Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– Праблематычна, што яны выжывуць нават у падземных ярусах, - прамармытаў Холін, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся. – На першым з іх – дык без усялякіх сумненняў загінуць…
– Але ж там маюцца і больш глыбокія! – напомніў яму начальнік бяспекі, які стаяў побач. – Самы ніжні, дарэчы, мае сваю аўтаномную сістэму энергазабяспячэння…
– Вось нават як?
Нейкі час Холін задуменна глядзеў на Зіберта.
– Ведаеш што, Фрыдрых, - сказаў ён нарэшце. – Мне патрэбны дакладны план гэтага будынка. План усіх ягоных паверхаў і нават асобных памяшканняў. У вас такі маецца?
Зіберт моўчкі кіўнуў…і праз якую хвіліну ўсе яны, і Зіберт, і Холін, і Свенсан, сядзелі ўжо ў мяккіх крэслахаднаго з транспартнікаў побач з загадчыкам дваццаць дзевятага аддзялення, тоўстым лысаватым чалавечкам сярэдняга ўзросту і сярэдніх, здаецца, разумовых здольнасцяў. Пальцы ягоныя, чырвоныя і нязграбныя, тым не менш, даволі спрытна бегалі па клавішах, на экране адзін за адным высвечваліся нейкія чарцяжы…
– Наземныя паверхі можна прапусціць, - некалькі буркліва сказаў Холін. – Першы падземны таксама, дадаў ён, крыху прамарудзіўшы. – А вось далей… Гэта які, другі?
– Другі, - падцвердзіў загадчык нечакана тонкім для свайго целаскладу голасам . – Тут дэманстрацыйны пакой, а вось тут… тут утрымліваліся жанчыны. Далей кухня, сталовыя памяшканні, спартыўная зала з трэнажорамі…
– Не думаю, што гэта іх хоць крышачку зацікавіла, - Холін пазяхнуў. – Давай лепш адразу самы ніжні ярус. Што там?
Загадчык, хвалюючыся і збіваючыся, пачаў штосьці тлумачыць, але Свенсан яго ўжо не слухаў.Ён глядзеў на гэтага перапалоханага потнага чалавечка і думаў аб тым, што загадчыку яшчэ пашчасціла. З Холіна магло стацца і загадчыка там пакінуць, разам з астатнімі…ці, можа, ён так і планаваў?
– Што? – перапытаў раптам Холін. – Паўтары яшчэ раз самую апошнюю фразу! Што там у вас, у гэтым бакавым складзе?
– Землярыйная тэхніка, - дрыжачым голасам сказаў загадчык. – Дакладней, машына для падземных работ.
– Навошта фермерам машына для падземных работ? – нейкім ледзяным тонам пацікавіўся Холін. – І што гэта за машына?
– Быў заказ… некалькі месяцаў таму, - голас загадчыка задрыжаў яшчэ мацней. – Але аказалася… карацей, калі мы пачалі высвятляць усе падрабязнасці…
– То вы нават не знайшлі таго, хто заказваў, так?
Не адказваючы, загадчык трасянуў галавой у знак згоды.
– Цудоўна! Проста цудоўна! – голас Холіна таксама дрыжаў, але ад гневу. – Дык што гэта за машына, я вас спытаў?!
– “Крот-3” – ледзь чутна прашаптаў загадчык. – Дэсантны варыянт…
– Што?! – нейкі час Холін моўчкі глядзеў на белы, нібыта абцярушаны мелам твар загадчыка.
– Чаму вы адразу ж не далажылі аб гэтым кіраўніцтву?!
– Я… мы… - спалоханна замармытаў загадчык. – Нам здалося, што па такіх дробязях…
– Гэта не дробязі! – з усяе сілы гаркнуў на яго Холін, потым, павярнуўшыся да Зіберта, загадаў, але ўжо значна цішэйшым голасам: - Забяспечце мне сувязь з дэсантнымі шлюбкамі! З усімі адразу! І з камандзірамі дэсантных груп таксама!
Зіберт, адпіхнуўшы загадчыка ўбок, ды так, што той, не ўтрымаўшыся на нагах, грымнуўся ў праход паміж крэсламі, заняў ягонае месца і пачаў паспешліва націскаць клавішы.
– Гатова! – сказаў ён праз некалькі хвілін і, сунуўшы мікрафон Холіну, дадаў таропка: - А ў чым справа? Што такого сур’ёзнага здарылася?
“Няўжо ён яшчэ не зразумеў? – здзіўлена падумалася Свенсану. – І гэта начальнік бяспекі!”
– Увага! – закрычаў Холін у мікрафон.
– У праціўніка “Крот-3”! Загад шлюбкам: прасканіраваць зямную паверхню вакол будынка. Пры выяўленні любога падземнага руху дакладваць мне асабіста! Загад камандзірам груп: быць асабліва пільнымі!У любым момант і ў любым месцы праціўнік можа вырвацца на паверхню!
Ён змоўк і ў транспартніку адразу ж усталявалася мёртвая цішыня. Усе сядзелі нерухома… а няшчасны загадчык аддзялення, баючыся нават варухнуцца, застыў у вельмі ўжо нязручнай позе, ягоны лысы чэрап ледзь выглядваў з-пад локця Зіберта… і гэта прыдавала ўсёй сур’ёзнай і напружанай сітуацыі крыху камічнае адценне…
– Ёсць! – пачулася ў дынаміку. – Мы яго засеклі!
– Вывесці на экран! – скамандваў Холін. – Працягваць назіранне!
Карцінка на экране змянілася. Цяпер там высвечвалася каляровая аб’ёмная карта: будынак у цэнтры і тэрыторыя вакол.У правым верхнім кутку экрана прэч ад будынка павольна рухалася чырвоная пульсуючая кропка.
– На што яны спадзяюцца? – ужо амаль спакойна, сказаў Холін ні да каго канкрэтна не звяртаючыся.
– Рана ці позна ім прыдзецца выйсці на паверхню… дарэчы, які максімальны запас ходу у апаратаў такога класу?
– Я працаваў калісьці з “Кратамі”, - сказаў Зіберт. –Праўда, гэта былі “Крот-1” і “Крот-2”.Яны маглі прайсці без дазапраўкі да сарака кіламетраў. Не думаю, што трэцяя мадэль пройдзе менш…
– Сорак кіламетраў? – заклапочана прагаварыў Холін і, падцягнуўшы да сябе мікрафон, спытаў: - На якой яны глыбіні зараз?
– Прыкладна, дзесяць метраў, - пачулася ў адказ. – Плюс-мінус метр…
– Ясна!
Адкінуўшыся на спінку крэсла Холін нейкі час моўчкі сачыў за пульсуючай кропкай на экране. Яна працягвала павольна але неўхільна паўзці прэч ад будынка, дакладней, ад тых рэшткаў, што ад яго засталіся…
– На якую максімальную глыбіню разлічаны “Краты”? – зноў ні да каго канкрэтна не звяртаючыся, спытаўся Холін.
Зіберт нічога не адказаў, і таму Холін запытальна паглядзеў на Свенсана.
– Метраў дваццаць-дваццаць пяць, не больш, - сказаў Свенсан. – Усё залежыць ад грунта. Тут, на Аграполісе, -не больш дваццаці…
– Я зразумеў, - сказаў Холін. – А цяпер такое пытанне да вас абодвух: як іх можна спыніць?
Зіберт і Свенсан пераглянуліся.
– Плазменныя ўстаноўкі шлюбак… - не зусім упэўнена прагаварыў Зіберт. – Зразумела ж, яны не праб’юць такі пласт грунту, але пасля некалькіх дакладных масіраваных залпаў па паверхні, у выніку, так званага, электрамагнітнага рэзанансу, на “Краце”пачнуць гарэць электрапрыборы…
– І што? – спытаў Холін.
– Машына спыніцца, - растлумачыў Зіберт. – Яна, можна сказаць, стане іхняй труной…
– Вось нават як?
І зноў нейкі час Холін моўчкі глядзеў на пульсуючы чырвоны агеньчык.
– Хацеў бы я ведаць, аб чым яны зараз думаюць? – прагаварыў ён нарэшце. – На што спадзяюцца? Бо на штосьці яны ўсё ж спадзяваліся, калі вырашылі выкарыстаць “Крата”?
Зіберт паціснуў плячамі.
– Яны што, не ведалі, што супраць іх будуць выкарастаны плазменныя ўстаноўкі?
– Магчыма, у іх проста не было іншага выйсця? – сказаў Зіберт. – А магчыма…
– Магчыма, што? – павярнуўся Холін да начальніка бяспекі.