Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Новы год надыходзіць, да мяне адносяцца ўсе нейк дзіўна, мінаюць, маўчаць. Увесььь лагер... Божа, што сталася? Элка кліча мяне ў кіно, купляе білет. Не памятаю, што паказвалі. Яна нахіляецца да мяне й просіць, каб я не закрычала, кажа даць слова. Даю. Тады яна кажа мне, што ёсць тэлеграма аб смерці мужавага таты. Мне дадуць яе пасля Новага года, прыдуркі нават шкадуюць... Нейк так, як з тым судом над маімі сябрамі. Я ледзьянею, але не крычу. Яна просіць мяне, каб трымацца, бо магу сказаць тут з бяды нешта, чаго сказаць нельга. На гэта разлічваюць, і стукачы ўжо нагатове. У бараку я енчу, гавару тое, што сказаў бы кожны людскі чалавек на маім месцы! З-за іх, гэта з-за іх гінем мы па аднаму, забытыя, хворыя. Элка ў паніцы, а мне на ўсё, чым палохаюць мяне, — напляваць! Знача, ёлачка на могілкі на Новы год... Спі спакойна, дарагі мужаў тата, які быў татам і для мяне, вечны пакой табе, даражэнькі замучаны, запалоханы, адзінокі й абакрадзены нават па смерці.
Хлопцы ўжо зараблялі, і нехта з іх пераслаў мне крыху грошай. О, якая я чулася багатая! Я купіла ад некага акуляры, бо іначай ужо не магла чытаць, і заказала манашанькам у лагеры паніхіду па тату. Ім не плацілася, але звычайна куплялася ў лагернай краме крыху цукеркаў, якіх сухарыкаў, калі былі, і пасля, па ўсіх правілах адпраўленай паніхіды, частавалася прысутных на ёй людзей.
Я крыху забегла наперад, гэта ўжо, мусяць, было па смерці Сталіна ці цесна перад гэтым. Як жа мы былі галодныя! Як жа хацелася бульбы, звычайнай паранай бульбы, якою на Беларусі кормяць свіней. Калі нашую брыгаду бралі ў «овощехранилище», дзе былі прадукты для начальства, дык мы на іх накідаліся. «Пані Ларысочко, а можна нам красты?» — пыталіся дарагія ўкраінкі. «Колькі ўлезе, — казала я, — можна нам браць усё з ежы й лахманоў, каб не замерзці, гэта ніякі грэх, нам яны адабралі ўсё». Часам прысылалі цыбулю з Горкага, і мы на яе накідаліся, елі яе, як яблыкі, грызлі й не адчувалі, што яна горкая, — так смакавала. Часам была морква, а часам капуста, якую мы з’ядалі галоўкамі, і нас здувала.
Казалі, што найгорай было тут пасля 45-га года. Быў голад, і людзі мерлі. Асабліва тады паміралі людзі з Прыбалтыкі, яны не так былі звычаныя на мучэнні. Трупаў не аддавалі, хавалі іх між сабою, каб атрымаць на іх пайку. Кажуць, нехта зрабіў пабег. Яму хапіла сілаў толькі дабегчы да поля з турнэпсам — ёсць на поўначы такая вадзяная бручка. Там ён і застраг. Еў без памяці, еў з пяском той турнэпс, і калі яго, наганяючы, застрэлілі й разрэзалі, бо ўсё ж «па-навучнаму», дык у жываце гэтага насмерць выхудлага шкілета было столькі турнэпсу, што «па-навуковаму» гэта было зусім неверагодна.
Раз у тое «овощехранилище» прывезлі бульбу з Беларусі. Як жа мы на яе паглядалі! Канвой выдаўся нязгоршы й дазволіў нам у нейкім брудным вядры яе зварыць. Елі мы яе, як торт, як найбольшы дэлікатэс. Аднолькава смакавала яна прадстаўніцам усіх нацыяў. Па бульбінцы мы яшчэ схавалі, нейк перайшлі шчасліва шмон і перанеслі іх нашым хворым у зоне, як пераносілі часта й цыбулю, часнык ці нешта, што было можна з’есці. Голадам і тэрорам трымалі нас, як абцугамі.
Ёсць у гэтай дзяржаве такі народ: блатныя. Яны жылі ў асобных бытавых лагерох. Гэта жудасны элемент, які прайшоў усе грахі і ўсе забароненыя рэлігіяй і чалавечымі абычаямі гадасці жыцця, пачынаючы ад забойстваў. Можа, гэта быў і пратэст супраць савецкага ладу, але гэты лад выкарыстоўваў і іх супраць нас, т.зв. «контраў», ці іншага ідэйнага элементу. Адным словам, супраць нармальных людзей. Блатныя ў сваіх лагерох галадалі, і ім усё роўна гінуць, дык лепей ужо там, дзе палітычныя са сваімі пасылкамі. Вось хапіла якой-небудзь блатной Фені аб’явіць на ўвесь голас, што яна не савецкі чалавек, а, напрыклад, унучка Трумэна [208] (ён быў тады прэзідэнтам), як яе хапалі, кідалі ў вязніцу й давалі за такую здраду «любимой родине» роўна 25 год! Пасылалі іх, безумоўна, у нашыя лагеры. Гэтыя трумэнавы сваячкі былі найгоршым жахам для нас, ад іхняга слоўніка пачынаючы. Яны маглі абакрасці, забіць і зарэзаць. Максімальны іх срок ад гэтага ні меншаў, ні большаў. У іх была свая гутарка, пераплеценая рознымі варыяцыямі самага рускага мата. Вось такіх ставілі над намі брыгадзірамі, карацелямі. Анна Пятроўна Скрыпнікава, з якою я сустрэлася ў Мардоўскай АССР у «Дуброўлазе», часам высказвалася шчыра аб лагерным начальстве ці парадках. Яе тады саджалі ў БУР, а з ёю блатных, якія накідаліся на старушку (была ў лагерох 22 гады) і разбівалі ёй да крыві голаў. Пасля ўкраінкі на адным з этапаў, у якім наслалі на іх блатных, такі далі ім адпор, так іх збілі, што гэтую практыку крыху прыпынілі. Але блатныя любілі адважных людзей і такіх, якіх праследавала начальства. Для іх, напрыклад, трапіць на дошку гонару ў лагеры быў найбольшы ўстыд, калі яны былі т.зв. «законнікамі». Не любілі працаваць, казалі, калі нешта трэба было раскідаць: «Бурыць не строіць — сэрца не баліць». Вось, мусяць, з гэтых меркаванняў яны добра даволі адносіліся да мяне. Памятую такую адну Кацьку, чорную, высокую, якая аднойчы з гонарам заявіла, што яна паважае мяне, бо я такая ж адважная, як і яна, нікога не баюся, і пачала мне расказваць, як яна задушыла ля ўборнай сваю падружку, а пасля памагала забіць яшчэ некага — налічыла 6 чалавек... Я ўзялася за голаву. Да яе ніколі не дайшло б, што я мінала чарвяка на сцежцы, бо і ён хацеў жыць, і што адвага мая з іншых жоралаў і зусім процілеглых мэтаў. Калі нас, неспакойны элемент, мелі адвозіць на «Новую Зямлю» (так казалі), дык Фрыма Барысаўна (прозвішча забылася), якую судзілі як яўрэйку, што хацела «атруціць студні ў Ленінградзе» і г.д. — усё, безумоўна, выдумка, — вось яна й спалохалася, што там яе блатныя зарэжуць. Блатныя абурыліся, прыйшлі да мяне й кажуць: «Не бойцеся нас, мы вас паважаем, і калі вас павязуць з намі на «Новую Зямлю», мы вас не скрыўдзім, а вось тую Фрыму Барысаўну, б..., мы тут прыкончым на месцы». Мусяць, Фрыма Барысаўна адкупілася нейк у начальства, яе нікуды не выслалі, а нас выслалі ў Абезь з блатнымі, але гэта пазней.
208
Трумэн Гары (1844–1972) — амерыканскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, прэзідэнт ЗША (1945–1953).
А тым часам у мяне йшла перапіска з мужчынскімі лагерамі. Пасля я пачала звязваць сяброў між сабою, каб былі кантакты й поўная цэласць у нас. Пісалі ўжо ва ўсю й нашыя дзяўчаты. Сядзелі за гэта ў БУРах, але пісалі, так было лягчэй жыць. У нас стварылася цесная беларуская сям’я. Мы як толькі маглі падтрымоўвалі сябе ўзаемна. Часта, калі мы праходзілі каля 1-га, напрыклад, ОЛПа на працу, дык сябры пазнавалі мяне, яны выходзілі амаль да дроту й розна мне паказвалі жэстамі сваю еднасць, стойкасць і братэрства. Я, безумоўна, мала што бачыла праз слёзы, а дзяўчаты, нават і стукачы, да гэтых праяваў беларускай сямейнасці адносіліся амаль жа набажна. Сям’я наша была сапраўды нечым набажна ўзнёслым, вартым нашай Маці-Беларусі. Толькі гэта было да пары. Вораг спалохаўся, і пачалі вербаваць розных Шапавалаў, дэзарыентоўваць іншых, палохаць і раскідаць па другіх лагерох. Нічога, добрае ніколі не гіне, яно жывое й сяння. Не памылюся, калі скажу, што беларусы трымаліся найболей шляхотна й найцясней.
Час поўз, прыйшла восьень, нас вадзілі на розныя аб’екты, часам за 12 кіламетраў. Тады я «пісала» ў памяці свае вершы. Памяць ніяк нельга было прашманаць надзоркам, сэрцы нашыя й душы таксама. Адзінае шчасце. Калі мне траплялася папера й алавік ды такая зацішная ад начальства й стукачоў хвіліна, я тады перапісвала свае вершы-думы й рассылала сябрам. Частка душы мае — глюкоза для іх. А як жа жудасна за мною сачылі! Запісачкі пісаліся дробненька. Сшываліся малюсенькія й хаваліся ў валасы, у вату бушлатаў, у боты, чаравікі і т.п. Адчайныя дзяўчаты клалі поўную рукавіцу запісак і, расшпіляючы шырака для шмону бушлат, так манеўравалі, каб рукавіца не трапіла гадаўкам на вочы. Калі ж разувалі, дык умудраліся два разы зняць з нагі той самы чаравік, каб у другім якраз перанесці запіскі. На аб’ектах, калі недалёка працавалі мужчыны, дык мы, напрыклад, выносячы торф пры вытарфоўцы, ламалі свае насілкі ці тачкі. Работа стаяла, тады адзін з канваіраў валок да іх мужчынаў. Тыя ўмудраліся гіпсам замацаваць у кутку жменю запісак альбо прыбіць іх дошчачкай. Мы лёгка кіркой адбівалі дарагі груз і разбіралі што каму. Рэшту адносілі ў зону другім. Дзень без запіскі быў сумны дзень. Калі б нашая нянавісць не выбівалася ў змаганні, яна ўзарвала б нас, як дынаміт. У нас дэвіз: «Кіп смайлінг» — з ангельскага. Мы ведалі, што, плачучы, загінем хутчэй. Мы вынаходзілі прычыны для смеху, для забыцця таго, што нас акружала. Што магло нас, няшчасных, чакаць, каб не смерць таго найстрашнейшага з усіх грузінаў ва ўсіх вяках. Воля пахла нам цеплынёй хаты, хлебам, толькі не парфумамі. Мы іх ненавідзелі, уздрыгаліся, калі іх пранюхалі. Справа ў тым, што ўсе чэкісты, следавацелі і ўся іх парода вельмі намагаліся пахнуць рознымі гваздзікамі, ружамі і т.п. Яны заглушалі гэтым смурод свайго сумлення ці такім чынам хацелі выдзяляцца сярод іншых, што смярдзелі потам,— гэтага я не магла разгадаць. І вось доўга для мяне асабіста парфумы напаміналі мне нелюдзяў, як і сабакі. Усе добрыя, мілыя сабакі напаміналі мне тых аўчарак, з якімі сустрэлі нас на менскім вакзале, якія акружалі ў будках нашыя зоны й дружна з канваірамі суправаджалі нас на аб’екты работы.
І так восьень, разыходзяцца брыгады раніцай, даўгі іх шнур, пахмурныя, як дажджлівае неба, канваіры. Нас павялі недалёка. Мы ўжо ў час работы адчулі, што нешта здарылася, канваіры нашыя азвярэлі. Калі нас прывялі ў зону, мы даведаліся, што ля Інты застрэлілі Галю Готэс. Гэта была полька. Да сроку дзесяць год ёй дабавілі яшчэ тры за нейкую лагерную справу раней, але яна ўжо й гэты срок дапрацоўвала... Які ж жаль... Была ў яе цудоўная дзяўчынка Ната. Жыццё і інстынкты куды сільнейшыя за нашыя ідэі, калі цярпенні цягнуцца дзесяцігоддзі, і вось у лагеры былі дзеці, і нямала. Гэта былі дзеці жанчын, якіх цяжарнымі забралі з волі, і дзеці з мімалётных сустрэч з шафёрамі падчас пагрузкі пяску на аб’ектах, пры разгрузцы вугалю і т.п. Такое дзецятка ад украінца было і ў Галі. Лагер наш грозна замоўк. Нянавісць, прага помсты й жах з нашае бездапаможнасці проста пырскалі слязмі з кожных вачэй. Першымі прыйшлі да мяне полькі: «Што рабіць, пані Ларыса, што рабіць?» Галю кінулі на вахту, а так як яна была прахадная й цесная, дык цераз труп хадзілі. Харошай дзяўчынай была Зося Андрушкевіч, вось і пайшлі мы з ёю прасіць, каб далі нам Галіну. Надзоры думалі, а пасля папыталіся ў мяне, ці магу заручыцца за спакой у зоне? Я сказала, што магу. Труп нам выдалі. Хутка мы назначылі, што каму рабіць. Былі нейкія кветкі, у зоне хутка паявіліся вянкі і т.п. Мы з Зосяю мылі цела. Маленькая ранка ніжэй жывата, і ўсё. Іх брыгада выбірала бульбу, тую вадзяную, рэдзенькую... Машына, куды яе ссыпалі, стаяла за агароджаю з вяроўкі, якімі мы самых сябе мусялі заўсёды апярэзваць. Дзяўчаты туды сыпалі бульбу. Пайшла яе высыпаць і Галя, вось і застрэлілі — выйшла за агароджу. Дзяўчаты прыходзілі, клалі пальцы на ранку, шапталі нешта, прысягалі. Масквічка Рэгіна Тарасава, якой маці была францужанкай, прынясла з пасылкі вялікі кусок батысту. Наташа нічога не ведала, але ўсё пыталася пра маму, яе нейк суцяшалі, абманвалі. Вечарам мы палажылі ўсю ў белым Галіну на лагерны брудны возік, прыкрылі яе батыстам і вянкамі і ўсе праважалі да вахты. Дзіка крыкнула нам надзорка, калі мы апошні раз цалавалі нежывы тварык: «Мы завтра другую пристрелим...» Мы горда й моўчкі ўзялі гэта пад увагу з разлікам некалі ім адпомсціць. На вахце, паводле лагерных правілаў, малатком яшчэ ўдарылі труп па галаве (а можа, жывая?) альбо пракалолі штыком. Пасля павязлі яе на мужчынскі ОЛП для ўскрыцця. У саветаў усё «па-навучнаму». Зося Андрушкевіч хацела ўдачарыць Галіну Наташу, ёй не дазволілі...
На наступны год усіх вывелі за зону, але нейк нас пакінулі з Елізаветай Радзіонавай. Яна была жонкай прэм’ер-міністра РСФСР. Яе мужа расстралялі пасля вайны, а ёй, таму што яна жонка расстралянага, далі 10 год лагероў. З ёю была і Аксана Кубаткіна, яе муж быў, здаецца, нейкім генералам ад КГБ. Аксана Кубаткіна была вялікай прыхільніцай бацькі Сталіна, нягледзячы на тое, што ён пакараў смерцю яе мужа (аднаго з ініцыятараў 25-гадовага пакарання для сваіх землякоў) і параскідаў па лагерох рэшту сям’і. Яна старалася шчырай працай даказаць сваю прыхільнасць ураду. Праца яе заключалася пераважна ў падсцёбванні другіх, бо яна была брыгадзірам. Спраўлялася яна з гэтым выдатна, як на погляд начальства, з іншымі поглядамі яна мала лічылася. Адумыслова крыла матам, каб даказаць сваю духовую прыналежнасць да пралетарыяту, але скрыгітала зубамі, чытаючы лісты ад сына, які таксама быў у лагерох. Меншы быў пры старой бабцы, і іх абое называлі ворагамі народу. «Я не думала, не ведала, што ў нас творыцца падобнае»,— часта стагнала Кубаткіна. Радзіонава была вельмі тактоўнай і талковай жанчынай. Мела тры дачкі. Старшую яе нарачоны не пабаяўся ўзяць за жонку сабе пасля ўсіх рэпрэсіяў, а дзве малодшыя жылі ў сястры. «Лариса Антоновна, меня вызывали по поводу вас, и я сказала им, что Люция Антоновна — это мещанка, а вот вы — это глубокий, подлинный ум...» — «Вы мне дрэнна прыслужыліся», — засмяялася я.
І так мы з ёю ў зоне, а сяння маюць забіраць з зоны дзяцей, якім два ці болей двух годзікаў. Маюць іх адвозіць у розныя дзетдомы. Большасць мамак вывелі за зону, але не ўсіх. У адным кутку нашага лагеру быў другі лагер, таксама аплецены калючым дротам і з вахтаю. Там жылі т.зв. вольныя дзеці. Імі загадвала вольнае начальства й болей давераныя прыдуркі. Дзяцей гэтых нарадзілі цяжарныя ўжо з волі жанчыны ці якія сталі цяжарнымі ў лагеры. Толькі на час хваробы дазвалялася мець рожаніцы дзіця пры сабе, пасля яго забіралі, і маці пускалі толькі да дзіцяці ў час кармлення. Калі ж кармленне кончылася, дык толькі раз на тыдзень, калі не выдумалі якой эпідэміі. Мамкі бегалі ў адчаі ля калючага дроту й часта проста кідаліся на яго. Вечнае святое мацярынства, яго натуральныя праявы караліся тут і асмейваліся. А бедныя маці ляцяць з работы туды, дзе дзіця. З маленькага прыдзелу цукру, які атрымоўваюць, вараць нейкія немагчымыя цукеркі, хаваюць кусочкі рыбы, пячэнні ці што могуць выпрасіць у тых, якія маюць пасылкі, а то і ўкрасці... Каля дзіцячай зоны вечны плач, а дзеці, бы ціначкі, бледныя, запалоханыя, рвуцца толькі да мамаў, хоць бачаць іх так рэдка, аднак пазнаюць і кахаюць толькі іх адных. Маці нямеюць ад шчасця ля іх. Вось сяння забяруць гэтых дзетак. Мы гледзьімо з жахам, як над лагер прыляцелі й хмарай закружыліся грачы. Стала цёмна ад іх, закракалі, закрычалі, і нам пайшоў мароз па скуры. У зону ўехалі аўтобусы, забрахалі сабакі, залаяліся матам канваіры, і пачаўся плач, крык, раздзіраючае душу выццё, быццам людскія прадсмяротныя мукі. Такое галашэнне не бывае нават па памершых. Мы зледзьянелі, падысці бліжэй было нельга, раз’юшаныя канваіры стралялі б. А грачы ўсё кружылі, кракалі, не сціхалі нямыя птушкі, якія адчулі жудасны чалавечы боль. «Я не знала, не знала, что у нас такое быть может», — шаптала, збялеўшы, Радзіонава. «А за што вашага мужа забілі?» — спыталася я. «Жалел свой народ, хотел добра ему», — ціха прашаптала яна. Аўтобусы паехалі, крык ставаўся хрыплым, прыдушаным. Калі я падышла да бараку бліжэй, дык яшчэ адлівалі дзе каторых памлелых, чуцілі. На нарах ляжала амаль нежывая Соня Свіда. Яна працавала ў лагернай аптэцы, і чорненькую сваю Кацюшу ўдалося ёй затрымаць пры сабе даўжэй. Бацька Каці быў лекар, нейкі нацмен. Соня часта казала: «У Каці цудоўныя валасы, але ёй трэба сорак касічак заплятаць, так, як у народзе яе бацькі». Соня рысавала кніжачкі для яе, пісала казкі. На свеце мела толькі яе адну. Цяпер ляжала амаль нежывая. Яна не выла, яна некалі была дамай, ёю й засталася, толькі стагнала жудасна, нечалавеча... Яшчэ горай было, калі ў зону вярнулася рэшта мамак. Галашэнне доўга не сціхала. Радзіонава й Кубаткіна так абураліся, што можна было думаць, што яны там наверсе сапраўды не ведалі аб колькасці зняволеных і аб іх муках. Між іншым, абедзьве, калі са мною прашчаліся, дык мелі аднолькавую просьбу да мяне: «Лариса Антоновна, прошу вас, останьтесь всегда такой, какая вы есть». Я ім гэта ахвотна абяцала. А дзетак гэтых папуталі ў дзетдомах. Калі сваякі забіралі іх дамоў, дык часта давалі ім не тое дзіця. Прысылалі здымачак з хаты, і пачынаўся плач. Дзіця нейкай рускай мамы завезлі аж у Галіччыну й наадварот. Куды падзелі Нату — нічога не ведама. Зусім магчыма, што й не жыве... Яшчэ полькі звярнуліся да мяне, каб напісаць ім верш пра Галіну Готэс. Прасілі, каб па-расейску, каб прачыталі ўсе. Павезлі яго з сабою ў Польшчу. Я яго добра не памятаю, вось толькі ўсяго:
День осенний с утра заливался от слез пред начальства прижмуренным взглядом. Одни на посёлок, другие в колхоз — проходили всё молча бригады. Конвоиры привычным движеньем руки с суровосьтью нечеловечьей направляли спокойно нагие штыки в беззащитные женские плечи. И каждый почти с них «молитву» изрек, роняя слова с наслаждением: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег, стреляю без предупреждения». Шли серые, мрачные, часто без сил, под раскаты сурового мата, и дождь проливной лишь уныло звонил ударами слез по бушлатам. …………………………………………………… Галю застрелили. Возможно, что где-то те, из-за морей, в половине двадцатого века стреляют так в прериях диких зверей, здесь можно стрелять в человека. Спокойно «актировал» жизнь эту враг, пайку лишнюю списывал хлеба. Стонал лишь от горя бессильный «Минлаг», с ним плакало чёрное небо. Давали девчата суровый обет отомстить эту жизнь молодую. Нам крикнула дико надзорка в ответ: «Мы завтра пристрелим другую!» Но руки над трупом пожав среди тьмы, мы сказали: «Так завтра не будет, что завтра ведь наше, что завтра ведь мы, что завтра ведь лучшие люди...»Пра гэта цяжка пісаць, а ахвяраў былі тысячы, магільнік па іх вялікі.
Яшчэ адна зона была ў нашым лагеры для свіней. Яны таксама карміліся па норме, але яна ў іх была сытая, нармальная, і жылі яны, у параўнанні з намі, як паны. У кожнай свінні свая клетка і ўсе свінскія выгоды, культурна, як тут кажуць, і паказацельна. Не ведаю, хто еў мяса з тых свіней, мы елі камсу й смярдзячыя трыбухі з аленяў. «Оленина (о, Ленина, о, сталина),— казалі мы. Яшчэ мы елі квашаныя ніжнія чорныя лісты капусты інцінскай, з пяском, дарэчы. Галоўкі былі для начальства. Гэтую капусту да немагчымасці насольвала Камбала, адна нашая гора-суродзічка, нейкая Новік. Камбала таму, што вока адно навыкаце (Бог шэльму меціць). Яшчэ была адна такая Раіса Новікава й Марыя Мельнік, некалі адумысловая нямецкая прыслужніца і кат, і Іуда для нас у лагеры. Дзеля справядлівасці нельга скрываць сваіх, вось гэтыя й запамяталіся найстрашней, кожная на розны спосаб... А яшчэ мы елі суп з рэдзкавення з гнілой рыбаю. Можна спрабаваць яго зварыць, каб пераканацца, які мае смак... Ды чаго мы ўрэшце ні елі... Але давалі нам і па аладцы на алеі, якую шумна называлі «пончык», і гэта падкрэслівалі. А рэшта пайка не заўсёды падобная на чалавечы хлеб, ну, і жуй-плюй, гэта авёс з шалухою, з якога суп, каша, а ў свята дык і катлеты. Мы дзівам дзівіліся, як тыя англічане ядуць гэта ўсё жыццё. Праўда, яны пэўна ядуць яго не сухама й не посны. Можа, нам чаго й болей пападала б, але жывілася ля лагероў шмат начальства, ля прадуктаў дык асабліва. Свінскае нормы яны не елі, і тут выйгравалі свінні...