Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

І, не звяртаючы больш на жанчыну за спіной аніякай увагі, Свенсан усю сваю ўвагу вырашыў засяродзіць на кіраванні кацерам. Шлюбкі знаходзіліся ўжо ў даволі небяспечнай блізасці. Яшчэ крыху і яны пачнуць прыстрэлку, калі толькі няма загаду Холіна ўзяць іх жывымі…

“Такога загаду не будзе! – зразумеў раптам Свенсан. – Холін не стане рызыкаваць, ды і хто яму Свенсан, асабліва пасля таго, што ён нарабіў…”

Жанчына за спіной прагаварыла штосьці, але мова, на якой яна гаварыла, была зусім незнаёмай Свенсану.Здаецца, жанчына звярталася да сваёй сяброўкі…праўда, тая нічога ёй не адказала, і нельга было зразумець, жывая яна зараз альбо ўжо мёртвая. Потым жанчына змоўкла і…раптам апынулася зусім побач са Свенсанам, у суседнім ад яго крэсле. Як і калі яна паспела там апынуцца – гэтага Свенсан так і не зразумеў…

Але здзіўляцца гэтай акалічнасці не было часу, ды і што было здзіўляцца.“Дзікая кошка” -яна “дзікая кошка” і ёсць!

– Табе ад іх не адарвацца, – павольна, праз зубы прагаварыла жанчына. – Будзе лепш, калі я вазьму кіраванне на сябе!

Свенсан некалькі пакрыўджана зірнуў на яе.

– Я ўсё ж былы космадэсантнік, - прагаварыў ён. – Так што…

– А я – “дзікая кошка”! – перабіла яго жанчына. – І не былая! І лепш бы табе памаўчаць!

“Вось нават як! – міжволі падумалася Свенсану. – А тры гады таму яна здавалася мне такой сціплай і вытанчанай, і з такім захапленнем глядзела яна тады на мае капітанскія нашыўкі…”

У гэты час да вушэй Свенсана данёсся такі знаёмы воплеск і доўгая блакітная маланка паласнула па паветру злева ад іх.

“Пачалося!
– з заміраннем сэрца падумаў Свенсан, інстыктыўна паварочваючы кацер управа. – Толькі б паспець!”

– Ідзі да Ізіды!

– Куды?

Моцны штуршок адкінуў Свенсанадалёка ўглыб кацера. Ён упаў на спіну і аказаўся раптам зусім побач з той, другой жанчынай. І ў гэты ж момант кацер увайшоў у глыбокае піке…

– Што ты робіш?! – крыкнуў Свенсан, адной рукой хапаючыся за нейкі выступ. Другой рукой ён з усяе сілы ўчапіўся ў скафандр нерухомай жанчыны (Ізіды, здаецца), з цяжкасцю ўтрымліваючы яе і сябе на месцы, бо кацер падаў уніз амаль вертыкальна. – Давай на сябе! На сябе давай!

– Ты мяне будзеш вучыць?!!

Блакітныя маланкі сцябалі цяпер па паветру з усіх магчымых бакоў. Толькі цудам можна было ацалець у суцэльным гэтым плазменным ліўні…

І ўсё ж яны пакуль што заставаліся жывымі. Жанчына ў самы апошні момант змагла майстэрскі і нават віртуознавыраўняць кацер. Зараз яна вяла яго так нізка, што транспартнік амаль кранаўся яркім чырвоным сваім днішчам такіх жа чырвоных кукурузных суквеццяў. Пад імі было вялізнае поле кукурузы, а зверху, якраз над імі знаходзіліся зараз дэсантныя шлюбкі, якія чамусьці прыпынілі сваю страляніну…

Вось толькі чаму яны не страляюць зараз?

“Яны ж нас не бачаць! – дайшло, нарэшце, да Свенсана. – Дакладней, яны бачаць нас, але толькі візуальна. Для прыбораў навядзення плазменных установак мы зараз зліліся з навакольным фонам у адзінае цэлае… і радыёлакацыйныя прыборы таксама ім не могуць дапамагчы зараз… ніяк не могуць дапамагчы! Ай ды “дзікая кошка”! А я яшчэ хваліўся перад ёйсваім уменнем кіравання кацерам…”

Але, на жаль, кукурузныя палі, якімі б вялізнымі яны не былі, урэшце рэшт, маюць сваёзаканчэнне. І тады нішто ўжо не ўратуе маленькі няўзброены транспартнік ад знішчальнага ўдару зверху.

І тут, нібы прачытаўшы думку Свенсана, жанчына прагаварыла, не паварочваючыся да яго:

– Ты хочаш мне дапамагчы?

– Так, - сказаў Свенсан. – Хачу!

На імгненне азірнуўшыся, жанчына кінула кароткі позірк на Свенсана.

– Мала часу, - прагаварыла яна, зноў усю сваю ўвагу засяродзіўшы на кіраванні. – Скажы, ты памятаеш яшчэ, як карыстацца аптэчкай скафандра?

– Яшчэ памятаю! – Свенсан міжволі паглядзеў на Ізіду, якая нерухома ляжала побач з ім. – Што з ёй?

– Не ведаю! – сказала жанчына, зніжаючыся так, што чырванаватыя кукурузныя мяцёлкі пачалі стукацца аб днішча кацера, уздымаючы пры гэтым цэлыя воблакі чырванаватага пылку… ні даць, ні ўзяць – сапраўдная дымавая заслона… – Але ты павінен ёй дапамагчы! Не тут! – крыкнула раптам яна, заўважыўшы, што Свенсан пацягнуўся да аўтаматычнай сістэмы, якая дапамагала амаль імгненна вызваліцца ад скафандра. – Бо часу ўжо няма! Поле хутка скончыцца!

– Дык што рабіць? – прагаварыў Свенсан з трывогай. – Што ты прапануеш?.

– Я зараз адчыню люк, - прагаварыла жанчына, робячы рэзкі паварот ўлева.
– Вось яно і скончылася амаль! Поле, я маю на ўвазе!

– І што? – крыкнуў Свенсан. – Навошта люк?

– Навошта? – Жанчына зноў павярнулася да яго на нейкае імгненне. – Я павяду кацер па самаму краю поля, а ты, як толькі адчыніцца люк,абхапі Ізіду як мага мацней і проста скачыце ўніз! І адразу ж уключай антыгравітатар!

– Што? – Свенсан не адразу нават уразумеў, аб чым ідзе гутарка… і толькі калі зусім побач з ім і сапраўды расчыніўся ніжні люк, ён, нарэшце, зразумеў, чаго ж канкрэтна ад яго чакаюць зараз. – А ты, як жа ты?

– Я паспрабую адцягнуць іх увагу!

Яна прагаварыла гэтыя словы такім спакойным, абыякавым нават тонам, што Свенсану стала не па сабе неяк. Гэтая жанчына ішла на смерць дзеля сваёй сяброўкі, і не бачыла ў гэтым сваім учынку нічога звышасаблівага...

– Хутчэй! – прагаварыла яна крыху ўжо нервова. – Інакш яны здагадаюцца, у чым справа!Скачыце, антыгравітатар двух вытрымлівае!

Свенсан міжволі зірнуў у адчынены люк. Там, знізу, праносіліся з вялізнай хуткасцю кукурузныя вершаліны, а значыцца, да зямлі было не так і далёка. Некалькі дзесяткаў метраў.Нават з працуючым антыгравітатарамяны апусцяцца ўсяго за некалькі хвілін…

І застануцца жывымі. А гэтая жанчына памрэ…

– Не! – крыкнуў ён, адмоўна матнуўшы галавой. – Я не пакіну цябе!

– Не будзь дурнем! –усё гэтак жа спакойна прагаварыла жанчына, зноў павярнуўшы галаву ў іх бок. –Скачы!

– Скачыце вы ўдвух, - унёс прапанову Свенсан. – А я павяду кацер далей!

– Я ж сказала – не будзь асталопам!

Кацер раптам рэзка заваліла на левы бок, і Свенсан, ніяк не чакаўшы гэтага, вываліўся з яго разам з нерухомай Ізідай.Ужо падаючы ўніз між таўшчэзных кукурузных ствалоў, ён абхапіў скафандр аберуч, навобмацак знайшоў і націснуў такую знаёмую кнопку на ягоным шырокім поясе.

І адразу ж іх імклівае падзенне неяк запаволілася. Яны ўжо не падалі каменем уніз, зараз яны плаўна апускаліся паміж кукурузных сцяблоў і лістоў… яшчэ крыху і Свенсан адчуў пад нагамі цвёрдую паверхню. Машынальна зірнуў уверх і, вядома ж, нічога там не разгледзіў, акрамя суцэльнага зялёнага перапляцення.

Але справа ад яго, паміж таўшчэнных ствалоў бачыўся ўяўны прасвет, і Свенсан, асцярожна апусціўшы нерухомае цела ў скафандры на тоўсты слой сухой і не вельмі яшчэ высахлай апалай лістоты, кінуўся туды, на самы край поля. Дабегшы да яго, паглядзеў уверх, у блакітную і бязвоблачную нябесную прастору.

Ён разлічваў, што жанчына, пакінуўшы іх тут, крута паверне кацер на зваротны маршрут і зноў будзе, цесна прыціснуўшыся да выратавальных кукурузных вершалін, працягваць сваю небяспечную гульню з праследавацелямі. Але гэтага не адбылося. Узняўшыся амаль да двухмільнай вышыні, маленькі чырванаваты кацер адчайна лавіраваў ва ўсе бакі, ратуючыся ад асляпляльных разрадаў, якія амаль бесперапынна выпускалі па ім шлюбкі. І тым не менш, ні адзін з гэтых разрадаў у кацер пакуль яшчэ не патрапіў… хоць доўга так працягвацца, зразумела ж, не магло…

Поделиться с друзьями: