Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Перад паездкай трохi паспрачалiся, браць цi ня браць бутэльку «Маскоўскай», якая ў нас засталася апошняй. Купiць тут гарэлкi цi якога алкаголю было немагчыма: хоць мы i мелi грошы, ды скончылiся тархеты. Мiкола сказаў: «Што ж, у брата Фiдэля ня знойдзецца для гасьцей чаркi?». Але ягоны калега мякка зазначыў: «Вазьмiце». I мы ўзялi.
Яшчэ не даехаўшы да таго комплексу, убачылi сярод ананасавых плянтацый мноства людзей, занятых тым, што ў нас звыкла называецца барацьбой з пустазельлем. Мы папыталi, дзе офiс прадпрыемства i дзе можна ўбачыць ягонага шэфа спадара Кастра. Нам паказалi на дахi, што непадалёк вытыркалiся з-за пальмаў, а шэф — вунь ён, ачышчае канаву. I праўда, блiзка на ўзбочыне дарогi ўвiшна працаваў шырокiм мачэтэ мажны чалавек са знаёмым барадатым аблiччам, то i быў старэйшы брат камандантэ Рамон. Як мы загаварылi зь iм, сказаў, што цяпер во — працуе, скончыць працу гадзiны праз тры, тады i прыме нас у канторы. Мы пачалi чакаць.
Паблукаўшы па ня надта дагледжаным полi, аддыхалiся ад сьпёкi пад пальмамi, потым зайшлi ў кантору. Спадар Рамон аддаў пэўны загад, паслужлiвыя крэолкi прынесьлi засланкi з курацiнай, гаспадар запрасiў частавацца. Алкаголю не было нiякага, i Матукоўскi дастаў бутэльку, якую разьлiлi ў тузiн фужэраў. За сталом яшчэ апынулiся людзi. Рамон сказаў, што ў iхнiм быце алкаголь не прыняты, i тут жа запар выпiў два фужэры. Пасьля стаў апавядаць, што ў рэвалюцыi ня ўдзельнiчаў, зарабляў грошы для братоў, якiя вучылiся ва ўнiвэрсытэтах i цяпер кiруюць. Двух рэвалюцыянэраў для сям’i даволi, ён жа просты латыфундыст. Ад часу перамогi ў казарме Манкада ня меў нiводнага дня адпачынку. Нiякiх прывiлеяў таксама ня мае, працуе нароўнi з усiмi, а спаганяюць зь яго болей за ўсiх, бо ён — брат камандантэ. Мы паспачувалi пагарджанаму брату, напомнiўшы бiблейскае: Бог няроўна дзелiць. Тым суцешылi яго ды i суцешылiся самi таксама.
У горадзе-пабрацiме Камагуэi нам наладзiлi бадай царскi прыём — з ромам i багатай закусьсю, пасьля чаго ўсе скiравалi на гарадзкi мiтынг зь нейкай важнай нагоды. Зрэшты, як нам сказалi, мiтынгi тут праводзiлiся цi ня кожны тыдзень i не абавязкова зь якой нагоды. Мiтынг доўжыўся з поўначы да ранку, увесь той час выступаў з прамовай шэф правiнцыi — мажны, таўсташыi мужчына, якi, мабыць, пераймаючы сваё начальства, шырока жэстыкуляваў рукамi i кулакамi, некаму пагражаў, кагось улагоджваў. Час ад часу ён штось налiваў сабе з графiнчыку, якi быў уладкаваны ў яго пад палiчкай трыбуны. Натоўп моўчкi i пакорлiва слухаў, не разыходзячыся. Зь ветлiвасьцi мы цярплiва драмалi збоч.
На аканчальна-разьвiтальнай iмпрэзе ў Гаване з кароткай прамовай ад дэлегацыi выступiў Мiкола Матукоўскi. Тую прамову па-гiшпанску ён старанна рыхтаваў яшчэ ў Менску, i адзiн кубiнец зь лiку тамашнiх гiдаў, што сядзеў побач, цiха сказаў: «Во ня ведаў, што ваша беларуская мова гэтак падобна да гiшпанскай». Мiкола дужа пакрыўдзiўся, калi я пасьля сказаў яму пра тое — сам ён быў пра яе трохi iншае думкi.
Тая кубiнская пiлiгрымка была ўвогуле цалкам дыскамфортная (я дужа прастудзiўся ў тропiках, да таго ж мы атруцiлiся айчыннымі кансэрвамi), але ў чымсь i карысная. Мы ўбачылi, што ёсьць на справе славуты Востраў Свабоды, таксама як i зразумелi пэўныя грымасы сацыялiзму ва ўмовах аўтарытарнай улады. Бедаку заўжды прыемна ўведаць, што камусь яшчэ горш, чым яму. Але наўрад цi тады разумелi тое кубiнцы, якiя адно — спадзявалiся. Закалыханыя шматгадзiннымi мiтынгамi ў гонар рэвалюцыi, яны ўсё чакалi. Мiнуць гады, i, не дачакаўшыся, яны рынуцца цераз пратоку да ненавiснага капiталiстычнага Маямi, дзе знойдуць нейкiя магчымасьцi жыць. Хiба не на сваёй — на чужой зямлi.
Увосень на дзевяностым годзе жыцьця ў вёсцы Ваўчо пад Вушачай памерла мама.
Апошнiя гады яе жыцьця, як i шмат якiх старых, былi азмрочаныя бытавой неўладкаванасьцю, псыхалягiчнай несумяшчальнасьцю. Дзе i з кiм жыць — яна вырашала шмат гадоў свае старасьцi, ды так i ня вырашыла. Вядома, найлепш было б жыць у сваёй хатцы, памерцi на сваiм ложку. Але ў свае хатцы яна адна жыць не магла. Праўда, непадалёк жыў яе сын, мой малодшы брат Мiкалай, можна б у яго. Але там была нявестка, зь якой маме было ня надта душэўна. Яе ж дачка, мая сястра Валя, пад той час выйшла ў спазьнелае замужжа за разьведзенага калгаснага мэханiзатара ў Ваўчо. Той мужык быў трохi шумнаватага нораву, да таго ж любiў выпiць, мама не магла да яго прывыкнуць. У горад да старэйшага сына яна не магла i паткнуцца — не хапала адвагi на старасьцi год. Мама за жыцьцё далей Вушачы нiдзе не была, нават у больнiцу нiкуды ня езьдзiла. Як зламала шыйку бядра, месяцы тры ляжала бяз доктара, пакуль не загаiлася само. Наогул калi хварэла, дык усё на хадзе, не кладучыся, пераборваючы хваробу бязь лекаў. Памятаю, у дзяцiнстве быў выпадак, калi яна захварэла на рожу твару. Бацька прывозiў фельчара, ды ён не памог. Тады спакутаваная мацi аднойчы кажа бацьку: звазi ты мяне да знахаркi. Бацька не пагаджаецца: што табе знахарка, калi не памог доктар? Але мацi дужа балiць, i неяк у сьнежны дзень бацька запрог у санi каня i яны паехалi. Мы засталiся дома чакаць. I вось адвячоркам вяртаюцца, я адразу пытаюся: «Ну як, мама, цi палепшала?». А яна спакойна гэтак адказвае: «Палепшала, сынок». I сапраўды, знахарка памагла, мама паправiлася. Але прыйшоў час, калi не памагае нiчога.
Мама пражыла шмат гадкоў i аднойчы неўпрыкмет адышла ўначы.
Альбер Камю свой апошнi раман прысьвяцiў мацi, якая не магла яго прачытаць з прычыны свае непiсьменнасьцi, што, аднак, ня зьменшыла яе гонару за выдатнага сына. Мая мама таксама не прачытала нiводнага радка з маiх твораў, i таксама праз сваю непiсьменнасьць. Бацька быў пiсьменны, але на той час, як сын пачаў друкавацца, нiчога чытаць ня мог, бо ня бачыў, а акуляраў ня меў. Прасiў каго пачытаць сынава апавяданьне, як сам калiсь чытаў малому «Гой» Мiхася Лынькова. Параўноўваў i казаў, што ў Лынькова было лепш — цiкавей.
Маму хавалi ў цёплы сонечны дзень бабiнага лета. Намесьнiк старшынi райвыканкаму даў аўтамабiль i нават арганiзаваў невялiчкi аркестрык. На такiя паховiны сышлося нямала народу. Труну павезьлi цераз Вушачу на бычкаўскiя могiлкi, дзе мама i лягла поруч з бацькам. Шкада, што болей там месца не засталося — далей яма. Брата Мiколу, як памёр летась, пахавалi на другiм канцы могiлак… Вельмi шмат цяжкога i нават беспрасьветнага зьвязана ў мяне з маёй малой радзiмай, куды, аднак, езьдзiў цi ня кожны год. Але пакуль жывыя былi бацькi. Як перасталi жыць, кожны раз, вяртаючыся адтуль, казаў сабе: «Ну, гэта апошнi раз, больш не паеду». Ды мiнаў час, наставала лета (цi вясна, цi восень) i ехаў зноў. I зноў казаў сабе: «Ну, гэта ўжо канчаткова апошнi». Дужа мала радасьцi набiраўся я там, а засмучэньня — звыш меры. Але ў тым, мабыць, i ёсьць горкая слодыч жыцьця… А можа, i яго натуральны сэнс.
У Нясьвiжскiм палацы, дзе апошнiм часам быў дом адпачынку, памёр Аркадзь Куляшоў.
Нiбы прадчуваючы свой блiзкi канец, ён шмат пiсаў, выдаў некалькi вельмi неблагiх паэмаў — як нярэдка здараецца ў пiсьменьнiкаў — напрыканцы стараўся дабраць раней упушчанае. I, мабыць, перабраў меру, сэрца ня вытрымала. Пайшоў наўздагон за сваiм сябрам Аляксандрам Твардоўскiм.
Паколькi ягоная выбарчая акруга засталася непрадстаўле-най у Вярхоўным Савеце, наверсе вызначылi, што яе павiнны прадставiць Быкаў. Трэба было зьбiрацца на спатканьне з выбарцамi.
Дэпутацтва ўвогуле не было для мяне навiной, гады два я ўжо быў дэпутатам абласнога савету па Турэцкай акрузе. Памятаю, тады спаткаў мяне тамашнi старшыня калгасу, якi першым чынам пасадзiў кандыдата ў «Нiву» i павёз у поле. Поле было цудоўнае, пасевы стаялi сьцяной. Прыпынiў шы машыну, старшыня пытаўся: «Ты калi пiў у жыце?». Я сказаў, што не. «Тады вып’ем». Ён дастаў з багажнiку бутлю шампанскага i спрактыкавана стралянуў коркам у жытнi палетак. Мы выпiлi па пары шклянак i паехалi далей. Далей быў пасеяны авёс, i старшыня спынiў машыну. «А ты пiў калi ў аўсе?» — «Не, ня пiў». — «Дык вып'ем». I ён бахаў коркам далёка ў авёс. Пасьля па чарзе — у кукурузу, ячмень i буракi. Апошнi стрэл з апошняй бутэлькi даручалася зрабiць мне — у бурныя хвалi бацькi-Нёмана, адкуль пара была ехаць на перадвыбарчы сход у Турэц.
Але тое было ўлетку, зiмой у поле ня выедзеш.
З Талачына прыслалi райкамаўскую «Волгу», у якой я i паехаў у паселiшча, дзе нiколi ня быў. Раённае начальства прыняло вельмi цёпла, пабедавала па нябожчыку Куляшову i павяло ў сьцюдзёны клюб, дзе сабралiся выбарцы. Першым чынам распавялi маю бiяграфiю, абвясьцiлi, што пiсьменьнiк Васiль Быкаў будзе ня горшы дэпутат, чым памерлы Аркадзь Куляшоў. Далей належала даць наказы будучаму дэпутату. Доўга нiхто не хацеў браць слова, мабыць, рупiлi iншыя справы. Нарэшце адзiн спрацаваны мэханiзатар выйшаў наперад i сказаў, прыкладам, так: «Якiя ў нас да таварыша пiсьменьнiка наказы? Каб гэта быў мiнiстар будоўлi, дык мы б папрасiлi яго наконт недабудаваных майстэрняў. Калi б мiнiстар шасэйных дарог, дык напомнiлi б, што мост цераз рэчку хутка правалiцца, мiнiстар адукацыi — школа ўся прагнiла, цераз сьцены сьнег сыплецца. А то пiсьменьнiк… Хай жыве, пiша, меней хварэе…».
Кароценькi той выступ даў мне зразумець маю дэпутацкую ролю i мой пiсьменьнiцкi кошт.
Уночы праводзiць з Талачыну выправiлiся аж тры машыны. У прыдарожным беразьнячку спынiлiся, увiшныя шафёры хуценька распалiлi цяпельца з сухiх дроўцаў, прыпасеных у багажнiках. Гэпнулi на сьнег пару скрынак з бутэлькамi. I пайшла бяседа, i зазьвiнелi чаркi, загучалi пранiкнёныя тосты ў гонар партыi i яе ленiнскага ЦК на чале з Леанiдам Iльлiчом. А пасьля i расказалi анэкдоты пра баб. А пасьля i прапяялi «Ручнiкi»… Позна ўначы вярнуўся я на сваю Танкавую ў Менску. Наконт вынiкаў выбараў не было нiякога сумневу.