ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Янка вельмі спалохаўся. Я падала абед і запрасіла сцерву, як звычайна. Толькі на гэты раз не было ў нас за сталом харошага Пётры. Не раз мы ўсе разам палуднавалі й рознае планавалі за гэтым сталом. Сядзіць дзяўчына, якой я так хацела дапамагчы, чым толькі магла. Яна нічога браць не хацела, а я ёй, «беларусачцы беднай», то панчошкі, якіх нідзе няма пасля вайны, то грошы. Папяросы толькі яна брала ахвотна й курыла, як той комін.

Раптам дзяўчына ўстае й кажа: «Не палохайцеся, гэта я пасланая, каб вас выкрасці, мяне на гэта школілі. Ужо тры тыдні мы стараемся, каб чэхі выдалі вас, але яны не хочуць гэтага зрабіць ні за што. Усіх выдалі, а вас выдаць проста не жадаюць, і нам трэба вас схапіць і ўкрасці. А цяпер пытайцеся пра сваіх знаёмых на Беларусі й вам усё скажу». Я толькі папыталася пра Пётру, і яна сказала мне, што яго не выратуе, бо ён быў у Саюзе Беларускай Моладзі [153] . Я яшчэ раз папрасіла ратаваць Пётру — дарма. Я анямела з болю й агіды да гэтай шпіёнкі, якая ўлезла пад выглядам «няшчаснай зямлячкі» ў нашую хату й вось чаго начаўпла.

153

Саюз беларускай моладзі (СБМ) — моладзевая антысавецкая грамадская арганізацыя на Беларусі (1943–1945), падпарадкоўвалася БЦР.

Сябры мне многа пазней сказалі, што ў зняволенні бачылі ў прыбіральні напісанае прозвішча Пётры й крыж ля прозвішча, знача, яго забілі...

Я нічога не пыталася ў сцервы, я не магла глядзець у яе бок і толькі чакала, калі гэты смурод выйдзе з хаты. Яна ж, відно, хацела нам дабра, можа, за тое маё збалелае за Беларусь сэрца, а я яе зненавідзела, як гіену. Я не магла зразумець, як можна лапаць, выкрадаць няшчасных, якія ўставалі з векавое няволі й як маглі стараліся падняць, усвядоміць народ. Усе прадажныя перакідаліся з лагеру ў лагер, выплывалі пры любых абставінах, як нечысць, на паверхню, а вось ідэйны, найлепшы наш элемент гінуў.

Я разумела бальшавікоў — яны заплацілі велькімі ахвярамі сваю перамогу, але іх перамога — гэта не нашая перамога, бо мэта іх — вынішчыць нас і асіміляваць, што ж даказалі яны за ўвесьь перыяд свайго існавання. Яны ж не могуць жыць з народамі, як брат з братам, як роўны з роўным, але, як той фюрэр нямецкі, гатовыя перарабіць сілаю на свой маскоўскі лад увесььь свет, не думаючы аб тым, якія вартасці нішчаць... Страшнымі цяпер мне зрабіліся і ўсе тыя харошыя хворыя байцы, якія выжылі з цяжкіх баёў і сапраўды жадалі людзям дабра. «Не вяртайцеся, не вяртайцеся дамоў, вам няма там чаго рабіць...» — іхнія словы.

Цяпер я іх баялася ўсіх, не магла іх ні бачыць, ні чуць. Не адчыняла ім ніколі дзвярэй больш. Іх недзе перавялі за Прагу з іх штабамі, і чэхі вельмі сардэчна з імі развітваліся, хоць многае ім не падабалася. Замест гэтых шэрых скромных герояў з крывавых баёў паявіліся цяпер тылавыя «ваякі» ад МВД, і яны ўжо анулявалі тое добрае й шляхотнае, што было ў франтавікоў. Нельга было цяпер выдаваць нашых, пройдзе час, стрэцца розніца, болей зразумеюць адныя другіх, тады...

Пераважна гэта адносілася да беларусаў-заходнікаў, якія не мелі абавязкаў да савецкай дзяржавы, бо не жылі амаль пад ёю, і нічога пакуль што яна ім не дала, нават КПЗБ не прызнала, а хацела ад нас усяго! Усяго безапеляцыйна! Яшчэ на Беларусі чуліся крыкі раскулачаных на смерць і вывожаных з хатаў у пустэчы, якімі надзяліў лёс гэтую дзяржаву на пакуту ўсім людзям. Я хадзіла як учадзеўшы — свой боль і боль за харошага беларуса Пётру...

Як тут выкруціцца, як ратаваць сям’ю? Аб сабе я не думала. Вось трэба было плаціць, сурова плаціць за асліную ўпартасць свайго «сацыяліста». Праўда, уцякаць з немцамі, не маючы з імі нічога супольнага, лагічна, не было пашто, але якая ў Сталіна логіка, калі ад яго капрызаў гінулі мільёны людзей... Такі ўжо лёс, і сапраўды з пагранічнага Вімпэрку, як мы, — трапіць проста на канец свету ў Комі, дык гэта трэба мець сапраўды беларускую долю... I вось я ведаю прыблізна, калі па нас прыйдуць, і ведаю тое, што чэхі не хочуць нас выдаць, і ведаю, што не маюць права ламаць нам дзвярэй... Ведаю многа, але як ратавацца — засталося два дні... Паганая «панская» натура, не можам недзе схавацца ў чэхаў з той няшчаснай прычыны, каб не зрабіць ім зла, бяды, якога «Сібіру» на іх не прыклікаць. Гэта з нас можна дзерці скуру, але мы нікога яшчэ нічым не скрыўдзілі, мае рукі на тое, каб памагаць людзям, і вось мы як дурні, і што нам самотным рабіць? Бог і мы, вера толькі на Бога продкаў маіх.

Мой «атэіст» разгубіўся не на жарты. Я хоць маю Бога, а ён сваю логіку, якая трашчыць. Быў у мужа адзін харошы пацыент, якому ў свой час многа зрабілася, пан Дворжак, быў ён загадчыкам нейкага спартыўнага клуба. Пайшлі мы ўтраіх да яго, каб ён нас нейк пераправіў у Пльзень, дзе былі гуманныя, разумныя амерыканцы, якія калі й саджалі людзей, дык не са здзеку, але вінаватых сапраўды. Такое мы чулі праз іх, а ў нас жа віны ніякае! Сняцца мне тыя амерыканцы начамі як адзіны ратунак нашай няшчаснай сямейкі.

Вось мы і ў пана Дворжака. Дзянёк позні, летні, сонечны-сонечны. Ходзяць сабе людзі, шчаслівыя людзі, ах, якія ж шчаслівыя — іх заўтра не будуць красці... Пан Дворжак не можа нам памагчы, ён захварэў, выйшаў да нас і так сказаў, што не можа. Не мог сапраўды, цераз два тыдні памёр на аперацыйным стале ад раку мачавога пухіра... Што ж, бліжыцца нейкая непазбежнасць... Мне прыпомніўся верш мой адзін з апошніх: «Дай адкупіць мне цярпеннем паэта долю і волю, і шчасце народу...»

У нас яшчэ ёсць добры чалавек пан Чада, ён чэх. Хочацца выратаваць хоць Янку. Звонім яму ад пана Дворжака, і Янка едзе да яго. На трамвай сядае ля скверу. Я з жудасцю бачу яўрэя Вольфсана, якога мы выратавалі ў часе вайны. Ён з-за дрэва сочыць за намі... Божа мой, а нас жа маглі з-за яго парасстрэльваць... Ну й свет, ну й людзі ў гэтым «сацыялістычным свеце»... Дамоў ідзем з Юраю, ён — мая сіла. Добра, што хоць Янка ў бяспецы, удар будзе па нас дваіх, і мы вытрымаім! Бог з намі. Я збіраю ўсе мае сілы, і ўсю маю веру, і ўсю маю любоў да майго народу — я вытрымаю! Сын, маё хлапчанё, пры мне, і ён усё дасканала разумее. Праўда, ён нейк нам сказаў, што хто быў на версе, той цяпер на нізе й наадварот і як добра, што мы былі й засталіся пасярэдзіне. Цяпер мы выходзім з усіх гэтых рамак, нас узялі на мушку.

Вось мы з сынам у хаце, звоніць тэлефон, то чэх адзін пытаецца, ці мы ўдома... Знача, яшчэ адна загадка раскрываецца. Гэты чэх убіўся нейк у наш дом вайною, каб мы памаглі яму ў складанні нейкага агульнаславянскага слоўніка. Некалі ён быў консулам у Югаславіі, так, прынамсі, нам рэкамендаваўся. А мы, дурні (я, я), яшчэ кармілі гада ў цяжкі ваенны час... Чорт вас бяры са шпіёнамі, плюю на вас!

Нас з сыночкам чакае бой, добра, што хоць муж у бяспецы. Калі мяне злапалі на могілках, я з адчаю напісала ліста прэзідэнту Бэнэшу, каб ён мяне ратаваў, бо ж і я ад яго ў свой час не адраклася. Так непрыстойна пісаць свае «заслугі», але што рабіць, калі трэба ратаваць сям’ю. Думаю аб гэтым цяпер.

Мы з сынам дваіх у маёй пасцелі чытаем Евангелле па-беларуску, молімся горача Богу. Двое няшчасных супраць сталінскага заядлага апарату, двое самотных беларусаў — Божа, Божа, ратуй нас. Так мы й паснулі, пагасіўшы свет.

Разбудзіў мяне бесперапынны званок і трэск дзвярэй у сенях. Што робіцца, казалі ж, што дзвярэй не ламацімуць! Выходжу, а там голас за дзвярыма: «Мамачка, пусці мяне, гэта я, твой Янка, я хачу быць разам з вамі, ці ўжо жыць, ці ўмерці...» Адчыняю дзверы, пан Чада прывёў майго «галубочка» на маё гора... Мне ж самой было б спакайней. Ну й лёс... Хутка паслала яму пасцель і падумала сабе, што ўсё ж ён шляхотнейшы, чымсьці я сабе думала...

У нас былі прыгатаваныя тры ўколы, калі б нас бралі на здзекі, адныя ці другія — дык мы пастанавілі лепш траім памерці. Уколы ляжалі яшчэ з вайны.

У хаце ў мяне ўсё больш-менш ёсць, нават сухая бульба. Ходзім па хаце на цыпачках, як духі, больш ляжымо. Панядзелак. Калі ж ужо будуць нас красці? Вокны завешаныя, і ніхто не ведае, што мы ўдома. Ведае толькі той пан Зіка, быўшы югаслаўскі консул, пацук аблезлы, каб ён скруціўся да раніцы... Дзень прайшоў сяк-так. Хлопцаў сваіх я накарміла. Гаворым мы мала, болей думаім. Я яшчэ не чытала «Графа Монтэ-Крыста» Дзюма [154] , вось цяпер пачала чытаць. А няхай яго, ну й літаратура мне трапіла на гэты час... Што ж, і мы тут як на тым востраве Іф [155] ...

154

Дзюма Аляксандр (Дзюма-бацька; 1802–1870) — французскі пісьменнік.

155

Мы тут як на тым востраве Іф…– на востраве Іф у Міжземным моры (паблізу Марселя) была турма для асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў.

Я хварэла ўвесьь час на язву страўніка, і ад такога перажывання вельмі пачало мне балець пад ложачкай. Звычайна сода мне памагала. Было ўжо надвечар, ціха кругом. Я ўстала босая, з распушчанымі косамі да пояса, у доўгім, да зямлі, халаце, узяла шкляначку тонкую венскую й замяшала ложачкаю соду, каб выпіць, як раптам пачаў званіць званок, але так званіць, што я не выпіла той соды і, трымаючы ложачку рукою ў шклянцы, каб не бразнула крый Божа, падышла да дзвярэй і падперла іх моцна плячом. За дзвярыма гутарка, як на кірмашы, а я стаю, не баюся, вось толькі каб тая ложачка не бразнула. Мне здаецца, я лекачу. Не, няхай яны не ведаюць, што мы ўдома... Галосны наш званок грыміць, не перастае. Цямнее. Я на цыпачках іду на сваё ложка. Муж ляжыць, як нежывы, маўчыць, бо й што скажаш? Мераю вокам адлегласць да вакна. Затрашчаць дзверы, дык выскачу галавою ўніз, я ведаю, што я ім патрэбная, як і ўся мая кулацкая сямейка. Не, я жывая не дамся! Званок звоніць і звоніць, і звоніць да першае гадзіны ўначы. Пасля мы паснулі.

Поделиться с друзьями: