталом стрымана запрасiў сесьцi. Пачалася гаворка — даўгая i лянiвая. Вiдаць было па ўсiм, генэрал адбываў свой нумар, ягоны суразмоўца ўвогуле мала яго цiкавiў, — ён ведаў пра яго ўсё. Куды ахвотней ён распавёў пра сваю вайну на Палесьсi, што аднойчы расстраляў начальнiка палiцыi — «Як урэзаў яму з маўзера, толькi мазгi па сьцяне размазалiся». То быў уражлiвы аповед. А пасьля генэрал прапанаваў напiсаць пра чэкiстаў кнiжку. У Маскве ўжо напiсалi шмат, а ў Беларусi мала. Я сказаў: «Што ж, напiшыце, у вас такi вопыт». На што пачуў стандартны ў такiх выпадках адказ: «Вопыт ёсьць, але няма часу, — праца! Вось каб вы ўзялiся, у вас талент, а мы б маглi памагчы. Мы вам дамо матар’ял, можаце выбраць любога чалавека, любы эпiзод i на яго аснове стварыць аповесьць. А яшчэ лепей раман. Toe i нам i вам было б на карысьць. А то вас там абляпалi гаўном гэтыя перараджэнцы Карпюк з Клейнам».

Генэрал нацiснуў кнопку, услужлiвы афiцэр прынёс стос папак. «Во — на ваш выбар. Пачытайце».

Мяне адвялi ў суседнi пакой i пакiнулi з чатырма цi пяцьцю папкамi. З пэўнай цiкавасьцю я пагартаў iх. Гэта былi не якiя там справы, а акуратна перадрукаваныя выняткi з паасобных чэкiсцкiх гiсторыяў пэрыяду вайны. Чэкiст — у логаве зьвера, чэкiст — кiраўнiк дывэрсiйнай групы… Яшчэ нешта. Адна гiсторыя мяне нават зацiкавiла — як савецкага афiцэра-сувязiста выкарыстоўвалi па чарзе то немцы, то нашы. Ня ведаю, як там наконт гераiзму, а пакутаў — можна было сабе ўявiць! Аказалася, герой гэтай гiсторыi жывы, працуе на Лепельшчыне. Гарадзенскiя чэкiсты памогуць мне зь iм зьвязацца.

Не пасьпеў прыехаць дадому, як — званок ад Дубавiнкiна: Касiнец ужо ў Гораднi, можна арганiзаваць сустрэчу. Можна ў гасьцiнiцы. Дамовiлiся, што праз гадзiну прыйду. Спаткаў каля дзяжурнай незнаёмы чалавек у штацкiм, павёў на паверх. У страшэнна накураным нумары сядзеў на ложку змрачнаваты немалады чалавек. Чэкiст пакiнуў нас удвух. Я прысеў ля стала. «Дык раскажыце…» Чалавек пачаў успамiнаць — трудна, неахвотна, коснаязычна. І нарэшце змоўк. «Ат, не магу я так. Каб што глыкнуць…» Я зразумеў i павёў яго ў рэстаран, дзе мы абодва глыкнулi i вярнулiся ў ягоны накураны нумар. Перадыхнуўшы, чалавек пачаў свой гаротны аповед. Цяпер гаворка лiлася складна. «Вайна застала мяне ў Беластоку, я быў тады камандзiр роты сувязi. Старшы лейтэнант. Полк разграмiлi. Дывiзiю разграмiлi. Армiю разграмiлi. Паасобнымi групамi прабiралiся на ўсход. Паасобныя групы таксама разграмiлi. Трапiў у палон.

Апынуўся ў палявым шталагу. Вёска Калбасiно, во тут, пад Гродна. У чыстым полi дзесяць тысяч людзей. Hi жраць, нi пiць. Пад дажджом i сонцам. Сабралi чалавек пятнаццаць — капаць капанiр. Капаем. Сiлы ўжо не засталося. Я са злосьцi вылаяўся i спалохаўся. З брустверу на мяне глядзiць немец. Чыста апрануты. Малады, Афiцэр. „Ком!“ Ну вылез. Кiўнуў галавой — комэн зi! Некуды павёў. Тады ўжо iх стала два. Зайшлi ў iх кантору. Пачаму ругалi нямецкую ўладу? — Я не ругаў. — Я чуў. Мы вас зараз расстраляем. (Ну, што ж, страляйце, — думаю сабе. — Але штось непадобна.) — Вы хочаце тодт? — Быццам бы не, кажу. Толькi дваццаць шэсьць год маю. — Гут, кажуць. Пойдзеце на абучэньне. Нiчога не разумею — куды? На каго?

Тым ня менш павялi. Пасьля павезьлi ў нейкi штаб. Там яшчэ допыты — ужо пад пратакол. Праз ноч кудысь павезлi ў крытай машыне. Куды — не зразумець. Але далёка. Цэлую ноч ехалi. Нас там ужо набралася чалавек дзесяць. I трое немцаў з аўтаматамi. Канешне, можна б уцячы. Каб, скажам, везьлi на расстрэл. Але ж, мабыць, вязуць не на расстрэл. А горш, чым у шталагу, наўрад цi будзе.

Карацей кажучы, прывезьлi ў нейкi польскi гарадок, заехалi за агароджу. А там абвэршуле А-3. Значыць, будуць вучыць на разьведчыкаў. Процiў сваiх, рускiх. Што ж, думаю, абучайце, спатрэбiцца. Як навучуся, я вам разьведаю. Абы толькi дапяцца да фронту. Адсюль усё ж далекавата. Абучалi тры месяцы. Ну там — сувязь, кансьпiрацыя, шыфры-коды i парашутная справа. Тэарэтычна, вядома. Курсанты — усе такiя, як я, пераважна сувязiсты. Мiж сабой нiякiх размоў, толькi пра вучобу. Але ўпэўнены — усе думаюць адно: толькi б дапяцца да фронту.

Раньняй вясной пачалi адбiраць, кудысь вывозiць па 2–3 чалавекi. Надышла i мая чарга. Выпала ў пары зь Лёшкам Кнышом. Хлопец такi, малады лейтэнант зь Вiньнiцы. Снарадзiлi рацыi, шыфры, грошы па тры пачкi, запасныя батарэi. Надзелi парашуты i — у самалёт. Перад адлётам — заданьне: пранiкнуць у горад Горкi, уладкавацца на вайсковы завод. I наладзiць сувязь. Яволь, гер маёр, наладзiць сувязь.

Доўга ляцелi праз ноч. Зямля ўнiзе, за аблокамi нi чарта не вiдаць. Нарэшце каманда: шпрынген! Пайшлi — чорт ведае куды. На злом галавы. Прызямлiлiся ў полi, блiзка лясок. З другога боку вёска.

Раней мы з напарнiкам нават не пагутарылi — неяк было. Што ён думае — невядома. Але можна здагадацца. I я кажу: „Капут, Лёха! Айда ў вёску, папытаемся, дзе сельсавет i — хэндэ хох!“

Пайшлi ў вёску. Усё начыньне з сабой, толькi парашуты кiнулi. Бо занадта на горбе набралася. У вёсцы спыталi ў цёткi, дзе сельсавет? Не сказала. Толькi паглядзела падазрона, спалохана. Папыталiся ў падлетка. Той кажа, што тут сельсавету няма, у другой вёсцы, кiлямэтраў празь пяць. Што ж, пайшлi ў тую вёску. Па дарозе-прасёлку. А ўжо добра разьвiднела. Iдзём, на душы трывожна. Але трывожна цяпер заўсёды…

I тут ззаду фурманка. Думаем, ну падвязуць. Трое мужыкоў, адзiн у вайсковым. I да нас: хто такiя, вашы дакумэнты? Мы кажам: iдзём у сельсавет, там пакажам дакумэнты. Э, не — рукi ўгору! Што было рабiць? Паднялi рукi. Тыя абшукалi i аж задрыжэлi ад страху цi радасьцi, — дывэрсанты! Так, дывэрсанты, кажам. Iдзём здавацца. Прывезьлi ў раённы НКВД ужо са зьвязанымi рукамi. Дакладваюць: злавiлi на дарозе. Лухта, канешне, але iм вераць, а нам не.

Ну а далей пайшло, паехала. У раён, у Горкi, адтуль у Маскву. Камэры, допыты, чэкiсты. Зь Лёшкам нас разлучылi, ня хутка я яго ўбачыў. Шылi, вядома ж, адно i тое: здача ў палон, здрада радзiме, шпiянаж i дывэрсii. Я кажу: якi ж шпiянаж, мы iшлi здавацца. Ды на тое — нуль увагi. Але адчуваю, у iх там нязгода памiж сабой. Найперш — хто затрымаў? Пра тых мужыкоў на дарозе ўжо няма i гутаркi — у пратаколах фiгуруюць два — маёр i падпалкоўнiк. У тое, што мы iшлi здавацца, ня вераць. Затрыманы ў зоне аб’екту. Якога аб’екту, мы i ня ведалi. Кажуць: няведаньне закону не вызваляе ад адказнасьцi. Такiя законьнiкi. Я ўжо прашуся: пашлiце на фронт. Сваю вiну iскуплю крывёю. Нават жыцьцём гатовы iскупiць. Ого, чаго захацеў, кажуць. Тваю вiну iскупiць ня хопiць усёй крывi. Каб вы апруцянелi, думаю.

Аднойчы раптам — на машыну i ноччу ў нейкi гарадок. Высокi забор, драцяная агароджа. Але не турма быццам. Побач нейкiя казармы. Тут нас зноў злучылi з Лёшкам. Прывезьлi ўсё нашае снараджэньне. Аказваецца, рыхтуецца так званая радыёгульня. Мы павiнны выйсьцi на сувязь зь нямецкiм цэнтрам А-3. Ну, пачалi… I праўда, выйшлi на сувязь. Але здарылася няўпраўка — я забыўся адзiн пароль. Прыпынiлi сувязь, мяне хацелi расстраляць тут жа. За сабатаж. А я i праўда забыўся. Што, я дужа трымаў яго ў памяцi цi зьбiраўся iм карыстацца? Але во дзiва: як прыпякло — успомнiў. Ну, пачалi зноў… Думаў, немцы здагадалiся. Не, быццам. Увогуле яны нездагадлiвы народ. На тым i гарэлi…

Трэцi заход пачаўся лепш, ды i маёр Трацякоў пачаўнешта цямiць. Здагадлiвы аказаўся. Пачалi перадаваць нейкую зашыфраваную лухту, быццам па выпуску танкаў, таўшчынi бранi — лабавой i бакавой асобна. Немцы прымалi, нават дзякавалi за каштоўныя зьвесткi. Так доўжылася зь месяц. А пасьля загад з А-3: вярнуцца назад спосабам пераходу фронту. Ну, думаю, правал! Штось западозрылi. Значыць, канчай баль, тушы сьвечкi. Можа, цяпер пашлюць на фронт або расстраляюць. Аж не. Да нашага Трацякова падключылiся яшчэ два падпалкоўнiкi i кажуць: „Трэба пайсьцi. Так патрабуюць правiлы гульнi. Тым болей, што ўказана месца пераходу, пароль. (Памятаю, пароль — Вiльлi.) Чаго трусiш? Усё гут!“

Паслалi аднаго, Лёшка застаўся. Прывезьлi на фронт пад Дзямянскам. Ноччу падпоўз да перадку. Сьнег, калючы дрот i — ракеты смаляць у неба. Ля ўскраiны пабуранай вёскi, дзе дзьве вербiны, папоўз. У полi поўна трупаў — нашых i немцаў, а мiж iх — пацукi. Тыя пацукi — да мяне. Beдама ж, жывы, цёплы… Адбiваюся рукамi i нагамi. Падпоў з блiзка да нямецкай траншэi, бачу, быццам каска над брустверам вытыркаецца. Ня ведаю, як быць: цi паўзьцi проста туды, цi крыкнуць пароль. Усё ж крыкнуў так цiха: Вiльлi! А той у мяне — гранатай. Граната ўдарылася, адскочыла i — выбух. Засыпала сьнегам, але не зачапiла. А я ў той момант — бухнуўся ў траншэю i ўсё лепячу: Вiльлi, Вiльлi… А немец да мяне: „Якi д’ябал (дэр тойфель) Вiльлi? Iх бiн — Рудзi!“. Усё пераблыталi, немаведама хто — цi нашы, цi немцы. Хаця тут ужо i ў мяне ў галаве пераблыталася — хто нашы, хто ня нашы. Але не застрэлiлi на нэўтралцы, i то добра.

Поделиться с друзьями: