Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
А тым часам я села на прыкаваны столачак і пачала думаць пра мужа. Аб сыну мы стараліся не гаварыць і не думаць, гэта балела нястрымана, амаль фізічна, і рвала нервы. Па дарозе з Баранавічаў у Менск перакідаў, на гэты раз ужо беларускі канвой, мужавы рэчы. Я толькі чула са свае клеткі, як муж прасіўся ў яго: «Бярэце што хочаце, толькі пакіньце мне мае кніжкі, яны ж медыцынскія, прашу вас, пакіньце, пакіньце...». Мне стала сорамна за мужа, што так ён уніжаецца дзеля кніжак. Я не ведаю, ці той канвой кніжкі пакінуў, але ведаю толькі, што забраў яму і свэтар, і нагавіцы найлепшыя, і наагул забраў, што хацеў...
Мяне палохалі бандыцтва й самаволя. Яшчэ ў тую ноч увялі мяне ў камеру на нізе вязніцы. Было там некалькі жанчын, і адна з іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад’есці. Я заўважыла, што пагана бачу. Акрамя Жэні былі ў камеры нейкая Нэла з Менску, Надзя Еўтухова з Полацку й старэнькая бібліятэкарша з Менску, якая вельмі бедавала па пакінутых удома адзінокіх кошках... У камеры было чыста, і да мяне былі ўсе ветлівыя.
Пачаліся дапросы. Следавацель мой, нехта Коган, яўрэй, быў хітры чакіст. Ён не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасці савецкага следства, а побач разлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў. Аднойчы прыйшоў на дапрос нейкі шустры чалавек у цывільным, які вельмі выпытваўся ў мяне пра Астроўскага. Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага? Астроўскага я ведала мала, безумоўна, не ідэалізавала яго й сказала дзядзьку таму, што аб ім думала. Допыты-агітацыя працягваліся. Погляды мае на палітычныя справы, дастаткова ўмацаваныя дэмакрацыяй Захаду, аналізам гітлераўскай дыктатуры і іншых крывава-таталітарных рэжымаў, былі дастаткова пэўнымі, мой следавацель не мог даць са мною рады. Раз прыйшлі на допыт нейкія ваенныя, відно, высокай рангі, хоць я на гэтым мала разумеюся. Яны сказалі мне, што я не любіла нацысцкіх кіраўнікоў, як я адношуся да савецкіх? Я адказала, што «непрыемлімыя». — «Чаму?» — «Негуманныя!» — «Як негуманныя, мы простыні ў цюрмах даем!» — «Так, — кажу, — і 10, і 15, і 25 гадоў пакарання сваёй моладзьі, забіраеце ёй усю магчымасць людскога жыцця й шчасця». Яны болей нічога не пыталіся. Выйшлі. Раз уварваўся да таго следавацеля нейкі малады ваенны, які сказаў, што на Захадзе друкуюць мяне, памятаюць. Кажу: «Перапячатваюць, пэўна». Калі следавацель пісаў пратакол і не хацеў згаджацца з тым, што я гаварыла, я звычайна казала: «Пішэце, што хочаце, вашага права не лічу правам, а вас — юрыстам у даслоўным значэнні гэтага слова».
Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, дзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, дый Коган паказаў мне раз архіў Камітэту, які яшчэ ў 1942 годзе «згінуў» з кватэры Ермачэнкі. Тут я здзівілася! Выслухаўшы пра тэлеграму Гітлеру, Коган сказаў мне, што Ермачэнка за прозвішча Геніюш у той тэлеграме дастаў вялікія грошы! Ён хахатаў, гаварыў, што Ермачэнка ўжо ад 1921 года служыў у нямецкай разведцы, але ў мяне паявілася ўражанне, што ён служыў і ў савецкай... Тэлеграму ж тую падаў Гітлеру ён сам, падпісаўшы прозвішчам мужа, бо яго нечакана, як толькі ўвайшоў, зрабілі старшынёй таго сходу, на якім і зачытаў Ермачэнка тую тэлеграму. Тэлеграмы ніхто з беларусоў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капіроўку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі й не былі на тым сходзе! Мне стала да абрыдлівасці гадка. Такая дзяржава й трымаецца на лжы, на ашуканстве, на падробленых дакументах, гадка! У час найстрашнейшай небяспекі, апутаныя нацысцкай хітрасцю, усё ж людзі адважыліся не падпісаць тое тэлеграмы, а тут «падпісваюць» за іх праз капіроўку, ануліруючы ўсё захаванае ў цяжкі час чалавечае ў людзях! Не, горай, падлей за самае нізкае... Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ёю выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую падробленую подпісь пад той тэлеграмай...
Часам Коган гаварыў аб сабе, аб тым, што яго бацькі, бедныя яўрэі, далі асвету ўсім сваім сынам і яму ў тым ліку. Казаў, якія яны чэсныя й харошыя людзі. А то часам шкадаваў, што не было мяне вайною ў Беларусі, за што мяне трэба судзіць, бо я прынесла б многа карысці ў змаганні з фашызмам, і г.д. Я слухала. Калі ж ён пачынаў крытыкаваць рэлігію, я проста радзіла яму кінуць гэтую безнадзейную справу, матывуючы тым, што было шмат разумнейшых за яго суб’ектаў, якія вось ужо амаль 2000 лет змагаюцца з гэтым і гінуць, як жамера ўбогая, а рэлігія, вера хрысціянская мацнее, пашыраецца й ратуе народы! Тады ён фыркаў і казаў, што яго старыя бацькі толькі вераць. «Ну бачыце, — кажу, — вы ж іх нядаўна хвалілі, што ўмелі добра выхаваць сыноў, дык, знача, рэлігія іх зрабіла такімі!» Ён не меў ужо чаго казаць. Аднойчы казаў, што мой муж у Слоніме меў нейкія прыяцёлкі і г. д. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога не меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасце, ніякі не манах!»
Аднойчы завалок мяне сярод ночы той Коган да намесніка міністра МГБ нейкага Новіка. Той гутарыў па-беларуску і ўсё аб тым, як некалі Адамовіч напісаў на мяне, на мой зборнік «Ад родных ніў» паганую крытыку. Крытыка не была паганай, але гэта было адзінае высказанне маіх братоў, дзе яны мяне не хвалілі, вось за гэта аберуч і ўчапіўся той Новік. Я й гэта выслухала, але метады вялікай і дробнай подласці рабіліся мне штораз больш агіднымі. Я пазнавала савецкую сістэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут велікадушнага й чалавечага не было. З волі прыходзілі яшчэ арыштаваныя, яны расказвалі, як бядуе народ, як ставяцца для супрацоўнікаў МГБ новыя будынкі, па-сталінску ўпрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх берыяў [182] . У першую чаргу для іх, з усімі выгодамі, а людзі амаль у зямлянках, ніякай літасці над імі — тут такое слова не ўжываецца, паняцце такое — яно «буржуазнае». Культ Сталіна, культ начальства — нізкарабскія астаткі арды. «Ничего нет незаменимого» — савецкі дэвіз. Знача: можна замяніць паэта трактарыстам, родную маці — ліхой надзоркай у дзіцячых калоніях, замучанага бацьку — «отцом народов» і забойцаю № 1 — Сталіным. Жыццё ў штучнай каляіне, людзі, дэзарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі... Прагрэс — гэта мудрасць. Нехта сказаў, што гэта не робяць вучоныя, бо вучоныя эксперыментуюць на сабаках. Саветы — на людзях.
182
Берыя Лаўрэнцій Паўлавіч (1899–1953) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, адзін з галоўных арганізатараў і кіраўнікоў палітычных рэпрэсій у СССР у 1930–1950-я гг.
Я ўжо амаль год у вязніцы. Са мною аб ні чым не маглі дагаварыцца на свой манер. Мне мяняюць следавацеля-яўрэя Когана на яўрэя з нейкім украінскім прозвішчам і пераводзяць у адзіночку, у прыбудоўку, дзе на вакно часам прылятае пташачка. Мне лепш, у маіх думках усе мае сваякі, усе сябры мае. Пасля кідаюць мяне ў другую адзіночку, дзе ў вельмі цеснай камеры сядзіць ужо страшнае стварэнне. Калі я ўвайшла туды, стварэнне прынялося плакаць, што баіцца мяне, што не давярае мне і г.д. Гляджу з палітаваннем [183] на прышчаты твар і кажу, што не з маім імем і не ў мае годы падобнае чуць! Дзяўчына мне выразна не падабаецца. Не ведаючы паганага ў жыцці, я не магу дадумацца, што гэта т.зв. штатная наседка, якой менавіта надыктавалі следчыя такі прыём. Сядзіць яна, быццам за СБМ, следства яе зацягнулася, бо недзе на Енісей паслалі паперы для дапаўніцельных сведкаў. Яе выклікаюць да следчага, усміхаецца нейк невыразна і іранічна на мяне паглядае. Набліжаецца вечар, ноч, а пасцель адна. Усяе камеры — толькі яе ложак жалезны й сцежка ля сцяны. Ля дзвярэй каларыфер, у другім кутку тумбачка. Кажу: «А дзе ж гэта я буду спаць?» — «Следавацель казаў — пад ложкам»,— адказвае мне тая прышчатая Нэла Гардзей, і твар яе абрузглы крывіцца садызмам. Нанач надзор адчыняе дзверы і ўсоўвае нары, якія трэба класці адным канцом на тумбачку, другім на каларыфер. Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзьія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе. Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафесарам. Маці яе быццам прыбіральшчыца ў нейкім урадзе. Ёсць брат і ёсць Сенька — яе ўхажор, і ёсць Ліля Спорык — яе сяброўка. За Сеньку яна дрыжыць, каб не разлюбіў... Вучыцца яна ў інстытуце на факультэце замежных моваў, на англійскім. Ізноў пачынае пра Заходнюю Беларусь. Я слухаю, маўчу. Дні бягуць. Нам далі даміно, і мы гуляем у яго. Мне ўсё тут чужое й дзікае. Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль [184] , а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасць у гэтай нары на злосць ім усім, усёй гэтай бесчалавечнай сістэме! Мяне выклікае следавацель й кажа: «Памыляецца той, хто чакае вайны» і г.д.
183
Палітаванне (польск. politowanie) — спачуванне, жаль.
184
Чэрчыль Уінстан Леанард Спенсер (1874–1965) — ангельскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1940–1945 і 1951–1954 гг.
«Ага, — думаю, — дык вось ты хто, прышчатая бестыя...» — «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — кажа следавацель. — И товарищ Сталин не скоро умрет», — кажа ён. Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей...
Нэлку ад мяне забіраюць, і я тры тыдні сяджу сама. Мне стала лепш, знача, адзіночка — адпачынак. Пасля суда я даведалася ў камеры асуджаных, што тая Нэлка не адну ўжо ахвяру мела на сумленні. Яна была асуджаная на тры гады за «разглашение государственной тайны» й выслужвалася цяпер падобным спосабам. А «тайна» гэта, калі ёй далі заданне сачыць і даносіць усё на Лілю Спорык, якая жыла ў іх, дык яна быццам сказала аб гэтым той Лілі, і яны абедзьве разам тыя даносы фабрыкавалі, у чым пасля Ліля некаму прызналася. Усё гэта мне сказалі дзяўчаты.
Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць не мог аб нейкім прыбліжэнні да мяне ці да майго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязніцы й здзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, дзе прысутнічаў пры нашым купанні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі... Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з майго зняволенага становішча. Гэта было жудасна... Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ [185] павіс над нашай сям’ёй, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязніцы сказаў мне збірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызверыўся, што не будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да смерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»...
185
ІТЛ (исправительно-трудовой лагерь) — выпраўленча-працоўны лагер.
Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, дзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы следавацель пачаў часцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезлі з лагероў, здаецца, спецыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага здзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад следавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сляды, г.зн. жудасны слоўнік і адсутнасць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на смярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае... Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязніцы. Ніхто яго прозвішча не ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне не глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым не можа памагчы... Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ён гэта травіў мяне цераз ежу.
Ноччу ў камерах гарэў заўсёды свет. Свяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі не хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыццё й прагнуць выжыць. Начамі часта разлягаліся крыкі: «Пашто б’еш мяне?» Некага мучылі ўсё, некага білі, было нейк жудасна.
Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далёка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсці. Пасля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сцяны й так трэснуў маім лобам у сцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасля валок мяне далей, далей... Нарэшце завёў у кабінет Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінеце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косці, крыху мужнасці ў сэрцы й рэшта — злосць. Цанава запытаў мае персаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я не скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трёх принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранiчна, можа, перакласці. «Не, не трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэшскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэце па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не смяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я не ведаю, дзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны генацвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Без волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы её испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне следавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам следственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ не вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцця не вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю смерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я не ведала, што йсці на смерць за Радзіму не страшна, а лёгка, весела, амаль святочна. Усё было пры мне, г.зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? І Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі не страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на «Г»?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет майго другога следавацеля, дзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-следавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяння пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, следавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцця. На стале ляжала прэс-пап’е, дык я, не хочучы, падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэс-пап’е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасля асцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцці болей не было мовы.
Ува мне застаўся ранейшы дух адчайнай бадзёрасці. Здавалася мне, што я трапіла ў нейкі заапарк між дзікага звяр’я, дзе трэба выжыць і захаваць чалавечы воблік і лепш памерці, чымсьці гэты чалавечы воблік страціць... Мяне доўга не выклікалі. У камеры гулялі мы ў даміно. Я слухала апавяданні тых, якія сядзелі са мною, ім падабаўся Захад. Хто быў там нават у цяжкія часы вайны, лічыў, што жыццё там куды цікавейшае. Мяне яны проста лічылі шчаслівай, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы што, бедавалі ды працавалі». Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасць жыцця й яго цікавасць, у маім паняцці, не вымяраліся гэтым. Гэта былі нездаровыя людзі, прагныя жыцця й яго радасцяў за ўсялякую цану й за цану сумлення. Вышэйшых праўдаў і глыбейшых прычынаў існавання яны не ведалі. Гэтае толькі ведалі ўкраінскія сялянкі з перасылкі ў Львове, і я моцна засумавала па іх... Мне было халадно, і я папрасіла са сваіх рэчаў нейкую драбніцу. На гэта трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязніцы й даць яе праз кармушку. Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё здзіўленне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэшску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску... Знача, беларускую мову палічылі ў Беларусі чэшскай! Ого, такога я не спадзявалася нават ад бальшавікоў! «О, мая Беларусь», — застагнала я шчыра...