ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Муж памалу збіраўся ў Вімпэрк, а Юра пайшоў у школу. Муж пісаў, што яму не пагана. Аднойчы я выбралася яго адведаць. Гэта цераз 200 км за Прагаю. У гарах ужо было халадно, і сам Вімпэрк такое цяжкае зрабіў на мяне ўражанне, што я раніцай уцякла ў касцёл, каб хоць крыху акрыяць душою. Нідзе яшчэ не было мне так жудасна, як у гэтай мясціне. Не высказаць было майго страху, і муж адмаўляўся мяне разумець. Душа паэта — сейсмограф. Яшчэ раз паехалі мы туды на святога Мікалая (чэшскае старое свята) з сынам. Уражанне не было лепшым. Наадварот. Нават сяння цяжка мне пісаць пра тыя дні.

Муж там чуўся як рыба ў вадзе. Восьенню 47-га года пан Кржываноска, наш добры знаёмы, ведаючы, як я хачу пабачыць маіх сёстраў, дастаў машыну й павёз нас на Снежку, дзе сустракаліся чэхі з палякамі, бо гара была падзелена напалову. Цудоўна ехалася, пераначавалі мы ў гатэлі прадгор’я й назаўтра пайшлі пехатою на Снежку. Няслі падаркі, і сэрца сціскалася ад сустрэчы пасля столькіх падзеяў, а сустрэча бліжылася. Горы былі восьенню не меней прыгожыя, лужайкі яшчэ зялёныя, сосны дзявоча задуманыя ў чыстым небе, а пагода была як высненая. Юрачка бег лёгка пад горку, а я ўжо не бегла, як бывала раней, пачало не хапаць мне паветра. На Снежцы дзве гасцініцы, і ў польскай мы знайшлі нашых! Ніна моцна пастарэла, а Люся была як абразок — такая зграбная, прыгожая, што не адарваць вачэй. Пан Кржываноска адразу сказаў, што такой дзяўчыны нельга пакідаць палякам. Чэхі ўсё яшчэ не мелі ласкі на іх. Мы завялі іх на наш чэшскі бок, я дастала ежу, на стале разлажыла, але есці ніхто не мог, мы й гутарылі мала, проста нейк анямелі. Я надзела на пальчык Люсі залаты пярсцёнак, які мне купіў муж у дзень смерці Аркадзія, не ведаючы аб гэтым. Люся марыла аб пярсцёнку й была радая. Было яшчэ й на сукеначкі і інш. Юра быў вельмі рад, усё хацеў быць з Люсяй. Даў ёй сваю прыгожую горскую палку.

Я папыталася аб замустве, і цудоўная Люся сумна адказала мне, што ў яе загробны жаніх... Мне пайшоў мароз па скуры. Яшчэ раней, калі я ім усё апісала пра Славачку й пра той чорны цень, які праследаваў яго, Люся адказала мне, што, жывучы ў Казахстане, і да яе прыходзіў чорны цень. Першы раз увайшоў праз закрытыя дзверы ў зямлянку, у якой яны жылі. Усе спалі, Люся яшчэ мылася, і сказаў: «Спой, невеста, не пугайся...» Люсю знайшлі на зямлі абамлелай. Ад таго часу, як і ў Жлобаўцах, многія яго бачылі. Мама прачнецца, а над спячаю Люсяй чорны цень. Люся мне казала, што прывыкла да яго. Аднойчы ноччу прачнулася і, убачыўшы цень, папыталася: «Што ты ад мяне хочаш?» — «Тваю маму»,— адказаў цень. Цераз два месяцы мама памерла. Цень паказаўся яшчэ раз, і ў паветры пранесліся словы «Со святыми упокой». Болей Люся тым часам яго не бачыла, але дзяўчо нейк чакала непазбежнай сустрэчы з ім, свае смерці. Многа пазней, у 1952 годзе 22 мая, Люся памерла вельмі загадачна, толькі не духі былі прычынаю яе смерці...

Усё гэта неверагодна, але я не маю падставаў не верыць чэснаму, найчаснейшаму брату майму, маці сваёй і дарагой сястронцы. Я не маю падставаў не верыць ім, і я ім веру. Я мела намер забраць з сабою Люсеньку. Перад ад’ездам схадзіла ў чэшскую паліцыю, і яны абяцалі мне яе прапісаць, калі ўдасца перавезці яе ў Прагу. Люся была гатовая йсці з намі, але Ніна так спалохалася, так збялела й пачала прасіцца, каб мы не бралі Люсенькі, бо яе за гэта пасадзяць, а яна ўжо ведала савецкую турму...

Польскае таварыства ахвотна забрала з сабою пад апеку маіх сёстраў. Панеслі нават іхнія рэчы. Дружныя й харошыя палякі ў горы, як брацця. А мы йшлі памалу да свае машыны. Са Снежкі відно было польскі бок. Мне здавалася, што там бяспечней крыху. Пайшла мая Люсенька, як русалачка, з імі ў маім зялёным касцюме, у харошай шапачцы белай. «Каб не гэты шакалад, што ем, і каб не падаркі ад іх, я думаў бы, што гэта сон»,— мудра высказаўся мой Юра.

Як было хораша, што я іх бачыла. Пан Кржываноска ніяк не мог супакоіцца, што палякам мы пакінулі такое дзяўчо, такое цуда... Задуманая, сумная, як не з гэтага свету, дзяўчынка адышла ад мяне назаўсёды, маленькая Люся... Не шчодра адмераў ёй лёс ніць жыцця. Расказвала я ім пра таго Толіка-партызана (мне здавалася, што ён Міша, але людзі з Палавок мне сказалі, што Толік). Успаміналі, як нейкі Сундукевіч (з Лазоў, здаецца) арыштоўваў тату, як гнаў яго Заяц з Тупічан, азвярэлы на безабароннага пана, аж да Лунны. Яшчэ жыве ў Мастох нейкі Капейка, які прыгарнуўся да Расціслава ў час вайны, а пасля праследаваў яго толькі за тое, што кулацкі сын. Так даказваў сваю рабскую адданасць Сталіну, памагаючы фізічна вынішчыць яшчэ жывых. Недзе й далей прадае ў Мастох на лесапільнай фабрыцы такіх жа нявінных. Што ж, залаты фонд сянняшняга рэжыму. Цераз такіх гінулі людзі, не ўсе, безумоўна, толькі тыя, хто не ўцякаў, хто не пакідаў гнязда свайго, зямлі роднай, каму здавалася, што людзі ўсё ж за дабро заплацяць дабром і за праўду — праўдай... Няўжо так вынішчаць увесььь наш род?

А крывавыя кіпцюры ўжо памалу заціскаліся ля майго горла, і малы сынок ішоў насупраць страшнога сіроцтва. Так наканавана ўсяму нашаму роду гінуць на зубах гэтых азвярэлых людзей. Мне найболей цяжка, бо я кахала гэты народ, кахала яго безгранічна... А можа, гэта толькі шумавенне, крывавая пена такіх жа крывавых дзён, можа, яшчэ б’ецца чалавечае сэрца ў майго народу й загамоніць некалі пратэстам супраць садызму? Так мне хацелася гэтаму верыць.

Муж пісаў з Вімпэрку, клікаў мяне да сябе, бо было яму цяжка. Страшны Вімпэрк, на ўспамін аб якім браў мяне жах. Трэба было здаць хлопчыка на кватэру, а самой ехаць. Мае добрыя знаёмыя Сіраполкі знайшлі нейкую ўкраінку пані Кучынскую, дзе й аддалі мы Юру, над якім апеку пераняў пан Кржываноска — наш знаёмы чэх. Часта я прыязджала да Юры, тады мы йшлі на нашую кватэру й праводзілі там пару дзён. Былі тады шчаслівыя. Я заўважыла толькі, што Юра стараецца быць самастойны, гэта палохала мяне. Пані Кучынскай ён не слухаў. Муж мала наагул звяртаў на яго ўвагі, а цяпер дык зусім не бачыў яго. Хлопчык вырас велькі, нейк выцягнуўся.

Аднойчы я ехала да мужа. Звычайна спакойна бывала ў аўтобусе, але на гэты раз да мяне ўчапіўся нейкі тып, які вельмі пагана гутарыў па-чэшску з расейскім акцэнтам. Бяссільны, каб вырваць ад мяне хоць слова, ён звяртаўся да шофера й да ўсіх з аўтобуса, што гэтая дама-буржуйка сама жыве ў Вімпэрку, а сын яе вучыцца ў Празе і т.п. Мне прыпомніўся Аляхновіч [166] , нічога новага, паўтараецца тое, што перанёс калісьці ён. Цераз пару дзесяткаў гадоў так жа адзін з іх «прадстаўнікоў» нападзе на мяне ў Польшчы па дарозе ў Крынкі. Калі муж спаткаў мяне ў Вімпэрку, я паказала яму на праследавацеля, і ён адразу ўцёк. Таксама ў Польшчы ўцёк той чэкіст у лес, не даязджаючы да Крынак...

166

Аляхновіч Францішак (1883–1944) — тэатральны дзеяч, драматург, аўтар кнігі «У капцюрох ГПУ» (1937). У 1942–1944 гг. рэдагаваў тыднёвік «Беларускі голас». Забіты невядомымі на ўласнай кватэры ў Вільні.

Ішлі мне па пятах, сачылі, акружалі, і толькі муж мой быў глухі й сляпы й па-ранейшаму баяўся, каб хоць не пераехаць граніцы ў Заходнюю Германію. У мужа была медсястра й сакратарка, якой бацька быў немец, а любоўнік — партыйны актывіст, чэх, вельмі зацікаўлены нашымі асобамі. Муж і тут не бачыў нічога страшнага, наадварот. Мне ўсё было ясна, але я рабілася пасіўнай і, як тупая авечка, ішла на зарэз. А трэба было браць сына й ратавацца, бараніць жыццё адзінага сына й сваё. Злачыннае кіданне нас Сталіну пад ногі ніколі не лягло каменем на сумленне майго мужа. Мы для яго былі хутчэй рэчы, чымсьці жывыя людзі.

У яго былі свае зацікаўленні, сваё жыццё. Будучы ў Вімпэрку, я варыла яму, падавала, паліла ў печы, а ў свабодны час малявала алавікамі ці акварэллю. Калі ён ехаў далёка на вызавы, дык браў мяне заўсёды з сабою. Тады я глядзела на лясы, на пакінутыя ў іх немцамі хаткі й думала пра Беларусь. І тут і там было для мяне страшна. Страшна, калі вайна, але страшней, калі на яе крывавых слядох прадаўжаецца сабачае, нізкае сачэнне, мучэнне й выдаванне людзей, якія не хочуць гнуцца, не патрабуюць апраўдвацца й не паддаюцца загаду, каб любіць тое, перад чым некалі здрыганецца людскасць, як перад пеклам. Логіка тут была рэчай смешнай, а подласць і нізасць законам дня. Цяпер многае змянілася, але такое робіцца й далей, але хоць крыху маскуецца, тады ж гэта было яўна, выразна нагла.

І так пасля высокай еўрапейскай культуры ў Чэхаславаччыну прыходзілі паняцці: мядзведзь — начальнік, тайга — закон... Аднойчы ў суботні вечар мы нешта гаварылі з мужам, як раптам пазваніў нехта, калі мы выйшлі адчыніць, дык у дзвярох стаяў Юра й хахатаў. У яго былі канікулы, і ён сам прыехаў да нас. Колькі ж было тады радасці! Аднак Юра хацеў паездзіць на лыжах, і муж завёз яго на самую граніцу да знаёмых, дзе былі лыжныя тэрэны й нават трамплін. За тою граніцаю жылі людзі, якім цяжка было пасля вайны, але якія падымаліся эканамічна й маральна, і жыццё ў іх з кожным днём рабілася лепшым. Я паехала па Юру, але ён яшчэ хацеў паездзіць на лыжах. Да нас вярнуўся сам, прыбег на лыжах! Ехаў праз пакінутыя сёлы, і было яму страшна. Яшчэ не ўсё абжылі тады чэхі ў т.зв. «погранічы», яны запрасілі на гэта нават балгараў, і вось «братушкі» памагалі там рабіць калгасы. Сколькі кароў, столькі начальнікаў на пакатых баках Судэцкіх гораў. А некалі там кожны гаспадар меў па некалькі кароў, і агульная іх колькасць была дзесяць раз большай і дзесяць раз лепшай ад калгаснай. Людзі на ўсё гэта глядзелі скептычна, але, як казалі немцы: «Бэфэль іст бэфэль» [167] — і вось кожны гэтаму прыказу падпарадкоўваўся, каб толькі не трапіць у сталінскія крывавыя кіпцюры.

167

BefelistBefel (ням.) — загад ёсць загад.

Прафесар Шпачэк напісаў мне, што хацеў бы мяне бачыць і пагаварыць. У Прагу паехаў муж, але Шпачэк, паводле яго слоў, нічога не хацеў з ім гутарыць.

Сёстры ўжо добра ўладзілі сваё жыццё, і здавалася, што ім будзе спакойна й добра. Мае знаёмыя, хто як мог і хто чым мог, памагалі ім. Яны нават пісалі, што ім яшчэ ніколі так добра не жылося. Была добрая кватэра й кожнай праца, і ўсе тры разам. На жаль, ім хацелася яшчэ лепей, галоўнае — весялей. Усё гэта кончылася после трагічна.

Алёша пісаў па-ранейшаму. Ужо пачаў звыкацца з лёсам і новай сваёй Бацькаўшчынай — гасціннай зямлёю Англіі. Бліжылася вясна, яна ранняя ў горах. Калі доўга не прыходзіў муж, дык я выходзіла на двор і глядзела, як імкнуць цёмныя хмары і як губляецца ў іх бездапаможна адзінокі месяц. Той пэўнасці жыцця, стабільнасці заўтрашняга дня, што была некалі, не прадбачылася нават. Кожны жыў — абы дзень да вечара, нават партыйныя. Меліся быць выбары ў Чэхаславаччыне, але не адбыліся. Замест іх зноў была рэвалюцыя, на гэты раз раздзяліўшая народ на камуністаў і дэмакратаў. Выйгралі камуністы, бо так загадаў тады Зорыну [168] Сталін.

168

Зорын Валяр’ян (1902–?) — савецкi дыпламат, амбасадар у Чэхаславакii (1945–1947).

Поделиться с друзьями: