ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Мяне завялі ў баню з другімі жанчынамі. Усе мы былі да касцей схуднелыя, замест грудзей віселі ў жанчын убогія мяшочкі з жоўтай скуры. Праз усе этапы цягалі нас у тыя іх бані, дзе мікраскапічным выданым кусочкам мыла, якое не мылілася, велічынёю з гарбатную ложачку, мы ў прысутнасці нейкіх заўсёды мужчынаў шаравалі халоднай часта вадой свае косці й скуру, ні на што не звяртаючы ўвагі. Мы атупелі да іх наваколля ці проста не лічылі іх болей людзьмі. Нас развялі па бараках. А баракаў было там поўна, вузкіх і даўгіх, у чэраве якіх мясціліся на двайных нарах адзін на адным сотні людзей. Ноччу варочаліся на другі бок усе разам, бо цесна было, не павярнуцца. Ніякіх простыняў! Давалі сеннікі са стружкамі й малымі калодкамі й такія ж са стружак падушкі. Як мерцвякам. Есці нас вадзілі ў сталовую строем, дзе ў жалезных місках давалі нам страву вельмі мала лепшую, а то й горшую, як у цюрме. Ложак не было. Нехта падышоў да мяне й запрапанаваў прадаць ложку за пайку хлеба. Я аддала сваю пайку, а сама села на дварэ й піла, піла паветра.

З беларусоў я нікога не сустрэла, да мяне падышоў адразу пасля этапу чэх. Пасля падыходзілі й другія чэхі, якія выпытваліся пра Прагу. Мая печань, даведзеная да апошняга менскім лекарам Пінем, зноў пачала дакучаць. Мяне паклалі ў лагерную больніцу. На дварэ была завіруха, холад за вокнамі, а я пакуль што ляжала, даставала гарэшак масла, часам кусянятка белага хлеба, як належыць хворым. Нейкі малады латыш усё мыў там падлогі, ён лічыў сябе шчаслівым, бо ў шахтах куды горай. Даведаўшыся, хто я, ён адкрыта гаварыў аб тым, што яны нам некалі забяруць Віцебскую вобласць, а я яму даказвала, што амаль 100 тысяч беларусаў-латгальцаў і іх тэрыторыю ўжо найвышэйшы час вярнуць нашаму народу. Як жа хочацца кожнай казяўцы адарваць хоць кусок ад бохана нашай зямлі, як несправядліва такое. Здавалася мне, што адна толькі стаю супраць здзекаў над намі й таму мушу быць і разумнай, і хітрай. Трэба мне многа бачыць, моўчкі перажыць усё, што выпадзе на долю, і кожны свой дзень, кожны свой крок ахвяраваць Беларусі... Смешна, адна хворая жанчына і ўся дзікасць бесчалавечнасці супраць мяне. Лячыў мяне зняволены доктар-паляк. Прозвішча яго не памятаю, пачыналася з «А». Быў гэта, на маю думку, яўрэй малады й вельмі паважаны. Аднойчы ён затрымаўся ў нашай палаце, паклікаў мяне да вакна й паказаў на небасхіле цёмна-сінія контуры Урала... Моўчкі я на яго загледзелася, доктар казаў: «Трэба нам выжыць, ворага трэба перахітрыць, бо так толькі можам выратавацца й выратаваць ад няволі людскасць. Павязуць мяне згэтуль, і там будзе мужчынскі лагер, 1-шы ОЛП [188] , з якім належыць мне наладзіць лучнасць, каб працаваць».

188

ОЛП — асобны (особый) лагер палітычных.

Мяне выпісалі. У бараку было дзіка й халадно. Памалу я пачынала звыкацца са сваёю доляй. Пазнаёмілася з літоўкамі і ўслухалася ў іх маліцвенныя спевы, то ў дэталі жудаснага следства над імі. Зноў цесна збліжылася з украінкамі, асабліва самымі беднымі простымі жанчынамі, якія цвёрда трымаліся абычаяў, праўды й свае веры, нікога не баяліся й нічога ад ворагаў добрага не чакалі.

Аднойчы ў барак прывялі высокую, тонкую яўрэйку з этапу. На плячох у яе быў непамерна вялікі да яе фігуры мяшок, з якім яна змагалася, каб зняць. Я падышла й памагла ёй. Гэта была Камунэла Маркман з Грузіі, таксама са срокам 25 гадоў ІТЛ. Мы разгаварыліся, але яна хутка перапрасіла мяне, што мусяе знайсці тут адну пісьменніцу, жонку доктара з Чэхаў. Знача, яна шукала мяне. Я да сяння не пэўная, ці ўжо тады не была яна, як і Люда Васількоўская, заангажаваная й прыстаўленая да мае асобы праз КГБ... Яна ўзялася мне расказваць, як толькі што ехала з маім мужам і абяцала яму мяне знайсці. Мужа павезлі на Варкуту, гэта за 300 км далей на поўнач... Стала нейк безнадзейна, нясцерпна цяжка. Не зрабілася лягчэй, калі выклікалі нас усіх на праверку на двор. Дагэтуль па два разы на дзень строілі, лічылі й правяралі нас па бараках. На дварэ была слякаць, холад, балота па косткі. Навокал вялікага чатырохкутніка гэтага асаблівага паселішча былі старанна і ўмела на роўных, высокіх стаўбах нацягнутыя драты. Два рады стаўбоў і на іх наежаная, роўная, густая пярэплаць калючага дроту. Між радамі стаўбоў гладка, як на асфальце, ні травінкі, ні камячка, каб лягчэй было попкам-канваірам, якія дзень і ноч «красаваліся» на вышках, заўважыць эвентуальны пабег... Пабегаў там, як правіла, не бывала. Тундра, балоты, жудасная адлегласць ад людзей, драты й палкі адданых Сталіну тупых канваіраў учэпіста спынялі наш кожны крок... Вось пачалі нас выводзіць на тую праверку. Ішлі мужчыны й жанчыны, юнакі й дзяўчаткі, амаль школьніцы, бабусі старэнькія й дзядкі на схіле гадоў. Цягнуліся калоны сініх, худых людзей. Ніколі я не думала, што тыя баракі змаглі ўціснуць у сябе такую колькасць няшчасных. Падаў снег з дажджом, і некалькітысячны шнур людскі, пастроены па пяцёрках, праз чатыры гадзіны, пакуль усіх далічыліся, таптаў і таптаў рэдкае месіва з балота й снегу, амаль так, як яшчэ нядаўна ў Асвенціме й Майданаку [189] . Навука Гітлера не пайшла ў лес... Што будзе, куды гэта дойдзе людскасць такімі шляхамі, пад такім кіраўніцтвам партыяў і адзінак? Я не магла забыцца аб адной беларускай жанчыне на этапе. Ёй было 93 гады, але яна была кулачка, якой дзеці-кулакі не ўзялі з сабою на высылку. І вось бабусеньку ў даўгім кажуху, але яшчэ даволі крэпенькую, каб залезці ў вагон, гналі цяпер недзе за дзецьмі. Баюся, што сканала яна на адной з перасылак, як і іншыя... Некалі ў Празе я, вечны народнік, часам абуралася залішняй цывілізацыяй, якая забівае ў людзях здаровыя інстынкты зямлі. «Юберкультывірт» [190] ,— казалі на гэта немцы. Вось цяпер я магла не тужыць па падобным. Перада мною быў найстрашнейшы, тэхнікай і сталінскімі ідэямі падмацаваны прымітывізм, які не сніўся нават ардзе Чынгісхана... Калі вецер данёс да мяне з-за рогу барака маліцвенны спеў двух дзядкоў, я расплакалася.

189

Майданек — канцэнтрацыйны лагер, створаны фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны ў прадмесці Любліна (Польшча).

190

"Uberkultiviert (ням.) — звышкультурны.

Лагер

Лагер на Інце, куды нас прывезлі, т.зв. 5-ты ОЛП пад уладаннем гнусавага Шапіры, быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы [191] паводле жаданняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зняволеных — лагерных жонак — у разуменні не платанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛП Інты, гэта быў т.зв. горад, пабудаваны нядаўна зняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за майго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд, былі ненавіснымі для нас, вязняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэнні гэтыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сценах баракаў была іх цьма! Паранне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукар, якога на 20 дзён давалі па шчопцях і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.

191

Segregowa'c (польск.) — сартаваць.

Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчаты-рабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбекаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам след было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла... Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, дзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемент у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізічнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.

На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маёй сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т.п. Мае адказы яе насцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я здзівілася, а калі я назвала сваё прозвішча, яна ледзь не кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, смела сюды трапіць, чаму я не схавалася дзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна — аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная без дольная моладзь... Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і спяць, і ядуць... Роза дрыжыць перад ёю... Усё гэта мне не падабалася... І зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнзіянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т.п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, свінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.

З беларусак на нашым ОЛПе былі М[арыя] І[ванаўна] Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага [192] , праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозвішча не памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.

Побач, за які кіламетар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК [193] , на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала пражскую хустачку, бо яшчэ «форменных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаёмы твар... Так, гэты чалавек быў у нас у Празе... Чалавек збялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю», — і папрасіла лапату назад... Гэта быў Сямён Раманчук [194] . Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывёў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка [195] , а калі сірэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеннях і гутарылі. Асцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць...»

192

Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў; 1901–1937) — празаік, драматург; у 1936 г. быў арыштаваны і праз год расстраляны.

193

ДОК — дрэваапрацоўчы (обрабатывающий) камбінат.

194

Раманчук Сымон (1916—1951?) — беларускі вайсковы дзеяч, адзін з актывістаў Беларускай краёвай абароны. Арыштаваны савецкімі спэцслужбамі ў 1946 г. Спрабаваў арганізаваць паўстанне вязняў у Інце, паводле неўдакладненых звестак быў расстраляны.

195

Рашэтнік Пётра (1926–2008) — удзельнік беларускага незалежніцкага руху, сябра Саюза беларускай моладзі. У 1948 г. быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў няволі; пасля вызвалення жыў у Баранавічах.

Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпературу 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках... Зноў пасля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабыванні ў бытавых лагерох з блатнымі, дзе не было магчымасці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людскасці... «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэце нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова...» Аб гэтым мяне не трэба было ўпрошваць...

Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сянняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку... Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»... Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»...

Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей не ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі не бачылі жанчын і не чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі... А вершы ляцелі. Калі ж было якое свята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукар, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны... Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасць адну, дзве нітачкі, а ведала ж, для чаго... Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга не йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынанні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны не думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткіды хварэла.

Інта — гэта т.зв. гарадскі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, не маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, ззяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць свайго зняволення нейкі швед. Пэўна, далі яму ў цяжкі час большую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Не дорага для іх каштавала праца, жыццё і ўсе веды зняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб’екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й планавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага плану рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спецыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існавання, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцця й шчасця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасля смерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, дзе жыў ён з сям’ёю, як удзельны кацык [196] . Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосць, здароўе й само жыццё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на снег, даставалі змерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў не з’есці, выходзячы, і грызлі. Святам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк снегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых людзей. Вярбоўка іх — гэта мэта жыцця й гвоздзь сістэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палова лагера. Я ім была соллю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Без страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго — на мужчынскія лагеры. Выжыць — гэта для мяне было смешна, важна было зняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдз, якая душыла нас, загнаўшы ў снягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начыста адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі не злазіць далоў.

196

Кацык — удзельны князёк.

Поделиться с друзьями: