Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Жыццё нашае было няпэўным, нейкім вечна нервовым, настарожаным. Мала, што шманалі нас, выводзячы за зону й зноў у яе пускаючы (што часам было падобна на гінекалагічны агляд на марозе), але перыядычна й звыш нормы шманалі нас у бараках. Трэслі нары, пераварочвалі пасцелі, раскідалі рэчы. Часам нападалі ўвечары на перапоўнены барак, заганялі ўсіх у адзін кут і пачыналі дзейнічаць. Суправаджалася гэта неймаверным крыкам Кір’янава ці Прасветава й віскам знамянітай надзірацелькі Дусі, што надавала гэтай аперацыі характар дагістарычны. Забіралі што папала, а калі трапляліся запісачкі ці малітоўныя абразкі і т.п., дык БУР [197] ужо забяспечаны. БУР — гэта вязніца ў самым лагеры. Ізаляцыя, дзе даваліся вада, 200 грамаў хлеба ў суткі, на трэці дзень місачка баланды й рэшту па столькі ж хлеба на суткі. Пасля БУРу выходзілі «п’яныя», а то й выносілі іх, вывалакалі. Так ледзь вярнулі да жыцця ўкраінскіх дзяўчат, якія на Каляды пайшлі калядаваць па лагеры й праспявалі: «Спі, Ісусе, спі на сіні, дай Бог шчасце Украіне». Шчодры Казлоў узнагародзіў бедных дваццаццю суткамі БУРу. Дзяўчаткі маглі каяцца, пляваць на рэлігію й свае абычаі, але гэта былі ўкраінкі. Яны цярпелі ўпарта, пакуль іх амаль нежывых не вывалаклі з БУРу. Мы клялі стукачоў, ад якіх не было дзе дзецца. Былі яны й сярод украінак, але лічаныя. Маса ўкраінцаў была імпануюча стойкай, шляхотнай і вельмі дружнай. Яны мяне прызналі сваёй і толькі сваёй, і я ў лагеры пераважна гутарыла на іх мове. Мне і Олі Мароз (украінцы) забаранялася нават высушыць нашыя лахманчыкі ў сушылцы, але днявальныя ціхенька нам іх бралі й памагалі нам, як толькі маглі. Часта папераджалі, пачуўшы на нас нешта ў сушылцы, якая была клубам для ўсякіх у лагеры прывілеяваных элементаў.
197
БУР — барак узмоцненага рэжыму.
Нам дазвалялася пісаць два разы ў год. Я пісала мужаву бацьку ў Зэльву. Старэнькі доўга не адказваў, людзі тут кажуць, што ён адрокся ад нас быў, начыста выракся. Дзіва тут няма. Кажуць, што быў такі жах, створана такая атмасфера, што людзі адракаліся ад усяго, нават ад бацькоў і родных дзяцей, каб толькі выжыць. Пасля дзед пісаў нам. Лісты яго былі больш-менш такія: «Дарагая Ларыса, мне куды горш, як Вам. Я ўжо зрабіў сабе труну, і яна ляжыць у мяне на гарышчы. Жонку сваю я пахаваў паводле ўсіх законаў рэлігіі, а вось хто мяне пахавае?..» і т.п. Дзед пісаў няпраўду. У яго былі запасы, і ён шмат пакінуў пасля смерці чужым, вельмі нячэсным людзям, каб яны перадалі нам. Былі гэта Архімовічы, надта пабожныя каталікі. Ледзь вырвалі мы ад гэтых пабожных сваю старую хату. Калі мы вярнуліся з лагера, дык хата нашая была занятай. Архімовіч пасяліў там траіх кватарантаў, а сам пабег хутчэй у міліцыю з заяваю, што мы антысавецкі элемент і нас зноў трэба вярнуць у Комі... Прыйшлося мне пісаць у Менск у галоўную пракуратуру, каб дазволілі нам вярнуцца хутчэй у Чэхаславакію. Тады загадалі вярнуць нам хату й тэстамент бацькоў. Быў там напісаны параграф, паводле якога хата належала нашчадкам, і яшчэ рукою Архімовіча было дапісана, што ён абавязваецца яе вярнуць: сыну, унуку альбо нявестцы памершага. Зэльвенскі адвакат і пракурор, падкупленыя Архімовічам, перакруцілі значэнні таго параграфа, і толькі растлумачыла нам яго нейкая камсамолачка, надзіва чэсны й сумленны юрыст. Быў спісаны акт па смерці бацькі ўладамі на рэчы па ім і т.п. Гэта «ўлады» зажулілі, і мы маўчалі, бо вельмі дрыжэлі пасля лагероў. Так і выехаў той Архімовіч з сям’ёю ў Польшчу, адвозячы нашыя рэчы й крыўду. Праўда, быў у яго сын Раман, і вось той Раман аднойчы прынёс нам пачку нашых сямейных старых здымкаў, за якія мы яму ўдзячныя й сяння. Страшны быў яго сын Пётр і яшчэ страшнейшая дачка — наколькі пабожныя, настолькі нелюдзі. А мы нейк жылі.
Адбілася ад тэмы. Знача, арыштаваныя 5 сакавіка 1948 года ў Вімпэрку, выданыя саветам 12 жніўня 1948 года, прывезеныя ў Менск у кастрычніку, суджаныя 7 лютага 1949 года па адной справе § 58 і § 4 савецкіх законаў. Першы — гэта была групавая арганізацыя, а другі — нешта накшталт: «Ведаючы, што на змену капіталізму мае прыйсці камунізм, усё ж трымаўся з буржуазіяй...» Кляты той Коган сказаў мне, што ён мог на падставе гэтага параграфа асудзіць на 25 гадоў Чэрчыля, калі б той трапіў у яго рукі. Чэрчыля не любілі. І так, маючы разам з мужам паўстагоддзя маскоўскай кары, разарванай на тры часткі сям’ёй, уліліся мы ў шэры, убогі натоўп далёкіх лагероў ледзяной Поўначы. Муж быў на Варкуце, і я гэта ведала ад Элкі Маркман. Я была на Інце, і муж аб гэтым не ведаў. Коган мне прапанаваў на следстве развесціся з мужам і наагул пачаць пісаць па-расейску. Я яшчэ раз пашкадавала харошага чалавека, якому лёс назначыў быць маім мужам і які сапраўды цярпеў з-за мяне й з-за свае дурноты — веры ў сацыялізм. Муж і, галоўнае, сын... Божа мой, што было рабіць мне, няшчаснай? Не, нельга было йсці на ніякія ўступкі, мы ж, як ваякі, і Народ наш, і Зямля наша, і ўсе гуманныя здабыткі чалавецтва, і праўда, і Бог — ад такога не адступаюцца нават перад грозьбай смерці. Што ж, пабачым, што прынясе час. Коган нейк казаў мне, пасля даносаў Нэлкі Гардзей, што грузіны жывуць вельмі доўга й Сталін добра трымаецца, але я ведала, што гэты «айцец народаў» вытрымае ўсю «малітву» і ўсю хвалу ачумелых паэтаў і ўсякіх ідыётаў без розуму, але стогну мільёнаў, ім загубленых,— не стрывае.
І так лагер. Доўга цягнуцца ўпрогаладзь працоўныя дні за зонай у той клятай Ілгі Дзіндонс (і запамятала я гэтае прозвішча). Калі мне надта хацелася есці ці было не вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысціянскіх святыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія Яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленне... Так, тое сумленне... Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсё, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленне й яны ясна сабе ўсведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і звярэюць яны ад здзеку й нявольнай працы, на дзесяцігоддзі адарваныя ад сем’яў, ад сяброў і свету... Марксізм у яўнай практыцы.
Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз’іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвой на бярвеннях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё свае пакутнае прабыванне ў лагерох, а вось сяння ноччу меў тэмпературу, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, — сказаў ён, — але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэце. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося»,— зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо смяротнае рашэнне, і чвэрць стагоддзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасля свае т.зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людскога, пэўна, не змог бы такога чаўпсці з радасці, каб перамог. Тут здзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека распісвалі следавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я не ўбачыла ў жыцці Раманчука, гэтага нашага светлага героя, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.
Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб’екты. Насіць запіскі было небяспечна, жыць без іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсці напралом праз лагер, не звяртаючы ўвагі на рэшту зняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуццё да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зняволення адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцця элементу. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт не так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», не маюць іншых пачуццяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку... Любымі сродкамі... Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстанне ў лагеры супраць бяспраўя й здзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў звязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскім, паляком, які пасля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага каланізацыі Украіны й Беларусі.
А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпення й змагання са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю пражскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасля выяснілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш [198] . Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — не думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб не думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, дзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.
198
Люцыяй Антонаўна Клагіш (Тэтэрэ) — тэатральная дзяячка ў даваеннай Латвіі.
І вось аднойчы пад восень перавялі нас ад іх далей за лясок. Была там зусім яшчэ дзікая тундра, і перад намі была вытарфоўка пад будынкі й дарогі Інты. У тундры амаль усюды трансава [199] , і каб дабрацца да цвёрдага грунту, нам трэба было здымаць напластаванне моху. Пласт той быў часам у паўметра таўшчыні, а часам і ў паўтара. Зімой той мох змярзаўся з сівай глінаю, і мы яго лупілі кіркамі, сякерамі й клятымі цяжэрнымі кувалдамі й на насілках валаклі на сабе, угінаючыся, у вялізныя кучы. Толькі на вытарфованым грунце пракладаліся дарогі, рабіліся шахты, узносіліся будоўлі.
199
Трансава — тарфяная багна, дрыгва.
З нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы — усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падполлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганне. І вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся — дзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб’явіў МГБ, што гэта ён — бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цётак гадавалася яе дочанька Катруся. На следстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ён жыве. З інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людскай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.
Аднойчы позняй восенню я нарэшце атрымала запіску. Мяне скаланула. Запіска на гэты раз была асабістая, толькі для мяне, не закраналіся там «гаспадарка» (Беларусь), ані нашыя «дзеці» (сябры). Проста пісаў Раманчук, што ўсе здрадзілі яго, прадалі, гарыць яму зямля пад нагамі й што веру ён збярог толькі ў мяне адну. Я заплакала з бездапаможнасці нашае, з гора. Мне прыпомнілася, як падобныя словы казаў мне, паміраючы, дзядзька Захарка, ускладаючы на плечы мае жаночыя непамерныя абавязкі. Час ішоў, не было болей ніякіх спраў, ніякіх запісак. Хацелася верыць, што ўсё нейк уладзілася. Аж выклікалі мяне раз нейкія дамы-начальніцы. Прычынай размовы быццам былі мае драбніцы, залаты абручальны персцень, залаты крыжык на такім жа ланцужку, які мне пераслаў з Англіі брат Алёша, калі выжыў з вайны адзіны з нашай сям’і. Крыжык быў цудоўнай работы. Быў і звычайны гадзіннік на руку. Усё гэта мне забралі пры вобыску, і ўсё, безумоўна, прапала, так і не аддалі. Вось яны нечаму пыталіся ў мяне аб гэтых рэчах. Я ведала, што думаюць яны нешта іншае. Пачалі выпытваць у мяне, як да мяне адносяцца расейкі з лагеру й што я пра іх думаю. Я адказала, што, як бы яны да мяне ні адносіліся й што я ні думала б пра іх, я гэтага ім усё роўна не скажу. Пыталіся, што я раблю, я сказала, што вывучаю псіхалогію нацыяў у лагеры: хто чаго варты... Яны скрывілі нос. Тады папыталіся, ці ведаю пра вялікія будовы ў Саюзе? Я сказала, што іх «трудящиеся» праводзяць усё ж большасць свайго жыцця ў кватэрах убогіх, перапоўненых дзірах, для іх вялікія будоўлі не маюць значэння, пакуль людзі жывуць, што жывёла... Як доўга я думаю сядзець у лагеры? «А гэта ад мяне залежыць, проста калі мне захочацца перарваць гэту ніць жыцця...» — «А на што ў вас надзея?» — спыталі. «На «Северное сияние», — кажу, проста каб нешта адказаць ім. «Ну й спадзявайцеся на сваё «Северное сияние», — мнагазначна сказала адна з іх, упорна на мяне паглядзеўшы... Тут я й зледзянела, нечаму нагадаўся мне Раманчук... Ад Люцыі Антонаўны я даведалася, што адна з жанчын, у кароткім чорным кажушку, падобная на яўрэйку, называлася, здаецца, Гарбунова ці Гарбатава, быццам з Менску. Аб маіх дарагіх драбніцах я ўжо й не думала.
Час ляцеў, наступіла суровая зіма, мяне пакінулі ў зоне разам з другімі арганізоўваць самадзейнасць у нашым лагеры. Я, не падумаўшы, засталася. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо — кіеўская балерына, Кузняцова — жонка нейкага коміка з Малога тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці — артыстка з Горкага, маладая й вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі адумысловыя канцэрты, дзе маёю справаю быў канферанс і розныя тэксты песняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і т.п.