ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Аднойчы зімою перад такім канцэртам паклікалі мяне ўкраінкі ў другі барак. Проста Люцынка з дзяўчатамі наварылі недзе ў качагарцы пшоннай кашы й клікалі мяне есці. Схаваўшыся, мы апляталі, як найвышэйшы прысмак, тую паснюткую кашу й цешыліся ўзаемна сваім таварыствам, як увайшла днявальная ад начальства, нейкая Зінка — сучка й стукач адумысловая, і паклікала мяне на вахту. Была яна злосная, як звер, і нешта буркнула наконт бунтаўшчыкоў у лагеры. У чым, думаю, тут загваздка? На вахце сядзелі нейкія начальнікі незнаёмыя й наш лагерны опер. Аб гэтым оперы я чула неблагое. Адна мая знаёмая некалі была ў яго днявальнай і сказала, што ён мяне цэніць і людзей наагул шкадуе. Але той цяпер выйшаў, і на яго месца прыйшоў нехта другі. Мяне заўсёды выклікалі тры чалавекі, чаму — не ведаю. За столікам сядзеў ваенны, невысокі сіваваты чалавек. Пасля апавяшчэння, як звычайна, персаналіяў ён паглядзеў на мяне нейк пранікліва й сказаў: «Говорите!» Я маўчу, бо скуль магу ведаць, чаго нехрыст хоча? «Говорите или не говорите, смертного наказания вам не избежать!» Моцна падкрэслівае «не говорите» й глядзіць на мяне ва ўпор. Скуль я ведаю гэтага чалавека? Скуль? Што за несуразнасць? Я яго ведаю са сну! Гэта ён мяне выцягваў з ямы ў сне, калі я йшла пустою тундраю ад адное царквы да другой! Я ўвалілася ў яму, з якой мне было не вылезці, і ён гэта, ён, той самы сіваваты чалавек з чорнымі бліскучымі вачыма, мяне выцягнуў з ямы за руку. Што за кашмар! «Дык што вы маўчыце?» Кажу: «Я не ведаю, у чым справа, пытайцеся». — «Дык хто Паўлаў, хто Рудкоўскі, кажэце, а то скажаце ў вязніцы ў Інце, прымусім!» — «Згінь ты, прападзі, — думаю,— нелюдзь ты няшчасны». Кажу: «Не ведаю я такіх людзей!» — «Говорите, смертного наказания вам не избежать», — зноў гаворыць. Ах так, дык ведай, каце: «Забралі вы мне маю Бацькаўшчыну, майго сына й мужа, дык жыццё тут найменшая рэч, чаго ж чакаеце? Без волі Божае волас не ўпадзе з мае галавы, і я вас не баюся!» Крычу, быццам гэта не я гавару, і страху — ніякага. «Дык Паўлаў з вамі не па адной справе?» — «Не, — кажу, — такога не ведаю!» — «Дык ідзіце, рэшту скажаце ў Інце». І ўсё! Я выкацілася з той вахты.

Пачынаўся канцэрт, і мне было трэба адзяваць тых балерынаў. Іду я на тую сцэну, калені ўгінаюцца, але маўчу. Бачу, стаіць опер у зале, глядзіць на мяне, ледзь не крычыць з болю. Эстонка Эльвіра нясе мне папяросу, хоць ведаюць усе, што не куру зроду. Няўжо ў мяне такі дурны выгляд? Мяне пачынае трэсці, я ўцякаю недзе ў кут і раву, як жывёла. Мне сорамна, але сталася так. У лагеры ўжо ўсё ведаюць і якім чынам? Што ж, забяруць мяне, але ў мяне ёсць вартасная рэч, гэта здымак, на якім муж, сын і я. Прыслаў мне яго ў адным сваім жудасным лісце мужаў бацька. Яго трэба захаваць, мне ўжо не выйсці... Бедны дарагі Сямён, якая ж трагедыя... Назаўтра панеслі мілыя ўкраінкі здымак, каб перадаць яго беларусам у мужчынскія лагеры. Я чакала, калі мяне возмуць на тыя мучэнні ў Інту. Мяне ўсё не бралі. Я ссохла, маўчала.

Аднойчы прыйшла да мяне лагерная парыкмахерша мянчанка Дзіна й сказала, што ў яе брыўся палкоўнік усяго інцінскага МГБ і пытаўся, ці яна мяне ведае й хто я паводле яе. Дзінка сказала, што я старэйшая, вельмі тактоўная й спакойная жанчына. Ён сказаў ёй, што гэта самая небяспечная птушка ва ўсім лагеры, якой ён прыгразіў «сухарыкамі» (вязніцай) і радзіць ёй прыціхнуць... Як аказалася, гэта быў той тып, што мяне выклікаў. Так мяне й не забралі. Раманчук прасіў мяне пісаць другім толькі з яго ведама, каб пазбегнуць стукачоў. Трэба было падымаць крыху «кашаедаў», каб думалі. Пісаць толькі й выключна любоўныя эпісталы для бяспекі, між радкамі ўпісваць усю рэшту. Прымушаць людзей думаць.

Дарога ў Інце была адна. Па ёй кожны дзень праходзілі даўжэзныя вужы калонаў зняволеных на працу — з працы. Мы — на вытарфоўку, капаць канавы ля дарог альбо пад водаправод ці газ у Інце. Часамі — чысціць сметнікі ў пасёлку. Тады дзяўчаты з Прыбалтыкі гаварылі: «Ну й гэтае начальства — на грамы ядуць, на кілаграмы с...» А жонка яўрэйскага рабіна, вельмі мілая Міна Барысаўна, казала: «У нас быў святы Гаман, яму лілі г... на голаў, але нам горай! Калі кіркуем, дык яно нам ляціць у рот...» Мужчыны йшлі ў шахты, доўгім, доўгім чорным шнуром. Усіх нас вадзілі пераважна з сабакамі. Яшчэ йшлі мужчыны на будоўлю. Так мы сустракаліся, міналіся па дарозе, нейк перадавалі запіскі, хоць канваіры дурэлі са злосці й часамі стралялі.

Аднойчы мы капалі ў Інце канаву пад нешта там, а воддаль мужчыны, ведама нашыя, зняволеныя, ставілі дом. Паляцелі з каменьчыкамі запіскі. Пісаў мне з таго дому нейкі паляк. Перадаваў ад Сямёна словы: «Ідзем на дно, трымаімся моцна». Сядзеў гэны хлапец з імі ў Інце ў вязніцы. Пісаў ўжо ад сябе, што мяне затуляюць яны, ашчаджаюць. Маё становішча было не так страшнае, бо хлопцы мяне ні ў якую справу не ўцягвалі, ад мяне патрабавалася вершаў, вершаў і яшчэ раз вершаў — родных, беларускіх. Гэта знача — агітацыя, а за яе даюць 10 гадоў. Што ж яны мне маглі падкінуць, калі ў мяне ўжо было чвэрць стагоддзя. Прытым я лічылася чужынкай, хоць і без грамадзянства, але не іхняй. Гэта й толькі гэта мне захавала жыццё. Знача, Сямён цярпеў, а з ім і другія.

Летам нас далёка не вадзілі. Праўда, як я даведалася аб правале хлопцаў, мне не схацелася болей быць у той іх культбрыгадзе, дый усе мае сяброўкі-ўкраінкі пераважна працавалі на агульных работах. Я падала заяву, што не хачу быць у гэтай брыгадзе. За пару дзён Тамара Вераксо, наш брыгадзір, аддала мне тую заяву назад, але я ўперлася, што там не буду, і мяне за кару далі ў цяжкую брыгаду першай катэгорыі на самыя горшыя працы.

Ля нашай зоны воддаль быў клуб салдацкі, дзе пад восень судзілі хлапцоў. Кажуць, судзілі іх 60 чалавек з вольнымі разам. Інта была, здаецца, першай ластаўкай бунту вязняў. Пасля былі Варкута, страшны Нарыльск і іншыя лагеры. Дарога адна. Вязуць у клуб судзіць закованых хлопцаў, і насустрач заўсёды нейкая з нашых брыгадаў. Хлопцы нам перадаюць прывітанні. Пераважна беларусцы Ларысе Геніюш. Так амаль кожны дзень. Вечарам прыходзяць дзяўчаты рознай нацыянальнасці і ўсе мне нясуць тыя прывітанні. А я знемаглася з гора, што я не з імі, не разам, не там... Нарэшце дзень, калі я гару ад тэмпературы, паліць мяне, мяне не выводзяць на працу. Ляжу. Вечарам прыходзяць брыгады, да мяне ніхто не заходзіць, лагер маўчыць. Аж паціху, пакрысе йдуць адна за адной, шкадуюць мяне... Закованыя, ужо засуджаныя хлопцы прасілі мне перадаць, што іх засудзілі на смерць... 12 чалавек. Раманчук перадаваў мне свае апошнія сяброўскія словы, тады савецкі афіцэр ударыў яго па твары, і ён яшчэ сказаў: «Пашто мяне б’еш?..» Я маўчала, як гроб, атупелая з гэтага болю.

Так першыя беларусы пачалі першы велькі бой супраць здзеку. Яны загінулі, а кашаеды, сябры іх, якія ад іх адракліся, вельмі асуджалі пасля гэтых герояў, што пасмелі выступіць супраць такога насілля. Гадка было слухаць, чытаць высказванні ўсякіх [...] і іншай набрыдзі прадажнай і гадкай. Бог і Зямля нашая няхай іх некалі судзяць!

Хлапцы яшчэ сядзелі па БУРах, яшчэ іх не адразу забілі. Такім чынам, яны паспелі перадаць людзям весткі аба мне, каб навязалі кантакты. Мне ўсё не верыцца, як той Люцынцы, да сяння не верыцца, што Сямёна забілі. Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: «Бывайце, сябры. Я, генерал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакарання...» А ў лагеры цягнулі й цягнулі тых, якіх не паспелі вынішчыць немцы й штрафныя роты саветаў. Балела сэрца, і няцяжка было цярпець з імі, цяжэй было б у гэты час раз’язджаць у галубых экспрэсах, як гэта рабілі іншыя, заліваючы гарэлкаю нячыстыя сумленні.

Доўга пасля гэтага суду цікавіліся мною канваіры, стараліся запыніць, зачапіць мяне словам: ці я з Чэхаў? Адзін часта падыходзіў да нашай брыгады на працы й казаў мне, што я — гэта розум. Другi прасіў напісаць яму верш аб зняволенай дзяўчыне нашай, якую ён кахае й якой ніколі не можа ўзяць за жонку. Памятаю пару слоў з гэтага верша:

Догорают грустно огоньки костра, летят мои мысли с темно-синим дымом, ты мне — как невеста, ты мне — как сестра, почему не можешь быть женой любимой…

Мае вершы, дарэчы, казалі мне пасля, усе нехта перадаў чэкістам, але, відно, і сярод іх былі людзі, якія чыталі іх нездарма, як гэтыя канваіры.

І так справа Раманчука, гэты суд. Я й сяння пра гэта амаль нічога не ведаю. Калі мы спрабавалі каго аб гэтым пытацца, людзі сінелі са страху, нават у лагеры. Хведар Вялёнда, якому да 10 гадоў кары прыдалі яшчэ 15, выжыў, казалі, і жыве цяпер недзе ў раёне Баранавіч. Казалі, што моцна п’е. Тут няма дзіва. Некалі, памятаю, на тым ДОКу гэты хударлявы ад пакутаў і голаду чалавек, падышоўшы, сказаў мне, што калі чытае мае вершы, дык яго постаць мімавольна стае на «зважай». Гаварылі, што ўсіх разам было 60 чалавек у гэтым і з жанчынаў я адна. Мяне ўсё ж затуліў, засланіў нехта. Казалі мне, што мяне ўжо далі б у лагерную псіхбольніцу, каб толькі выратаваць на выпадак суду, але мяне не судзілі. Мне сказалі, што хлопцаў расстралялі на Інце, а пасля адкопвалі, каб ім павырываць залатыя зубы. Гэта расказалі мне яшчэ ў лагеры. Яшчэ казалі, што я наймацней трымалася на допыце, гэта тады ў гутарцы з тым палкоўнікам. Усё гэта некалі некаму яшчэ належыць даследаваць, каб ведалі людзі.

А годы йшлі: зіма — лета, зіма — лета... Аднолькавыя да атупення годы. Інта была цэнтрам т.зв. «Мінлагу». Вакол яе былі т.зв. ОЛПы — 1, 2, 3, 4-ты і г.д. Адзін з іх быў наш, жаночы. Стаялі й адкрываліся новыя шахты, разбудоўвалася Інта. Відавочна, не адна змена зэкаў загінула на Інце, магільнік быў разлеглы. Пэўна, карчавалі ці пілавалі першабытны лес, бо пні па ім засталіся вялікія, аб’ёмістыя, і нам не раз давялося іх карчаваць пад калгаснае поле. Бо ж і там быў калгас, пасвіліся каровы, раслі ранняя капуста, турнэпс і рэдзенькая, вадзяная на смак, невялічкая бульба. Пры нас тут не было ўжо магутнага лесу на ўзгорках. Толькі навокал тундра — трансава, а дзе вышэй, дык бярозкі і яліны з моцна абсцёбанымі ветрам вярхамі. Хадзілі мы на свае рабочыя аб’екты з сабакамі найчасцей. Насілі вяроўку й калкі, якія забівалі ў зямлю, нацягалі на іх вяроўку й там працавалі. Найцяжэйшыя былі працы для нас, каму кары было 25 гадоў. Бывала, кіркавалі па 14 гадзін у тундры без ніякага вогнішча ў найлюцейшы мароз. Без ніякае абагравалкі, такія пачалі заводзіць толькі пасля смерці Сталіна. Доўгі час працавалі без выхадных. Канвой быў розны, большасць нялюдскі, але з часам дзяўчаткі іх перавыхоўвалі, і на далёкіх аб’ектах работы можна было з імі вытрымаць. Нават спявалі пад савецкі гімн:

Союз нерушимый зэка и конвоев Сплотила на дальних обьектах Инта і г. д.

Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недараслі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою, шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсціць, дык крычыць: «Выйди со строя!». Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, здзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сцяна, і спявалі. Спявалі ўкраінкі свае песні з паўстання, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б’юцца, не здаюцца, ідуць да бою й смяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю наспяваліся, ды намерзліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й збялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі не толькі Сталіна... Што ж, «земля наша широка и обильна»... Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясняць усю хлусню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, дзе няшчасныя людзі, а дзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы свету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя здзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосці заскрыгочуць і болей баяцца звяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім:

Поделиться с друзьями: