Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Надышоў дзень, калі падліза немка Ольга, няшчасная дзеўчына й адумысловы стукач, пранюхала недзе ў начальства, што мяне адвязуць, каб выдаць у рукі расейцам. Гэта ўжо адчувалася, і я была даволі спакойнай. На выратаванне не было надзеі, і трэба было йсці насустрач усяго, што вякамі нёс расеец няшчасным сваім суседзьям, мала ўступаючы сваяму сябру па духу Адольфу Гітлеру. Увесь ператварыўшыся ў плаза, поўзаў цяпер расейскі народ ля клятых сталінскіх ботаў, ліжучы падэшвы вялікага крывапіўца й прадаючы на мукі безліч сваіх братоў. Не кожны трынаццаты тут быў Іудам і не кожны пяты! Я мала памылюся, калі скажу, што Іудам тут быў кожны другі. Не маючы магчымасці чэсна жыць, мець нармальныя варункі існавання й росту, расеец меў адзіны шлях выбіцца над узровень другіх рабоў — ён даносіў. Даносіў з пялюшак і з пялюшак хваліў не думаючы страшных тыранаў чалавецтва, якія натхнялі нянавісцю да Бога й чалавека сваіх грамадзян і сталіся «прадцечам» самога фюрэра ў сэнсе злачынстваў. Паняцце «чалавек», на ўзровень якога ўзняло нас хрысціянства й дасягненні людскога розуму, дзіка бурылі «частку божага твору», ператвараючы ў «шрубку» пякельнай сталінскай машыны, папераджаючай печы Асвенціма й колькасцю ахвяр перавышаючай іх... Не пратэставаў ужо амаль ніхто. Усё было аберуч вынішчана самымі расейцамі, а хто й сказаў слова супраць, дык сказаў яго толькі — раз... Другі раз нікому не давялося, бо такіх хапалі, судзілі й засылалі ў пустыні, дзе ўсё, пачынаючы ад клімату, было прадумана прыстасаваным да масавага нішчання людзей маральна і, безумоўна, фізічна. Вось што мяне чакала.
Яшчэ зацемна прыйшоў па нас канвой. Меў загад весці нас з закаванымі рукамі, аб чым нас папярэдзіў, але нечаму зрабіць гэтага не змог, хоць я й не пратэставала, бо ж якая розніца, калі гутарка датычыць фанатыкаў? Ішлі мы, несучы свае мяшкі, і я аступілася па дарозе. Трэснуў мне напалову абцасік майго туфля. Так ён там і застаўся чэхам на ўспамін аб славянскай гасціннасці...
Вязлі нас цягніком, людзі ўзіраліся на нас часам абыякава, часам варожа. Ян Масарык даўно ўжо спачываў на могілках, і яго былыя падданыя шукалі цяпер другіх шляхоў да «сыцейшага» існавання. Мы з мужам маўчалі. Канваіры былі каменныя, няветлівыя. Калі муж папрасіўся выйсці й адзін з канваіраў яго павёў, дык другі, нейк па-чалавечы на мяне глянуўшы, сказаў мне, што, так як я сільнейшая духам ад майго мужа, ён хоча прыгатаваць мяне на тое, што нас вязуць дзеля выдачы саветам. Ва мне ўсё зледзьянела раптам. Гэта ўжо была нагая суровая праўда, падступаючыя пад самае горла крывавыя сталінскія кіпцюры... Я не заплакала. Я проста скамянела, і нейкі прыліў адчайнай адвагі ахапіў усю маю асобу. Я адчувала, што йду на няроўны бой. Я гэты бой успрымала без капелькі страху ў сэрцы. Упарта адганяла толькі думку аб сыну, з гэтым болем я не справілася ўсё жыццё... Памалу я прыгатавала мужа да гэтай жудаснай неабходнасці. Ён збялеў, але не самлеў, як і я.
Так нас прывезлі ў Прагу. На вуліцах хадзілі сакалы, быў, мусяць, апошні чэшскі сакольскі злёт. Бледныя мы, як папера, стаялі ў канцы трамвая. Паўгода прабывання ў Пісэку ўжо пакінулi на нас след. А пасля адбывалася ўсё як звычайна, толькі не загадалі тут нам дагала распрануцца й гідкія пальцы надзоркі не краналі маіх валасоў і цела, як гэта рабілі са мною ў Пісэку. Была гэта пражская паліцэйская вязніца, куды нас завезлі. Была яна прыспасоблена да часовага прабывання там злодзеяў і прастытутак. Канвой, перадаючы нас, даў нам падпісаць нейкую складзеную ўдвое паперу. Муж падпісваць не згадзіўся й зажадаў, каб яму паказалі, у чым справа. Аказваецца, Прахаціцкі «обэц» (сельсавет) гэтай паперкай апавяшчаў нас, што менавіта ён пазбаўляе нас чэшскага грамадзянства [176] . Што мелі супольнага з намі тыя Прахаціцы, і сяння не разумею. Не памятаю, ці мы гэта падпісалі, магчыма, што падпісалі з нейкай ужо тупой абыякавасці да ўсяго, што нас акружала.
176
Ён пазбаўляе нас чэшскага грамадзянства…– чэхаславацкага грамадзянства Л. і І. Геніюшы былі пазбаўленыя 1 красавіка 1948 г. МУС Чэхаславакіі.
У вязніцы былі брудныя ложкі, але цікавыя людзі. Былі гэта саколкі, якія мелі адвагу крычаць лозунгі, не згодныя з духам усходу, і дзяўчаты, якіх абвінавачвалі ў арганізаванні атэнтату на нейкага камуніста з ЦК. Атэнтат гэты зрабіў, здаецца, адзін малады студэнт, які вечарамі хораша й сумна спяваў сваёй дзяўчыне: «Доброў ноц, ма міля». Усе мы, як і тая дзяўчына ў адной з камер, з любасцю слухалі тую песеньку й падзіўлялі мужную сілу хлопца. Сядзела з намі яшчэ адна з дачок Круліш-Ранды, чэшскага магната, Эва, маладая разумная жанчына, якая, здаецца, несла ў сваім сэрцы ўсю адказнасць за тое, што тварылася ў яе каханай айчыне. Рознае ў ёй бывала, але ўпершыню страшная рука ўсходу ў сваіх брудных кіпцюрох заціскала жывое сэрца рэспублікі, стараючыся выкрасліць з сэрцаў дарагое імя Масарыка — бацькі й сына. Чэхі пачыналі разумець сваё жудаснае становішча, і нянавісць да ўсходу замяніла старое славянафільства. Часта прыходзілі ў камеру жанчыны й плакалі, што яны не за палітыку сюды трапілі. Недзе схавалі Бэнэша, і людзі ведалі, што няшчасны прэзідэнт ужо жывым не выйдзе. Да мяне нейк па-дзіцячаму «прыліпла» маладая габрэйка, якая ўцякала з Мадзяршчыны праз Прагу ў Палястыну й апынулася з намі. Яна не ведала моваў і са страху ад мяне не адыходзіла... У камеры забаронена было плакаць і наракаць. Усё рабілася, каб захаваць нервы свае й другіх ды здароўе, бо пакута пачыналася толькі. Гэты дэвіз маладых чэшак вельмі мне дапамог у дальнейшым на Поўначы. «Кіп смайлінг» [177] ,— часта паўтарала я сабе ў найцяжэйшыя хвіліны жыцця. Пакуль чэхі, на ўзор сваіх усходніх «апекуноў», гатавалі адпаведныя вязніцы для палітвязняў, мужныя чэшскія дзяўчаты памагалі мне перажыць хвіліны разлукі з Захадам і пакінулі харошы ўспамін аб лепшай частцы свайго народу. У гэтай паліцэйнай вязніцы Прагі прабылі мы нешта месяц ці паўтара. У адной з камер сядзеў мой муж, але ён цяпер меў курава, тут яно дазвалялася, і адчуваў сябе крыху лепш. Сын ужо быў у Польшчы, і здавалася нам, што ён душою й думкамі заўсёды пры нас. Снілася мне, што мы з ім ідзем па беразе рэчкі, кругом вада, а дождж яшчэ лье на нас, ідзем доўга, так, як гэта аказалася пазней — гады разлукі й мукаў, і Бог ведае, ці не цяжэй было адзінокаму дзіцяці ў пасляваенным Вроцлаве...
177
Keep smiling (англ.) — давайце ўсміхацца.
Трывожна праходзіў час у паліцэйнай чэшскай вязніцы ў Празе. Сакольскі злёт, які ў той час адбываўся ў Празе, шчодра папаўняў колькасць зняволеных. Чэхі даўно ўжо агледзеліся, што ізноў трагічна згубілі сваю свабоду, і цяпер на злёце горача й масава выступалі ў абароне свае незалежнасці, свае рэспублікі супраць насілля. Арыштоўвалі за пратэсты, за лозунгі. Людзі трымаліся мужна. Побач у камеры сядзела маладзенькая дачка Гэлены Кожэлюгавай, ведамай дзеячкі хрысціянскай партыі Чэхаславакіі. Схапілі яе на граніцы, калі старалася ўцячы пасля перавароту. Пасадзілі, бедную, у камеру прастытутак, дзе былі бруд, заўшыўленасць, цяснота. Як я чула, дык чэшскія прастытуткі аказаліся добрымі патрыёткамі. Яны памагалі зняволеным за палітыку, перадавалі справы на вонак, прыносілі інфармацыі. Казалі, што маладая дзяўчынка трымалася разумна, хаця яе й білі.
Аднойчы вечарам нейкі следавацель-крыміналіст адчыніў дзверы нашай камеры. Я са здзіўленнем глянула на яго, а ён аж замёр на парозе. Быў гэта пацыент майго мужа, абавязаны яму і ўдзячны, пан Пэшэк. Працаваў ён у розыску й вось прыйшоў выклікаць на допыты нейкую дзяўчыну з нашай камеры, якая ўжо суткі плакала, атручваючы нам і без таго цяжкі настрой. Затрымалі яе ў кафэ разам з яе кавалерам, які, як пасля высветлілася, украў аўто, на якім весела яе развозіў па Празе. Візiта пана Пэшэка мела для нас той добры бок, што гэты харошы чалавек пачаў нас абяспечваць перадачамі, якія былі аднолькавымі са спешна купленых мужчынам прадуктаў і вызначаліся вялікай колькасцю папяросаў, як мне, так і мужу. Муж, які перацярпеў у Пісэку мукі без курава, меў цяпер што курыць, бо пры першай магчымасці я яму перасылала й свае. Ніколі не забудуся пра болем скрыўлены твар пана Пэшэка, калі вялі нас паказаць савецкаму прадстаўніку, які панура й тупа аглядаў свае ахвяры. Пэшэка перакрывіла нейкім жудасным болем, і па твары гэтаму суроваму чалавеку цяклі слёзы. Больш-менш пазнаўшы парадкі й прадстаўнікоў гэтага ладу, ён, відавочна, уяўляў сабе ўсе нашыя мукі наперад. Яшчэ горай чуліся мы з мужам, жах, які нас чакаў, спыніў мне і слёзы, і дых. Доля сына свідравала мозг, паласавала нервы. Толькі прыклікаўшы на памяць усе цярпенні мае Радзімы й колькасць ахвяраў праз усе варожыя акупацыі, я зноў прыклікала ўсе свае духовыя сілы, каб стрываць і найгоршае.
А найгоршае прыйшло хутка. Аднойчы з раніцы аб’явілі мне аб ад’ездзе. Гэта было нешта, як смяротны вырак. Не хапіла ўласных сілаў, і я апусцілася на калені. Схаваўшы голаў у далоні, усёй душою прасіла ў Бога літасці над маім дзецем і сілаў для нас. Прад намі, здавалася мне, прорва, суцэльная без глуздзіца й бесчалавечнасць, дзе замест усіх людзьмі прызнаных праўд стаіць, раскарачыўся крывавы Сталін, якому ачумелыя расейцы аблізваюць жудасныя кіпцюры з крыві іх родных бацькоў і сыноў, пралітай тыранам самохаць і непатрэбна. Надзеі на ратунак — ніякай. Бо, каб выратавацца, заставалася прылучыцца да натоўпу і, адкінуўшы з душы ўсе здабыткі людское культуры, зрабіцца такім жа бітым сабакам і з жудасных лапаў слязмі змываць кроў вынішчанага тыранствам майго роду.
Нас пасадзілі ў машыну, якую вязні называлі «Антонам», зялёную, шчыльна закрытую, і з некалькімі яшчэ хлопцамі, якія, відавочна, праштрафіліся ў арміі ці збеглі з яе, адвезлі ў савецкі лагер перамяшчэння захопленых імі на Захадзе ахвяр. На дзеравянай браме, за якой чырванелі гарластымі надаедлівымі лозунгамі дзеравяныя баракі, красаваўся надпіс: «Добро пожаловать», як быццам і сапраўды мы ехалі да звычайных людзей з чалавечымі абычаямі й хоць мінімальнай культурай. На дзеравяных сталох, нічым не пакрытых, стаялі жалезныя міскі з нейкай капустай і ляжаў нарэзаны хлеб. Людзі былі змораныя астрогамі, бледныя, нехта еў, нехта ўжо пачынаў хваліць «родину». Задаволена й дзіка на нас паглядаючы, пахаджвалі «начальнікі», выпаўнялі план сілай і абманам вырваных у Захаду ахвяр.
Нарэшце падагналі машыну з высокімі бартамі, усадзілі нас на яе дно. Спераду й ззаду на дошках, перакладзеных цераз барты, сядзелі, направіўшы на нас аўтаматы, па чатыры «асвабадзіцеляў». Муж абапёр мне на калені амаль нежывы ад схуднення й бледнасці твар, і жнівеньскае сонца літасцівымі праменнямі гладзіла яго пасівелую голаў. Залатая Прага, нашая кватэра й часць нашых лепшых гадоў засталіся далёка за намі. Вязлі нас далей ад сына й ад Еўропы — ад пагранічнага Вімпэрку на край свету ў Варкуту. Ну а пакуль што нас вязлі ў Вену. Дарога была даўгая, сустрэчных людзей на ёй мала. З жанчын апрача мяне вязлі нейкую старушку, якую сілаю адабралі ад чэшскіх грамадзян дзяцей, а рэшта ўсё былі даволі маладыя мужчыны. Яны нейк пераглядаліся між сабою, і адчувалася, што гатовыя кінуцца на канвой і ратавацца, але аўтаматы ў грудзі і ў плечы ды падмога ў кабіне амаль ліквідавалі магчымасць шалёнай рызыкі. У час абеду мы елі хлеб. Абед нашых канваіраў адрозніваўся толькі тым, што яны пхалі ў рот той хлеб, пасыпаючы цукрам, па цэлай буханцы. Не было чым запіць таго хлеба, колькі тыя салдаты ні прасілі ў чэшскіх вёсках вядра, каб зачэрпаць вады, чэхі ім вядра не давалі, былі навучаныя ўжо не адным прыкладам нагласці й зладзейства. Сумна глядзелі на нас чэшскія пагранічнікі, як быццам вязлі ўжо нас на эшафот, а не на радзіму, і моўчкі праважалі за сваю граніцу.
На пустых пажатых палёх пачаліся вінаграднікі, і калі сонца пачало ўжо сядаць, мы прыехалі ў Вену. З дна машыны паглядала я на яе, чорную й залатую, усёй сваёй культурай і выглядам так розную, так інакшую ад людзей, якія нас вязлі на пакуты. Нас з мужам высадзілі ў нейкім палацы ці замку, здаецца ў Нэйвінэрштат, дзе, памятаю, была на сцяне табліца з надпісам, што некалі там у чэрвені выпаў снег. Спалі мы ў нейкіх сенях, і даволі неспакойны наш сон сцераглі здалёк крыху ад нас азброеныя канваіры. Назаўтра была, памятаю, пятніца, 13 жніўня, ліў дождж. Ужо з раніцы пад’ехала па нас грузавая машына й паперла нас з мужам у напрамку Вены. На адной з вуліц у зелені саду стаяла віла, уступнае «Добро пожаловать» жудасна й выразна сведчыла аб яе тагачасовых жыхарах. У нетры тае вілы, у падзямеллі якой мучыліся сотні зняволеных, кінулі й нас. Ледзь паспелі мы развітацца, як раскідалі нас у тым падзямеллі па камерах. Чорнай хваляй наляцела на мяне несказанае гора.
У камеры сядзела некалькі немак, пераважна, здаецца, у падазрэнні шпіянажу. Па-нямецку я крыху гутарыла. Я раздзяліла з імі часць прадуктаў, якія былі ў мяне, пачала знаёміцца. Час закрыў мне ўжо іх аблічча, але выразна памятаю з іх адну — была гэта нейкая артыстка й прафесіянальная шпіёнка Элё Вінклер. Была гэта даволі прыгожая бестыя, пазбаўленая ўсякай маралі й этыкі. Немкі адразу далі мне зразумець, што гэта шпіёнка, і ў савецкай камеры рэкамендуючы асцярожнасць. Усе мы, як быдла, валяліся на падлозе ў каросце й брудзе, і толькі яна адна мела ложак і пярыну, дзе найчасцей валялася голая альбо выкручвалася перад шкляным вокам у дзвярох, раздражаючы сваёю нагатою салдат-канваіраў. Яна ўсё расказвала пра сваю любоў да савецкай улады й Сталіна й пра свайго мужа, прафесіянальнага шпіёна, які сядзеў недзе побач. Гэта была агідная нейкая садыстка. Заўважыўшы аднойчы, што я малюся, пачала праследаваць мяне жудаснымі выкрыкамі, нейкімі «малітвамі» да чорта. Лётала па камеры й выла: «Тойфэль [178] , тойфэль» — і часта нагадвала ашалелую. У нашую камеру заглядалі надзірацелі й часам клікалі на працу. Я заўсёды старалася вырвацца хоць на пару гадзінаў, каб глытануць паветра й нешта даведацца пра мужа ды ў меру магчымасці памагчы яму хоць нечым. На другі дзень нашага прабывання ў падзямеллі мяне павялі да начальства. Нейкі ваенны, відно, высокага чыну, сустрэў мяне словамі: «Вот и вы в наших руках». — «Велькай радасці з гэтага мець не будзеце», — адказала я яму прадумана й паважна. Спытаўся ў мяне яшчэ, што я думаю пра Готвальда, які ўжо быў на месцы Бэнэша прэзідэнтам Чэхаславакіі. Я не хацела высказвацца аб ім і толькі прыкмеціла коратка, што цяжка быць прэзідэнтам у цяні Бэнэша. На пытанне аб кампартыі чэшскай сказала, што яна лічная колькасна, але якасна нічога не вартая. Ваенны гутарыў са мною даволі памяркоўна, і я наважылася папытаць яго, што з нашымі чамаданамі, якія ў нас забралі й няма іх. Праз некалькі дзён чамаданы знекуль прывезлі надзіва ў парадку. Казалі, што ў гэтай вязніцы быў цэнтр МГБ на ўсю сярэднюю Еўропу. Тут і судзілі людзей пераважна на 10, 15, а часцей на 25 гадоў. Нас нечаму не судзілі, гэтую прыемнасць пакінулі Менску.
178
Teufel (ням.) — чорт.