Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Мне прыпомнілася другая чэшка, жонка доктара Янкі Станкевіча, спецыяліста па Ай-кітабах [147] . Яна з ім як найвярнейшы сябра. Цудоўна ведае нашую мову, і тры сыны яе — гэта тры палкія беларускія патрыёты. Не кожная беларуска зраўняецца з ёю ў адданасці ў служэнні нашай Бацькаўшчыне. Дай ёй Бог здароўе!
Назаўтра ў Вялікую Суботу йдзем з Юраю ў цэркву да споведзі велікоднай і да прычасця. Трывожна... Мая споведзь болей падобная на палітычную размову з айцом Ісакіем, мы з ім сябе разумеем, зыходзімся на славянстве. Выходзім з сынам за руку з цэрквы. Сонейка, усюды сцягі нацыянальныя амерыканскія, англійскія, савецкія. На Гусавым пляцу народ. За малую хвіліну там будзе бой, і танкі разаб’юць старую памятную ратушу й слаўны чэшскі Арлой, гадзіннік з 12 апосталамі, якія выходзяць апавяшчаць гадзіны. Кажуць, у сярэднявеччы асляпілі чэхі таго майстра, каб болей Арлоя нідзе не стварыў. Нехта казаў, што гэта быў яўрэй. Магчыма.
147
Кітабы (Аль-Кітабы) — кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся з XVI ст. татарамі, што жылі на Беларусі.
Яшчэ мінуту мы затрымаліся б і было б па нас. Нашае шчасце. Чэхі ўжо недзе змагаюцца за радыёвысыланне. Усюды сцягі, сцягі... Малады нямецкі ваяка выводзіць за руку з аўто дзяўчо ў вэлюме з букетам кветак. Як не ў пару... Ужо болей ніхто па вуліцах не ходзіць, усюды робяцца барыкады, страляніна. Мужа ўзялі на медпункт у касцёле. Я хаджу да яго, і ён замірае са страху, як вярнуся дамоў пад стрэламі. Толькі я адна не баюся, іду, і кулі мінаюць мяне. Людзі вырываюць каменні з бруку, барыкады растуць, я стаю ў дзвярох нашага дому, сорамна сяння не быць з людзьмі. Так некалькі дзён. Прыйшоў муж нарэшце. Рана гаворыць радыё. Уласаўцы й чэхі дружна хочуць бараніць Прагу, то ізноў устрывожаным голасам немцы просяць уласаўцаў іх не пакідаць. Змяніліся адразу ролі. У нашай частцы Прагі яшчэ даволі спакойна. Рана я чую праз радыё, што савецкія танкі на перыферыі Прагі! Мне жудасна, усё прачытанае пра іх, пачутае, перажытае родзічамі ўстае прад вачыма, здаецца, смерць выцягнула па мяне свае кастлявыя рукі і я цяпер у яе поўнай уладзе. Ах, Янка...
За пару гадзін танкі на нашай вуліцы. Сядзяць на іх маладыя запыленыя байцы, у іх вясёлыя міны пераможцаў. Афіцэры нешта камандуюць, яны важнічаюць, ледзь гавораць з людзьмі. А людзі вітаюць іх, на танкі сыплюцца кветкі, залазяць дзяўчаты ў народных убраннях — май! Юра ўжо пазнаёміўся з нейкім афіцэрам, прывёў яго ў хату, ён мне не падабаецца. Нечаму ў нас затрымоўваецца нейкі малы штаб. У нас Вялікдзень, і я стаўлю, што маю, на стол, а яны прыносяць з кухні сваё й гарэлку. Смяюцца з нашых чарачак, просяць шклянкі. Я чую, як маёр кажа салдатам, каб нічога не чапалі ў нас у хаце, што нельга!
Вонку чэхі лупяць немцаў малых і старых. Маёр кажа мне, каб я сказала ім, што такога рабіць нельга, пабітага, ляжачага не б’юць. Я разумею, што гэта толькі словы, бо чаму ж гэта ён сам ім не скажа, а ён паглядае толькі. На голых плячох немцаў рагі ад бізуноў, яны разбіраюць барыкады. Вечарам наш малы штаб ад’язджае. Назаўтра чэхі жануць немцаў вуліцамі. Усім ім выпалілі смалой «гакэнкройцы» [148] на лобе. Між імі і жанчыны, і ад пачатку вайны ведамыя нам антыфашысты. Чэхі іх б’юць. Б’юць іх, галоўнае, калабаранты, тыя, якія супрацоўнічалі з імі. Лупяць неміласэрна...
148
Hakenkreuz (ням.) — свастыка.
Па вуліцы вядуць дзяцей нямецкіх, вядзе іх нехта ад швейцарскага Чырвонага Крыжа. Чэшкі падбеглі й рвуць тых дзяцей, коцяць на зямлю, топчуць нагамі. Муж закрыў мне сваім каптаном голаў: «Не глядзі, маці, не глядзі». А ў хаце сядзець ніяк нельга, бо скажуць: не цешышся з «асвабаджэння», і можа быць нявесела... Удома Юра бяжыць з плачам і крычыць: «Не хачу жыць на такім свеце, дзе б’юць дзяцей». О, сын, нашчадак шляхотнага няшчаснага народу. Суседка прыпала мне да грудзей і плача: «Пані доктарава, я не магу глядзець на здзекі над людзьмі, але толькі вам гэта магу сказаць, сваіх баюся». О мілая пані Копэцкая, нядаўна ж яна перахоўвала, памагала яўрэям... Нейкія людзі падышлі на вуліцы й кажуць мне тое, што й мая суседка, што ён вярнуўся з лагеру й таму бачыць здзеку не можа. Так, мучыць і забіваць могуць толькі выбраныя, і такім менавіта аддалі ўладу над рэштаю людзей. Яшчэ так нядаўна, калі спыняўся ля нас цягнік са зняволенымі ў паласатым, мы іх кармілі, глядзелі ўсіх, і немцаў. А цяпер... А цяпер за адно нямецкае слова раз’юшаныя чэшкі лупяць насмерць. Ішлі палонныя бельгічане й нешта папыталіся па-нямецку, дык так на іх напалі бабы, што ледзь не забілі на месцы, і толькі даведаўшыся, што гэта палонныя з Бельгіі, перамяніліся адразу ў чулых самарытанак — бельгічане ім плюнулі ў твар. Босых немак гоняць па разбітым шкле й лупяць, і ўсё ім мала, а вусатыя савецкія ваякі выносяць немцам па куфлю піва. Бой кончыўся, прагаласілі перамогу, і баец не патрабуе болей забіваць, яму хочацца добрага міру. Трох немцаў павесілі за ногі, палілі бензінам і паляць. Згінь ты, прападзі з такою культураю! Поўнасцю перабраўшы гітлераўскія метады, крычаць, што яны дэмакраты! На Панкрацкім пляцу вешаюць публічна Пфіцнэра, гэта гісторык нямецкі, які фальшаваў гісторыю чэхаў, і за тое яму такая «чэсць» — публічна вешаць. Нам каб хоць дачакаць публічна адлупіць тых, якія фальшуюць нам нашую мінуласць!
Ад раніцы чэшскія мамы з возікамі з дзяцьмі і ядою чакаюць на пляцу на «відовішча». Нямала, трыццаць шэсць тысяч народу. Аж мудрая Англія папыталася па радыё: няўжо гэта народ Масарыка? З тае пары пачалі вешаць у вязніцы, у двары. Прыходзіць сумны Карлічак і кажа, што ніколі не ажэніцца з чэшкаю, што яны азвярэлі. Да яго сябры суддзі на Панкрацы прыйшла знаёмая дзяўчына, каб ён дастаў ёй «лістэк на поправу» (білет на павешанне). Бо «любіцелям» гэтага відовішча прадавалі білеты. «Не,— казаў,— не ажанюся я ніколі са сваёю зямлячкаю, гэта не людзі, я лепш вазму беларуску...» Што ж, дарагі Карлічку, і беларускі — не ўсе паэтэсы, ёсць і ў нас розныя, але такіх, якія б хацелі глядзець, як вешаюць людзей, такіх мала. Адна Еўдакія Лось пакуль што паліла мае жывыя вершы, вось ёй можна было б запрапанаваць білецік...
Божа мой, такі ж не найгоршы той наш народ — ён у сэрцы сваім чалавечым яшчэ высока культурны ў параўнанні вось з гэтымі: з аднымі й з другімі ў Еўропе. Ёсць бандыты і ў нас, але такіх мы лічым вырадкамі, нават у час, калі ім была «зялёная вуліца», іх у нас не было многа... Не відно байцоў нават каля тых, якія мучаць жанчын.
Ля нас нейкі савецкі шпіталь. Стары старшына штодзённа бярэ туды пару немак з лагеру й ніколі не крыўдзіць іх, накорміць, нават дасць ім з сабою. Яны дзівяцца яго высокай культуры. Доўга яшчэ праводзілі чэхі суд гісторыі над адвечным ворагам славянства, толькі жаль, што метады іх помсты-справядлівасці не прыносілі гонару славянству ў XX веку нашае эры. Стварылі такую «рэволючні гарду» (рэвалюцыйную гвардыю), на якую ўсе казалі: рабуючая гвардыя. Гэтыя малойчыкі стралялі каго не лень, аж адзін з іх прыйшоў да нашае кіоскершы, зусім ужо з гэтага адурэлы, і расказваў, што тыя нямецкія дзеці, якія прасіліся, каб ён іх не забіваў, усё стаяць яму перад вачыма і дзень, і ноч, і ён адчувае, што ўжо дурэе...
Да нас прыйшоў аднойчы з аўтаматам партызан славацкі, які ведаў толькі адно, што я друкавалася за акупацыі, як друкаваліся ўсе да аднаго чэшскія й славацкія пісьменнікі, і вось явіўся на расправу. Прыставіў мне да грудзей знамяніты, апеяны, апаэтызаваны аўтамат і хацеў ужо страляць, але яшчэ думаў. Я мяшала цеста ў місцы й так не пераставала яго мяшаць і з тым дулам, парваў мяне нейкі смех. Юра тым часам быў ужо на дварэ і ў хату вярнуўся са здаравенным байцом-украінцам, які, убачыўшы такія здзекі над маці свайго малога перакладчыка, падняў такую квяцістую лаянку й крык аб тым, як яны, якіх нашы асвабадзілі, будуць яшчэ тут палохаць нашых жанчын! Славак пачаў апраўдвацца, што каб ведаў, што Юра гаворыць па-расейску, дык такога не зрабіў бы. Здавалася, што ён ужо не славак і амаль расеец, пакуль з аўтаматам. Папёр яго той украінец, і болей «герой» да нас не паказаўся.
Суседзі-чэхі былі амаль усе маімі сябрамі, а ў час самай рэвалюцыі явіліся дзядзькі, якія развозілі вайною вугаль, усе камуністы. Я ім, бывала, заўсёды дам па жмені махоркі, якою нас шчодра засабляў з Беларусі мужаў тата. Часам нейк скамбінуюць вугля ды прыедуць прасіць закурыць, вось я ім заўсёды дам пакрысе «зелля» й ніколі не вазму іх вугля, а ў велькае свята й па чарачцы знамянітага беларускага самагону.
Вось і прыбеглі дзядзькі бараніць мяне ад усякіх нягод у час неспакою. Што ж, я іх прывітала з перамогай і нашкрабла яшчэ ў пудэлку закурыць ім. Прыбег з сяла й балаховец наш Суддзёў, які таксама адчуваў патрыятычную адказнасць за цэласць мае асобы. Пасля мы былі аточаныя самымі апекунамі.
Байцы і, галоўнае, чыны вышэйшыя нахваталі крыху ў Еўропе трыпяркоў, мякка кажучы. Для іх быў з гэтай прычыны адпаведны шпіталь, але каму хацелася туды галасіцца [149] ў такую слаўную пару перамогі, вось і лячыў іх «свой доктар». Лячыў хлопцаў сапраўды сумленна, і даволі мы іх любілі. Кожны з іх нам не радзіў рушыцца з Прагі, а ў кампаніі кожны чулым голасам размалёўваў усю красу радзімы й клікаў дамоў. Мы верылі, безумоўна, гутаркам у адзіночку.
149
Галасіцца (ад польск.) — паведаміць.
Мне ўсяк дагаджалі, вазілі мяне на машыне, прыносілі падаркі. Мы былі радыя, бо ўжо ніякія «славацкія героі» не мелі дачынення да нас. Часта было нам з нашымі новымі сябрамі даволі клапатліва, то частуй, то на рэнтген іх вядзі. Найгорай было, калі яны ў нас частаваліся, дзякавалі за ўсё й трэба было з імі выпіць. Гэта было неабходна. Муж пасля двух аб’ёмістых чарак рабіўся нежывы, а не выпіць мы баяліся. Наагул, прызнацца, мы ўсё ж іх вельмі баяліся. Піць даводзілася мне, я сільнейшая. У жыцці не піўшы, я піла поўнымі шклянкамі, перад гэтым выпіўшы добры глыток алею, і нічога мне не было! Трымалася, як усе мае Міклашы, мае продкі, знамянітыя тым, колькі маглі выпіць, не губляючы галавы й ног! Муж дзівам дзівіўся, разумеў маю адчайную ахвярнасць, толькі не разумеў, нехрыст паганы, што ён мяне пакінуў на такія пакуты, а я яго выручаю.