Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Ранак быў сонечны, мы хадзілі, елі ціхенечка, амаль не дыхалі. Была пошта, нехта званіў, але мы нікому не адчынялі. Юрачка, наш неспакойны, як жывое срэбра, сынок, цэлымі днямі сядзеў пад сталом на дыване й ставіў вежы з падушак, што на канапе. Надзіва спакойны малы. «Сынок, ты, напэўна, хочаш на двор, такая ж пагода?» — «Не, мама, што мне з таго, каб быў я на дварэ й не меў татачка й мамачкі, лепш я пасяджу пад сталом і буду мець мамачку й татачка»,— мудра надзіва сказала хітрае наша дзіця.
У мяне заўсёды нейкія запасы ежы. Я сялянка. Вось цяпер гэта ўсё прыдалося. Юры падабаецца есці смачныя кампоты штодня... Так мы праседзелі тыдзень аж да суботы. У суботу мы выйшлі. У хату наляцела людзей, плачуць, цалуюць нас, прынеслі ежу й кветкі. Адныя думалі, што мы ўцяклі, другія баяліся, што нежывыя.
Знача, пад наш вялікі дом прыехаў грузавік з «асвабадзіцелямі», і салдаты пад нашымі вокнамі трымалі расцягнутыя брэзенты, а начальнікі званілі, але пад дом наш сышлася ўся часць горада, дзе мы жылі, увесььь квартал, і паднялі крык, што не аддадуць «пані доктараву», што мы іх людзі, харошыя людзі! Цікава, што найбольш крычалі й лаяліся камуністы. Што ж, людзі працы не раз адчувалі маю спагаду, і не адзін сакрэт з часоў вайны быў паміж намі. Добрыя людзі, яны крычалі, што без чэшскай паліцыі ніхто не мае права чапаць нас, а тут было якраз без паліцыі. Наш зямляк, якога мы ратавалі вайною, інг. Жук памагаў шукаць нас. Ён вадзіў знамянітую «экспедыцыю» па хатах, па кватэрах (кватэраў болей як 30), вадзіў і ў склеп, а ў дзвярох паставілі патрулёў. Так да першай гадзіны ўначы. Болей не паказаліся. «Экспедыцыя» закончылася. Павезлі Пётру, налапалі яшчэ кандыдатаў у лагеры ў Комі. I на гэты раз ім зноў не ўдалося схапіць нас. Бог даў нам яшчэ тры гады чалавечага жыцця, праўда — трывожнага...
Муж быў бледны, хістаўся, адзін цень. Ён пабег недзе пратэставаць у камендатуру, але дэлегацыя з нашага квартала ўжо пабывала ў галоўнай савецкай камендатуры ў горадзе Лысай над Лабаю. Бедныя, добрыя, яны ўжо нас і там ратавалі...
Я яшчэ раз напісала прэзідэнту рэспублікі й на гэты раз напісала яшчэ паслу амерыканскаму ў Празе, Лоўрэнсу Стайнгарту. Я верыла толькі яму. Чэхі дасталі паперы з маімі ініцыяламі, перапісалі майго ліста на машынцы па-чэшску, і цераз адну асобу, добра ёй заплаціўшы, я паслала гэтага ліста ў самае амерыканскае пасольства.
На трэці дзень харошы Стайнгарт ужо паведамляў мяне, што гаварыў з чэшскім урадам і пакуль што каб я была спакойная. Я цалавала таго ліста, і здавалася мне, што небяспека амаль мінула. Яна не мінула, але тры гады, ад 45-га да 48-га, гэта былі самыя страшныя гады, калі людзі мерлі ў лагерох, як мухі, іх проста нішчылі «велікадушныя» пераможцы абедзьвюма рукамі, асабліва нацыянальна ідэйных. З яўна нямецкімі прыслужнікамі яны адразу знаходзілі супольную мову й рабілі іх правай рукою ў вынішчэнні ўсяго беларускага. Людзі, каб захаваць жыццё, падлелі неймаверна, каяліся нат у тым, чаго ніколі не рабілі. Кляліся ў вернасці Сталіну й камунізму, страшнае называлі — гуманным, дурное — мудрым, сваё добрае хрысцілі паганым, ад беларускага з болем сэрца шарахаліся, як ад агню, згубіўшы надзею, што наагул ажывем калі-небудзь.
Усё залівала матушка-Русь. Недабітыя бедныя ўласаўцы прагна выслужваліся, як культуртрэгеры на нашых землях, каб толькі іх не пасылалі дамоў, дзе добра іх ведалі... Вось яны й партызаны не нашага народу стаялі цяпер на стражы й пільна сачылі, каб не прачнулася Беларусь тая адвечная са сваёю гісторыяй, з Пагоняю любай, з роднаю мовай, з народнаю песняй і з каханнем да старога свайго народу.
Час ішоў. З Граду Пражскага не было ніякага адказу ад прэзідэнта Бэнэша, можна было думаць, што ён маіх лістоў не атрымаў. Надышоў час аддаць Юру ў чэшскую школу. Расейская гімназія й пачатковая школа перайшлі цяпер у рукі прысланых з Масквы настаўнікаў. Яны мне не падабаліся: поўныя падазронасці да кожнага чалавека, нейкае казёншчыны, салдацкай патрабавальнасці й сталінскай суровасці, яны мала адышлі ад тых, якія выхоўвалі «гітлерюгэнд» [156] . Мы пастанавілі аддаць Юру ў нармальную чэшскую школу. Спачатку мне не хацелі аддаваць яго папераў, але я й слухаць не хацела аб тым, каб ён і далей там вучыўся. У чэшскую школу чужынцам ізноў не лёгка было даць у той час дзіця. Пачаліся «Народні выборы» і т.п. рады. Трэба было некалькі подпісаў давераных сведкаў, што мы за часоў акупацыі не былі калабарантамі і т.п. Чэхі падпісвалі нам гэта абедзьвюма рукамі, і так Юру прынялі ў школу. У расейскай ён скончыў чацвёрты клас, і вось чэхі хацелі, каб ён паўтараў у іх той жа клас, бо не дасць рады. Я ўпрасіла іх, каб узялі хлопца ў пяты клас на пробу. Калі я прыйшла да дырэктара за пару тыдняў, як ён мне назначыў, дык аказалася, што Юра ўжо найлепшы вучань класа, а да канца года ён быў найлепшы вучань усёй чэшскай школы, усімі любімы «выраблянец».
156
Hitlerjugend (ням.) — фашысцкая моладзевая арганізацыя ў Нямеччыне (1926–1945).
У Юры паявіліся новыя калегі, але яны яму не падабаліся. Часта хлопчык выказваў мне свае думкі: «Мамачка, у іх дзікія забавы, яны на ходніках рысуюць усё вісельні й гуляюць у тое, што вешаюць людзей». Так, гэта было страшна. Нашы некультурныя беларусы ніколі такіх гульняў не ведалі, а можа, цяпер і яны пайшлі з «духам часу»? Было аб чым думаць.
Нарэшце прыйшла вестка ад таты — пакуль што яны ў Зэльве былі жывыя. Тата пераслаў ліста Славачкі яшчэ з арміі. Гналі іх тады на захад. Аб смерці Расціслава мы яшчэ не ведалі. Старыя беларусы ў Празе былі вельмі занятыя сабою, даказвалі, бедныя, сваю лаяльнасць новым парадкам і каяліся ў тым, чаго не рабілі, бо ніхто з іх для беларускай справы амаль нічога й не зрабіў. Забэйда цвердзіў, што яго палітыка была самай разумнай і яму нічога не грозіць. Зразумела. Да нас прыехала Відавіса Паўлаўна Ляцкая. Яна пацяшала мяне, што красці мяне й не ўкрасці — яшчэ не самае страшнае, жыццё наперадзе. Ермачэнкавы рэчы чэхі з ярасцю расцягалі з яго кватэры й з яго вілы, дзе гаспадаром пакінуў ён старэнькага бацьку свае жонкі. Старога не скрыўдзілі, толькі выгналі з апартаментаў. Перад канцом вайны Ермачэнка запусціў бараду, каб яго не пазналі. Аднак немцы самыя яго пасадзілі, кажуць, за тое, што спекуляваў золатам, у шынах аўтамабіля вывозячы яго з Менску, дзе да ўсяго іншага меў, напалову з сястрою свае жонкі, камісійную краму! Даведалася я аб гэтым ад Піпэраў. «Ведаеце,— казаў доктар Піпэр,— я зрабіў так, як вы, фрау Ларыса, не мсціў. Калі прыйшла да мяне жонка Ермачэнкі прасіць дапамогі, я і яму дазволіў вітаміны й туалетныя драбніцы ў камеру. Бачыце, ад вас навучыўся»,— нейк іранічна паўтарыў ён.
Прыйшла цяжкая вестка пра нашых гасцей — сям’ю святара Балая. Яны трапілі пад страшны амерыканскі налёт на Дрэздэн. Калі шчасліва выбраліся са склепу пад царквой, дык іх сын Косця схапіў ровара на зямлі. Немцы, кажуць, адразу яго расстралялі. Гэта было жудасна.
У Чэхаславакіі тым часам адбываліся маніфестацыі, мітынгі, парады. Здаецца, не было ім канца. Муж, як і раней, хадзіў на работу ў сваю фабрыку, і часам было яму цяжка. Калі прыводзілі да яго хворых немцаў-рабочых, дык трэба было да іх адносіцца без літасна, як адносілася рэшта персаналу. Ён жа да ўсіх адносіўся толькі як лекар, які бачыць хворага й яго хваробу. Падтрымоўвала яго ў гэтым яго лекарская й яго беларуская этыка. Усё жыццё ведаю свайго мужа й ніколі не заўважыла, каб ён адступіўся ад шляхотнай лекарскае этыкі, ад мовы свае роднай і ад шматпакутнай Айчыны.
Ад часу тае няўдачнае кражы я са страхам хадзіла па вуліцах, за мною так і шмыгалі сышчыкі, і я іх ведала ў твар. Я замірала ад кожнага аўто, якое ля мяне спынялася. Нейк зайшоў да нас супрацоўнік чэшскай тайнай паліцыі. Ён нат сказаў, што прэзідэнт Бэнэш «урговал», г.зн. яшчэ раз пытаўся ў іх аб маім лёсе. Лісты ён аддаў у Міністэрства ўнутраных спраў, дзе тады міністрам быў камуніст Носэк. Лісты палажылі пад сукно, а цяпер зноў варушаць справу. Той чэх парадзіў нам узяць чэшскае грамадзянства, якое дадуць нам, а мне асабіста парадзіў запісацца ў Саюз антыфашыстаўскіх жанчын і ў Саюз чэшска-савецкай дружбы, тады ўсё будзе добра.
Уражанні з тае кражы, з тае нагласці й з гора мае сям’і былі такія цяжкія, што я пайшла назаўтра й запісалася ў Саюз чэшска-паўночнаамерыканскай дружбы, прадсядацелем якога быў прафесар Шпачэк. Я пачала хадзіць у саюз на лекцыі ангельскай мовы разам з малым Юркам. Ён цесна пасябраваў з пляменнікамі чэшскага прэм’ер-міністра Здэнэка Фірлінгера [157] , якія прыехалі з Амерыкі й па-чэшску амаль не размаўлялі. Іх старшая сястра выкладала ангельскую мову ў саюзе.
157
Фірлінгер Здэнек (1921–1976) — чэхаславацкі дыпламат i палітык, падчас Другой сусветнай вайны памочнiк прэзiдэнта Чэхаславакii Э. Бэнэша. Лiдэр чэшскай сацыял-дэмакратычнай партыi, далучыў яе да КПЧ, супрацоўнiчаў з саветамi.
Аб Юрку зноў гаварылі анекдоты па Празе. Аднойчы яму сказала настаўніца зрабіць сказ са словам прыгожы (бэатыфол), хлопчык і сказаў: «Мая дзеўчына вельмі прыгожая». Настаўніца яго падняла на смех, малога. Юра абразіўся. Калі дала яна яму зноў слова «немагчымы», дык ён злосна адказаў ёй: «Нашая настаўніца асоба немагчымая». Ад таго часу ён не мог цярпець яе.
Юрку й тут усе любілі, а яго настаўнікі цанілі яго як вучня й як маленькага, самастойна, разумна думаючага, шляхотнага чалавека. Здольнасці ў хлопчыка былі вялікія, і мы хацелі вучыць яго як найвышэй. Вучыўся ўжо ён у чэшскай гімназіі, і іх прафесар-немец хаваў сабе ўсе яго хатнія працы, у якіх бачыў і глыбокія думкі, і здольнасці. Так надзейна зарысоўвалася юнацтва нашага адзінага сына.
Але самым важным пытаннем цяпер было пытанне існавання. Чэхі хутка гублялі сваю волю ў сваёй дзяржаве, правы над імі ўсё болей забіраў сабе Сталін. Для нас гэта было трагічным. Цераз прафесара Шпачэка, які адразу звярнуў на маю асобу ўвагу, я навязала крыху лучнасць са сваімі сябрамі, паслала ім апошнія свае вершы, якіх ніхто цяпер не збіраўся друкаваць, ды яны й былі не да друку. Я ведала, што ўсе яны больш-менш нейк уладзілі жыццё, і галоўнае, што жывыя. Часам даставала газетку, выданую французскімі прафсаюзамі на беларускай мове. І гэтую газетку сябры пачалі маім вершам, не забылі, знача.