Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Нам часамі прывозілі кіно, за ўступ трэба было плаціць, але кожны стараўся яго паглядзець. Аднойчы быў фільм аб юным Каруза [210] , і мы доўга снілі аб ім. У кіно пускалі ў першую чаргу прыдуркаў і рабочыя брыгады, якія выпаўнялі план.
У культбрыгадзе я прабыла амаль зіму. З Тамарай Вераксо працавалася добра. Яна вельмі цешылася з кожнага майго ўдалага верша. Да аднаго падабралі музыку, і яна ставіла яго, як нумар балету са спевам. Канцэрты былі цікавыя, часам на высокім узроўні. Але зышлося ў гэтай брыгадзе й нямала стукачоў, як Мара Аграновіч, якая лавіла кожнае маё слова, чаплялася да яго й адносіла начальству. Ды ці толькі яна адна... Напрыклад, скажу: «Чаго баяцца бедных манашак, няўжо і яны страшныя сільнай дзяржаве», — як ужо Мара падымае крык, што я казала аб слабасці Савецкага Саюза. Пасялілі яе каля мяне, і страх было аказацца, так яна ўсё перакручвала. А бедных манашанек, пераважна расеек, заганялі ў БУР і вельмі праследавалі. Аднойчы нейк мы з імі сустрэліся і яны ўгаворвалі нас не працаваць, што яны прызнаюць толькі «труд на добровольных началах», таму не прызнаюць нат калгасаў. Аднойчы прывезлі нешта 30 манашанек, якія не хацелі нічога казённага апранаць і есці. Яны не хацелі ў няволі йсці нават у баню, і іх цягнулі ў яе сілаю. Выдзялялі на гэта брыгады. Цягнуць дзяўчаткі няшчасных у іх латаных-пералатаных лахмоццях, і яны, выхудлыя, страшныя, толькі стогнуць: «Господи, помилуй, Господи, помилуй...» Аднойчы я іх убачыла ў бані, гэта былі шкілеты з вялікімі крыжамі на грудзях, жудасныя й счарнелыя. Нават Віктор Гюго [211] не змог бы апісаць такой нэндзы, у якой жылі яны. Раз пабралі ім вопратку, спалілі яе й на месца спаленай палажылі казённую. На дварэ быў мароз 400}, і яны не апранулі казённае. Страх было глядзець, як голыя ў такі люты мароз беглі ў барак. Яны паміралі пры мне ў Абезі, як мучаніцы. Калі далі ў баракі радыё й лозунгі, дык яны, няшчасныя, не маглі гэтага сцярпець і, наколькі былі ціхія, усё ж лозунгі зрывалі, а радыёточкі проста разбівалі. Тады ім саджалі дзяўчат, каб тыя вартавалі, але мы былі душою з манашкамі, і калі было трэба, дык «стража» выходзіла, а манашанькі распраўляліся з радыё. А то старэнькія ў неймаверным лахмоцці ўцякалі ў жудасныя ўборныя і там, як шэрыя камякі, сядзелі днямі пад сценамі ў смуродзе й брудзе. Брыгады нанач збіралі іх і сілаю адводзілі ў баракі. Яны стагналі, так ненавідзелі ўсё, да чаго іх змушалі. Ужо нічому й нікому не верылі. Дзяўчаты злаваліся на іх, бо пасля працы і ўсякіх шмонаў і шпаркі блашчыцаў, якія масава вядуцца й на поўначы, ім трэба было яшчэ валачыць сілаю няшчасных, каб не памерзлі насмерць. Яны ўсё посцілі, елі свой хлебушак, маліліся й чэзлі. Такіх стойкіх, як былі яны, я не сустракала болей. Яны, раз зняверыўшыся, не маглі й не хацелі больш слухаць усякай хлусні, проста паміралі. Наагул нейк верылася толькі людзям, якія не адракліся Бога. Такія толькі й былі стойкія й спагадлівыя заўсёды. Такія не падводзілі. Вельмі моцна трымаліся, хоць не так адчайна, грэка-католікі. Было многа баптыстаў, яны трымаліся цеснай групай, але былі занятыя толькі сабою. Выдзяляліся многім, хоць бы тым, што вечна плакалі й заводзілі. Збяруцца ў канцы лагеру ля ўборных і падымуць такі плач «ля сцяны Іерусалімскай», што мароз ідзе па скуры. А нам плакаць было нельга, бо трэба было нам выжыць. І дапамагаць нам трэба было кожнаму чалавеку без розніцы нацыі, рэлігіі, пераконанняў, проста хоць маральна ратаваць людзей. Баптысты прыставалі да мяне горай за тое начальства... «Вы ж мусіце быць з намі, — казалі, — вы ж такая, як мы». І калі мяне асабліва мучылі, дык казалі, што гэта Бог дае мне пазнаць, што мне ўжо час перайсці да іх... Яны вербавалі сабе «веруючых», і вось адна масквічка, здаецца, пайшла да іх. У іх былі пасылкі з волі, і гэта было даволі выгадна. Надзела бабка даўгую сукню, схавала валасы пад хусту і ўсё тварыла, што і іншыя, да тых пор, пакуль не памёр Сталін. А пасля, калі пачыналі пакрысе пускаць людзей дамоў, яна скінула ўсе лахмоцці й пайшла да Вераксо ў кардэбалет і такія каленцы там яшчэ выкідвала, што ўсе хахаталі. Была там яшчэ такая вельмі пабожная, якая не давала мне жыць, што трэба ні аб чым не думаць, нічога не хацець — ні вайны, ні асвабаджэння, ні помсты на ворагу — і ўсё даказвала мне, што я аб гэтым усім думаю й каб як найхутчэй адраклася. Выглядала гэта вельмі дзіўна, І, нягледзьячы на яе посны твар, так і думалася, што і яна з кардэбалету, але не ад Вераксо... Іншыя былі больш-менш нармальныя, але людзей не было ім жаль, вось толькі сваіх «веруючых»... І наагул было розных сектаў, напрыклад, нейкія «плясуны». Прыехаў раз этап, размясцілі жанчын па нарах, і раптам пад вечар пару з іх саскоквае, пачынаюць такую пляску, як упіўшыся на вяселлі. Мы думалі, што ў іх не ўсе ўдома, а гэта ж такая іх секта... А верыць было так проста: маліцца, любіць людзей і выжыць, усім жыць.
210
Каруза Энрыка (1873–1921) — італьянскі спявак (тэнар).
211
Гюго Віктор Мары (1802–1885) — французскі пісьменнік.
Нідзе, як тут, не ясна было, што «вера без дел мертва есть», а без любові да людзей — тым болей. Я часам думала, як чуўся б і што ў гэтых варунках рабіў бы які сапраўдны амерыканскі місіянер? Якую ён тут застасаваў бы тактыку? Я толькі ведала, што не заўсёды трэба быць голубам, у гэтым выпадку — лепей лісою. На ражон было лезці не час, а, як той лекар казаў — перахітрыць ворага. Дзіўна, што яны найболей баяліся ўсё ж рэлігіі. За малітоўнымі кніжачкамі й абразкамі дык проста палявалі. Аднойчы я ляжала хворая, засталіся ў бараку й другія дзяўчаты і, карыстаючы з гэтага, маліліся. Увайшлі надзоркі, з якіх найболей дурная й найболей лютая была нейкая Дунька. Пачаўся шмон. Убачыўшы малітоўнік, Дунька накінулася на дзяўчо, як гіена. Дзяўчына пачала ўцякаць, скакаць па верхніх нарах, Дунька за ёю ў сваіх боцішчах. Малітоўнічак кінулі мне, і я яго ўраз прыхавала, а сама пачала стагнаць. Дунька не знайшла яго, з чаго ледзь не выла. Наагул надзірацелі былі нелюдзі. Калі аднаму з іх, нейкаму Кір’янаву, нарадзілася дзіця, дык людзі не пыталіся: хлопец ці дзяўчына, а канваір ці надзорка? Ніхто не мог уявіць сабе, што з гэтых кацюгаў можа быць нешта іншае. Кір’янаў пасля смерці Сталіна, кажуць, пайшоў вучыцца на афіцэра. Так, зусім на гэта адпаведны элемент, ад нечалавечага выразу твару пачынаючы.
Людзей у лагеры амаль не білі. Мяне дык біў толькі раз нейкі Іваноў за тое, што не хацела йсці мыць падлогу ў воінскі барак. Я так і не пайшла, але ўжо енчыла, што мела сілаў, аж адскочыў ад мяне й кінуў біць. Нас мучылі вышукана маральна. Забіралі нам спакой, рвалі, як маглі толькі, нервы, ганялі, усяк прыніжалі. Штодзённа мы павінныя былі казаць ім канец свайго сроку. У мяне гэтае «свята» прыпадала на 73-ці год! Вось мы мусялі такое памятаць. Нас жудасна апраналі, забіралі ўсе нашыя паперкі, забівалі нашыя радасці. Не, усяго не перасказаць... Ніхто з іх не меў літасці, і гэта палохала найболей, знача, не будзе на зямлі людзей — адныя ўзаемныя мучыцелі толькі... Мне, праўда, і сяння не лепей, мучаць яшчэ болей прадумана й садыстычна, як некалі... Вера толькі ў сілу, а рэшта ўсё не мае значэння паводле іх. А сілы гэтае ніхто яшчэ не парушыў, яе прызнаюць, і енкі няшчасных мільёнаў зняволеных моўкнуць у тундры, у пустынях і стэпах гэтай надзеленай прасторамі й дзікасцю краіны, якая мучыць і губіць даўно ўжо самую сябе, не знаючы меры.
Пасля байкоту канцэрту мне зноў прыгразілі «сухарыкамі» й заперлі ў такую брыгаду, дзе не дыхнуць. Вярнуўшыся з працы, я заставала свае нары як пасля землятрусу. Усякая нечысць здзекавалася нада мною ў вочы, во прыдуркі. Нарэшце я не вытрымала й пайшла да начальства. Быў там нейкі беларус, так і перла з яго нашая мова. Вось я яму й вылажыла свае погляды. «Лепш вы ўжо раз мяне забеце й не дазваляйце кожнаму мучыць мяне, гэта ж так нізка...» Рэзультат быў той, што далі мяне ў брыгаду штукатураў Марыі Мельнік — шкуры, не чалавека. Я гэта ведала, стала хітрэйшай. А сябры пісалі, і вершы пісаліся й палілі мае далоні, іх трэба было рассылаць, каб жылі й думалі так, як я. Бяліць і папраўляць печы нічога, але вось паставілі мяне тынкаваць столь. Кіну раствор на столь, а ён мне — ляп назад у вочы... З вапнаю жа й ніяк мне не атрымоўваецца. Нарэшце сябры прыслалі мне шахцёрскія акуляры, ды я крыху падвучылася гэтай мудрай штуцы, і ўжо было лягчэй. Мельнік мяне ад сябе не адпускала, а яе падружка нейкая Надзя Карава папярэдзіла мяне, што Мельнік так і працягваюцца рукі, каб мяне задушыць уначы за тое, што я супраць «любімае родзіны». Можна думаць, як я там чулася, ведаючы ўсё яе выслужванне немцам... Розум тут не дзейнічаў, усё залежала ад шчасця.
З Ольгай Мароз была ў нас адна доля й адна папулярнасць у добрых людзей. Была ў лагеры й англічанка Кэтты, жонка нейкага важнага таварыша. Мела двох сыноў на волі, мужа, які ад яе, здаецца, адрокся, і, як сапраўдная камуністка, непрахадзячую любоў, якую ад Сталіна перанесла цяпер на Леніна. Яна ўсё брала на розум, але я ёй аднойчы расказала ангельскі фільм «Дзве тысячы жанчын», які я ўбачыла ў Празе, і гэта кранула яе не на жарты. Кэтты была худая, тонкая, рыжанькая й не благая. Як і мы ўсе, чысціла ўборныя, а чысціць было што й кіркаваць... Уборная — гэта таксама нейкі падыход да камунізму, вялікі рад дзіраў, і там «калектыўная творчасць» з раніцы пачынаючы, і чарга, і погляд на гэтае ўсё, і роздум...
У Менску яшчэ нейкая Болбат, мянчанка, цвярдзіла, што ў лагерах пачнецца яе сапраўдны камунізм, у які яна вельмі верыла, і вось пачынаўся ад супольных нараў, дзе з-за цеснаты ўсе па камандзе паварочваліся на той ці іншы бок, з супольнай кармілкі, бані, працы, да тае жудаснай уборнай, успомніць якую страх... А недзе ў свеце ўсё ж жылі жанчыны, капрызілі, апраналіся ў розныя моднасці і, можа, наракалі... О, калі б яны бачылі гэтае хоць у сне, яны, напэўна, не ведалі б межаў асабістаму сваяму шчасцю. Быць пры сваіх дзецях, быць з мужам, мець сваю хатку, дзе хлеба ўволю на стале і ціха, ціха, як у храме...
Хрысціяне сябе нейк узаемна пазнавалі. Нягледзячы на веравызнанне, кожны, хто верыў, хіліўся да такіх, як ён. Усюды на поўначы панаваў аўтамат, як і ў літаратуры, як і ў гульнях дзяцей да сянняшніх дзён. Так, аўтамат — гэта сіла: кожны тупы ёлуп можа трымаць сотні найлепшых безабаронных людзей і рабіць з імі, што сам хоча. Змушаць іх, напрыклад, пераносіць горы снегу з месца на месца да абсалютнага ўпадку сілаў ці проста страляць ля нас, а калі мелі неасцярожнасць адысці ўбок, дык і ў нас. Гэтыя аўтаматы так доўга заглядалі нам у вочы, што сяння яны здаюцца нам сімвалам камунізму, супраць якога ў нас заставаўся — крыж. Адзіны, беззаганны й бясстрашны, які не пакінуў нас у нашых суровых выпрабаваннях — нашая мужнасць і нашая сіла. І вось у гэты жудасны час мы думалі сабе — ніводнага кроку ў бок ад вучэння Хрыста й ніводнага слова іначай! Ёсць жа нейкая чалавечнасць на свеце, на якую мы спадзяемся, бо мы толькі да канца пазнавалі жудасны твар джынгісханаў, і нам з імі не па дарозе.
Аднойчы начальства загадала выбраць прыдуркам саракалетніх жанчын і асобна іх вывесці за зону ў Інту, бо на маладых там заглядаюцца. Нас выбралі, але не проста так. Сабралі ля вахты ўсіх прыдуркаў і ўсё шумавенне, якога нідзе не бракуе. Яны паднялі нас на смех агідны, брудны, з непрыстойнымі каментарыямі. Начальнікі паціралі рукі, а адна латышка, мілая, спакойная жанчына, плакала й шаптала мне, што такога прыніжэння нават на жудасным следстве не адчувала. Тады я, злосна глянуўшы на адну без зубую дзяўчыну, сказала: «Паглядзі на сябе ў люстэрка й на гэтых, чужых табе жанчын, яны як дзяўчаты ў параўнанні з табою, а ты — без зубы й гнілы пень пры іх». Цкаванне змоўкла, і толькі т.зв. нарадчыца са зняволеных, нейкая рабая і агідная Галя Цярэшчанка, доўга душылася са смеху, схаваўшы свой рабы твар у рабыя далоні. А побач стаяла Тамара Аляхновіч, дваццаціпяцілетніца таксама, і худы даўгі яе нос трэсся ад хохату.
У лагеры была адна амерыканка Аліса Алекс Максімава. Была яна зусім маладая, але зусім сівая. З яе пасмейваліся, бо яна, напрыклад, сваю сціплую пайку ўмела яшчэ падзяліць з галоднымі варонамі, якія кружылі над лагерам, гаворачы, што ў Амерыцы любяць жывёлу й птушак так, як і людзей. Аліса была вельмі інтэлігентнай, цудоўна апавядала. На этапах і ў Абезі ў нас была маленькая група, мы сепараваліся крыху ад іншых, шчыра гутарылі й стараліся, каб у нас быў заўсёды харошы настрой. Часта Аліса, якую прадала яе ўласная мачыха, так сумавала, што прыходзіла да мяне, каб сказаць, што пакончыць пэўна самагубствам. На гэта была ў мяне адна рада. Я даставала кусочак хлеба, калі было, дык яшчэ што, мы крыху елі, і Аліса зноў магла жыць. З ёю было мне вельмі бяспечна й лёгка, а на этапах мы не разлучаліся, бо вельмі не давяралі іншым. Вязлі нас разам — як «інастранак». Была ў лагеры й нейкая каханка Берыі, якая ўсімі сіламі старалася заўсёды даказаць нам, што яна, толькі яна адна, тут нешта значыць і зусім без віны. Калі ў яе быў добры настрой, дык расказвала, як цалаваўся Сталін і як пахлі яго вусы. Пра Берыю яна нечаму маўчала. Была гэта жудасная качарга, і як паслухаць было, якія машыны з маскоўскімі прыгажунямі шмыгалі пад маркай дыпламатычных у Крэмль, дык дзіўна было, што і яна там выкручвалася ля тых крывавых бестыяў. Некаторыя жанчыны, як, напрыклад, Тарасенка Соня, якая ўсё жыццё недзе правяла толькі ў лагерох, зусім ужо не была падобна на сваіх сёстраў. Хадзіла толькі ў нагавіцах, голас мела грубы й твар нейк зморшчаны не па-жаночаму. Было такіх некалькі, і гэта нейк было сумна. Самай страшнай была немка, шпіёнка Кацька. Гэта была прыгожая дзяўчына, але страх браў на вярсту ад яе. Працавала толькі ў партноўскай. Кажуць, што яна прадавала і канваіраў, і нават начальства, не кажучы ўжо аб зняволеных. Яна выехала ў Германію разам з іншымі харошымі й горшымі дзяўчатамі з Аўстрыі й Нямеччыны. У апошні час немкі пачалі атрымоўваць пасылкі праз Чырвоны Крыж, лісты й здымкі й жылі толькі надзеяю ад’езду дамоў. Апакоўкі іх пакетаў мы разглядалі, як якія ўпрыгажэнні кватэр.
Пасля смерці Сталіна пачаўся абмен канцэртнымі трупамі па лагерох. Атракцыяй была жаночая трупа. Дзяўчаткі пачалі ездзіць па ОЛПах. Мне гэта было выгадна тым, што сябры мае пасылалі глюкозу сапраўдную й цукеркі. Часам і грошы для нас усіх, а часам які матэрыял. Аднойчы купіў такога многа метраў сам Косця Шышэя [212] . Гэта быў жоўты, як яешня, паркаль у вялікія чырвоныя кветкі. Мы падзялілі гэта між сабою й шылі хто што мог. Я зрабіла з гэтага верх для коўдры, бо Маці Марта прыслала мне ваты. Пад лагерным коцам [213] я вельмі замярзала. Косця пытаўся, ці падабаецца падарак? Я ўсім загадала падзякаваць і напісаць, што падабаецца, а сама выразіла вялікую ўдзячнасць, што каб мой родны сын купляў мне нешта, дык купіў бы, напэўна, падобнае, бо ў мужчын ужо такі густ. Мая гэта коўдра вельмі падабалася жонцы Пракоф’ева. Яна была іспанкай і казала, што ў іх такі сцяг — чырвоны й жоўты. Была гэта старшая, але яшчэ прыгожая жанчына, сыны ёй пісалі, а сам Пракоф’еў, здаецца, з ёю развёўся. Увосень мы яшчэ будавалі дамбу ля Інты на некалькі метраў, высокую. Былі разам лёд і балота, мы з насілкамі валаклі зямлю наверх дамбы, слізгаліся, падалі ў балота. Лайма не магла злапаць паветра, другіх калаціла эпілепсія ці сардэчныя прыступы. Вельмі стараліся толькі літоўкі. Казлоў раздаваў усім па папяросе.
212
Шышэя Кастусь (1922—2004) — сябра Беларускай незалежніцкай партыі; у 1944 г. быў дэсантаваны на вызваленую саветамі тэрыторыю для арганізацыі беларускай нацыянальнай партызанкі; арыштаваны НКВД, пасля вызвалення жыў у Вільні.
213
Коц — баваўняная альбо шарсцяная коўдра.
Часам былі ўзварушлівыя хвіліны. Мы працуем на базе ОРСа [214] , а што гэта, я й сяння добра не ведаю. Бліжыцца Новы год, і мы ачышчаем зону ад неймавернай колькасці снегу. Здаецца, што гэта база засабляе Інту, галоўнае яе начальства прадуктамі. Бліжыцца вечар, неба зрабілася чырвоным, ліловым, жоўтым, наагул несказана прыгожым, але мароз пранізвае бушлаты, мы дрыжымо. Адкідаць снег — гэта не кіркаваць, пры ломе й кірцы нават у 400} спацееш, а тут мы збіліся ў групку, грэемся словамі, хочам у зону, бо змерзлі. Каля нас шмыгаюць вальняшкі й бытавікі, якія, расканваіраваныя, працуюць на гэтай базе. Іх мы пазнаем па тым, што яны, як і мы, у бушлатах. Здалёк узіраецца на нас высокі стройны юнак, твар у яго нейкі няроўны, але вельмі прыемны, рашучы, нейкі інтэлігентны. Ён знік недзе, пасля зноў паказаўся й вось падыходзіць да нас, хоць збліжацца да нас нельга. Падышоўшы, ён расшпіліў ля нас сваю целагрэйку, і на паўночны зледзьянелы снег пасыпаліся самыя сапраўдныя паўдзённыя мандарыны. Мы анямелі спачатку, а пасля, як дзікуны, накінуліся на іх, рвалі іх са снегу, тапталі, вырывалі сабе з рук гэты цуд на поўначы. Юнак, які для нас украў у сытага начальства гэтую радасць, знік, і добра, што ён не бачыў нашых паводзінаў. Аднак мала хто з’еў тую мандарынку, мы іх прынеслі ў зону, аддалі дзецям у іх зоне, падзялілі па долечцы паміж сабою. Мы здолелі на Вялікдзень падзяліць адно яечка на 30 частак, каб разгавелася ўся брыгада. Зноў перад Вялікаднем у Вялікую Пятніцу раз нас павялі чысціць Інту, яе ўскраіны. Яшчэ былі горы снегу, але сонца крыху прыгравала. Мы ўсе амаль посцілі, было нам светла нейк ад надыходзячага вялікага свята. Хрыстос, Ён адзін быў вечна з намі, і мы адчувалі гэта. Калі нам было найгорай на следстве ці ў другіх страшных выпадках, мы з даверам шапталі: «Цела й Кроў Ісуса Хрыста, ратуй мяне». Дапамога адчувалася. Бог мог перамяніць душы нашых мучыцеляў, мы ў гэта верылі. Вось мы, замучаныя, селі на снег, бы тыя курапаткі, нешта гаворым. Да нас падышоў, пагаварыўшы з канвоем раней, нейкі чалавек, ён нёс нам вялікі скрутак! Там былі селядцы, хлеб і, можа, два кілаграмы каўбасы. Аказалася, мы працавалі ля нейкага каўбаснага цэху ў Інце й нашыя быўшыя зэкі, работнікі цэху, так хацелі парадаваць нас. Дзяўчаткі ўсё прынеслі мне, каб раздзяліла. Селядцы я раздзяліла роўненька ўсім, а каўбасу мы перанеслі ў зону й пасля спраўлялі разам Вялікдзень...
214
ОРС — аддзел (отдел) раённага забеспячэння (снабжения).