Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Усе гэтыя дні ў без межным уласным горы прад вачыма стаяў мне твар той жанчыны, што канала недзе без помачы ў муках. Ніхто за тую ноч не знайшоў лекаў, каб яе ратаваць, і ніхто не памог ёй абязбольваючым уколам. У параўнанні з яе доляй наша не была яшчэ самай горшай. Калі вялі мяне да суддзі, я прыкмеціла, як надзірацель валачыў наверх нашую машынку да пісання. Знача, ужо раскрадалі кватэру. Былі там рэчы, крыху маёй біжутэрыі, кніг і новакупленыя мужам столікі й медычныя інструменты й шафкі для ўласнага кабінету. У пакоі ляжалі недакончаныя акварэлі й мае рысункі алавікамі, мікраскоп, крыху мэблі, пасцелі. Машынку й пару болей вартасных рэчаў суддзя дазволіў перадаць знаёмым, рэшту, здаецца, раскралі. Гэтага надзірацеля я бачыла, калі нас перавезлі ў горад Пісэк, сярод зняволеных. Ён прадстаўляў уладу, належаў да народнага выбару й шырока карыстаўся ёю, як многія тады, г.зн. краў што траплялася й гвалтаваў нямецкіх дзяўчат, якіх арыштоўвалі за пераход граніцы. Адну маладзенькую пакалечыў прытым, так і дастаўся ненадоўга за краты. Быў гэта грубы, агідны чалавек, як і ўсё, што ў той час наверх выплывала. Чэхі стараліся дараўняць сваяму настаўніку ўсходу ў метадах змагання за камунізм.
На дзевяты дзень павялі нас канвоі праз Вімпэрк да цягніка. Нас адвозілі ў Пісэк, у вобласць. Людзі глядзелі на нас са спачуваннем. На адной з астановак шумна было на пероне, адзін з канваіраў выйшаў і, вярнуўшыся назад, з болем апавясціў нам, што іх улюбёны Ян Масарык, міністар замежных спраў Ч[эхаславацкай] С[ацыялістычнай] Р[эспублікі], выскачыў з вакна. Стала жудасна. Нядаўна яшчэ ён гаварыў, што не можа для іх быць усход і захад, што для яго народу: усход, захад, поўнач і поўдзень. Такі цяпер жыць не мог. Старэйшы канвой задумаўся, малодшы сядзеў і плакаў. «Гэта горай, як у 38-м годзе»,— сказаў ён і, паглядзеўшы на нас, пачаў пераконваць нас, што будуць старацца не выдаць нас, што таму й вязуць у Пісэк, бо маюць надзею яшчэ ратаваць нас, нейк іначай адразу павязлі б на граніцу. На станцыі ў Пісэку канвоі спынілі гутарку з намі й строга загадалі йсці наперад. Вуліцы былі з вясны яшчэ шэрыя, пустыя. Час быў перадвелікодны, і на сценах дамоў красаваліся плакаты, на якіх вялікімі літарамі было напісана «Гегенна» [172] . Гэтыя плакаты як бы віталі нас прадсказаннем нашага лёсу наступных гадоў. Для нас сапраўды пачалася «Гегенна».
172
Гегенна (геена) — пекла.
Вязніца ў Пісэку была ў старым мураваным кляштары над самой рэчкай Атавай. Дзень і ноч шумеў там вадаспад і жудасна вішчэлі чайкі. Здаецца, яшчэ сяння чую іх безнадзейны піск і адчуваю холад і сырасць неапальваных камераў старыннага муру. Мы былі першымі вязнямі новай рэвалюцыі. У камерах сядзелі пераважна людзі, суджаныя за акупацыю. Былі гэта хворыя, знасілаваныя савецкімі салдатамі немкі, былі й чэшкі. Як аказалася пасля, былі гэта згорклыя, злыя, завістлівыя жанчыны, якія рады даносілі адна на адну й падлізваліся начальству. Асабліва непрыемнай была велькая, маладая немка Ольга, хітрая й двудушная. Былі й сімпатычныя бабкі, гэта сялянкі. Сядзелі яны за тое, што добра самыя не ведалі — немкі яны ці чэшкі. Адна з іх, засуджаная на два гады пані Доўлёва, цесна са мной падружыла. У адным канцы будоўлі быў касцёл, і мы з ёю ахвотна аб гэтым гаварылі. Яе дарослыя сыны не забываліся аб маці, толькі што з нашым прыходам у вязніцу забаранілі перадачы. Зрабіў гэта нейкі начальнік пан Гоўска, якому здавалася, што вязні добра выглядаюць. Пані Доўлёва першая падышла да мяне, калі мяне амаль без памяці ўвялі ў камеру. Калі нас прывялі ў вастрог і здалі надзірацелю, ён зароў на мяне такім дзікім голасам, як ніхто ніколі ў жыцці. На гэта якраз прыехаў Юра з панам Кржываноскам, якія, не застаўшы нас у Вімпэрку, ехалі следам за намі. Падвялі мяне з мужам да кратаў, за якімі вонку яны стаялі. Я, не могучы вымавіць слова, апусцілася на калені і, здаецца, плакала й шаптала, каб сын дараваў нам свой сірочы лёс, на які мы яго пакінулі. Хлопчык быў бледны, але спакойны. Здаецца, гладзіў мяне ручкай, працягнутай праз краты. Ежы, якую ён нам прывёз, канвой узяць не дазволіў. Амаль непрытомную завяла мяне надзорка ў пакой, дзе раздзела дагала, шукаючы агнястрэльнай зброі ў складках цела, і так пасля кінула ў камеру, паказаўшы мне жалезную койку ў кутку. Я ўпала на калені, і ў душы маёй былі Бог, сын і боль і страшное нейкае атупенне, бы правал памяці, які ўжо аддзяляў мяне назаўсёды ад учарашняга дня. У тую хвіліну й падышла да мяне харошая старушка.
Малодшыя жанчыны-вязні хадзілі мыць бялізну, і вадзілі іх на іншую працу ў горад, а старушкі й не суджаныя яшчэ, як я, дзерлі пер’е за даўгім дзеравяным сталом у пустым і амаль ледзьяным пакоі. Вясна ў вязніцу пранікала паволі. Тоўстыя муры баранілі ёй доступу да нашых камераў, і мы ўсе вельмі мерзлі. Ложак быў цвёрды, рабрысты, і посцілка, якую мне далі акрывацца, халоднай і жорсткай. Манастыр гэты меў два паверхі, на якіх былі нашыя брацця-мужчыны, і вечарамі стуль раздаваўся часам неймаверны роў надзірацеляў, з якіх асаблівым зверствам да людзей вызначаўся нейкі Зоўбэк. Вызначаўся ён і спецыяльнай нянавісцю да маёй асобы. Кляштар меў вялікія хады ў падзямелле, па якіх, казалі жанчыны, ходзяць начамі цені павешаных немак і немцаў, і таму так равуць надзірацелі й енчаць зняволеныя жанчыны, якіх за нейкі праступак, а то й без, валакуць туды ў карцар. Ночы былі даўгія, без сну. Лёс Юры й яго дзіцячы тварык неадступна ўсю ноч пры мне. А хлопчык вырас і спаважнеў. Ніколі не плакаў падчас гутаркі з намі. Усе, начальства й зняволеныя, ведалі яго й захапляліся хлопцам. Бывала, пытаецца: «Ці ты пішаш, мама?» Кажу: «Не». — «Дык што ты, мама, нельга зарываць біблійных талентаў у зямлю!» Альбо паглядае на гадзіннічак і расказвае, што мае сустрэчу з нейкай дамай, з якой трэба яму абгаварыць справы, якія датычаць нас. А вечарам павінен зрэвізітаваць польскага віцэ-консула, які быў у яго й паабяцаў яму апеку над ім і нашаю справай. І так адыходзіў, адзін у чужым горадзе й народзе.
Калі нас прывезлі ў Пісэк, дык следавацель адразу на другі дзень прачытаў нам акт абвінавачвання, на падставе якога саветы зажадалі ад Чэхаславакіі нашай выдачы. Тут я з жудасцю даведалася, што мы з мужам «ваенныя злачынцы», паводле той «красамоўнай» савецкай паперкі, амаль адказныя за ўсе падзеі вайны й яе пачатак! Гэта было нешта так несуразнае, што нельга было не засмяяцца. Цэлы час выступаючы супраць гітлерызму ўсімі сродкамі, усёй сілай свайго пяра, я спакойна глядзела на гэту хлусню, бо што ж на мяне ні чаўплі б — напісанае мною ў суровыя гады заставалася як дакумент майго дзеяння. Пасля толькі я зразумела, што падобныя метады яны стасуюць пераважна да ідэёвых людзей; да тых, хто памагаў немцам нішчыць беларусаў, яны адносіліся куды лагадней! Давяралі ім, ставілі іх у лагерох дзяржымордамі над намі, даносчыкамі. Гэта была публіка адпаведная ім па духу й метадах здзекавання над людзьмі. Абвінавачванні былі настолькі беспадстаўнымі, што мне захацелася проста абсмяяць іх, і я напісала заяву ў вобласць, выясняючы, што ўсё гэта хлусня, і калі, як заявілі чэхі, мы не мелі ніякай віны па чэшскіх законах, а самыя былі чэшскімі грамадзянамі, дык як жа й пашто выдаваць нас чужой дзяржаве? З вобласці мне адказалі, што яны не кампетэнтныя рашаць гэтую справу, падалі поўны тэкст савецкай тэлеграмы ці тэлефанаграмы аб нашай выдачы й парадзілі адклікацца ў вышэйшую інстанцыю, здаецца, у найвышэйшы суд, што я, не чакаючы, і зрабіла.
Бедны мой муж сох без перадачаў і без папяросаў, і надзоры здзекаваліся над ім, а я тым часам выясняла ў меры магчымасці справу нашага лёсу. І адказ прыйшоў. Гучаў ён больш-менш так: знача, калі мы з’яўляемся грамадзянамі ЧСР, а паводле чэшскіх законаў няма ў нас віны, нас трэба звольніць і заплаціць нам адшкадаванне за бяспраўнае зняволенне. Я гэта прачытала — вачам не веру, як усё талкова. Пераслала паперку мужу. Надзоры пачалі віншаваць нас з надыходзячай свабодай, але... Але саветы, прагныя найбольшай колькасці ахвяр, нейкім чынам змусілі чэхаў патаптаць свае законы й выдаць нас. Недзе нават камуністы чэшскія не згадзіліся бяспраўна адабраць нам грамадзянства і вось даручылі гэта маленькім Прахаціцам [173] . Як жа было сумна расчароўвацца...
173
Прахаціцы — старажытны горад на паўднёвым захадзе Чэхіі.
Жаль мне было сына, але жаль і мужа. На мае просьбы ўцячы на Захад ён цвердзіў адно, што ён сацыяліст і г.д., а калі ўжо не знаходзіў аргументаў, дык проста заяўляў, што амерыканцы ядуць адныя кансервы, а ён іх не любіць. Часта пасля ён сабе ўспамінаў тыя амерыканскія кансервы, калі ў Пісэку лупіў чорную бульбу ды аблізваў цвярдога селядца, якога некалі бачыць не мог. Расказваў, як аднойчы давалі яму праз кармушку селядцы для камеры, а ён ніколі іх не трымаў у руках, і яны яму вываліліся на падлогу.
Калі прыязджаў Юра й мы крыху з сабою размаўлялі, дык я ўсё пыталася, як ён есць, а ён у мяне пытаўся, як я сплю? Не прывычная я ў жыцці да выгодаў, але адно — не магу на цвёрдым спаць. Пасцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах! Падушка са стружак і ніякага прасцірадла гадамі... Аб сыну я забывалася толькі тады, калі засынала, і то клапатліва й асцярожна нехта і ў сне ўводзіў мяне ў кола яго зацікаўленняў і адзіноцтва. Я адчувала амаль усю бездапаможнасць яго ў жыцці перад змяінай, найпадлейшай хітрасцю й тактыкай ворага. Можна было толькі верыць у Вышэйшую сілу й спадзявацца на Божую дапамогу. Мы былі як у пашчы льва, і я лічу цудам, што клыкі ворага не заціснуліся на нашым горле.
Юра часта прыязджаў у той Пісэк. Часам глянеш на твары надзораў з нейкім лагодным чалавечым усмехам і адчуваеш, што гэта дзіця зноў тут, і чысціня яго, і глыбіня болю перамяняе нат сэрцы ворагаў. Часамі бывала трагічна. Памятаю, як аднойчы пасля адсуну Бэнэша новы прэзідэнт Чэхаславакіі Готвальд [174] адзначаў сваё прэзідэнцтва амністыяй для вязняў. Хлопчык пагутарыў з намі. Надзорка дазволіла яму перадаць мне пакецік з амерыканскім сняданнем з варункам, што я яго з’ем пры ёй. Ён быў рады. Ручкамі цераз краты выціраў мне слёзы, а сам ніколі не заплакаў. Быў мужны, але, як аказалася, толькі пры нас. У той дзень якраз адпушчаў Готвальд сваіх больш-менш аднадумцаў, і малы хлопчык стаяў ля сцен вязніцы, дарма шукаючы вачыма між выходзячых сваіх бацькоў. Жанчыны з мае камеры вярталіся з працы й бачылі, як адчайна плакаў ён, адзінокі, бедны, каля той вязніцы, дарма там стоячы да позняга вечара.
174
Готвальд Клемент (1896–1953) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Чэхаславакіі, з 1945 г. старшыня Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі Чэхаславакіі, з 1948 г. прэзідэнт Чэхаславацкай Рэспублікі.
У міжчасе ведаючы, што нас ратаваць немагчыма, кум наш забіраў хлопчыка ў Польшчу. Мы падпісалі даверанасць, што аддаем сына пад яго апеку. Перадаў ён мне зажатую ў пальчыках маленькую фігурку святога Антонія, калі прыйшоў развітацца. Было крыху лягчэй, што адвозяць яго ў Польшчу, здавалася, там ён хутчэй выратуецца. На сабе мне не залежала, я была гатовая прыняць самыя страшныя цярпенні, якія моўчкі прымаюць змагары за сваю Радзіму. Няведама пашто й за што ўпляла доля ў гэтае цярпенне й майго мужа, і гэта было мне балюча й непрыемна. Калі людзі ад’язджалі на Захад, ён упарта цвердзіў, што ён сацыяліст і яму будзе добра пры новай уладзе ў Чэхах. Тое ж думалі амаль усе чэхі, а мне замірала сэрца з жудасных прадчуццяў усходніх Асвенцімаў, дзе места печаў спальвалі людзей палярныя маразы, здзекі надзораў, адпаведных сваяму палітычнаму рэжыму, непасільная праца, амаль забарона лістоў (пісаць два разы ў год) і чвэрць стагоддзя пакарання за патрыятызм, што чалавеку нагадвала смерць за жыцця...
У Пісэку ніколі не было палітвязняў, дык і бібліятэка вязніцы была прыстасаванай для абмежаваных праступнікаў людскіх законаў. Не магла я чытаць тых убогіх абмежаваных раманаў са слашчавасцю мінулага веку й аднойчы сказала гэта мужу пры сустрэчы. Суддзя, які прысутнічаў пры нашай размове (такі закон), прыслаў мне ў камеру пару цікавейшых кніг, між імі й томік паэзіі Бадлера [175] . Мая ўвага спынілася на вершы, дзе адыходзіць карабель і людзі адплываюць ад сваіх назаўсёды. Не памятаю слоў, але верш гэты прадсказваў маю долю, нечалавечна жудасную, без літасна адзінокую.
175
Бадлер Шарль (1821–1867) — французскі паэт.