Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Пакуль што ўсё йшло добра, галоўнае было нейк захавацца ў Празе любою цаною. Забіралі пакуль што ўсіх савецкіх грамадзян, але мы не былі ніколі савецкія й нас гэта не датычыла. Чэшскія актывісты таксама трымаліся далей ад нас. Муж працаваў на сваёй апошняй ваеннай працы ў вялікай фабрыцы «Чэшска-мараўскай» у Празе. Вайною там чэхі весела рабілі немцам танкі, ну а цяпер нават не ведаю, што яны там тварылі. Мужа яны пакінулі на месцы, але яго шэф, чэх, мусяў уцякаць. З дырэктарамі яны зусім не цацкаліся, а загадвалі ім рабіць прысядкі і іншую гімнастыку за кару іх супрацоўніцтва. Мужа вельмі паважалі. Ён ім нічога асабліва добрага не зрабіў, але й паганага не зрабіў ніколі. Памагаў як мог і быў адным з чатырох лекараў фабрычных у рэспубліцы, якіх чэхі пакінулі ў спакоі й на працы.
Жылося нам матэрыяльна няблага, але вось спакою не было — не было спраў ад мужа бацькоў, ад Славачкі. Няведама, што было з мамай і рэштай сям’і. Тату я нечаму лічыла нежывым. Яго такі забілі ў гродзенскай турме, як і дзядзьку Валодзю. А вось за маму непакоілася.
У нас зноў быў цэнтр беларускага жыцця. Усе ўцекачы, якія не паспелі выехаць на Захад, збіраліся ў нас. Нейк трэба было іх ратаваць, бо дамоў яны не хацелі. Зачасціў да нас вельмі харошы, паважны хлопец Пётра Сценнік [150] , ён вельмі моцна клапаціўся аб уцекачах. Недзе на вёсцы ля Прагі жылі нашыя, сярод іх доктар Мінкевіч з жонкаю й дзвюмя дочкамі, адна з іх была нарачонай Пётры. З Пётрай мы разумелі сябе як родныя і ўсё рабілі, каб ратаваць нашых. Прыходзілі і доктар Мінкевіч, і дацэнт Жарскі, які застаўся, каб вярнуцца дамоў, бо баяўся на Захадзе, як казаў, беспрацоўя. Паяўляліся розныя тыпы, і толькі я цяпер разумею, што было між іх поўна стукачоў.
150
Сценнік Пётра (1914–?) — настаўнік, кіраўнік Саюза беларускай моладзі на Вілейшчыне; жыў у Празе, дзе быў арыштаваны і вывезены ў СССР. Далейшы лёс невядомы.
Аднойчы прыйшла дзяўчына, якая шукала мужа. Казала, што ўцякла з савецкага лагеру, мела пры сабе толькі індэкс віленскага універсітэту, які паказала. Мужа яна ведала. Называць яе не хачу. Трымалася яна несамавіта, але я лічыла сваім абавязкам дапамагчы і ёй. Напала яна перад усім на папяросы, якія курыла без перарыву. Я карміла яе, калі прыйшоў муж. Яна нам залівала, што ўцякла з лагеру, каб нас пабачыць, што яе ад амерыканцаў укралі ў савецкі лагер. Мы слухалі й не падазравалі, што прысланая яна па нашыя душы. Яна ў нас убачыла Пётру і ўсё пыталася ў яго, як дастацца на Захад. Пётра маўчаў, і мы з ім госці не верылі.
Нарэшце мы з Пётрам паслалі адну чэшку ў Пльзень, каб яна нам даведалася пра вольны амерыканскі лагер для перасяленцаў. Найвышэйшы час было ратаваць людзей. У гэты час трэба было захварэць дачцэ Мікулічаў [151] . Захварэла яна цяжка на тыф. Палажылі дзяўчо ў шпіталь на сяле, дзе яе не лячылі зусім, бо мясцовы персанал быў камуністычны і іх лічылі за ўцекачоў ад саветаў. Бедныя бацькі бегалі ля вокан, а дзяўчо канала без лячэння. Бацьку-доктара да хворай не пускалі. Аднойчы Пётра прыйшоў счарнелы з болю — Гэля памерла. Няшчасце зрабіла нас неасцярожнымі. Мы думалі толькі аб памершай. У мяне прасілі, каб выстарацца дазвол на пахаванне яе на пражскіх могілках для эмігрантаў. Чэхі звычайна ні ў чым мне не адмаўлялі, не адмовілі й на гэты раз. Цела перавезлі ў капліцу на могілкі. Было нейкае ўжо асенняе амаль свята, і я паехала ў тую капліцу на вячэрню. Між праваслаўных мяне добра ведалі, і яны былі мне знаёмыя.
151
Трэба было захварэць дачцэ Мікулічаў…– магчыма, маецца на ўвазе сям’я Пятра Мікуліча (1922—1981), грамадскага дзеяча, музыказнаўца; з 1948 г. жыў у Аўстраліі.
Ля капліцы я ўбачыла Жука й са здзіўленнем папыталася, што ён тут робіць? Ён дзіўна паглядзеў на мяне й сказаў, што прыйшоў паглядзець на магілы байцоў. А тут яшчэ паявілася знамянітая «студэнтка Віленскага універсітэту». Я спалохалася. Яна мне вытлумачыла, што яе зноў пусцілі з лагеру, і пачала нешта закідаць, што пражскім беларусам грозіць бяда. Мяне настарожыла сама атмасфера таго вечара, а тут яшчэ такія гутаркі... Дзіўна.
Назаўтра быў дождж. Муж, адыходзячы на працу, прасіў у мяне, каб не ездзіла на пахаванне, і ён ужо пачаў адчуваць небяспеку. Рана прыехаў Пётра й пакінуў у нас хлопчыка ў веку нашага Юры, сам пабег на могілкі. Пахаванне мела быць пасля абеду. Я пакінула ўдома дзяцей і паехала да тае капліцы, павезла вялікі букет белых гладыёлусаў. Паехала, каб злажыць свае спагаданні бедным бацькам і перапрасіць, што нельга мне быць на пахаванні.
Маці я сказала, што я чую, як за мною ўсюды ходзяць, і баюся, каб не прычыніць ім яшчэ большага гора. Маці, забыўшыся з болю аб усім на свеце, пачала прасіць мяне, каб я абавязкова прыехала. Я вярнулася дамоў, пакарміла дзяцей, і мы паехалі з імі на могілкі. Муж з працы прыходзіў толькі ўвечары. Калі мы ля Альшанскіх могілак вылазілі з трамвая, я ўбачыла на другім баку вуліцы двох савецкіх афіцэраў, якія відочна доўга ўжо так стаялі, бо аж ім рагі з дажджу парабіліся на гімнасцёрках. Я падбегла да дзяцей і абняла іх са страху. Яны спакойна йшлі пад вялікім сямейным парасонам і крыху здзівіліся.
Нябожчыцу ўжо пахавалі, мы спазніліся. Засыпалі магілу, над якой стаялі нашыя людзі й між імі, абнімаючы адну нашую дзяўчынку, тая шпіёнка. Мяне затрасло. Насыпалі горку, мы пайшлі ў царкву. Няведама скуль назбіралася нашых, яны не пабаяліся раздзяліць няшчасце з сябрамі. Стаю, гляджу на іх і плачу, а тая сцерва пытаецца ў мяне, чаго плачу? Кажу ёй, што куды ж ехаць гэтым нашым няшчасным людзям, калі ж ужо будзе нашая Бацькаўшчына для нас і мы гаспадары ў ёй. Не магу спыніцца ад плачу. Пасля падыходзіць Пётра, усе мы складаем свае кашалькі, хто што мае, і разам Пётра расплачваецца з бацюшкам.
Людзі адыходзяць, а нам усё ёсць нешта там рабіць. Нарэшце йдзем і мы трое. Сцерва, Пётра пасярэдзіне і я. Ідзем пад руку. Пётра раптам кажа: «Пераходзма на польскую мову». Я аглянулася — за намі паспяшаліся тыя афіцэры, ад якіх я засланіла дзяцей. Божа... Яны падышлі й напалі на яе, пашто яна выйшла з лагеру, і ўсіх нас павялі з сабою ў савецкі перасяленчы лагер. Яна мяне штурхае й кажа, каб я ўцякала. Чаму? Як я пакіну Пётру? Божа мой...
Нас прывялі за той дрот. Пётра паказвае свае польскія дакументы, я сваруся з імі, што я не іх грамадзянка, але без Пётры, думаю, не пайду. Пётра збялеў, закурыў папяросу. Нарэшце вярнуўся той афіцэр і сказаў, што я магу йсці дамоў. Я там крычала, што дзеці самыя ў хаце, бо дзяцей мы адправілі адразу. Што рабіць? Пётры, я бачу, што не памагу, а вось рэшту людзей ратаваць трэба. Выходжу, а той, які выводзіць мяне, кажа: «Хто вы?» Кажу: «Хатняя гаспадыня». — «Хто вы?» — пытае яшчэ раз. Кажу: «Паэтка». Тады ён пачынае мяне ўгаворваць, каб мы ехалі ў Савецкі Саюз, што адвязуць нас аэрапланам, нават не праз лагер. Я крычу: «Не, не, не!» — і бягу без памяці на трамвай.
Пакуль прыйшоў муж, я ўжо паслала сваіх знаёмых чэшак да нашых людзей, каб яны ратаваліся, хутчэй уцякалі. Паслала з адной і таго хлопчыка, сама плачу. Калі прыйшоў муж і нешта пачаў казаць, што нясмачная вячэра, што ён каўбасы не любіць, я расплакалася горкімі слязамі, але аб падзеях на могілках я яму не сказала. Мяне апанаваў смяротны страх перад той доляю, якую гэты чалавек згатаваў мне, сабе й нашаму дзіцяці, бо было ясна, што перад намі прорва й цяпер ужо яе нам не абмінуць...
Божа мой, няўжо й нам гінуць, як няшчасным бацькам маім, як усяму нашаму роду? Божа мілы, ратуй нас, змілуйся, Божа, над дзецям маім у гэтай зямлі чужой і цяпер варожай для нас.
Знача, поўная найстрашнейшых прадчуванняў, я ні слова не абмовілася мужу й назаўтра з раніцы аб падзеях на могілках. Мае чэшкі дасканала выпаўнілі просьбу, папярэдзілі каго належыць. Муж пайшоў на працу, сын гуляў з дзяцьмі на дварэ. Раніца была сумрачнай, а сэрцу неспакойна як ніколі. Я пачала варыць нейкае павідла на зіму, але з рук мне ўсё падала. Так у абед нехта пазваніў. Калі я адчыніла, дык убачыла двох учарашніх афіцэраў, яны стаялі ля парога. «Не спадзяваліся нас?» — папытаўся рыжы. «Спадзявалася», — адказваю абсалютную праўду, бо я такі думала, што праследаваць мяне не перастануць. Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык не так спалохалася б... Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесці. Пачалася гутарка. «Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывеце, а ў нас Алесь Кучар [152] зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж». — «А што вы зрабілі з нашымі пісьменнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбная на тое ж?» — кажу ім. «Мы чакалі вайны»,— адказвае афіцэр. «Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны й рабіць тое самае». На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярталіся ў Беларусь. Глянуўшы на кніжкі, паабяцаў усё нам перавезці. «Дзякуй,— кажу,— а што вы зрабілі з маімі бацькамі?» — «Мы былі суровыя самыя да сябе»,— кажа мне той душыцель. «Вы зноў можаце быць суровыя самыя да сябе,— кажу.— Не, адстаньце ад нас, мы нікуды не паедзем!» У час нашай размовы ўсё званкі. Гэта сцерва пытаецца, хто ў нас? Калі я ёй сказала хто, дык яна схавалася, быццам спалохаўшыся, каб яе не злапалі. Я, здаецца, ёй верыла, так яна ўмела прытварацца. Я вярнулася ў пакой, і яны папыталіся ў мяне: «Хто там быў?» Кажу: «Лістанош». Пасля прыйшла адна чэшка й села ў кухні, прыбег Юрачка. Гутарка ў нас адна: «Слухаць і ведаць вас не хачу, ідзеце сабе, скуль прыйшлі». Тады рыжы афіцэр кажа: «Вось мы навучым вас любіць савецкіх афіцэраў. Едзьце з намі цяпер на пляц Пабеды, заедзем у кафэ». — «Што ж, там у вас штаб, і туды вы мяне хочаце вязці, мне ясна, дык каб ведалі, што жывой мяне ў рукі не дастанеце. Хутчэй я скочу з вакна й заб’юся на месцы, чымсьці вы мяне схопіце». А сцерва ўсё звоніць... Я махлюю ім як умею. «Што казаў ваш муж на гэта, што мы вас учора затрымалі?» — «Нічога не казаў, ён нічога не ведае». — «Няўжо вы яму не сказалі?» — «Не, — кажу, — не сказала». — «Дык вы яму й далей не кажыце», — радзіць мне бандыт. Сама, думаю, ведаю, што рабіць, а ты вось пакідай маю хату!
152
Кучар Алесь (сапр. Евелевіч Айзік; 1910–1996) — крытык, драматург; у 1930-я гг. ацэньваў беларускую літаратуру з вульгарызатарскіх пазіцыяў.
Нарэшце яны пайшлі, баявая мая чэшка, думаючы, што мне нешта грозіць, ужо сабралася клікаць чэшскую паліцыю. Зазваніла і ўвайшла сцерва, і якраз прыйшоў муж. Я хуценька расказала яму ўчарашняе й сянняшняе й сама стала без памяці ля свайго ложка на калені й пачала горача маліцца Богу. Я нейк проста анямела ў сваёй маўклівай малітве.
А падыходзіла страшнае, і трэба было прыняць усё, і нельга было думаць аб сабе, а толькі й толькі аб тым запавеце, аб тым тэстаменце, і нельга было сыходзіць са шляху, пракладзенага шчырымі сынамі Айчыны. Нельга было, так мне дапамажы, Бог!