ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Часам было жудасна. Нас павялі вясной капаць канавы там, куды вывозілі нечыстоты. Лагер быў тут адвечны, аднагодак, пэўна, савецкай улады, і гэта ўжо было трансава з аднаго бруду. Толькі ў гэтыя дні мы не хацелі есці, не маглі. Усё пырскала нам у твар і на вусны, мы прасмярдлі, і нельга было адмыцца. Пасля зноў вялі нас капаць траншэі, і гэта было так цяжка, але ўжо лепш...

А хлопцы нам кідалі свае запіскі, мы іх прагна лавілі. Літоўкі пераносілі іх адчайна. Ды за любоў не так і каралі. Наагул, калі трэба было нешта зрабіць, дык толькі пад гэтым прыкрыццём. Савецкія следавацелі з надзвычайнай радасцю капаюцца менавіта ў розных пачуццях і авантурах. Хлебам іх не кармі, а дай магчымасць паздзекавацца з нечыіх любоўных спраў. Вось мы й вывучылі іх псіхіку й пад гэтай маркаю трымалі кантакты. Яшчэ адну слабасць мелі тыя сцервы — арыгінальна арыштоўваць свае ахвяры. Гэта яны лічылі сваім майстэрствам. Жанчыну, за якой яны палявалі, заганялі ў неймаверныя сітуацыі. Спачатку ўпіваліся яе страхам і болем, бо ж беднай куды ўцячы? Тады недзе ў кіно, на вакзале, на спацыры яе падманвалі ў летняй сукеначцы й тады ўжо душылі за горла... Выхваляліся пасля, такое знушчанне называлі подзвігамі разведчыкаў...

Пасля смерці «самага мудрага» паявілася ў нас болей яўрэяў. Гэта былі ленінцы. Яны стараліся мне давесці «веліч» гэтых ідэяў... О неба, я жа іх бачыла на практыцы й хіба ж паверу сваім вачам, не іх словам! Але калі я даходзіла, яны мне давалі глюкозу, пасля якой я ажывала. Раз грузінкі і яўрэйкі зрабілі мне нават такі сюрпрыз. На мой дзень нарадзінаў, аб якім ніхто не ведаў, яны падаравалі мне алавіка й некалькі сшыткаў (во скарб), а калі я вярнулася з працы, завялі мяне на кухню, дзе быў накрыты стол з яўрэйскіх і грузінскіх пасылак і быў нават бісквітны сапраўдны торт. Мне было дзіўна. Другія гады мяне віталі ўсе нацыянальнасці, а раз свае беларускія дзяўчаты рана перад разводам прынеслі мне «торт» і свае ўпамінкі: хустачкі да носа, алавічкі, зубную шчотачку і т.п. Торт быў тыпічна лагерны. Жанчынам так хацелася нешта кулінарыць... Гэта быў торт са змеленых, высушаных паек хлеба, размешаны салодкай вадою й пераложаны павідлам з сухіх яблыкаў з нейкай украінскай пасылкі, пасмараваны маргарынам зверху, пасыпаны цукрам. Гэта быў надзвычайны прысмак, але сяння я яго не ела б... Дзяўчаткі былі так узрушаныя, слёзкі ў вачох... Я хацела дзяліць той торт між усімі, але яны сказалі, каб перахаваць яго нейк і вечарам мы яго разам з’ямо. Што ж, наша брыгада працавала ў зоне, рамантаваліся печкі. Я паставіла торт на верхнія нары, прыкрыла ручніком. І тут шмон, ды які! Начальства з Інты! Спачатку прыбег з крывавымі вачыма Кір’янаў, падыме нары і як лясне імі, гэта ці пасыплюцца з іх блашчыцы. Падыходзе да маіх нараў. Як падняў іх, так торт і падскочыў, як ляснуў — торт і прысеў! О Божа, я ж цяпер з БУРу не вылезу, але ён нейк са злосці гэтага не заўважыў, шукаў блашчыцаў. За ім жа ідзе хмара надзорак, і во будзе шмон... Я за торт, у сушылку з ім, а там быў у карыце раствор, бо рамантавалі печ мы. Я той торт у ручнік, зверху ў папер, папер аблажыла цэгламі, а на цэглы — раствор. Свае ложкі паставіла ў кветкі, бо на стале стаяў букет з іван-чаю, так я іх выратавала... Сама стаю з масцярком ля карыта й працую. Усё ператрусілі сцервы, але ў карыта не дадумаліся... Вечарам прыйшлі мае дзеці... Хоць плач, яны, бедныя, тры дні не елі сваіх «пончыкаў», свае рыбы, цукру. Усё гэта збіралі, хавалі на гэты дзень, мае харошыя, такія шчаслівыя, і вось мы разам, нават Люцыю Антонаўну паклікалі. Нас так многа. Маўчым, гутарым, крыху спяваем, але найбольшае ў сэрцы й назаўсёды. Так мы той год спатыкалі й сваю Каляду. Болей 30 беларусак, стол свой у сталовай (Сталіна ж няма!), ля кожнай нарысованая віншавальная картка са словамі з Евангелля ці іншай вечнай мудрасцю й поўны стол! Надзорка пытаецца: «Чыя брыгада?» — «Ларысы Геніюш», — адказваюць дзяўчаты нейк без боязна, горда й глядзяць на мяне, штрафніка, якога маюць адвезці, а радыё ў сталовай грае якраз «Радзіма мая дарагая» [215] . Першы раз чую гэтую песню, ледзь не плачу. Знача, недзе хоць крыху яшчэ жывем, яшчэ нехта так моцна, так шчыра адчувае нашую Беларусь...

215

«Радзіма мая дарагая» — песня Ю. Семянякі на сл. А. Астрэйкі.

Яшчэ адзін дзень нарадзінаў, але ён быў, здаецца, раней. Брыгады ў зоне, лета, цвіце іван-чай. З раніцы йдуць віншуюць мяне ўсе амаль людзі, усе нацыі. Букетаў няма дзе ставіць. Літовачкі нарысавалі Юру, які адзінока сядзіць над Нёманам. Ямо разам іх падаркі, пасля беларускія, украінскія, рускія, латышскія і г.д. Так да вечара. Я ўчадзела ад добрых слоў, ад пачуццяў людскіх. Элка напісала: «Паэт — паэту» — усе цытаты аб паэзіі, асабліва свайго ўлюбёнага Маякоўскага [216] , вялікія два аркушы. Прывітанняў высокі стажок. Назаўтра ад сяброў цераз дзяўчат, яны не ведалі, верш з загалоўкам «Нявольная маці нявольных сыноў» — як яны на руках панясуць мяне дамоў... О, мары светлыя патрыётаў, харошых маіх сыноў... Я хаваю гэта ў сваіх рэчах у капцёрцы. Ноччу на мяне нападаюць, валакуць у капцёрку. Я дастаю пакрысе свае рэчы, а запісачку тую дарагую адкідаю ў кут. Надзорка бярэ яе. Мяне выклікае страшны, дурны опер. «К каму пісаная гэтая запіска, каму?» — «Не мне, — кажу, — але аба мне!» Ведай, гад, гэтыя словы сыноў аба мне! Ён амаль усё аддае мне, але тое дарагой запіскі, ліста ад Элкі і інш. не дае. Добра, што хоць не ў БУР... Нешта гаворыць мне пра срок, так я кажу: «Усе дарогі вядуць за зону, гэта знача — на волю».— «Нет, все дороги ведут к коммунизму», — пярэчыць ён мне, іншых гарызонтаў у такіх не бывае...

216

Маякоўскі Уладзімір Уладзіміравіч (1893–1930) — расійскі савецкі паэт.

Я ўмею шапкі шыць і рукавіцы. Шыю іх з лахманоў для найбяднейшых бабак і так цешуся гэтым... А як там мой муж, мой сын, і ім, пэўна, холад?.. А ўся мая сям’я? Ад’язджаючы, я пакінула ўдома бацькоў абаіх, трох братоў, трох сястрычак. Гэта было ў канцы 37-га года, я ехала ў Прагу да мужа. Яны не плакалі, а мне плач раздзіраў грудзі. Яны не паэты, гэта паэты ўсё чуюць наперад. Цяпер тата мой, мажны й харошы, арыштаваны ў 39-м годзе, забіты ў гродзенскай турме [217] , мама памерла на высылцы ў Казахстане ў 1945 годзе. Каханы з братоў Расціслаў, метар дзевяноста пяць см, высокі, з галавою, як залацісты сноп жыта, загінуў пад Берлінам 28 красавіка 1945 года. Маладзенькі Аркадзі, які разам з Аляксеем пайшоў з высылкі ў армію Андэрса, ляжыць у польскай братняй магіле ў Ларэта ля Рыма, маленькая Люся ў 1954 годзе загадкава памерла ў Вроцлаве, Аляксея велікадушна Англія прыгарнула, а Ксеня й Ніна выстаўленыя на ўсе правакацыі ў Польшчы, як і няшчасны мой сын... Муж зусім адзін у Варкуце недзе, як я ўжо пазней даведалася, і я... Толькі я не адна, са мною заўсёды людзі, асабліва ўкраінцы, якіх так нязмерна цаню, і добры Бог са мною, а пасля лагеру й мой муж...

217

Тата мой… забіты ў гродзенскай турме…– бацька паэткі Антон Міклашэвіч з Гродна быў высланы ў Гулаг, дзе, відавочна, і загінуў.

А пакуль я ўваходжу ў новы лагер, у інвалідскі Абезь. Яшчэ я не ведаю аб смерці мае любімай наймалодшай Людмілы, не ведаю яшчэ, напэўна (толькі са сноў), што сядзіць у польскай вязніцы сын мой і яму цяжка... У Абезі выбеглі супраць нас калекі, розныя гарбуночкі, старушачкі. Тут ёсць карпусы хворых туберкулёзнікаў, ёсць болей за 40 хворых псіхічна, у іх агароджаны барак, і там нам уступу няма. Няма тут ні вала, ні каня, як на Інце. Бабкі самыя на сабе возяць і ваду, і вугаль, і прадукты, і ўсе нечыстоты. Найболей тут, як і ўсюды, украінак, яны ўжо сухенькія, пачарнелі, але як жа яны добрыя, ласкавыя да харошых людзей, як жа лютыя й злосныя да недругаў. Яны, здаецца мне, ведаюць усё на зямлі, гэта цярпенне адчыніла ім вочы на ўсе праявы жыцця іх цяпер.

Вось я ў Абезі, але думкамі ўсё яшчэ на Інце. Не магу забыцца, як падышла да мяне вельмі прыгожая расейская дзяўчына Аня Бандарэнка. На работу яна ўсё старалася так завязаць хустачку, каб чубік харошы было відно, бушлат свой падганяла па фігуры. Хацелася ёй падабацца, хоць сасонкам, хоць людзям, якія глядзяць на яе, а можа, сабе самой. Аднойчы прыйшла да мяне моўчкі, доўга стаяла, а пасля папыталася ціхенька: ці я выслухаю яе, ці памагу, ці змагу палюбіць яе, нягледзьячы на тое, што яна расейка? О, як жа смешна! Аня, мілая, харошае дзяўчо, ці ж ёсць, ці ж можа быць тут розніца між вамі ўсімі, такімі беднымі, такімі дарагімі... «Ты як дзіця мне, — кажу, — і будзеш заўсёды кусочкам сэрца майго». Я заплакала, такія пытанні былі не на месцы, у вачох доўга стаялі Стасяле Міляўскайце й Зося Будрыце — літоўскія студэнтачкі, якія лічылі мяне болей сваёй, як мае дзяўчаты. А Шатрыя... Падыдзе часам, калі хаджу адна, і скажа ўсё, аб чым я думаю, так мяне ведала, а другія... А полька Марыя, маладзенькая, высокая, светлая: «Пані Ларыса, ці праўда, што такія, як я, недзе цяпер «адоруюць» [218] перад вобразам Божым у касцёле. Яны, пэўна, як анёлы, і мне так хочацца быць з імі, не буду, пэўна, ужо, вырасту вельмі... А мне так халадно бывае, і тады я плачу, і слёзы змярзаюцца, ці вытрываю 25 лет?» Мілыя вочы ўпіраюцца ў неба, і такі жаль на прыгожым тварыку... А Марыя-беларусачка, савецкая патрыётка, але чысты такі, не лжывы чалавек. Ляціць да мяне з кожнаю светлаю весткай і сама ззяе... А Нуся Зарэцкая, малая ўкраіначка, якая ледзь не плача й пытаецца, ці сапраўды ў Амерыцы так забіваюць неграў, як нам паказвалі ў фільме паводле сцэнарыя нейкай эстонкі? Успакойваю, паясняю, дзіця верыць мне, і ёй лягчэй. Яна ўсё вучыць вершы на памяць, некалі хоча гаварыць іх людзям, і ёй 25 год пакарання: следавацелем у яе быў сын Каўпака [219] , а ёй было, мусіць, 18 годзікаў, а можа, і меней... Але былі і іншыя, напрыклад, прыехала нейкая медсястра з Варкуты, уходжаная (на агульных працах не працавала), усё нейчая любоўніца... Прэцца ў нашае таварыства. Вось імяніны пані Тэрэсы. Яна манеўруе словамі, нарэшце чытае цудоўныя вершы — нешта аб белых «пціцах». Мы захопленыя, перасказваю іх Элцы, якая ведае болей як дзве тысячы вершаў, чым часта сагравае мяне на аб’ектах, і яна хахоча! Верш, здаецца, Цютчава [220] ... Ну й дрэнь баба!

218

Adorowa'c (польск.) — пакланяцца, кленчыць.

219

Каўпак Сідар Арцёмавіч (1887–1967) — украінскі дзяржаўны дзеяч, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Украіне падчас Другой сусветнай вайны.

220

Цютчаў Фёдар Іванавіч (1803–1873) — расійскі паэт і дзяржаўны дзеяч.

Мы рамантуем другую вахту, носім пад падлогу жвір, палажылі дошку й па дошцы цераз вакно — гэта хутчэй і лягчэй. Адыходзячы, дошку нехта адкінуў на драты. Ноччу пярэпалах, будзьяць нас, строяць, правяраюць спярша брыгаду, пасля ўвесьь лагер. Жарты — працавалі так блізка дроту і была дошка там, і была Геніюш там, во як хто пералез? Назаўтра яўляецца да мяне слаўная «дэкламатарка», прысела й пачала казаць: «Вось каб гэта ўцячы так праз дрот, зайсці ў Інту ў нейкую хату, там забіць людзей, забраць ад іх адзенне й пашпарты і ўцякаць на волю...» Слухала я, слухала й кажу: «Заткніся, баба, і йдзі, скуль прыйшла! Метады, аб якіх гаворыш, вартыя цябе й тых, якія цябе паслалі, надта па-свояму вы ўсё абдумалі, спеце спакойна, мы выйдзем і так і перажывем яшчэ ўсіх стукачоў...»

На аб’екце правяраюць канвояў, нейкі маёр доўга ўсё круціцца ля нас, а пасля пытаецца ў мяне, ці пазнаю, якое ён нацыі? А скуль я магу ведаць? «Я комі, — кажа, — бачыце, якія мы цяпер сталі, а якія былі!» — «Так, — кажу, — былі вы аленяводамі, людзьмі, і край ваш быў мілы вам і, можа, людзям, а цяпер вы адзіны страшны лагер, і вы куды горшыя, як былі, вы дзікія цяпер нелюдзі, якія прададуць за грошы ці муку любога няшчаснага, які б падумаў згэтуль уцячы...» Ён замоўк і адышоў... А мы часта іх бачылі, комі, надта нечаму яны не любілі, калі ім сказаць «зыране». Ездзілі яны ў маліцах, такіх скураных балахонах да зямлі, і доўгімі пугамі паганялі аленяў. Былі там і дзяўчаты ў белых вышытых шапках, з косамі. Найчасцей ездзілі гурбой і крывіліся, убачыўшы нас, адварочваліся з агідай. Так ужо іх звучылі. Ну, а яны для нас былі дзікай экзотыкай. Нейк вывелі нас многа брыгад на Інту. Працуем, а начальства так і круціцца ля нас. «Вот сделали преступление, и работать надо», — кажа мне нейкі тып у афіцэрскім шынялі да пят. «Нічога, — кажу, — калясо гісторыі круціцца, сяння мы, заўтра вы...» Ён і скочыў: «Вы знаете, что делают американцы, напалмом Корею жгут». — «Я не знаю, что где-то делают, я вижу, что здесь жгут морозом и мерзлотой миллионы людей, и это не лучше...» Загадаў мне павярнуцца плячыма, запісаў нумар. Прозвішчаў тады ў нас не пыталіся. Хлопцы нешта робяць ля шурфоў каля нашай зоны, выкручваецца там і Слаўка Прыстаўка здалёк. Кінулі мы запіскі і іх забралі, а там мой верш! Які ж перапалох! Наехала начальства, мяне ў БУР. «Вот что она наделала, контрреволюция!» А там было пра тое, што ў нас у траўні цвет вішнёвы асыпаецца гэтак, як снег тут у гэтую пору, і як бы добра было быць цяпер у роднай Беларусі і т.п. Я там добра прагаладалася, але нехта ім перавёў, відавочна, верш, і паглядалі на мяне ўжо без лаянак, моўчкі...

Мы на аб’екце чысцім снег, а побач за загародаю нашыя з 3-га ОЛПа. Мы ачысцім пляц, зробім вытарфоўку, а яны будуць строіць па нас. Хлопцы пазналі мяне. Не працуюць, выйдуць, пастануць і ўсё глядзяць. Канвой раве на іх, страляе, а яны крычаць: «Не бойся, мама, ён не смее ў працоўнай зоне забіць нас». А я лекачу ўся, баюся за іх. Ляцяць запіскі... «Мама, мы шчаслівыя, што мы маім сям’ю, нам лягчэй. Вось другія крадуць, нізка падаюць маральна. Учора адзін напаў на канвоя ў страі, яго падстрэлілі, гэта ён здурэў з гора, з адзіноты, а мы трымаімся, маці...» і г.д. Запіска была пісаная лацінкай, такая цёплая, добрая, я схавала яе. Лоўкія пальцы шманалак абмацалі і яе. Кузняцова, загадчыца БУРу, строгая, страшная. Прыдуркі перад ёю становяцца на калені, калі правіняцца, яна не дароўвае. Выклікае мяне, што ж, я-то прасіць не буду, дый гутарыць, як захачу... «Ну, что?» — пытаецца. Маўчу. «Что делать?» — кажа. «Што ж, — кажу, — парушыла рэжым, давайце кару!» Худы зацяты твар усміхаецца. «Слухайце, Геніюш, а каб вы напiсалі жалабу, можа, вас пусцілі б дамоў?» — «Начальніца, а многа вы каго пусцілі? Людзі пішуць і пішуць, а што атрымоўваюць?» — «Гэта яны, а вось паспрабуйце вы...» Так яна мяне й адпусціла. Ніхто не мог паверыць, што яна магла так зрабіць. Яна сказала мне, што ёй перавялі змест запіскі. Нас з таго месца работы забралі.

А лекаркі былі злыя, асабліва нейкая Глафіра. Вывіхнула я нагу, і нага спухла, у войлак не ўлазіць, ну й далі мне бюлецень. Што ж, трэба прадоўжваць бюлецень, нага не адыходзіць. Глафіра дурэе: «Я бачыла, як вы стройна йдзеце па зоне, вы не хворая». — «А я заўсёды стройная і ўпаду толькі раз, каб болей не ўстаць, а пакуль нагі ў войлак не ўсаджу, вы дасце мне той бюлецень!» Сядзіць такая качарга за марлячкамі ў санчасці, мае сабе яшчэ днявальную й горшая, куды горшая яшчэ за надзоркаў... А тую Кузняцову, кажуць, што пару разоў прадалі прыдуркі, і яна мсцілася пасля на людзях, я, відно, крыху ёй вярнула давера.

Адзін раз чысцілі снег ля зоны, ля дратоў. Людзей расставілі. У мяне была гара снегу, і, калі ўсе разышліся і ў зону не было відна, падышоў канвой, сказаў, што ён з Магілёўшчыны й мяне ведае. Пасля схапіў лапату й пачаў хутка адкідаць снег. Спацеў. Пачуў, што падыходзіць другі канвой, і адышоў памалу...

Быў велькі этап. Усіх маладзенькіх кудысьці адвозілі, маіх дзяўчат. Былі гэта пераважна літоўкі, украінкі й між імі такая мілая Лена, Эліце, літовачка. Ёй было 19 лет. Забралі яе й мужа Ігнася, якога яна вельмі кахала й толькі пра яго й гутарыла. Мілае дзіця было збітае на следстве, і найгорай было лётаць, казала. «Як лётаць, дарагая Эліце?» — я пыталася. «А вось ставіць следавацель табурэтку на табурэтку й так аж да столі, а наверх саджае мяне, а пасля вырве апошнюю пры зямлі, і я лячу...» Пасля мы сустрэліся. «О, пані Ларыса, — казалі яны, — нас завязлі ў лес, дзе сосны пад неба, далі пілку, сякеру й норму, і хоць плач, але мы пасля налаўчыліся, толькі раней быў там лагер блатных мужчын, якія ніколі не выконвалі сваіх нормаў, і мы мусялі выканаць за іх недароблены план бясплатна. Нас замучылі, і мы ўжо зусім дайшлі, але нехта данёс гэта вышэйшаму начальству, і нас выратавалі. Што яны з намі чаўплі, што чаўплі...» — з вялікіх вачэй прыгожай Эліце толькі ліліся слёзы...

Поделиться с друзьями: