Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Мае нервы напружаныя, мне не даюць спакою. Бывае, ноччу прыходзіць якіх шэсць надзоркаў са знамянітым азвярэлым Прасветавым. Спімо, мяне ж сцягваюць з нараў, Прасветаў залазіць з нагамі на мой убогі сяннік без простыні й пачынае трасці й вытрасаць усю маю лахманную маёмасць. Выкідае нават стружкі з падушкі, на якой сплю гады, бы мярцвяк. Забіраюць мне звычайна кожны кусочак паперы, агрызачак алавіка. Вядуць мяне ў БУР. Там гаспадарыць адзіны людскі чалавек, нейкі Кабылін. Ён не прымае мяне, без віны, без загаду опера. Мяне водзяць так амаль да раніцы. Вяртаюся, уся дрыжу, але дзяжурыць украінка ў бараку, з ёю сядзіць нейкая другая. У іх поўныя вочы жалю, боль выпісаны на чыстых абліччах: «Выдэржыць, пані Ларысочко, просімо выдэржыць...» Мне лепей, людскія словы часам так неабходныя. Да раніцы ўсё ж калоціць мяне, раніцай на работу. Аб працэсе далей не гавораць, часам шэпчуць. Жэня Врублеўская расказвае, як яе выклікалі. Пыталіся, што я пісала, што пасылала на 1-шы ОЛП? Яна сказала, што хустачкі, торбачкі, любоўныя запіскі й болей нічога. Яе цягаюць, яна ўсё цвердзіць тое самае, бо й што ж інакшага магла сказаць? Які ж быў разумны Сямён... За «любоў» не судзяць... Яна расказвала, як аднойчы на ДОКу зайшла ў нейкую мужчынскую сушылку (яна была медсястра на аб’екце), там ляжаў той Паўлаў. Ён пачаў расказваць ёй аб патрэбе змагання, аб тым, што ніхто не будзе нас ратаваць, трэба ратавацца самім і г.д. Жэня казала, што спалохалася гэтай гутаркі й адразу расказала аб ёй нейкаму сваяму знаёмаму на ДОКу, не ведаючы, што ён быў стукач. Стукач там і нейкі Міхаіл Барысавіч, лагерны прыдурак. Стукалі, відно, і розныя Шапавалы, бо хто ж аддаў чэкістам усе мае вершы, аб якіх ведалі толькі беларусы. Усюды здрада за пайку, за работу ў зоне, за баланду.
Палякі не маглі згадзіцца з правам беларусоў на беларускія землі, яны нішчылі нас усюды, і ў лагерох. Як мячык, перакідалі нашыя землі між сабою палякі й расейцы. Усе яны раскошна жылі з нас. Для нас з іх не жыў ніводзін, за выняткам, можа, Федароўскага [205] . Народ давялі да неймавернае нішчаты, прынізілі да апошняе гібелі. «Грамаду» нішчылі адныя й другія, планава й па дагаворанасці, усіх дзеячоў. Сціналі й сціналі , як голавы, нарастаючую інтэлігенцыю народу. Ахвяры клаліся моўчкі, ніхто не крычаў і не пратэставаў за нас, нават за жудасны 37-мы год, за ўсіх нашых пісьменнікаў, за Бярозу Картузскую. Ішлі біцца за Польшчу, за свае путы... Наступаў Гітлер, быў жудасны, але ці ж меней жудасным быў для нас Сталін? Гітлеравых ахвяраў яшчэ не ведалі, а сталінскія перавышалі ўсякія ўявы аб самавольнай, легальнай праступнасці. Між кім выбіраць, калі абодвыя нелюдзі? Казалі, калі ў Беласток прыйшлі немцы пасля саветаў, дык палякі выйшлі іх спатыкаць з кветкамі, адзін немец, які ўмеў па-польску, і кажа ім: «Не ойцец пошэдл, не матка пшышла...» [206] Быў праў. Заставалася выжыць, ашчаджаць народ фізічна, не даць без дольных і няшчасных на загубу.
205
Федароўскі Міхал (1835–1923) — польскі і беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг.
206
“Не бацька пайшоў, не маці прыйшла…” (з польск).
Божа, дай жа мне сілы, каб хоць слова змагчы сказаць ім сваё, чыстае, праўдзівае, адпаведнае нашаму гору... Як абысці гітлерызм і ўсё ж гаварыць? Гаварыць так, як наказвае сэрца. Стрымоўваю боль, каб не мсціцца, на гэта не час. Майго бацьку знішчылі саветы, вывезлі ўсю маю сям’ю. Пасля даведваюся, што ўсе мае тры браты на фронце. Божа мой, якая ж іронія. Як жа дарам пальецца нашая кроў. Нас проста аберуч вынішчаць. Спачатку брат Расціслаў памагае партызанам, бо шкадуе сваіх людзей. Яны яго слухаюць, і ён ім радзіць, каб хоць захаваць свае сёлы. А ці сёлы яго захавалі, ці ўспомнілі? Пасля кінулі ў яго каменем, як і ў сваю родную мову, у свае правы, у цвярозы розум. Выйгралі не героі, а хітрыя, тыя, якія ўмелі пляваць на сваё й лізаць пяты фюрэру, які выйграў. Нават аддалі карэнную сваю Беласточчыну, падзялілі наш адзіны скарб — Белавежскую пушчу, разам з жывымі братамі разарвалі яе на палову. Гэта за партызаншчыну? Што вы думалі, партызаны? Ці вы наагул не ўмелі думаць? Героі думаюць аб народзе й аб дзяржаве, халуі толькі аб собскай выгадзе. Я не сустрэла сваіх землякоў, якія б любілі клятага Гітлера, такіх не было. Такіх ніхто не бачыў! Дурняў, якіх паліцаяў толькі, яны, гады, выкарыстоўвалі для сваіх брудных спраў. Можа, ідучы яны й не ведалі, як жа іх выкарыстаюць, як іх унізяць без мозглыя нацы. Якая трагедыя! Сталін — Гітлер: і адно, і другое нечалавечнае, і ніякае трэцяй магчымасці для народу...
Нічога не было для мяне немагчымага ў жыцці. Я ўмела выйсці з любой бяды, бо кожнаму змагла лагічна даказаць сваю праўду. Я не магла ратавацца толькі ад саветаў, бо тут была адна толькі магчымасць: прадаць сумленне, чорнае назваць белым, адрачыся ад Хрыста і ўпасці на твар перад Сталіным. Не, не, не!!! Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын... Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэнні. Не было ў мяне выбару, сын,— Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату...
І так толькі ўдумацца ў становішча свайго народу: выбітыя ці расцярушаныя па Нямеччыне з польска-нямецкай вайны, вынішчаныя страшліва немцамі ў краі, так жа на савецкім фронце, спаласованыя ў 37-м годзе, выгубленыя ў штрафных батальёнах, вывезеныя як кулакі двойчы, тысячы асуджаных пасля вайны ў незлічоных лагерох, тыя, што адразу паўцякалі ў Польшчу, тыя, што выехалі туды па дагавору ўжо ў мірны час, і тыя ўсе, што засялілі цаліну, Казахстан, Данбас і інш. Адарваныя разам з беларускаю адвечнаю Вільняй, жыўцом узяты беларускі элемент, адданы латышом Дзвінск і з ім да ста тысяч беларусаў, не гаворачы ўжо аб Смаленшчыне. Пусты край, у які сілком сунуць чужы элемент, безумоўна, не на фізічную працу. Зняважаныя й безгалосыя без пратэсту прымаюць чужую мову, не свае парадкі. Зноў жывуць з нас, як яшчэ ніколі. Гінем. Яшчэ адно нашае гора — каталікі. Людзі, якія слова не ўмеюць па-польску, якіх спрадвечнай моваю была беларуская, — сталі палякамі. Ксяндзы йшлі да нас не толькі з Богам і з крыжам, ішлі, як каланізатары, дзяліць і няволіць народ, адбіраць яму сведамасць яго нацыянальную, яго мову.
Бедныя, цёмныя мае браты, кожны з іх на загад тых, якім прадаўся ахвотна, павёў бы мяне на эшафот. Я не сплю начамі й думаю, што калі выжывем і далічымся якога мінімуму землякоў, дык знача, станецца цуд! Родзіцца нас вельмі мала. Крывавыя рукі савецкіх гінеколагаў патрашаць без перарыву бедных жанчын. Такая сістэма, што дзяцей гадаваць нельга многа, дый няма дзе, дый няма як. Маці на дзяржаўнай працы, і маленькім належыць замоўкнуць... Працуючы сястрой-гаспадыняй больніцы, з жахам я глядзела на трупікі ў сметніку, у рэчцы Зальвянцы. Калі чысцілі ўборную, дык іхнія галоўкі затыкалі шланг і трэба было яго дадаткова чысціць... О мае ненароджаныя Купалы, можа, Багдановічы, а можа, і Кастусі... Засталіся зубры ў Белавежы, якіх, праўда, па-расейску гутарыць не навучаць, яны не людзі.
Нейк зайшла да нас аднойчы настаўніца з Ваўкавыску, не хачу яе называць. Яе муж беларус, і мне жаль яго. Пераконвала мяне жыць, звяртацца да начальства, плюнуць на сваіх землякоў, з якімі можна рабіць рознае, яны як не людзі, і г.д. Я ёй сказала, што я не пацверджу на сваім прыкладзе яе тэорыі, няхай аб гэтым ведае. Чалавек яна, паводле яе слоў, які многа можа, звязаны так ці іначай з хеўрай усякага начальства, ад вобласці пачынаючы, і ўсе яны не нашыя, і ўсе яны адно. Дык пытаюся: «Ну, калі мы ўжо такія па-вашаму нікчэмныя, пасіўныя, дык скажэце, а нам дазволілі б мець, напрыклад у Ваўкавыску, свае школы?» — «Это я могу сказать — никогда!» Яна абяцала нас адведаць са сваім мужам. Давялося прасіць яе сваякоў, каб не паказваліся лепш мне на вочы. Не маім права пагнаць к чорту нават усіх марадзёраў і ўласаўцаў, якія аселі тут як «пануючая нацыя», увайшлі ў ролю «культуртрэгераў». Такіх з грашкамі як жа выкарыстоўваюць да брудных розных спраў, да дэнацыяналізацыі. Яны — як піяўкі на целе народу, і ім усе прывілегіі ад зямлі пад бульбу, сена для кароў, кватэр і т.п. пачынаючы. Гэта ў малым мястэчку, а што ў гарадох? Ёсць, праўда, Акадэмія навук у нас, але на ўсю Беларусь, як яна шырокая й даўгая, няма ніводных дзіцячых ясляў на нашай мове... Ёсць школы з ангельскай, з французскай мовамі выкладання, але на ўсю сталіцу Менск няма ніводнай школы з беларускай мовай выкладання... Няўжо нам прыйдзецца загінуць? Як жа жаль мне майго Народу, куды ж ужо адступаць? О Божа, якому маліцца не даюць нам нават на роднай мове. О Рым, якога ксяндзы не йдуць да нас з салодкім і вечна мудрым словам Божым і любоўю, а з палітыкай, з дэнацыяналізацыяй тых, якія так намагаюцца, так хочуць выжыць як народ, як лепшыя людзі...
Я адарвалася ад лагеру. Пра яго мне так не хочацца пісаць, так цяжка вяртацца думкамі ў тое пекла. Божа, які ў найбольшай безнадзеі забраў крывавага Сталіна, злітуйся над народам, якога зямля прасякла слязмі й крывёю яго замучаных сыноў. Гэта дом наш, гэта зямля продкаў нашых, і мы тут пратрывалі вякі. Сочаць і рыскаюць за намі, якія думаім аб народзе, і нож накіраваны ў нашыя сэрцы...
А ў лагеры міналі гады. Найчасцей вытарфоўка. «Вот надо строить, — казалі часам канваіры, — сюда еще привезем и англичан, и американцев, для них и строим...» Апетыт нязгоршы. А тым часам архіепіскап Кантэберыйскі [207] шукаў паразумення свае веры з камунізмам і сваіх мысляў з думкамі Сталіна й яму падобных. Чыталі мы аб гэтым у газеце Комі АССР, нейкай там «Северной», мусіць, праўдзе. Ах, сэр з Кантэберы, казалі мы, каб гэта цябе папаганяць тут крыху на нашым месцы, то ведаў бы ты, неразумны дзядок, з кім табе гутарыць, і да каго звяртацца, і чаго дамагацца для людскасці на тваім адказным становішчы. Не працягвай рукі тым, якім яе не падала б мудрая жыццёвай практыкай, простая ўкраінская жанчына. Падобнае не для дэбатаў, як яно й не для жыцця. Нехта сказаў, што, калі б рабілі камунізм вучоныя, яны яго даследавалі б спярша на сабаках... І так мы існавалі гады й дзесяцігодздзі. «Такі элемент, які тут прамерз ужо, нам не страшны», — цвярдзілі начальнікі.
207
Архіепіскап Кантэберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы.
Далёка засталося тое, што называецца жыццём, а яно такое простае: голас сына, муж прыходзіць з працы, супольныя абеды, дружныя вечары. Радыё й мяккае крэсла, ложак выгодны, цішыня, цеплыня, кніжка. Шчыміць сэрца, калі гэта ўспамінаеш, проста спыняецца сэрца, і ўвесьь арганізм бы ахапляе параліч, калі пачнеш думаць пра сына. Сніцца вялікая камера, вязні, вязні, а пасярод іх мой сын, ужо юнак, бледны, танклявы. Падыходзіць да вязняў і кажа: «Я вам дам проса, а вы мне кусочак сала...» Што за сон? У кожным лагеры ёсць такія свае аракулы, старыя мудрыя бабкі, якія разгадваюць сны. Звярнулася і я да такое. Глянула яна на мяне сумна й кажа: «Недзе пасадзілі вашага сына, незляцілага хлопца, і ён просіць есці ў людзей, проса — гэта знача прасіць». Гэта аказалася праўдай, аб якой я даведалася пасля.
Я хворая, брыгада нашая адыходзіць на аб’ект, а мяне пакідаюць у бараку. Днявальныя шаруюць швабрамі драўляныя дошкі падлогі, паляць у печках, на якія строга па норме выдаецца вугаль нават тут, дзе ён дабываецца. Я заснула й з крыкам схапілася з нараў, крычу, шукаю свайго сына, які, здаецца, быў толькі што тут, яшчэ чую на плячы дотык ягонай рукі й словы: «Уставай, мамачка, панясем з табою на Новы год ёлачку на магілкі...» Божа мой, што ж гэта? Мяне ўсю калоціць, у дзверы ўрываецца стада надзорак, пачынаецца шмон. Усе пасцелі на нарах ператрэсеныя й раскіданыя, шчупаюць мяне. Натрэніраваныя рукі абмацваюць зашыты ў целагрэйку святы абразок, аблічча Божае Маці. Яго мне некалі вышылі на ганучцы ўкраінкі ў Львове. Як жаль. Ёсць яшчэ адзін, але гэтага жаль асабліва, там вышыты тры літары: БББ (Божа, барані Беларусь).
Сяння куцця, вяртаюцца брыгады, некаму ўдалося пранесці пад бушлатам малую ялінку. Божа мой, Святы Вечар... «Пані Ларысочко, зробымо Святый Вэчэр». Мне ўсё яшчэ ў вачох сын, як добра, што можна яшчэ некаму памагчы ў нечым, асабліва сяння... Дзяўчаткі даўно ўжо збіралі камсу, не з’ядалі кусочкаў рыбы. Недзе ў сушылцы ці ў качагарцы зварылі куцці й кампоту. У некага кансерва, у некага з пасылкі яблык ці жменя гарэхаў. Вечар, стаіць ялінка на адзіным стале. Правізарычныя сталы зроблены з нараў, накрытыя такія ж лавы. Ёсць і кусочак прасвіркі ў некага, у некага аплатак. Ежа на стале, мы ўсе — па-святочнаму. Раней умудрыліся дастаць якія драбніцы са сваіх мяшкоў, што перахоўваюцца ў капцёрцы. Чалавек, можа, сорак, такія ўсе сцішаныя, па-хрысціянску ўрачыстыя. Я ў белай блузцы на першым месцы, мне належыць ад сэрца сяння ўсіх прывітаць. Молімся супольна. Я ўстаю. Цішыня... Не змагла б паўтарыць таго сяння, што мне тады дыктавала доля нашая горкая й змагарная, любоў да сваіх сем’яў і земляў, туга па іх і тая сіла, якая загадвае нам не здацца, а перамагчы! У вачох мне сын. Калі прыходзяць надзоркі, у нас ужо ўсё схавана, толькі ў сэрцах святло, і доўга яшчэ пасля іх адыходу не сціхаюць калядкі.