Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Даўно ўжо мінуў перыяд крывавай нямецкай акупацыі, з якой мы выйшлі жывымі, але самае галоўнае, што паэзія мая, мая любоў да Беларусі была чыстай, як крыніца ў полі. Я нікому ні слова не сказала, не напісала, акрамя Зямлі маёй і майго Народу! Мае словы табе былі толькі, Айчына мая пакрыўджаная, табе была ўся вернасць мая, якую пранесла я праз нялёгкія дні, бо табе толькі сваё жыццё прысвяціла. Надыходзіць другая пара выпрабаванняў. Для мяне яна будзе яшчэ страшнейшай, але Божа Зямлі мае, Божа продкаў маіх, дай мне сілы вытрымаць найцяжэйшае. Няхай вернасць мая й любоў мая будуць дастойныя мукаў Тваіх некальківяковых, мая Беларусь! Галінка з Твайго дрэва, пясчынка з палёў Тваіх, нясу Табе рэшткі жыцця майго й маё сэрца. Як жа хачу пралажыць мукамі сваімі светлы след да заўтрашняй Твае долі. Пакідаю Вам усім на памяць словы мае й на міласць Вашу маіх нашчадкаў. Няхай крыўды, мне зробленыя, адкупяць шчаслівыя дні для іх на Зямлі, якая ёсць нашай. Інтэрнацыянал — гэта не прыдбаць сабе чужую маску й адрачыся ад усіх вартасцяў свайго роду, гэта быць шчырымі брацьмі ў сваім народзе і ў брацтве паміж народамі. Інтэрнацыянал — гэта не падпарадкаванне сільнейшаму, але падпарадкаванне роўнасці, любові й праўдзе. Ніхто лепей за нас самых не спяе нашае «Рэчанькі», не станцуе «Лявоніхі», не ўздыме шляхотнай народнай культуры нашай да такое вышыні, каб бачылі людзі, што мы акрэмы, самабытны, стары й варты народ!
І так нічога ў мяне няма, нават лісінай норкі, а ў перспектыве сэрца, распятае на заінелых дратах Поўначы за Беларусь. Знача, так наканавана. О Божа, не пакінь сына майго адзінага й не дай загубіць яму ў прорвах адзінокага жыцця імя й аблічча чалавечага й беларускага! За мною ўжо магілы маіх найдарожшых, а наперадзе здзек і крывавы лёс. Што ж, памераем з ім сілы. Хто будзе сільнейшы: здзек над намі ці мая любоў? Няхай на маёй асобе спыняцца ўсе пакуты народу нашага. Ён заслужыў, каб быць вольным! Вякі перахаваная мова народу майго, наша культура ад святой Еўфрасінні ўжо гуманная, якія ж вартасці гэта ў свеце лагероў, забіваючых чалавецтва сцюжай Варкуты й агнём Асвенцімаў! Ці ж можна аддаць на забыццё й знішчэнне такія вартасці народу без шкоды для ўсяго чалавецтва? Спі спакойна, дарагі дзядзька Васіль Захарка, не дамо зглуміць нашага скарбу. У рукі мае перайшла воля твая, а сэрцы дочак заўсёды вярнейшыя роднай Маці! Усё будзе забрана мне, і след мой амаль зацёрты, але зярняты чынаў вашых і нашых слоў перажывуць усё маральнае катаванне й закрасуюць у недалёкім часе, каб вечна наш жыў народ!
Не, нельга мне вінаваціць майго мужа, бо хто абышоў лёс свой, які яму наканаваны зверху? Іду, мяне будуць судзіць і вінаваціць за тое, што не люблю іх, бо іншае віны ў мяне няма. Няхай хто з жывых, каму замучаць бацькоў, вынішчаць род яго, адарвуць ад сэрца й кінуць на мукі адзінага сына, разаб’юць сям’ю й засудзяць абаіх з мужам на паўстагоддзя кіркавання Богам і людзьмі праклятае мерзлаты, няхай зразумее, ці можна «любіць» за такое й называць гэта паводле рэцэпту іх «мудрым»? Можа, каго змусілі й на гэта за скаромнейшы кусок т.зв. «народнага хлеба», але хіба ж гэта людзі? Гэта халуі й ахвяры іх.
Не можа быць вартым і шляхотным тое, якое праводзіцца такімі метадамі ў жыццё. Вялікае крывавымі метадамі брыдзіцца! Канчаецца гасціна мая ў т.зв. братняга славянскага народу. Як лёгка замянілі чэхі сваю адвечную вернасць славянству на грузінскія вусы свайго новага ідала? Страшна нейк, шкада іх крыху, бо ж прачнуцца й будзе ім жудасна: каго, на што лёгка так і так без думна памянялі? Што ж, ён «натхняў» нават беларускіх ткачыхаў, «абагачаючы» нашыя народныя ткацкія матывы ўзорам ботаў сваіх, акрываўленых славянскай крывёю, і, галоўнае, узорам жудасных свету грузінскіх вусоў... Ну й «натхненне» для народаў зямлі, ды яшчэ еўрапейскіх!
Недзе ў закрытым вартаваным памяшканні дагараў чэшскі прэзідэнт Бэнэш. Цяпер ён стаў ворагам. Яго выкарысталі й адкінулі ў яму, калі ўжо стаў непатрэбны... Так з кожным палітыкам і з кожнай чалавечай праўдай, якая не надаецца ў марксісцкі талмуд. А талмуд той застыў на псеўдапраўдах XIX стагоддзя й клаў цяпер на пракрустава ложа абалванелых дзеячоў новай, нейкай чужой чалавечаму, асабліва славянскаму сэрцу рэлігіі. Адно было мне яшчэ пацехаю нейкай. Я верыла, што ў мужа былі гэта памылкі й што ён, як і я, не зрачэцца шляхотных праўдаў і дасягненняў вялікіх людзей на гуманным развіцці чалавечай культуры.
Мяне чакала павольнае забіванне паэта й ніякай магчымасці творчае працы наагул. Але ўсё ў Божых руках, і таму жыць — цікава! А недзе стаяла нашая калыска, так мне думалася тады. Нашая хата ў Жлобаўцах. Памятаю, як тата вазіў на яе лес аж з-за Нёмана. Бярвенні былі смольныя, аб’ёмістыя. Сані праваліліся ў Нёман разам з татам, і магутны шыракаплечы тата доўга ляжаў у пасцелі з адмарожанымі нагамі. Пасля ставілі дом, пасвянцілі падмуроўку, паклалі туды свянцонага зеллячка, як рабілася яшчэ да нас. Развіталася я з ёю ў 37-м годзе, ад’язджаючы да мужа з сынам. Калі вывезлі нашых бацькоў, перавезлі нечаму нашую хату ў Гудзевічы. Расціслаў вярнуў яе назад на сваё месца, каб мама, вярнуўшыся, мела дзе жыць. Але не вярнулася мама, і ізноў перавезлі гэтую хату, цяпер у Ваўкавыск на Віленскую вуліцу. Туды перавезлі й нашае гумно на гараж. Было там Д[арожна]-Э[ксплуатацыйнае] У[праўленне], а цяпер нават не ведаю, якая там установа.
Часам прыходжу й гляджу на яе здалёк і бачу, здаецца, тату з адмарожанымі нагамі, як звозіць тугія бярвенні на хату для сваіх семярых дзяцей. Было ў ёй звонка й было трагічна, бо крывавая будучыня прадзіралася ўжо ў нашую людскую сведамасць прадчуваннямі жудасных дзён. Узгадавала яна высокіх, мажных і харошых братоў маіх і сагрэла вечным цяплом сэрца маё беларускае, загартавала яго ў дабры й праўдзе, якой не змаглі ніякія ворагі людскасці. Думалася: нехта з нас адыдзе, нехта застанецца на гэтай зямлі ў гэтай хаце й будзе чакаць нас, калі прыедзем у вялікае свята на магілы дарагіх бацькоў, і ўсім нам будзе як у маладосці, і памяць бацькоў будзе асвячаць шляхі нашыя й выпраўляць нашыя памылкі. Мы славяне, мы беларусы, у якіх не гіне памяць аб мінулым і да якіх продкі нашыя асабіста ад вякоў ужо прыходзяць на Дзяды, каб разам пабыць у гасціне. Усё благое адыходзіць у небыццё, і застаецца чысты ўспамін аб найлепшым. Ходзім па зямлі й чуем, здаецца, спагаду й параду дзядоў сваіх сярод шырокага поля. Адабралі нам нават гэтае, абсмяялі веру нашую, абычаі нашыя й мову нашую на нашай зямлі. А нашыя Дзяды ўсё ж прыходзяць да нас у кожную восень... І пакуль яны будуць прыходзіць да нас, датуль мы будзем людзьмі.
