Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагедыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сціхалі гучэць да раніцы. Савецкія следавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праязджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэннях. Месяцамі без мыцця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.
На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была нялёгкай, пераважна нешта мыць пасля рамонту ці бялення, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зняволенай абслугай гэтай патайной вязніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зверх свае працы. Быў там у абслузе й зняволены малады лекар. Ён звярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скроз слёзы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё здзіўленне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасць, што памагчы зняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінет, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.
Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакарання, якое ў параўнанні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР» [179] , г.зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, дзе акрамя цяжкай працы й зверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават смелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсці на ўсе подласці толькі дзеля захавання жыцця. Толькі адна Ліза не ведала меры свае нянавісці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.
179
Made in USSR (англ.) — зроблена ў СССР.
Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязніцу, дзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з восьтра зарысованай нянавісцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, не ведаю, з якіх меркаванняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісць была маёй нянавісцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасля трох дзён прабывання там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла майго мужа — быў худы да немагчымасці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесьь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. І вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынеслі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амерыцы. Яна, як і Евангелле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасля нашага вяселля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынеслі мне тую Біблію яшчэ ў вязніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз слёзы тую Біблію і ўсё думала, ці не выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амерыканцы й ці не разнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амерыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.
Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і не ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усё ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азвярэла, але кніжку, як я пасля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.
Нас размяшчалі на грузавых машынах і ўсё стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сімпатычны грэк, стаяў, бедны, у чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.
Павезлі нас за Вену, дзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзьячы на цягнік, як іронію дасягненняў людскасці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзці. Паабдзіралі мы і адзенне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсё. Для нас, еўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзьячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх [180] кансерваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь не рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чэкістых, паджарых, з хітрымі, свідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і здзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязлі «да мядзведзяў». Ад’язджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдскі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця самое ў шырокім без літасным свеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’язджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана не так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганні, каб маральна й фізічна знішчыць няшчаснага хлопца.
180
Такрошні — леташні.
З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасцю адварочвалася ад Элё Вінклер і нейкай Геры, якую ўсё пашчыпваў той «доктар», а ёй гэта падабалася.
У Мадзяршчыне доўга стаяў цягнік, і калі я падняла свой заплаканы твар, дык сустрэлася з поглядам такім спагадлівым, такім чалавечым нейкага мадзярскага чыгуначніка, што сэрца маё акрэпла.
Элё Вінклер голасна марыла аб тым, што ў Саветах прыгожыя футры, і яна вернецца дамоў у такім менавіта, ды яшчэ выйдзе замуж за шпіёна, якіх тут у цягніку поўна, кіне свайго старога шпіёна, які тут разам з ёю, бо ён скампраметаваўся і ў Амерыку яго не пусцяць. А фрау Фіні малілася святому Штэпану, праз край якога нас вязлі, і аж скрыгатала зубамі з гора.
Так нас прывезлі ў Львоў. Цягнік спыніўся, і нас пачалі выгружаць з вагонаў. Дзіву я дзівілася: колькі людзей! Каля гары выгружанай чырвонай плюшавай мэблі — «германскага трафея» — стаяў тоўсты савецкі генерал, увесььь у медалях, і тоўстае бруха аж вырысоўвалася боханам з-пад гімнасцёркі, а побач гналі худога страшнога генерала-немца, які, відно, нямала прабыў у падзямеллі той страшнай вілы й цяпер, пад сытым і наглым поглядам «пераможцы», плёўся, як цень, апіраючыся на рукі сваіх землякоў. Такі ўжо лёс пакананых... Нарэшце я ўбачыла майго мужа, па чале й па твару сплывалі яму ручайкі крыві. Ішоў, як Хрыстос, бледны й акрываўлены, побач шчэрылі зубы савецкія азвярэлыя аўчаркі, якімі нас адразу сустракала «отечество».
Завялі нас у вялізны хлеў, дзе сарціравалі нас і раздзялялі. Там упершыню я ўбачыла кучу зняволеных дзяцей, такіх жа бледных і страшных, як мы, і болей, болей няшчасных, бо дзеці.
Нарэшце нас пусцілі ў зону лагеру. Мы былі на Украіне, і гэта адчувалася. Украіна засяляла тады лагеры. Спачатку пераглядалі мужчын. Калі прыйшла чарга на нас, я ўбачыла на зямлі параскіданыя парваныя паперкі, такія знаёмыя. Я падняла іх, і аказалася, што гэта былі лісты Юрачкі, нашага сына, якія вось адабралі мужу й кінулі тут па кусочку. На гэты раз я сваю чэшскую Біблію схавала пад пальто, якое спецыяльна адзела, хоць было горача, схавала й сынавы лісты, так усё пакуль што абараніла. Скрыўлены чакіст, які шманаў нас, толькі вырачыў на мяне вочы, а мужу забраў і пяро, і гадзіннік, і другія драбніцы. Лекар-украінец, відно, са зняволеных, праверыў нам вочы й рукі, і нейкая неймаверна нафуфыраная, брыдкая, як ноч, медсястра-расейка пашукала нам у галаве бруду. А пасля мы апынуліся сярод гушчы людзей на панадворку, якім «родзіна» выдавала па місцы нейкай капусты, варанай на смярдзячых рыбіных касцёх. Міскі пераходзілі з рук у рукі, а мы з мужам глядзелі на сябе й думалі, што будзе далей. Нехта прадаваў папяросы па сто штук у пачцы за рэчы. Мае рэчы былі пры мне, і я давай мяняць спадніцы на папяросы. Набеглі людзі, усе просяць закурыць, так і аддалі мы ім тую сотню, а мужу я выменяла другую сотню. Да нас усё падыходзіў, хвалячы савецкі суп, нейкі мажны немец у амерыканскай куртцы на кажуху й ва ўсім, праўда, добра зашмальцаваным, але амерыканскім адзенні. Быў гэта муж Элё Вінклер. Аказалася, што гэтае супружжа, прафесiйныя шпіёны, прадалі саветам шмат аўстрыйцаў, у тым ліку і Янайкі з Джэняй. Грэкі вучыліся ў Вене і, відно, у цяжкія часы крыху зараблялі спекуляцыяй. Так з імі й зышліся тыя Вінклеры. Аднойчы яны запрасілі бедных грэкаў на вячэру, абяцаючы ім знамянітую нямецкую патраву — печаную гуску. Пасля вайны на такую роскаш не пабаяліся грэкі паехаць нат у савецкую зону Вены. Быў дождж, расказвала мне пасля Джэні, Янайка ўзяў вялікі парасон, каб нічога не сталася галубому плашчыку й такому ж капялюшыку Джэні. Вылезлі яны з трамвая, ля дому спаткаў іх сам Вінклер, весела й сардэчна з імі прывітаўся і, пакуль цалаваў з абедзьвюх старон пахучую ручку Джэні, пад’ехаў паціху савецкі «чорны воран», пахваталі абаіх, і замест смачнай «ганс» яны, напэўна, і камсы не змаглі есці той ноччу. Янайкі за нешта там далі 15 гадоў, а зусім ужо невіноўнай Джэні 7 гадоў — найніжэйшую кару толькі для невінаватых са сталінскага кодэкса тых часоў.
Ужо быў асенні месячны вечар, а мы ўсё сядзелі з мужам, трымаючыся за рукі. Ля нас нейкі ўкраінец, якому далі 25 гадоў за тое, што яго жонка-чэшка, перасяляючыся з Украіны, перавезла і яго ў мяшку з сечкай. Кожны меў сваё гора. Мы перажывалі найболей за тое, што чалавек, якому мы даверылі нашага сына, аддаў яго маім сёстрам, якія вярнуліся з высылкі й жылі ў Вроцлаве. Былі гэта ненадзейныя, слабавольныя дзяўчаты, і мы ведалі, што сыну не здабраваць.
У нас з мужам фактычна не было ніякай віны. Былі мы членамі Беларускага камітэту самапомачы, але мы, як людзі без грамадзянства, мусялі быць зарэгістраваныя недзе, і якая розніца — ці ў расейскім «фэртраўэнштэле» [181] , ці ў Беларускім камітэце? Усе чужынцы, ад яўрэяў пачынаючы, былі ў немцаў пад асабліва строгім надзорам, а я, як паэтка, дык асабліва. На ўсход быў муж высланы не па ўласнай волі, а па чэшскай мабілізацыі, ды прытым яго выгналі з Беларусі, забараніўшы яму там нават практыку. Каб зберагчы мужавы нервы й сілы, я парадзіла яму зусім не прызнавацца да таго Камітэту. Няхай уся бяда ўжо будзе на мне, бо ж я была скарбнікам Камітэту. Так мы й пастанавілі. Мы былі яшчэ не асуджаныя, чакала нас следства.
181
Vertrauensstellung (ням.) — адказная пасада.
Познім вечарам і да нас дайшла чарга здаваць свае рэчы і йсці ў жаночыя баракі. Мы развіталіся з мужам. Заплакалі. Пасля нас, жанчын, павялі ў баню. А быў там толькі душ. Ваду пушчаў нейкі яўрэй. Уся амаль адміністрацыя таго лагеру й тут была з яўрэяў. Трудна толькі было разабрацца, хто з іх вольны, а хто зняволены. Вось той яўрэй як пачаў лаяць немкаў ды з помсты за ўсе Асвенцімы як пачаў пускаць на нас то гарачую, то халодную ваду, што мы енчылі немымі галасамі, аж пакуль я не вылаяла яго як след і не прыгразіла, што канцы на яго знайду! Гэтак калі мы прыехалі ўжо на савецкую граніцу, дык уляцелі да нас з візгам нейкія савецкія салдаты: «Девушки, девушки!» Я ім тады сказала, што, думаю, мы прыехалі ў культурную дзяржаву й нас тут не скрыўдзяць. «Да, да, мы культурные»,— адказаў нейкі з іх, зачыняючы наш быдлячы вагон. Фрау Рэнэ мне за гэта дзякавала. Пасля бані я разлучылася са сваімі немкамі, і мяне павялі ў нейкі барак, пусцілі на карыдор, сказаўшы нумар дзвярэй. Карыдор той даўгі. Я паволі падышла да адных дзвярэй, заглянула ў тое «вока» й аж замерла! Працерла вочы й гляджу далей, а там як зачараваная казка! Сядзяць на клуначках цудоўныя ўкраінскія дзяўчаты, прыгожыя, маладзенькія, у вышываных блузачках, усе з косамі, і сумна нешта пяюць. Пакой вялікі, і многа іх, многа, і такая нейкая чысціня й святасць б’е ад іх, што вачэй не адарваць. Мне замерла сэрца — о Украіна, дарагая, родная, за што табе такая пакута ад ворагаў?