ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
Конвоируй, стой верно на страже, одного лишь смотри не забудь, если даже тебе и прикажут, не стреляй в нашу гордую грудь...

Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць не здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.

А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень — цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так змерзнеш, што здаецца табе — ты ледзьяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інею хлюпаты, быццам шэрсць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананнем, саграваемся слязмі. Калі трэба выйсці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі не здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш... Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, дзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзьяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламетрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампетэнтныя: 40–45), то здаецца, свет не той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які не мае права на існаванне, бо ніколі не ведаў людскасці ў адносінах да людзей, толькі мучэнні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сістэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасці. Няма святасцяў, ёсць адно — суцэльная хлусня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Чынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесленнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк» [200] , як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сляпая паслухмянасць сляпой тыраніі, а не — дык голаў далоў.

200

Herrschende Volk (ням.) — паноўны народ.

Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасць, праўду і пачуццё справядлівасці, даў сумленне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасля Масарыка, Абрагама Лінкальна [201] , Талстога [202] , Рабіндраната Тагора [203] ? Не, не, я чалавек, дзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем’яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыццёвае, агіднае й згубнае для жыцця й людскасці. Смяяцца з такога не было ахвоты, згадзіцца з гэткім — ніколі. Іначай захоўваліся тыя болей інтэлігентныя ўкраінкі. І яны пераважна былі стойкія, але ізаляваліся ад свае масы, лічылі сябе лепшым элементам тады, калі было гэта наадварот. Мяне любілі адныя й другія, ды ўрэшце мяне, здаецца, любілі ўсе, калі ўжо не на вонак, то ў сэрцы, і я гэта адчувала! Нават тыя, якія губілі мяне й на мяне даносілі, а іх было болей, як можна было падумаць. Даносіць на мяне цяжка, я й сама скажу тое, што думаю, кожнаму ў вочы, а слова — сапраўды жывая рэч! Прыклад дзейнічае яшчэ болей. У лагеры кожны адкрываецца, само жыццё паказвае нутро чалавека, тут чалавек — адкрытая кніжка, адзін другога ведае наскроз. А людзі ёсць людзі, яны, як расліны, цягнуцца да сонейка, да лепшага, да праўды. Вякі хрысціянства стварылі душу людзям, і яна прагне свету й адкідае ўсю агіду сярэднявечча, з якім усе амаль сустрэліся ў час допытаў, ну й цяпер. Прад намі гады мукаў, ніякага спадзявання на збаўленне, а людзі ўсё ж хочуць застацца людзьмі.

201

Лінкальн Аўраам (1809–1865) — палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэзідэнт (1861–1865) ЗША.

202

Талстой Леў (1828–1910) — расійскі пісьменнік.

203

Тагор Рабіндранат (1861–1941) — індыйскі пісьменнік, мастак, кампазітар, грамадскі дзеяч.

Беларусак у параўнанні з украінкамі было ў нас на ОЛПе няшмат. Апрача Таісы, думаю, усіх іх запалохалі й купілі. Трымаліся яны са мною, але ніводнай з іх нельга было верыць. Я загадала ім пісаць сябрам і адказваць на іх запіскі, а хлопцам — апекавацца выбранымі. Многія з такіх «параў» пасля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы й адчувалі нейкія абавязкі адносна сваіх і цеплыню на поўначы. Эксперымент вельмі асведчыўся. Усе лісты мы сабе чыталі калектыўна й часта калектыўна на іх адказвалі. Гэта рабіла з нас адну сям’ю. Вельмі многа хто пісаў мне. Часам гэта былі запіскі, поўныя пачуцця, і мы тады хахаталі. Адказвалі, каб падтрымоўваць, не раніць, галоўнае, вытрымаць, усё перажыць. Смешна было тое, што цяжка было закахацца ў бясформеннае шэрае стварэнне ў старых ватніх нагавіцах, жудасных вайлаках абодвух на тую самую нагу, закручаных немагчымымі хустамі, засмэрканых, пасінелых, часта з завязанымі ад марозу насамі няшчасных ахвярах марксізму-ленінізму. Але ва ўяве нашых сяброў мы былі анёламі, мучаніцамі крыху. Мы бедавалі, што цяжэнька ім у шахтах, а яны — што мы на адкрытым лютым марозе па 10 гадзін. У шахтах хоць затульней. Правіла было — не выводзіць людзей, калі тэмпература ніжэй 400}, але нас выводзілі, і тады — хоць сканай у адкрытай тундры.

Пасля пачалася правакацыя. Калі ўбачылі арганізаванасць беларусаў, супраць мяне настроілі цэлы батальён стукачоў і правакатараў. Дайшло да таго, што я пачала атрымоўваць запіскі пад уплывам нейкага Гінька, што беларусам не патрэбныя арыстакраты, памешчыкі, як я, і т.п. Асабліва пазбівалі нашую, як мы казалі, Беларускую сям’ю нейкі оберстукач Шапавал, Канвега, С., які быў падстаўлены да нас як правакатар. Ён належаў да арганізацыі «Чайка». Была гэта арганізацыя моладзі на Слонімшчыне. С., як пасля я даведалася, здрадзіў яе ўжо на следстве. Было іх 20 асоб, здаецца, хацелі беларускай мовы ў школах. Загналі іх, нават шаснаццацілетніх, «да белых мядзведзяў». Кажуць, што на следстве яны трымаліся выдатна, здзіўлялі стойкасцю й патрыятызмам.

Усе мы былі для саветаў нявольнай ненавіснай масаю. Працаваў хто з немцамі, ці толькі ў Бога верыў, ці толькі хацеў гаварыць на роднай мове, ці здуру расказаў страшны сон пра Сталіна — усе разглядаліся аднолькава, за выняткам тых, незалежна ад іх віны, якія верай і праўдаю кляліся ў вернасці «бацьку Сталіну» і ў лютай нянавісці да ўсяго іншага свету. Такія былі пераважна лагернымі прыдуркамі, і іх рукамі часта нас нямала мучылі. Прыдуркамі, безумоўна, былі пераважна расейкі, але здараліся і іншыя.

Была такая фінка, гадкая дзеўка Ліля Бірклан. Аднойчы нешта завялі ў лагеры новае. Узялі многа дзяўчат дваццаціпяцілетніцаў і далі іх у асобны барак пад яшчэ стражэйшы надзор, у такі штрафбарак. Іх вадзілі асобна на самыя цяжкія працы, закрывалі і ўдзень, і нанач і наагул чаўплі, што хацелі. Мяне не забралі. У час гэтых цяжкіх работ найболей над імі здзекавалася менавіта тая клятая фінка. Штрафбарак нарэшце распусцілі, было ўжо пад весну. Дзяўчаты столькі нацярпеліся ад прыдуркаў, што пастанавілі ахвяраваць сабою й хоць адной адпомсціць. Згаварыліся яны яшчэ ў штрафбараку тоўчаным шклом сыпнуць у вочы Бірклан, як гэта рабілі блатныя, каб болей, гадзіна, не бачыла свету. У кожнай важнейшай справе амаль усе радзіліся са мною. Вось і явілася «дэлегацыя». Я іх выслухала. Сказала, каб мне прынеслі тое тоўчанае шкло. Яго прынеслі, добрую жменю ў хустачцы. Трэба было спяшацца, пакуль не надыдуць каротшыя ночы. Тады я кажу: «Дзеці, а ці варта гінуць нам за такую дрэнь?» — «Трэба, — кажуць, — рады ад іх няма». Трэба — ведала гэта і я. Але такі мне жаль стаў дарагіх дзяўчатак, асабліва харошай, любай літовачкі Ядзяле, што я пачала іх спыняць. «Рэч страшная, — кажу. — А вы спрабавалі словам? Трэба спачатку словам спыняць іх». — «Ды што вы, Ларыса Антонаўна, яны, гэтыя гіены — і словы, ды хто адважыцца гутарыць з дрэнямі, прададуць як міленькіх». — «Я, — кажу, — сама буду гутарыць». Замерлі дзяўчаткі, калі аднойчы я выклікала Бірклан на лагерную дарогу і ўсё ёй сказала, а яшчэ й тое, як яна ў сушылцы радзіла надзорам трымаць мяне ў БУРы, далей ад людзей. Бірклан збялела, яна клялася й бажылася, што не вінаватая. Я ёй парадзіла не трымаць дзяўчат ля кіркі, калі сам канвой іх здымае, не даваць ім звярыных нормаў, не даносіць, іначай будзе тое, што мела стацца цяпер. Мяне яна не ўдала й год, гадзіна, была як чалавек, але пасля ізноў за сваё ўзялася. Мяне вывезлі ў штрафны лагер, і калі пасля двух гадоў зноў вярнулі ў Інту, дык першай абняла мяне й расцалавала Ядзяле. У Інце ўжо пакрысе пускалі на волю людзей, і яна, стройная, высокая, мілая, сказала мне: «Як вам дзякую, што вы не дапусцілі, каб я чалавеку высмаліла вочы. Як я тады змагла б глядзець у вочы сваяму дзецятку, якое, можа, некалі Бог мне дасць»... Дзе яна сяння, гэта мая Шатрыя, такі быў яе псеўданім.

Літоўцы нейк асабліва добра да мяне адносіліся. Часам, калі ляжала мая торбачка з кусочкам хлеба, яны падкрадаліся й між хлеба клалі кусочак «лашэнюкас», сала па-іхняму, і я толькі заўважала гэта на рабоце, мне тады хацелася плакаць.

Дні міналі трывожныя, безнадзейна прыгнечаныя. Начальства прыдумвала штораз то новыя, вышуканыя метады маральнага здзеку. Нарэшце начапілі нам на плечы нумары. Чорныя цыфры на белай ганучы. Мой нумар быў «0–287». Калі быў крыху лепшы канвой, а пачыналася пурга, нельга было працаваць і заранне яшчэ было вясці нас у зону, дык мы рознае прыдумвалі, а калі перамерзлі, як тыя дзікары, барукаліся, качаліся па снезе. Зусім не дзіўлюся, калі глядзелі на нас як на дурняў. А часам чапляліся, каб я гаварыла ім нейкую імправізацыю, і так аднойчы аб намярох я сказала вершык на кожны нумар. На свой яшчэ памятую сяння:

Не на груди, как всегда, ношу монограмму года. Она — как таинственный шифр, монограмма моя из цифр, как источник страдальческих тем, нумар ноль двести восьемьдесят семь.

Многа было прыдумана розных эпіграм, яны забыліся амаль. Мы былі рабамі, і гэта груба, па-пралетарску, нейк здзекліва, давалі нам заўсёды адчуць. Тады я ім казала:

Если человек с умом, а при том и с сердцем, ему легче быть рабом, чем рабовладельцем.

З намі хадзіла часам на работу полька пані Тэрэса. Звычайна яна была вечным прыдуркам і з начальствам знаходзіла супольную мову, але часам, з нейкіх меркаванняў, выводзілі і яе. Была гэта даволі сімпатычная, інтэлігентная жанчына. Некалі, відно, даволі прыгожая, бо ўсё бедавала, што цяпер за ёю «нікт пэвно шалець не бэндзе...». Аднойчы, калі мы кіркавалі асабліва брудныя сметнікі ля начальнікавых кватэраў, яна вельмі міла папрасіла мяне аб вершы. Ну, я ўжо ёй сказала яго на яе мове:

Ленк мень пженіка, гды відзэн сметнікі, цо ронк зменчоных чэкаён поэты, розпач огарня, гды відзэн тон псярнен, цо мне на сметнік провадзі з багнэтэм [204] .

204

«Пранікае ў мяне страх, калі бачу сметнікі, што чакаюць змучаных рук паэта, калі бачу гэтых сабакаў, што мяне на сметнік вядуць пад штыхом» (з польск.).

Беларускіх вершаў не пішу тут, бо частачка з іх усё ж захавалася не толькі ў памяці.

Я была лагернай энцыклапедыяй, і да мяне часта звярталіся ў спорах. Стаімо раз шэрай, ад свежага снегу прамоклай грамадкай пад сцяною нейкага інцінскага «палаца», прад намі праходзяць інцінскія жыхаркі, едуць студэбекеры. Дзяўчаты з Прыбалтыкі і ўкраінкі пачынаюць крытыкаваць іх уборы, негустоўныя, прэтэнзіяльныя ў гэтым нялюдскім клімаце. Расейкі тут і сцяліся з імі, што ў іх лепш, як у Еўропе! «I машыны?» — пытаюцца ўкраінкі. «Да, и машины». — «Та, пані Ларысу, скажыце вы: е ў іх маркі своіх машынів?» Кажу: «Е». Тут мае дзяўчаткі й скіслі... «А яка ж у іх марка?» — «Яка? А «чорны воран», — кажу. Ну й пачаўся хохат.

Нейкі начальнік лагеру Палякоў, гад з гадаў, забараніў нам хадзіць па лагернай дарозе, дзе маршыраваў звычайна сам з надзірацелькамі, а нам заставалася толькі дарога ля раду ўборных, якія адчайныя літоўкі на дзяржаўныя святы ніколі не забываліся «ўпрыгожыць» дзяржаўнаю зоркаю. Усе былі прыніжаныя вельмі й абураныя, пакуль я не растлумачыла ім ясна, што на нашай дарозе смярдзіць уборнай, а на той другой жа смярдзіць начальствам, дык што горай? Усе згадзіліся, што лепей уборныя...

Ідзем пяцёрачным строем Інтою й бачым плакат: містэр Чэрчыль, капіталіст, трымае запаленую галавешку, а над ім рука рабочага з нейкаю жалезінай, але так, што гэтая рука зусім над галавешкай. Мілая латышка Лайма Крэтуліс, якая дзень у дзень ішла са мною строем два гады, глядзіць на мяне й шэпча: «Глядзеце, як жа ён утрымае сваю жалязяку, калі гэты яму яўна добра прыпякае?» Дзелімся зараз спасцярогаю з другімі. Лайма была цудоўная, высокая, стройная, вельмі чэсная. Была ў яе хворая сяброўка, а наступала вясна, было вельмі мокра. У Лаймінай сяброўкі, як ува ўсіх, брэзентовыя чаравікі, якія днём поўныя вады, а пад вечар на лёд змярзаюцца разам з нагамі. Прыходзіць раз Лайма й просіць адпушчэння грахоў: у нейкага прыдурка ўкрала чаравікі ў далёкім бараку, жаль хворай Мільды... Пільна мне ўзіраецца ў вочы. Кажу: «Маладзец, добра зрабіла, тая дрэнь дастане іншыя, а вось Мільдзе будзе цяплей». Калі нам з ёю давалі норму, дык часта мы сварыліся. У Лаймы быў туберкулёз, і я яе ашчаджала. Я была многа старэйшай, і яна ашчаджала мяне. Аднойчы загадалі нам адкідаць снег. Ніколі ў жыцці я не бачыла столькі снегу разам, проста горы! Кідаем яго, кідаем, і я слабею. Лайма гэта бачыць і просіць мяне, каб адпачыла. Я — не. Не магу кінуць яе адну. Яна просіць мяне доўга, нарэшце з дзікай злосцю кідаецца на мяне, коціць мяне на зямлю й сілай вырывае лапату. Тады стаіць, і поўныя вочы адчаю... Харошая Лайма.

Поделиться с друзьями: