Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Суд адбываўся ў маленькiм пакойчыку, публiку з вулiцы туды не пушчалi. Судзьдзi дапытвалi, падсудныя вяла ва ўсiм прызнавалiся: было загадана, палiлi, стралялi, што ж мы маглi зрабiць? Сярод палiцаяў сядзеў камандзiр роты Лапуста, якi пасьля вайны зрабiў у Казахстане кар’еру — быў ня раз узнагароджаны, стаў дэпутатам мясцовага савету. Некаторыя з палiцаяў пасьля вызваленьня пабылi яшчэ i на фроньце, дзе няблага ваявалi i былi ўзнагароджаны — да нямецкiх медалёў далучылi савецкiя. Адзiн меў прозьвiшча Сахно (як у маёй аповесьцi «Мёртвым не балiць»), што нямала пацешыла нас. Адамовiч нават пажартаваў з гэтага поваду: дрэнна чыталi сьледчыя Быкава, а то б даўно выкрылi Сахно. Цi, можа, шкода было — карпаратыўная салiдарнасьць… Так, менавiта, думаў я, усё ў нас зь Нямеччынай перамяшалася — хто свой, хто чужы? Здаецца, двух прысудзiлi да сьмяротнай кары, i Карпюк прасiў у пракурора дазволу пасядзець зь iмi апошнюю ноч — паназiраць за сьмяротнiкамi. Пракурор не дазволiў, а Адамовiч папiкнуў: «Toe я павiнны быў прасiць, ды не наважыўся». Карпюк быў задаволены, што аказаўся болей адважны. Хаця хто з нас у тым сумняваўся?

Мы жылi ў ненатуральным, звыродлiвым сьвеце, калi былi адпрэчаны ня толькi хрысьцiянскiя запаветы, але i элемэнтарныя меркаваньнi здаровага сэнсу. Сэнс зрабiўся клясавым, партыйным, пралетарскiм. Нас заклiкалi пiсаць праўду, але далёка ня кожная праўда дазвалялася ў лiтаратуры, хiба тая, якая служыла ўладзе. Над рэглямэнтацыяй праўды шчыравалi партыйныя органы, iм дапамагалi пiсьменьнiцкiя начальнiкi, цэнзары, рэдактары, «закрытыя» рэцэнзэнты, якiя за верную службу надзялялiся кватэрамi, пасадамi, навуковымi званьнямi, прэмiямi. На дзяржаўную прэмiю Беларусi былi вылучаны разам Уладзiмер Караткевiч i Барыс Сачанка, дзе слынны клясык беларускай культуры быў толькi фонам, бо прэмiю, вядома ж, далi Сачанку. Для таго не абышлося без энэргiчнага ўмяшаньня ЦК у асобе Iвана Антановiча. Усё тое, натуральна, вяло да выраджэньня лiтаратуры. I калi ў ёй паяўлялася ня надта пакорнае iмя ды яшчэ надзеленае пэўнымi здольнасьцямi, наверсе вырашалi, што зь iм рабiць. Выпрабаваны спосаб 30-х гадоў, мабыць, ужо апрыкрыў, запатрабавалiся гнуткiя спосабы — бiзуна ў спалучэньнi зь пернiкам. Глядзелi, якi станецца больш вынiковым. Пасьля шматгадовай лупцоўкi бiзуном да Быкава было вырашана прымянiць пернiк. Я, канешне, пра тое ня ведаў: лiтаратурныя начальнiкi ўмелi хаваць партыйныя таямнiцы. Нават тыя зь iх, што ўвогуле дабражадана ставiлiся да мяне.

Недзе пад канец 70-х гадоў Камiтэт па прэмiях прысудзiў мне Дзяржаўную прэмiю СССР за аповесьцi «Абелiск» i «Дажыць да сьвiтаньня». Пасьля перажытага ў лiтаратуры тая прэмiя неяк ня надта ўзрушыла, хаця, вядома, я стаўся абнадзеены — можа, цяпер адчэпяцца? Вядома, я не разьлiчваў, што ўжо цяпер мне будзе дазволена пiсаць усё i так, як я захачу, ды ўсё ж… Праўда, Адамовiч з ягоным сарказмам сказаў, што цяпер сам не захочаш дражнiць гусака, будзеш памяркоўней, бо прайшоў вывучку. Можа, i так. Як заўжды ў такiх выпадках, прэмiя парадавала сяброў, але i прыбавiла зайздросьнiкаў — таксама зь лiку сяброў. А зайздрасьць (хвароба чырвоных вачэй пакiтайску) — дужа кепская рэч, якая валодае нейкай д’ябальскай сiлай. У тым я добра пераканаўся за свой лiтаратурны век. Ды й памятаю, як у дзяцiнстве мама дужа баялася суроку, кепскага вока — зусiм як у Кiтаi…

Уручалi прэмiю ў Крамлi, пасьля там жа абмывалi — тузiн сьвежых ляўрэатаў ад лiтаратуры i мастацтва. Галоўным гаспадаром мерапрыемства быў наш зямляк Шаура, якi даволi холадна павiншаваў мяне — бы аб’явiў вымову. Але тое мяне ня дужа ўражвала — болей запомнiлася добразычлiвая ўвага сяброў у Маскве i Менску. Тады ж цi крыху раней адпалi некаторыя з выдавецкiх праблемаў — у Менску заплянавалi i выдалi чатырохтомны збор твораў, хаця i не ўключылi ў яго «адыёзныя» аповесьцi — «Мёртвым не балiць» i «Круглянскi мост». Мусiць, каб ня надта фанабэрыўся свежасьпечаны ляўрэат.

У Менску ў тыя гады я бываў часта — то прыязджаючы на якiя мерапрыемствы Саюза пiсьменьнiкаў, то ў рэдакцыi па выдавецкiх справах. А то — вяртаючыся з Масквы. Калi да гарадзенскага цягнiка заставаўся нейкi час, забягаў на вулiцу Энгельса ў цесны дамок СП, дзе сядзеў Толя Вярцiнскi. Ля яго заўжды можна было збавiць час у кампанii Макаля, Гамолкi цi яшчэ каго зь менскiх лiтаратараў. Там было шумна i часта весела. Але каб пагаварыць пра справы, умоў там не было. Пра справы i штосьцi сур’ёзнае звычайна размаўляў зь Hiлам Гiлевiчам, калi ён ня быў на лекцыях ва ўнiвэрсытэце. Нiл, апроч таго, быў ня супроць прыняць чарку, гаворка зь iм была цiкавая i сур’ёзная — пра жыцьцё, лiтаратуру i найбольш — пра мову.

Нацыянальная мова беларусаў, як i сто год таму, зьняважлiва тапталася на ўсiх узроўнях, выцясьнялася расейскай, хаця афiцыйна тое не прызнавалася. Афiцыйна, наадварот — улады трубiлi пра яе росквiт, што давала памылковую падставу думаць пра нейкi недагляд, якi можна выправiць. Нiл, як чалавек эмацыйны, балюча перажываў той моўны стан. Ва ўнiвэрсытэце з дапамогай студэнтаў ён без супынку зьбiраў i накоплiваў фальклёр, якi выдаваў кнiжкамi — адну за адной. Ды фальклёр мала каго цiкавiў. Школьнiцтва на беларускай мове пакрысе марнела, ужо трэба было паезьдзiць па раёнах, каб знайсьцi цалкам беларускую школу (як, прыкладам, у Гудзевiчах на Гарадзеншчыне). У Менску не засталося нiводнай. А без авалоданьня беларускай мовай маладымi пакаленьнямi рабiлася марнай уся беларуская культура. Мы гаварылi, што пры гэткiх тэмпах русыфiкацыi празь якiх 20–30 год беларускую кнiжку ня будзе каму i прачытаць. А мы ж шчыруем менавiта над кнiжкай, як шчыравалi нашыя шматпакутныя клясыкi. Цi ня марным стане ўсё тое шчыраваньне? Кажуць, Якуб Колас памёр над лiстом у ЦК наконт уцiску беларускай мовы. Што з таго часу зьмянiлася?

Камунiстычная партыя ўпарта трымаецца сваёй рускамоўнасьцi, усё партыйнае кiраўнiцтва зь верху да нiзу працуе толькi на расейскай мове. Па-беларуску выступае адзiн мiнiстр фiнансаў Шацiла, якому, аднак, хутка на пэнсiю. I тут самае крыўднае, што нашу нацыянальную праблему ня хочуць разумець нашы расейскiя калегi нават самай дэмакратычнай скiраванасьцi. Апроч хiба Валянцiна Аскоцкага ды Лазара Лазарава, зь якiмi давялося гаварыць пра тое, нiхто iншы ня выказаў нават цiкавасьцi да лёсу нашае мовы. Ну i што, кажуць, пяройдзеце на расейскую. Што, расейская горшая? — Не, кажу, нават лепшая. Але… Што а л е, ужо не было ахвоты тлумачыць. Тагачаснае кiраўнiцтва СП у асобах Броўкi, Шамякiна, Танка было нiбы спаралiзаванае моўнай праблемай i баялася нават загаварыць пра яе. I ня дзiва. Шамякiн шмат год быў старшынёй Вярхоўнага Савету, гэта пры iм адбывалася галасаваньне аб выкрэсьлiваньнi з канстытуцыi БССР артыкулу пра дзяржаўнасьць беларускай мовы. А другi раз прыкладна тое ж сталася пры старшынстве акадэмiка Навуменкi. (Усе тыя факты зьнiшчэньня беларускай мовы на ўзроўнi вярхоўнай улады падрабязна выкладзены ў працы Анатоля Белага. Ня ведаю, аднак, цi была яна надрукаваная, бо пра яе аўтара пусьцiлi чутку, быццам ён — агент КДБ i ўсе яго захады — правакацыйныя.) Тое ж кiраўнiцтва СП не знайшло адвагi iнiцыяваць перад урадам перанос у Менск парэштак Максiма Багдановiча зь Ялцiнскiх могiлак, дзе iм пагражала руйнаваньне. Баялiся праявы нацыяналiзму, як самага страшнага злачынства, за якое ў 30-я гады атрымлiвалi кулю ў патылiцу? Наўрад. Болей дбалi, каб не адлучылi ад карыта, да якога прыладзiлiся за адносна лiбэральныя гады, што наступiлi пасьля Цанавы. Мабыць, таму адно праўдзiвае выступленьне Уладзiмера Дамашэвiча наконт беларускай мовы ледзьве ня скончылася для яго кепска. Пасьля Шамякiн казаў: насiлу ўратавалi — во якiя яны былi добрыя. Далi Дамашэвiчу хадзiць на волi. Можа, тое, аднак, i праўда: у нас не саджалi, як на Украiне, у нас не было i дысыдэнтаў. Падобна, намер зрабiць iх зь некаторых гродзенцаў ня ўдаўся, не хапiла прафэсiяналiзму цi што? А можа, мяняўся час, палiтычны вецер зьмянiў накiрунак, можна было расслабiцца?

У Маскве зьбiраўся зьезд СП СССР, зь Менску мы паехалi вялiкаю групай. Перад адкрыцьцём, як звычайна, таўклiся ў цесных калiдорах на Вароўскага, атрымлiвалi накiраваньнi ў гасьцiнiцы. То была складаная i важная справа — гасьцiнiчнае пасяленьне. Сялiлi зь вялiкiм разборам, адпаведна той вазе, якую мелi пiсьменьнiкi i арганiзацыi ў вачох начальства. Адных (кiраўнiкоў, дэпутатаў, народных) сялiлi ў гасьцiнiцы «Масква», iншых, бяз тытулаў i заслугаў — у «Расіi». Тут назiралася блытанiна, як, скажам, з рэдактарамi, якiя ня ўсе былi дэпутатамi i народнымi. Атрымаўшы гатэль рангам нiжэйшы, iшлi са скаргай да Маркава цi Варанкова або пасылалi туды Шамякiна, — каб пахадайнiчаў. Шамякiн хадайнiчаў таксама з разборам, не дапушчаючы ўраўнiлаўкi. Я атрымаў квiток у «Маскву», Адамовiч — у «Расію», было трохi нязручна, але мы скардзiцца не пабеглi. Нас на Вароўскага знайшоў Анатоль Гладзiлiн i паказаў лiст Аляксандра Салжанiцына да зьезду ў абарону свабоды творчасьцi, супраць цэнзуры. Мы яго падпiсалi, але болей з прысутных там беларусаў не падпiсаў нiхто. Там жа Адамовiч прапанаваў пазванiць Салжанiцыну, зь якiм мы яшчэ не былi знаёмыя. Я сумняваў ся, што Салжанiцын пойдзе на кантакт, але нечакана ён сам узяў трубку i, перш чым пачаць размову, папытаўся, цi падпiсалi мы ягоны лiст. Адамовiч адказаў, што так, падпiсалi i яшчэ сагiтавалi падпiсаць iншых. Тады Аляксандр Iсаевiч сказаў, што няблага б спаткацца. Дамовiлiся зрабiць тое ў маiм нумары гасьцiнiцы «Масква». Назаўтра ранiцой Адамовiч быў ужо ў мяне, я падрыхтаваў фотаапарат, купiлi штось выпiць. Салжанiцын прыйшоў зь невялiкiм спазьненьнем. Мы пазнаёмiлiся асабiста, а ў лiтаратурным сэнсе Аляксандр Iсаевiч сказаў, што чытаў нас абодвух i падзяляе наш пафас. На зьезд ён ня пойдзе, бо ня мае запросiнаў, але чакае, што мы там выступiм у духу ягонага лiста. Адамовiч паабяцаў тое зрабiць (але яму слова не далi), я ж падрыхтаваў выступленьне ў некалькi iншым духу. Наконт лiтаратуры Салжанiцын сказаў, што працуе зараз над творам пра iмперыялiстычную вайну 1914 году i, магчыма, улетку паедзе ва Ўсходнюю Прусiю. Па дарозе мог бы заехаць у Беларусь, дзе ваяваў у 44-м годзе. Вядома, мы запрашалi. (Тое, на жаль, не ажыцьцявiлася.) Падчас размовы мы з Адамовiчам усё азiралiся на сьцены, што таiлi пэўную небясьпеку, Салжанiцын жа паводзiў сябе ўпэўнена i сьмела, ад алкаголю адмовiўся. Напрыканцы сфатаграфавалi госьця — па чарзе з Адамовiчам i Быкавым.

На зьезьдзе ў залi славутага Крамлёўскага палацу я сядзеў мала, болей бавiў час у кулуарах, а то ў буфэце. Але ў вялiзнай залi буфэту можна было хiба пад’есьцi, выпiць жа там не было нiчога. I тое абурала шмат каго з прыезджых пiсьменьнiкаў. Асаблiва абураўся Вiктар Астаф’еў, зь якiм я ўжо быў знаёмы, i мы займелi намер абмыць сустрэчу. Ды не было чым. I Вiктар гучна, бянтэжачы выкшталцоную гэбiсцкую абслугу, абвяшчаў, што без гарэлкi не перамаглi б i ў вайну — нават з грымотнымi заклiкамi палiтрукоў. I беларускiя партызаны тое ведаюць — праўда, Васiль? — жартоўна зьвяртаўся ён да мяне. Я пагадзiўся i напомнiў Вiктару, як на банкеце папярэдняга зьезду ён уратаваў Канстанцiна Сiманава. Той тады вальяжна праходжваў ся мiж шэрагамi сталоў зь нейкiм замежнiкам, а за iмi, бы хвост, вiўся падазрона гэбiсцкi тып, усё стараўся ўчуць iх размову. Як тыя спынiлiся, спынiўся i ён, падскочыўшы да нашага стала, якраз насупраць Астаф’ева. Павел Нiлiн, якi быў з намi, зразумеўшы, у чым справа, аднак, запытаўся, з якой арганiзацыi тып? Але той бы ня чуў пытаньня, — уся яго ўвага была скiравана на Сiманава. Тады Астаф’еў гучна, каб перамагчы п’янаватую гаману, мовiў: «Ды з арганiзацыi Сямiчаснага, азiрнiцеся, Канстанцiн Мiхайлавiч!». Той i праўда азiрнуўся, i тып, утулiўшы галаву ў плечы, моўчкi шаснуў убок. Увечары ў гатэлi мы абмяркоўвалi той выпадак, i Астаф’еў даволi нэрвова напомнiў, дзе мы жывём. Ён сказаў, што ў 30-я гады ў СССР было 10 мiльёнаў сэксотаў, пра гэта сьведчыў сын Г. Малянкова, а ўжо ён штосьцi ведаў. Ды й сам Хрушчоў, выкрываючы Берыю, сказаў, што ў СССР кожны пяты — сэксот. Чаго ж вы хочаце ад пiсьменьнiкаў? — пытаўся Вiктар Пятровiч.

Як ужо было сказана, пры шыкоўнай закусi ў Крамлi не было чаго выпiць, а буфэты ў гасьцiнiцах ламiлiся ад выпiўкi, ды не было закусi. Як заўжды, з закусьсю ў краiне была напруга. Ранiцай за сьнеданьнем мы доўга вырашалi задачу: як пранесьцi на зьезд бутэльку. Бураўкiн спрабаваў засунуць яе ў кiшэню — выглядала падазрона, нiбы там бомба. У маёй нутраной кiшэнi — яшчэ горш. Спрабавалi пакласьцi ў iмпазантную Гiлевiчаву папку, зь якою той нiдзе не расставаўся, — таксама нядобра. Маглi адабраць ды яшчэ што прышыць. Правяралi ж нас не адзiн раз, у кожных дзьвярах, дзе гэбiсты звычайна дзяжурылi парамi: пакуль адзiн правяраў дакумэнты, зьвяраючы фота з арыгiналам, другi рабiў «вiзуальны вобыск», пiльна азiраючы кiшанi i рукi. Выйсьце знайшлi самае простае — выпiць у гасьцiнiцы, а закусваць бегчы ў Крэмль.

Але па дарозе нас чакала неспадзяванка. Не пасьпеўшы перабегчы праезд Спаскай вежы на зялёнае сьвятло сьвятлафора, спынiлiся. Толькi адзiн (ня з нашай кампанii дэлегат) — стары туркмэнскi пiсьменьнiк — пасьпяшаўся на пераход i быў затрыманы гэбiстам у форме, якi груба рвануў яго за плячо i пачаў адчытваць. Таго не стрываў Рыгор Бакланаў, што пераходзiў з намi. Я нiколi ня бачыў Рыгора такiм разьюшаным, як ён накiнуўся на гэбiста ў абарону старога пiсьменьнiка-туркмэна, на вачох дзясяткаў прахожых ён бэсьцiў яго i сарамацiў. Але той таксама разьюшыўся, патрабаваў у Бакланава пропуск, пачаў крычаць: «Я табе яго зараз парву, i ты болей не пабачыш ваш зьезд». Бакланаў на тое адказваў з выклiкам: «Ну парвi! Парвi, ну! Рвi…». Аднак не парваў, — мабыць, добры папаўся. Той учынак Бакланава шмат што растлумачыў у ягоным характары, цьвярдым i ўпартым. Сталi зразумелыя яго некаторыя пасажы ў друку i ў выступах. Асаблiва блiскучая, бескампрамiсная прамова на ўсесаюзнай партканфэрэнцыi ў Маскве, калi прававерная аўдыторыя спрабавала сагнаць яго з трыбуны. Мне запомнiлася яго рэзкая сутычка з камунапатрыётамi ў прысутнасьцi члена гарбачоўскага палiтбюро А. Якаўлева. I яшчэ некаторыя праявы адвагi i прынцыповасьцi, зь якiмi ў нас мог параўняцца хiба адзiн Алесь Адамовiч.

Поделиться с друзьями: