Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

Ну, і крыху шанцавання, вядома ж, бо інакш…

Свенсану і сапраўды пашчасціла ў тым, што знізу знаходзіліся простыя ахоўнікі, а не космадэсантнікі,і яны не адразу ўразумелі, што ж такога збіраецца ён зрабіць зараз. Здаецца, яны нават вырашылі спачатку, што гэты невялікі і нічым не ўзброенны транспартнік вырашыў разам пакончыць з“кошкамі” проста пратараніўшы іх сваёй масай. Таму ахоўнікі, усе як адзін, спынілі агонь, баючыся тым самым пашкодзіць кацер свайго патэнцыяльнага саюзніка...

Выкарыстаўшы гэтае іх кароткае замяшанне, Свенсан зрабіў рэзкі разварот… і вось ужо расчынены люк кацера аказаўся зусім побач з двума фігурамі ў скафандрах. Тая з жанчын, якая трымала за руку параненую сяброўку, навяла на Свенсана плазмер, але пакуль што не страляла.

– Сюды! – крыкнуў Свенсан, паказваючы на ўваход. – Хутчэй, пакуль яны не апамяталіся!

Жанчына працягвала моўчкі глядзець на Свенсана… яна яго бачыла выдатна, ён жа бачыў толькі чорнае шкло яе скафандра. Тая гэта была жанчына ці не тая, гэтага Свенсан пакуль што не ведаў, але выдатна разумеў, што жанчына яму не давярае.

– Я хачу дапамагчы вам! – прагаварыў ён як мага гучней. – Я сапраўды хачу вам дапамагчы!

Другая жанчына, якая ўвесь гэты час вісела нерухома на руцэ першай, раптам слаба варухнулася і, напэўна, менавіта гэты яе амаль бездапаможны жэст дапамог першай з жанчын прыняць прапанову Свенсана. Яны ірванулася ўперад… яшчэ імгненне і абедзьве жанчыны апынуліся ў кацеры.

– А цяпер ходу! – прашаптаў Свенсан, зачыняючы люк і, адначасова, даючы транспартніку самы поўны наперад.

І толькі пасля таго, як кацер, зрабіўшы круты віраж над самымі іх галовамі, пачаў імкліва аддаляцца, разгубленныя і нічога не разумеючыя ахоўнікі адкрылі ўслед яму хаатычны і бескарысны ўжо агонь…

* * *

– Навошта ён гэта зрабіў?!

Ніхто не адказаў Холіну, ды ён, здаецца, і не чакаў адказу. Пытанне было чыста рытарычным, бо ніхто з прысутных не ведаў Свенсана так, як ведаў яго сам Холін. Дакладней, калі не ўлічваць Зіберта, яны яго, наогул, не ведалі…

– Ён што, звар’яцеў?!

І зноў ніхто нічога не адказаў Холіну. Падначаленыя стаялі моўчкі і гэтак жа моўчкі (і разам з тым, аддана) глядзелі на свайго непасрэднага начальніка. А Холін раптам з нейкім недаўменнем нават адчуў, што… крыху зайздросціць Свенсану.

Гэтага яшчэ не хапала!

Да іх групы падыйшоў адзін з выратавальнікаў, мокры, увесь перапэцканы сажай і чорнай зямлёй.

– Сэр, - пачціва звярнуўся ён да Холіна, – мы дасягнулі нарэшце ніжняга ўзроўню…

– І што? – павярнуўся да яго Холін. – Ёсць жывыя?

– Усе жывыя, сэр! Акрамя… - ён змоўк на імгненне, - акрамя жанчын…

Холіну здалося, што ён недачуў.

– Яны што, забілі жанчын? – недаўменна спытаў ён. – Быць такога не можа!

– Ніяк не, сэр, не забілі! – прагаварыў выратавальнік. – Жанчыны проста зніклі.

Нейкі час Холін моўчкі глядзеў на выратавальніка.

– Зніклі? – паўтарыў ён. – Пяць жанчын проста знікла?! Куды яны маглі знікнуць?

– Ніхто не ведае гэтага, сэр! Бо ўсіх супрацоўнікаў проста замкнулі з самага пачатку у адным са складоў, і таму яны…

– Чорт! – Холін схапіў службовы тэлефон. – Шлюбкі, дзе ўсе шлюбкі?!

– Вы ж самі аддалі загад, каб яны арганізавалі пагоню за гэтым кацерам, - змрочна прагаварыў Зіберт. – Вось яны і…

– Чорт! – кінуўшы тэлефон на зямлю, Холін нечакана схапіў Зіберта за адвароты кіцеля. – Навошта было пасылаць у пагоню усе дзесяць шлюбак?! Каб збіць адзін безабаронны кацер? А можа… - апусціўшы Зіберта, Холін з нейкай надзеяй нават утаропіўся на яго, - можа, яны паспелі ўсё ж вывесці яго са строю яшчэ да таго, як пачалася ўся гэтая страляніна?!

– Каго, сэр?! – пачціва спытаўся Зіберт, адступаючы на крок.

– “Крата-3”! – гаркнуў Холін. – Яны яго вывелі са строю?! Толькі не кажы мне, што яны гэтага не зрабілі! – дадаў ён амаль умольна. – Яны яго знішчылі, так?

– Ніяк не, сэр! – гледзячы кудысьці ўбок прагаварыў Зіберт. – Мы ж вырашылі, што ён ідзе на аўтаматыцы…

– Вы! – крыкнуў Холін, губляючы самыя апошнія рэшткі самавалоднання. – Вы так вырашылі, Зіберт! Вы, а не мы!

Зіберт нічога не адказаў. Ён толькі адступіў яшчэ на адзін крок ад свайго раз’юшанага начальніка, але Холін на яго ўжо не глядзеў

– Звяжыцеся са шлюбкамі! – загадаў ён, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся. – Магчыма, яны ўжо вяртаюцца назад!

Адразу тры супрацоўнікі схапіліся за тэлефоны. Холін моўчкі глядзеў на іх цяжкім немігаючым позіркам.

– Яны яшчэ не вяртаюцца, сэр! – нясмела прагаварыў адзін з тых, хто тэлефанаваў. – Яны ўсё яшчэ вядуць праследванне…

– Цудоўна! – усклікнуў Холін з сарказмам і нейкай незразумелай горыччу ў голасе. – Проста цудоўна! Маючы амаль двайную перавагу ў хуткасці, маючы плазменныя ўстаноўкі… дзесяць супраць аднаго, безабароннага… і яны проста вядуць праследванне! Якія малайцы!

* * *

Свенсан заўважыў пагоню яшчэ здалёк. Усе дзесяць дэсантных шлюбак ішлі за імі шырокім паўкругам, яны знаходзіліся зараз на даволі значнай адлегласці ад кацера… праўда,адлегласць гэтая хуткаскарачалася.

– Гэта ты?

Азірнуўшыся, Свенсан убачыў, што жанчына, зрабіўшы зусім празрыстым чорнае шкло скафандра, глядзіць на яго зараз халодным недаверлівым позіркам. Такая знаёмая… і, адначасова, такая незнаёмая жанчына…

І такая прыгожая…тая адзіная, аб якой ён думаў увесь гэты час… дзеля якой пайшоў на тое, што тут, на Аграполісе, ды і, наогул, на ўсіх тэрыторыях, дзе гаспадарыць ФІРМА, лічыцца найвялікшым злачынствам…

І імя гэтаму злачынству – здрада! Здрада інтарэсам ФІРМЫ.

ФІРМА такога не даруе!

І ўсё ж ён пайшоў на гэта, нават сам яшчэ не зусім разумеючы, навошта ён гэта зрабіў…

– Чаму ты вырашыў дапамагчы нам? – нібы прачытаўшы ягоныя патаемныя думкі, спыталася жанчына.
– Што ты задумаў?!

Свенсан нічога не адказаў, ды і што было адказваць. Ён толькі ўсміхнуўся і некалькі няўпэўнена паціснуў плячамі, а жанчына, апусціўшы раптам руку ўніз, намацала ёй плазмер на поясе…

– Ты і сапраўды хочаш забіць мяне? – спытаў Свенсан і, адвярнуўшыся ад яе, усю сваю ўвагу засяродзіў на кіраванні кацерам. – Дарэчы, чаму ты не зрабіла гэтага тады, у доме свайго былога мужа?

Не адказваючы, жанчына ўсё працягвала і працягвала глядзець на Свенсана. А ён раптам успомніў пра пагоню, якая за гэты час яшчэ больш наблізілася…

– Між іншым, за намі пагоня, - паведаміў ён. – Дзесяць дэсантных шлюбак з гіперплазмерамі на кожным, нягледзячы на тое, што на наш занядбаны кацер хапіла б і адной…

Поделиться с друзьями: