Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Гегенна
Доля людская, відавочна, даецца нам пры нараджэнні, яе не абыдзеш і канём не аб’едзеш, як кажуць у нас. Колькі разоў я ўжо магла ў гэтым пераканацца за свой век, так як і ў тым, што прадчуванні мае былі як верныя сябры, якія папераджаюць перад няшчасцем. Край, з якога я выйшла, і асяроддзе яшчэ былі цесна злучаны з зямлёй, прыродай, яе стыхіяй, паверамі й спрыяльнасцю такіх сілаў, якія падсведама адчуваюць толькі дзікія звяры і ў меншай меры хатняя жывёла, асабліва сабакі. Памятаю, мне ніколі не бывала сумна на бацькавым хутары Жлобаўцы. Я адчувала таварыства дрэў, раслінаў і матчыну прыхільнасць да мяне атуленага сутоннем, засеянага шырокага поля. Мне было цесна й сумна нават у невялікім гарадку Ваўкавыску, дзе я вучылася, мне бракавала цёплай ласкі маіх нямых сяброў — шырокага поля, дрэў і жывёлы, не кажучы ўжо аб нашай сям’і, да якой я была да болю прывязанай. Я не знала, што выпадае, што трэба, што можна, што модна, я толькі ведала і ў душы маёй цаніла тое, што я люблю. Болей за ўсё на свеце я любіла маіх бацькоў і Радзіму, якую я разумела тады, як мой народ. Любіла вятры й зямлю, песні старыя, ціхіх сялянак, коні й маладосць. Гэта было даўно.
Я ўжо дзесяць гадоў у Празе, у мяне харошы муж і ўжо вялікі разумны сын, але сэрца маё належыць маёй Зямлі, і яна мяне асцерагае. Ужо тры гады, як няма мне спакою. Дрыжу й лекачу, калі чую расейскую мову, а калі бачу савецкіх людзей у ваеннай форме, замірае мне сэрца й хочацца быць там, дзе іх не відно. Аднойчы йшлі мы са знаёмаю чэшкай пані Тэскавай вечарам па Празе, і мне зрабілася раптам пагана й неспакойна, я аж затрымалася, не йшлі ногі. Аказалася, мы праходзілі каля савецкага пасольства, аб чым я нічога не ведала. Маё добрае поле было са мною, быццам шаптала...
І так мы ў Вімпэрку [171] на граніцы Чэхіі і Нямеччыны. Мужа далі там на паўгода лекарам, звольніўшы з фабрыкі, на якой ён працаваў у Празе. Сын вучыўся ў чэшскай гімназіі й жыў на кватэры ўкраінцаў Кушчынскіх у Празе. А я то пабуду ў Вімпэрку, то зноў еду да сына. Цяжка без мяне аднаму й другому. А з Вімпэрка як жа блізка да граніцаў свабоднага свету, дзе не крадуць людзей, дзе людзі жывуць, можа, не багата, але свабодна, не баяцца ні ноччу ні днём нечага такога страшнага, ад чаго мне замірае сэрца й чаго сама яшчэ не разумею. Я не баюся, адвагі хапае мне й рашучасці ў жыцці, гэта не страх. Я выжыла ў вайну, не скрывіўшы, не запляміўшы чысціні свайго беларускага сумлення. Гэта нешта горшае, нейкая непазбежнасць, як мукі й пекла яшчэ за жыцця. Муж прымае хворых у сваім кабінеце, а калі едзем да іх за Вімпэрк, у мяне заўсёды паяўляецца надзея, што ноччу пераедзем граніцу, і я пачынаю дыхаць лягчэй, хочацца толькі, каб разам быў сын, а болей нічога не трэба. Гэта былі толькі мары, у мужа не было прадчуцця. У лекараў падобнага не бывае, яны не паэты...
171
Мы ў Вімперку... — у старажытным гарадку Вімперк у паўднёва-заходняй Чэхіі Геніюшы жылі па адрасе: вул. Бэнэша, 161.
5 сакавіка 1948 года было мне страшна ўжо з самай раніцы. Я рыхтавалася да дня нарадзінаў майго мужа, якія 8 сакавіка. Замовіла яму торт у цукерні, на картачкі выбрала цукеркі й другія падобныя драбніцы, якія ён любіць, але нічога мяне не цешыла, тая нейкая чорная непазбежнасць вісела нада мной, як хмара, паралізавала крокі. Нават малітва не прыносіла палягчэння. Не паспеў мне муж зрабіць нейкай заўвагі раніцай, як я горка расплакалася, і ён мусяў суцяшаць мяне, як малую. Абед прайшоў спакойна на вонак. Але калі муж быў, як кожны дзень пасля палудня, на працы ў касе хворых, мне ўжо было зусім пагана. Што паўгадзіны аказваліся званкі, то з суседняй Квільды прасілі, каб ён прыехаў, то пыталіся, калі ён будзе ўдома і т.п. Была пятніца, я прыгатавала вячэру й першы раз падумала, што пост і адбіўныя катлеты, бульба й малако кіслае — ці не грэх у гэты дзень?
Пасля касы хворых у нас пачынаўся вячэрні прыём у сваім кабінеце, а пасля, калі ўсе адыходзілі, мы заўсёды разам ішлі да хворых на дом. У гэты дзень ісці было неабходна. Пару дзён ужо, як мы ездзілі ці хадзілі за Вімпэрк. Там памірала маладая жанчына, хворая на рак. Была яна пасля аперацыі й аблучэння, заставалася ёй толькі даваць абязбольваючыя рэчывы, чаргуючы іх, каб лепш дзейнічалі. Хворая, яе муж, дзеці й радня чакалі нас як збавення. З хвілінай прыходу лекара ўціхаў жудасны боль, жанчына пераставала стагнаць. Яны самымі сардэчнымі словамі прасілі, каб мы прыйшлі. Мяне прасілі асобна, і я ім абяцала, што прывяду мужа.
На гэты раз яшчэ болей было трагічна, не адыходзіла ўжо мача. Пасля ўколаў, як звычайна, стала лепш. Муж хворай папрасіў нас на пару словаў сакрэтнай размовы. Мы выйшлі на двор. У гарах адчувалася вясна, блішчэлі ў месячным святле лужынкі, і неба было ў зорах. Было амаль цёпла. Чалавек той абаперся аб вушак дзвярэй, паважны, змучаны, бледны, і сказаў мужу прыблізна тое: «Я несказана кахаю сваю жонку, але я не магу бачыць яе жудасных мучэнняў. З-за яе хваробы ў мяне нарыў страўніка, упадак сілаў, пахварэлі дзеці, дык я прашу вас, доктар, зрабеце так, каб яна болей не цярпела, дайце ёй укол, каб сцішыўся боль назаўсёды». Муж паглядзеў на яго паважна й сказаў, што такога не зробіць. «Чаму?» — глуха, нейк здушана спытаў чалавек. «Таму, што я прысягаў», — адказаў яму доктар. «Дык жа людзі дабіваюць жывёлу, калі яна так церпіць, няўжо ў вас няма літасці?» — «Адна мільённая за тое, што сяння ноччу нехта знойдзе супраць рака лек, і дзеля гэтай адной мільённай я не зраблю таго», — спакойна адказаў муж. Мы абяцалі ім заўтра як найхутчэй вырвацца да іх, каб прынесці канаючай палёгку. «Прыйдзе», — запэўніла іх і я, калі з гарачай просьбай звярнуліся й да мяне. Ледзь ужо я вяла мужа дамоў. Ён быў змучаны, хранічна нявыспаны й таксама рабіўся нервовы. Ясна блішчэла зорамі неба, і чарнела зямля ўжо зусім без снегу, але яшчэ без травы.
Нявесела прайшла вячэра, якую муж еў адзін. Я зноў нечаму пачала плакаць. Была ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Некалькі дзён як я рвалася ў Прагу. Там была рэвалюцыя, і я дрыжэла за сына. Муж увесь час супакойваў мяне, тэлефанаваў сыну й не пускаў мяне ў Прагу. Сына мы пакінулі на апеку харошаму чалавеку, пану Кржываносцы, і можна было думаць, што ён не пакіне хлопчыка ў гэты неспакойны час. Аднак я, якраз цяпер у адзінаццаць гадзін всчара, узбурылася ехаць да сына й з плачам пакавала чамадан. Дарма было мяне спыняць. Надзеўшы кароткую, зграбную шубку, у хустачцы й лёгенькіх туфлях я выбегла на вуліцу, каб дастаць у нашага знаёмага мясніка крыху каўбас ці мяса, бо ў Празе з гэтым было яшчэ трудней. Не паспела я адысці ад дзвярэй, як падышоў да мяне чалавек і папрасіў, каб я нікуды не хадзіла, што так трэба. Я са здзіўленнем сказала яму адступіць ад мяне, што ніхто не мае права мяне затрымоўваць. Па вуліцы праходзіў нейкі мужчына, тады гэты паклікаў яго, каб той памог затрымаць мяне. Мужчына ўцёк бягом. Я сказала, што паклічу мужа. Калі той тып забараніў мне гэта рабіць, я падышла да сцяны дома й плячом націснула званок нашай кватэры. Муж выйшаў. Мы займалі першы паверх дома, над намі жыў нехта другі. Чалавек, які запыніў мяне, пайшоў з намі, гаворачы, што ён тут не адзін, што яны ўжо прыходзілі й цяпер яго калегі ў кафэ побач і зараз да нас прыйдуць. Я падышла да тэлефона й паклікала міліцыю, тады чалавек устаў і паказаў нам нейкія свае паперы сышчыка ці некага падобнага. Нам зноў пазванілі, муж адкрыў дзверы, і ў хату ўвайшло яшчэ 6 чалавек. Яны сказалі, што мы арыштаваныя, і загадалі нам аддаць ім паперы й зброю. Я паказала ім на гору шпрыцоў і голак, якія мне трэба было яшчэ прыгатаваць да заўтрашняга прыёму, і сказала: «Вось вам зброя лекара, якой яшчэ хочаце?» Муж разгубіўся, бедны, ён лепей, як я, ведаў жыццё й чуў аб гэтай нечалавечай сістэме. «I вам не сорамна: 7 чалавек на аднаго слабога, запрацаванага, змучанага доктара?» — прадаўжала я сваё абурэнне. Робячы збольшага вобыск, яны паяснілі нам, што вобласць цэлы дзень старалася нас апраўдаць і выратаваць, але не далі рады. З Масквы прыйшла тэлеграма, і саветы зажадалі нашай выдачы. Чэхі былі, паводле іх слоў, бяссільныя.
Мы апрануліся, і нас павялі ў суд, дзе запісалі нашыя персаналіі, а пасля пад надзорам стражнікаў — у вязніцу, якая мясцілася ў старой вежы старыннага вімпэрскага замка. Пару дзён як з гэтага замка скочыў і забіўся нейкі інжынер, калі яго прыйшлі арыштоўваць. Быў праў... Надзірацелі ў вязніцы гулялі ў карты. Ад кампаніі аддзялілася жанчына вагой не меней як 120 кг, забрала маю сумачку і ўсё з кішэняў і пачала мяне абыскваць. Муж быў лекарам і ў гэтай вязніцы...
У бруднай, зялёнай ад плесні камеры на памосце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзве маладыя немкі за пераход граніцы, бо ж тая была тут побач. Я села й толькі цяпер усведаміла сабе ўсю трагедыю адзінокага свайго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць я не магла... Ды наагул я не думала, здаецца, я то замірала, то зноў адмірала з болю, з нейкага фізічнага адчування той чорнай прорвы, у якую кінуў нас мой безгранічны, бескампрамісны патрыятызм, доля народу, жыць для якога — значыла канаць зажыва ад палякаў, ад расейцаў, ад немцаў. На гэты раз давялося ад чэхаў. У спалучэнні з магутнай і пераможнай дзяржавай Усходу яны даўно забыліся аб гуманных ідэалах Масарыка й ахвотна бралі на сябе ролю паслугачоў крывавага Сталіна й яго сістэмы. Выняткаў было нямнога. Заробак і наагул грошы для іх велічыня, перад якою зусім натуральна адступаюць усе прынцыпы...
Назаўтра прыняслі мне ў камеру з кватэры маю невялікую Біблію на тонкай паперы, але чытаць нічога я не магла. Немачкі пайшлі памагаць тоўстай надзорцы, а я глядзела праз закратаванае вакно, здавалася мне, у бок граніцы, дзе былі людзі, якія маглі выратаваць нашую сям’ю, калі б, едучы да хворых, мы заблудзіліся й пераехалі іх граніцу... Лёс нам, відно, наканаваны зверху. Я прыпомніла сабе, што за Беларусь цярпець трэба й калі прыйдзецца — трэба памерці, адступаць і каяцца нельга! Гора нашага народу непамерна большае ўжо вякі.
Нехта прыходзіў нас адведваць, была між імі й хворая немка, якую лячыў муж, гэта мяне асабліва ўзварушыла, бо ў Вiмпэрку іх было мала. 8 сакавіка прыняслі нам торт, які я раней заказала мужу. Калі нас вывелі на двор на прагулку, муж сказаў, што ён мала думае, што ўсё яшчэ спіць пасля лекарска-бяссонных начэй, і папярэдзіў мяне, што цярпенне наша зацягнецца... Мяне паклікалі да надзірацеляў і далі паперу й пяро нарэшце напісаць сыну. Я пісала спакойна, але ўсё ва мне енчыла з гора. Вечарам, на дзень мужавых нарадзінаў, прыняслі ў нашу камеру пару бутэлек віна з нашай кватэры й торт. Прывялі туды мужа, і так, седзьячы побач, у прадчуванні даўгой, можа, вечнай разлукі, з думкамі аб сваім няшчасным дзіцяці, мы разам з надзірацелямі, тоўстай бабай і немачкамі «аславілі» гэты дзень. Муж трымаўся, я таксама старалася не падрываць яго сілаў сваім пярэпалахам з нашага адчайнага сапраўды становішча.
Нас выклікаў чэшскі суддзя, чаго — ужо не памятаю, толькі запомніўся мне яго абыякавы, амаль варожы твар, і я не ўтрымалася, каб не сказаць яму, што паэтаў няволяць толькі паганыя народы й маладушныя людзі. Тады ён крыху апрытомнеў са свае тупасці, але даў мне пазнаць, што ён толькі нямое, сляпое прыладдзе ў «славянскіх» руках вялікага «Руска», на якога спадзяваліся й маліліся ўжо некалькі пакаленняў яго недальназоркіх продкаў... Так пачынаўся канец «гасціны» чэшскага народу да без домнай і без дольнай беларускай сямейкі, усіх добрых адносінаў нашых чэшскіх сяброў і вялікага грубага прыніжэння, якое там адчувалі ўсе, хто не гутарыў чыста па-чэшску да вайны, у вайну й пасля яе... Велікадушнасць у палітыцы свомая толькі сапраўдным народам, чэхі глядзелі перад усім выгады найбліжэйшага дня. Прадаць для іх нават зусім не вінаватых людзей было ўжо не нова...