Жыццё нашае было працай, болем, але было й песняй, якой не было ў другіх народаў. Пяялі ўсюды, і пяялі ўсе. Пяялі — знача жылі! Цяпер у нас пяе толькі гарэлка ў застоллі, раве без думна ўголас, калі маўчыць душа нашая, і песня не кранае сэрца. Чаму ж не пяём? Чаму голас народу спаралізавала, чаго не было нават за лютае паншчыны? Некалі казаў муж нашай Валі-нявестачцы [169] : «Ты яшчэ не заспявала ў нашай хаце, таму ты не нашая». Ён вельмі чакаў, каб гэтая «дочка» нашая запяяла... Не мадэрныя, чужыя песні, а нешта з душы нашай, з душы народу...
169
Валянціна Геніюш (сапр. Зелянко) — жонка Ю. Геніюша.
Знача, застанецца за намі Залатая Прага. Былі ў мяне з ёю свае гутаркі. Старыя муры й каменні болей мне гаварылі за жывую сучаснасць. Узнагароджвалі за пакінуты родны край. Цяпер пазбавяць нас аднаго й другога. Пазбавяць нас зусім усяго, і буду нумарам толькі «0-287», які мне нашыюць на плечы й па якім будуць аклікваць мяне ў нечалавечы мароз нечалавечага краю аленяў і комі...
Хто ж даў права, хто ж даў права вырываць людзям душу й пераніцоўваць, пераварочваць на нейкі лад адвечную душу народаў? Ці могуць судзіць аб вартасцях тыя, якія не разумеюць паняцця сапраўдных вартасцяў людства? Недзе яшчэ думалі аб нас, нехта яшчэ хацеў ратаваць нас. Былі гэта чужыя людзі, а лёс гнаў нас ужо на Поўнач загадамі Сталіна й яго халуёў. У Празе бушавала рэвалюцыя, і падалі апошнія стаўпы незалежнасці, якой не ануліравалі нават суровыя акупанты немцы. Крычалі яшчэ на вуліцах сакалы — сіла й гордасць народу, але й яны замоўклі перад хітрай і грубай сілай.
Дваццаць пяць гадоў пражыў муж мой у гэтым горадзе і ў гэтым народзе. Ён ужо думаў па-чэшску, так, як па-беларуску. Цяпер вырывалі яго з карэннямі, і мне было вельмі жаль яго. Людзей, якіх нельга было зламаць, належала знішчыць. Пазней скажа мне нейкі журналіст, які забрыў на дапрос у знамянітую «амерыканку», што якая розніца — з чэшскім мы грамадзянствам ці з іншым, гэта толькі пытанне пару гадоў, калі ўсё гэта будзе — рускае... Адна дзяржава... Нейкі гібрыд Еўропы й азіятчыны, падумала я.
Што ж, чалавек — жывёліна, якая магла жыць некалі на дрэве, пасля ў пяшчэры, дык пэвен час стрывае й тут, але гэта будзе рэгрэс! Хвост нам пэўне не вырасце, але духовыя вартасці атупеюць альбо й знікнуць зусім. Шчасце людзей — рэч індывідуальная, так і народаў. Як жа страшна пакідаць мілае сэрцу, прывычнае, роднае...
Ці ж заменяць нам без думныя й без душныя лозунгі свята нашых дзядоў? Руінамі глядзелі ў будучыню нашыя старыя замкі, гарады й святыні. Іх заціралі, бурылі вялікую мінуласць, як хацеў некалі сам фюрэр: знішчыць усё й тады цвердзіць, што немцы прынеслі культуру. Ён усё знішчыў, толькі далейшы яго план праводзілі нагла ў жыццё другія каланізатары. Вартасці спрадвечнага Ваўкавыска пачыналіся ад Баграціёна [170] ... І так усё і ўсюды. Паявіліся новыя гебельсы, ніяк не ўступаючыя яму ў хлусні і ярасці прапаганды. Тое, што людзі называюць свабодаю, нам ужо вырвалі з сэрцаў.
170
Баграціён Пётр Іванавіч (1765–1812) — расійскі генерал ад інфантэрыі. Удзельнік задушэння паўстання Т. Касцюшкі і штурма Варшавы (1794). У 1812 г. камандаваў 2-й Заходняй арміяй, штаб-кватэра якой пэўны час знаходзілася ў Ваўкавыску, дзе існуе ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна.