Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Мне прыпомніліся мае смелыя, як на ваенны час, вершы, мой боль над лёсам нашых суродзічаў палонных і вывезеных на работу, і тых, што ў лясох, і тых, што па сёлах. Беларус у маю хату — хлеб на стол, часам апошні яго кусочак роўна раздзелены паміж госцем і сынам. А прыйдзе час, і мільёны маіх землякоў пашкадуюць мне нават скарыначкі хлеба ў няволі, не памогуць малому хлопцу, адзінокаму й разгубленаму, на пасляваенных дарогах чужой зямлі. Яшчэ сеці расставяць і зацягнуць у чорны омут, скуль ратуе адзін толькі міласэрны Бог.
Калі аднойчы нясла я праз лес пад канвоем цяжкое бярвенне й снег быў вышэй пояса, я адчула, што душуся, што сэрца маё ўжо адмаўляецца працаваць, і тады падумала аб тых, якія, хвалячы тое, што чыняць над намі, ездзяць сабе ў галубых экспрэсах ці службовых або ўласных машынах наўпрасткі, праз свежыя магілы майго роду і ўсіх за вайну палеглых дзеля сытасці іх. Маці наша, Беларусь наша, колькі ж яшчэ будуць звінець ланцугамі дзеці твае? Але гэта было шмат пазней, ужо ў Комі АССР.
А пакуль што дайшлі справы, што Мікулічаў вывезлі, бо яны не пажадалі ўцякаць, атупелі, амярцвелі, няшчасныя, з гора. Такіх браць найлягчэй. Другія ж усе паўцякалі, і нават сястра Мікуліча, якое не прыкмецілі. Знача, павезла сцерва свой багаты ўлоў. Адпакутуюць за тое, што неўзлюбілі «айца, вусатае крывавае сонца рускай зямлі». Пасля й нас з мужам асудзяць разам на паўстагоддзя, і будзе ім няўцям, як можна не захапляцца «вялікім і мудрым», які паспеў ужо пазабіваць і вынішчыць не толькі род мой, але й паважную частку народу, лепшых яго сыноў.
Колькі іх ужо перавярнулася, тыранаў на нашай зямлі, і кожны крута загадваў найстрашнейшую нагласць: любіць сябе! «Собака бьющую руку лижет». О, не, не, не, мы — нашчадкі Міколы Гусоўскага [158] , мы — племя Скарыны, браты Кастуся — мы ўжо вам не сабакі!!! Свет перавярнуўся дагары нагамі, усё засланіў сабою, падтрымованы сто мільёнамі штыкоў і аўтаматаў — грузін. Грузія й сяння ганарыцца, як умела адным сваім прадстаўніком вынішчыць мільёны славян. Хахочуць у кулак грузіны й спадзяюцца гэтак жа хітра прадаўжаць надалей. Жудасны забойца вісіць у іхніх харомах як нацыянальны герой. Проста жадаю ім, каб лепшых яны не мелі!
158
Гусоўскі Мікола (1470–80-я — пасля 1533) — беларускі паэт-гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай школы.
Прад вачыма паўзуць манашанькі, як шкілеты, і з прасветленымі цярпеннем вачыма, засуджаныя ўдовы з арлоўскай турмы, не кажучы ўжо аб цярпенні нашых народаў. Строіць свой поспех і благабыт на падобным — гэта зажыва стаць жывёламі, ніколі не дастойнымі звання людзей. Вось цяпер наглядаю, як успрымае гэтае ідалапаклонства сярэднееўрапейскі культурны народ, і з жалем бачу ажыўшыя з каменнага веку пачаткі жывёльнага ў людзях...
Расплываецца цень Масарыка над яго народам, успаміны аб ім, харошым, вандруюць на дно шафаў, як капіталістычны дысананс, небяспека сацыялістычнага новага ладу. Адвечныя славянафілы чэхі дарма шукаюць рысаў славянскага ў вусатым і насатым твары Джугашвілі [159] , крыху крывяцца, але загад ёсць загад, і Прага пад уплывам новых, барадатых, насатых прарокаў ходзіць на галаве. Няўжо і ім Бог адняў начыста розум? Не, гэта не замена багоў, гэта цынічнае ануляванне дасягненняў людскасці за дзве тысячы гадоў прасветленай, хрысціянскае эры.
159
Джугашвілі — сапраўднае прозвішча І. Сталіна.
Я пачынаю крыху разумець, што я нарабіла, запісаўшыся ў Саюз чэшска-амерыканскай дружбы, для мяне, праследаванай,— гэта страшная небяспека, але адначасова для мяне як для чалавека — гэта адзіны крытэрый жыцця, прамень святла ў цьмянай яскіні [160] , дзе мы цяпер апынуліся. Усё грозіць нам згубай, але сумлення свайго, твару свайго чалавечага мы не губляем! Юрачку мы запісалі ў ІМКу, гэта Саюз хрысціянскай моладзі на манер амерыканскай. Разам з Фірлінгеравымі ён едзе на Сазаву [161] ў летні дзіцячы лагер. Гэты лагер, кажуць, найлепшы ў сярэдняй Еўропе.
160
Jaskinia (польск.) — пячора.
161
Сазава — рака ў Чэхіі, прыток Влтавы.
У мужа водпуск, і мы з ім першы раз едзем адпачываць у Шпіндлерув Млын [162] у Судэты. У прыватным доме адпачынку нам няблага, толькі муж не хоча хадзіць, не любіць. Ляжыць на сонейку, выграваецца. А ў гарах хораша, зелена. Пасля Прагі паветра — як найлепшы лек. Кормяць няблага, толькі порцыі мікраскапічныя, і мы даволі галодныя. Які шчаслівы мой муж, а вось я зусім няшчасная, сумую, лекачу ўся, не знаходжу сабе месца. Раптам баюся за Юру, пішу яму на Сазаву поўныя кахання лісты. Перажываю. Чаму? Тут усё нямецкае, але немцаў выгналі, ходзяць адныя толькі старушкі ў чорных хустачках, на іх нельга глядзець — колькі трагічнага болю ў іх тварах... Гэты боль аж крычыць, і я яго адчуваю, бо я так добра ведаю, што гэта боль. А кругом вясёлыя курортнікі, папіваюць «півічко», смяюцца, ходзяць у горы, і рэшта ім усё абыякава. Праўда, яшчэ тут ходзяць хораша апранутыя дамы — чэшкі. Яны наравяць усё трымацца бліжэй да зняволеных калонаў, якія працуюць у лесе, відавочна, жонкі калабарантаў. Калі добры, людскі канвой, дык яны сустрэнуцца, пагавораць...
162
Шпiндлерув Млын — курортны горад у Судэтах, горным масiве на мяжы Чэхіі, Польшчы і Нямеччыны.
Як жаль, што не відно канца лагером і зняволенню, і здаецца, што яно толькі пачынаецца. Мне несказана цяжка. Са сваімі прадчуццямі я толькі пакута, вечна настарожаная бяда майму мужу. Ён сабе ляжыць, чытае, і нічога хімернага, несамавітага яго не мучыць... Нявесела мець паэтку за жонку, недзе думае ён сабе. А я бягу ў касцёл, там правіць ксёндз, яшчэ немец, якога не паспелі прагнаць. Што ж мне рабіць, каб было лягчэй? «Адпраўце мне імшу па памершых»,— прашу ў ксяндза. Гавару яму, хто я й што мне вельмі, вельмі цяжка. У касцёле не так, як у царкве, я стаю, малюся, але мне й пасля імшы не палегчала...
Ідзе экскурсія на Снежку (найвышэйшая там гара, нешта 800 метраў), я ўпрасіла мужа, каб пайшлі й мы. Хораша, так хораша, неба блізка, а калі захмарылася, дык воблакі плывуць пад нагамі, не нагледжуся на прыгаство, скачу лёгка, як каза, я не ведаю змучання, але пачынаецца дождж, мы заходзім у турысцкую хату, перакусваім нешта. За намі ўбягае, засопшыся, тып з партфелем і пытаецца, ці не ўздумаім ісці яшчэ на Снежку? Шпіён, шпік за намі й тут, у гэтых божых гарах, ледзь ужо дыша, няшчасны вырадак, як жаль, што не йдзем на Снежку...
Дамоў у Прагу вяртаемся аўтобусам і пасля цягніком. У аўтобусе як пад стражай проста адчуваецца, як акружылі. У цягніку ўжо вальней. Едзем дамоў, і нам сумна, ужо сцяна дыму й сажы над Прагаю, здаецца, цяжэй стала дыхаць.
Юра вернецца за пару тыдняў. Ад’язджаючы, мы былі ў яго на Сазаве, вазіў нас на лодцы, частаваў абедам. Былі мы з другімі бацькамі й ля іхняга круга, дзе пяюць і чытаюць малітву. Хлопчык тут чуецца добра, а з нас такі рады, такі рады. Нешта трэба напісаць яму, галоўка не працуе на такой цудоўнай рэчачцы, просіць, каб я яму крыху дапамагла. Сам ён зробіць лепей, калі захоча, але я крыху памагаю. Маці.
Едзем, і я аб ім думаю, так ужо хочацца пабачыць сыночка. За гэтыя тры нядзелі столькі пошты! Назаўтра бяруся за парадкі. Столькі прыгожых рэчаў мне купіў муж, калі мы ад’язджалі: новы нэсэсэр, туфелькі адныя, другія, шорты. Усе гэта складаю на месца. Выціраю сцены, вытрасаю дываны, драткую паркет, мыю, шарую, прасую цэлы дзень, да чацвёртай гадзіны ўначы, каб ужо ўсё гэта кончыць. Праца адганяе трывогу.
Назаўтра доўга спімо, мужу яшчэ цераз дзень на працу. На падлогу падае пошта, бягу, бяру лісты, і сярод іх адзін, гляджу, з Польшчы, ад мае сястроначкі Люсі. Заміраю: чаму ж не ад мамы, баюся адкрыць ліста... Божа мой, даю яго мужу... Муж адчыняе ліста, чытае, маўчыць, збялеў нейк... Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме [163] , Расціслаў загінуў у арміі Касцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі... Ногі мае з ваты, і свет кружыцца, кружыцца... Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама... О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой... Аркадзічак, тата... Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда... Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця маё адзінае, ратуй майго мужа... Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла.
163
Тата загінуў у гродзенскай турме...– бацька паэткі Антон Міклашэвіч быў асуджаны на пяць гадоў лагеру і вывезены на ўсход Расіі.
Толькі цераз пару дзён пайшла старацца, каб мне дазволілі паслаць пасылку ў Польшчу, апрануць няшчасных, Люсі паслаць лекі, бо хварэла на бруцэлёз, якім заразілася ад гавец у Казахстане...
Трэба было паехаць і паглядзець, ці жывы Юра? Ноччу мне прыснілася, каб не наракала, што можа быць яшчэ горай, яшчэ страшней. Смерць і гора абступілі мяне з усіх бакоў, надыходзіў нейкі абсалютны канец, трагічнае завяршэнне цярпення. Што ж, у гэты час муж мой меў ненармальную жонку. Здаецца, ніхто з людзей не меў такога жудаснага болю, як я... Сёстрам я ўсё паслала сваё, і людзі мне памагалі. Адзела іх усіх, пааддавала ўсё, што мела. Люсенька была шчаслівай. Памаглі ім і мае сябры ў Польшчы, далі ім кватэру ў Вроцлаве, далі працу. Цяпер яны маглі жыць.