Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Нас вязлі далей. Першай вязніцай, дзе мы трапілі па дарозе, была вязніца ў Арле. Калі забіралі ў капцёрку мае рэчы, дык паведамілі мне бытавікі зняволеныя, якія там працавалі, што сюдой праехаў ужо нехта Геніюш, доктар. Я падзякавала за вестку. Знача, Яначку вязуць на поўнач... У Арле ўвялі нас з Нінаю ў дзеравяную вязніцу, у камеру, поўную жанчын. Стаяла там неймаверна велькая дзеравяная параша, па берагі поўная, адпаведна араматная, і жанчыны былі большасцю зусім абарваныя, хоць пару было й апранутых лепей. Сустрэлі яны нас вельмі сардэчна, да слёз цёпла, як нідзе болей. Падзяліліся хлебам і нейкімі ляпёшкамі з бульбы і яшчэ нечага, якія цяжка было раскусіць, але раскусіўшы ўжо нейк было можна жаваць. Многія з іх сядзелі за самагонку, якую гналі з буракоў, каб пракарміць дзяцей, бо мужыкі не вярнуліся з вайны. Яны былі радыя хоць тым, што маюць тут хлеб, і плакалі толькі па дзецях. Жанчыны гэтыя з усім змірыліся, лічылі сваю зямлю няшчаснай, як пад татарскім ігам, і час акупацыі, жудасны час акупацыі, лічылі лепшым часам свайго нялюдска суровага жыцця, бо маглі тады сеяць і жаць на сваім. Яны нічога не баяліся. Сярод іх былі й дзве настаўніцы з Арла, і жонка прадсядацеля калгаса, якая, калі я ад’язджала, дала мне 10 рублёў на дарогу, можа, спатрэбяцца. Сядзелі яны таму, як казалі, што нехта сядзець мусяў, доля выпала на іх. Апрача іх былі там немкі з Паволжа й татаркі. Гэтыя дзяўчаты ўцяклі з месца, дзе пасялілі іх народы. Далі ім за гэта па 20 гадоў катаргі, і ўсіх іх, як я пасля даведалася, павезлі на Варкуту.
Пабыўшы ў іх пару тыдняў, мы папрашчаліся з гэтымі амаль святымі жанчынамі. Нас выклікалі далей. Наша малая групка зноў сустрэлася ўся на этапе, і мы маглі крыху пагаварыць. Ксёндз тут адсвяткаваў свае святы спакойна. Гэта ў Вялікую Пятніцу ў «вагонзаку», калі мы з ім гаварылі праз сценку, падышоў да яго афіцэр і папытаўся, за што ён, абманшчык, які адурманьваў народ, дастаў срок? «Па графіку, — кажа ксёндз, — падышоў графік, і мяне ўзялі». — «Дык вось, ідзі цяпер памый падлогу ў карыдоры, навучышся працаваць». — «Я ўмею ўсё рабіць, — сказаў ксёндз, — а вось вы, акрамя насіць пагоны й мучыць людзей, больш ні на што не здольныя...» Афіцэр закусіў губы, і калі бедны ксёндз Лазар вымыў той карыдор уздоўж усіх закратаваных клетак з намі, звярочкамі, яго далі ў карцар, бо й там ён быў таксама. Дык ксёндз нам, сустрэўшыся, казаў, што не было там так страшна, ён спаў там, а ў клетачцы ля нас сядзела іх болей дваццаці, адзін на адным, і яму было горай. Нас зноў пасадзілі недалёка, і мы між сабой час ад часу перакідаліся словам. Ва ўборную пускалі нас рэдка, а то й не пускалі даўжэйшы час, што было асабліва пацешна для канваіраў, і яны адпаведна каментавалі спех няшчасных і далей здзекаваліся з ксяндза.
Нас прывязлі ў Горкі ў т.зв. «дачу Салаўёва» — здаецца, так называўся галоўны кагэбіст там. Мы доўга чакалі, пакуль нас там прымуць, размесцяць, бо зняволеных назбіралася многа, асабліва блатных. Нейкая пара ўжо прымасцілася ля нас і распачала на вачох ва ўсіх самыя апошнія інтымнасці. Лёша папрасіў нас не абарочвацца ў той бок. Борыс дастаў са свайго ўбогага чамаданчыка дзве шпулечкі нітак і прасіў, каб я іх узяла, што спатрэбяцца. Дзяліліся мы ўсім, чым маглі. Нарэшце папрашчаліся, нас павялі асобна. Мы жадалі сабе толькі, каб яшчэ нам сустрэцца.
Ах, гэты Горкі, кляты Горкі... Там і шманалі нас не па-людску. Гэта быў амаль гінекалагічны агляд няшчасных ахвяраў праз брудных і грубых надзорак. У камерах былі розныя людзі. Адна сярэдніх гадоў залатавалосая немка з Кіева Эльза вельмі міла мяне сустрэла. У падзяку я ёй сказала, што знаю Міціных з Кіева. Міціны былі адзіныя людзі, якіх я ведала з Кіева, і яны аказаліся самымі блізкімі сябрамі «Гольдэне Эльзы», як яна сябе называла. З Міцінымі я пазнаёмілася ў Празе. Яны ўцякалі ад сваіх суродзічаў, якія паспелі ім уесціся ў косці. Сама Ксеня Міціна, здаецца, была сваячкай нямецкага кампазітара Шумана [186] . Яе дачка Галіна была вельмі добрая піяністка. Мне давялося быць сведкам на яе шлюбе ў Празе й разам з мужам і сынам — гасцямі на іх скромным ваенным вяселлі. Эльзе я мела што расказваць, і яна была шчаслівая пачуць пра сваіх сяброў. У камеры была яшчэ ўкраінская студэнтка Люся Васількоўская. Ціхая гэтая дзяўчына з Усходняй Украіны, як я даведалася, была стукачкай у лагеры. Не ведаю, ці яна была ёю ўжо тады ў Горкім, што ж, зусім магчыма. Нас выводзілі на прагулку па нейкім падобным да замкавага дзядзінцы. Люся трымалася заўсёды мяне. Яна мне не прыпала да сэрца. У паветры чулася вясна, і неба было вельмі светлае. Мне пасля болей года вязніцы асабліва хацелася быць вонку.
186
Шуман Роберт (1810–1856) — нямецкі кампазітар.
Нарэшце нас выклікалі зноў на этап, мяне й Люсю. Этап збіраўся вялікі. Я вачыма шукала сваіх этапных сяброў. Нікога не відно было. Як я пасля даведалася, абодвух Лёшаў і Борыса павезлі ў шахты на Варкуту. Нарэшце сярод натоўпу блатных я ўбачыла ксяндза Лазара. Ён быў на сябе не падобны: капялюш яго быў у дзірах, пальто абарванае, а на нагах ужо не чаравікі, а нейкія жудасныя хадакі з гумы. З плечаў звісала пустая торба. Ксёндз, убачыўшы мяне, бег, нягледзьячы на крык надзораў, яго вочы блішчэлі радасцю, што ён хоць некага з нас убачыў. Голас ксяндза дрыжэў стрыманым плачам. Ён выйшаў з пекла і ўбачыў зноў людзей. Бедны, не мог паўтарыць той жудасці, якую перажыў у камеры блатных, якія і абабралі яго, і раздзелі, і здзекаваліся над ім. «Я ксёндз, — казаў ён, — я ведаю грахі людзей, іх падзенне на дно, але аб такім, што я тут убачыў, я нікому не магу нат сказаць, настолькі ўсё жудасна. Я аб падобным не чытаў і не чуў. Цешыць толькі тое, што такая моладзь у найстрашнейшага ворага людскасці, якога яна й знішчыць». Жаль было глядзець на беднага ксяндза, якому так дасталася. Казаў, што хацеў клікаць надзірацеля да кармушкі, схапіць яго за чуб і малаціць галавою аб дзверы, каб яму да 10 гадоў сроку дабавілі яшчэ й 15 гадоў, як усім парадачным людзям. Бо ў падобным таварыстве савецкай моладзьі з дзесяцігадовымі срокамі ён не выжыве. Ён шчыра зайздросціў нам дваццаціпяцігадовага сроку...
Нас павезлі далей. Рэчы нашыя былі ў канваіраў недзе, і вось яны агледзелі мае чамаданы, якія запрапанавалі мне аддаць, бо забяруць усё роўна. Мне далі рэчы, каб пералажыць у мяшок, які пашыла мне дарагая прадбачлівая Матанька Марта. Вечарам, нешта расказваючы, выкрала блатная яшчэ сукеначку з таго мяшка, але мне ўжо было ўсё роўна. Начальнік канвою сказаў мне, што ўжо вёз сюдэмі майго мужа, што ён трымаў на каленях нейкую немку... Гэта вечны трук усіх кагэбістаў, якія жуюць і перажоўваюць гэтую тэму ў розных варыянтах, брудзяць усякае пачуццё брудным дотыкам сваіх крывавых рук. Пасля той начальнік стаў ля нашай клеткі й пачаў пяяць панылыя расейскія песні. Выў гэтак не пераставаючы да поўначы, відно, і самому было нялёгка. Адно бачыць тысячы зняволеных людзей, а тут цягнуць іх яшчэ на страшную поўнач... Некаторых зняволеных высаджвалі па дарозе, іншых набіралі. Цяпер ужо суцэльны цягнік быў з «вагонзакаў». Гэта «галіна прамысловасці» гандлю людзьмі была найлепей арганізаваная ў Савецкім Саюзе й пастаўленая на першае месца. Там недзе амерыканцы арганізоўвалі дапамогу людзям пасля вайны ці сваю магутную прамысловасць... Што ж, каго Бог хоча пакараць — розум адыме...
Нарэшце нас прывезлі ў раскінуты нейкі дзеравяны горад і выкінулі на вуліцу, з якой павялі строем па пяць чалавек у такую ж дзеравяную вязніцу. Здала я й тут свае рэчы ў капцёрку, але пра мужа тут не чулі, знача, затрымалі яго недзе на перасылцы, але калі трапіў на гэты шлях, знача, дагоніць мяне альбо перагоніць...
Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам не ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: дзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх размясцілася большае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзьячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усёй гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасці? Я адказала: «Ці ж не ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасць вы, палякі, не прызнаеце, не любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога не скажа...» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой свяцілася сіла й боль. Я назвала сваё імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» І пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасля паўстанняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдскія маскалі... Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду...
Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэння. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не паспела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за А[рмію] К[раёву] [187] і што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы... Знача, і ў вайну не толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасля немцаў... О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна... Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца...
187
Armia Krajowa — польская падпольная ваенная арганізацыя, якая дзейнічала падчас Другой сусветнай вайны на акупаванай тэрыторыі і падпарадкоўвалася польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лондане (1939–1945).
Цераз тыдзень нешта нас павезлі далей. Усё пусцей і пусцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі восьтрыя вярхі ялінаў, абсцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без галля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы...
Нарэшце брыдзем мы па снегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозвішчы, мы мусім адказваць сваю стаццю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азіяцкі здзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсё ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасвянцонай зямлі...
Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацця па долі, бо кожны этап прыносіў новасці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая пражская бялізна не закрыла на гэты раз майго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам,— чэшскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званню ксяндза, яго служэнню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэшскай Бібліі і іншых маліцвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й не будзе, нават паперы на аспірын...