ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Часам былі добрыя прыдуркі. Адна такая Наташа мела нават свой куточак, куды мы прыходзілі грэцца, памыцца. У яе было заўсёды крыху хлеба. Там я сустрэлася й з Соняй Свідай, была яна нейкая сваячка жонкі Тарашкевіча, гулялі мы з ёю часта ў шахматы, але аднойчы яна папыталася ў мяне, ці СБМ і Самапомач [221] — гэта тое самае? Гэта мяне настарожыла, каму ж да гэтага была справа? І я ўжо баялася яе... Доўга былі мы й з Люсяй Васількоўскай, з якой сустрэліся ў Горкім. На жаль, маё падазрэнне, што яна стукачка, пацвердзілася. Але яна не была паганай. Раз ледзь не ўдарыла мяне, бо я даказвала, што й тут капіталізм, толькі капітал у адных руках і ніхто яго не кантралюе... Яна спалохалася за мяне й сілай змусіла замоўкнуць.

221

Беларуская народная самапомач — нацыянальная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі, створаная ў 1941 г. паводле загаду гаўляйтэра В. Кубэ.

Вялікдзень, а мы за зонаю. Снег, марозік, кірка й лапата... Стала так сумна, і прыгадалася мінулае: Прага, муж, сын... І вось муж на працы, я чакаю яго, адхіляю фіранку ад акна, гляджу на лімузіны, і мне ўспамінаюцца далёкія хаты. Я п’ю за іх чарку віна й думаю, што некалі я ўсім сваім сёлам дакажу, як умею цярпець за іх і ўсё выцерпець. Адным словам — «адхіляючы цюль ад акна, з поўнай чарай, угору паднятай, я стаю ў задуме адна» — і вось кажу гэта сваім сёлам. Далей я верш забылася, а канчаецца ён нейк так:

Поўнач, сцюжа, вясняныя святы, снег і слёзы па твары, як соль, прада мною кірка і лапата, толькі сэрца ля хатаў і сёл. І як колісь Святое Распяцце, з Яснай Чашы, ля Царскіх Варот, п’ю свой боль, як вялікае шчасце, за пакутны каханы народ!

Вось змест больш-менш таго велікоднага верша. Жаль, я доўга памятала яго, але ўсё забываецца пад новым наплывам падзеяў і горкіх спраў. Забылася многа.

Абезь

Абезь — не працоўны, інвалідны лагер, але што мацнейшых паслалі адразу на сенажаць. Летам трава на поўначы расце дзень і ноч, яна нейкая вадзяная, высокая. На Інце й нас вадзілі касіць сена. Круціла я тую касу ў руках, а пасля як размахнулася, і пайшло... Мама мяне ўсяму навучыла. Яна казала, што добра ўсё ўмець, не ўсё рабіць. Як гэта мне ў жыцці прыдалося! Я не стагнала. Вось на такой сенажаці найгоршае — машкара й камары. Як налезе машкары ўсюды, то мы проста танцуем дзікі танец з болю. Пазавязваем рукавы, даўгія нагавіцы, а яны тнуць, аж спухнем, і ў вочы. У канвоя ёсць накамарнікі. Ды ад камароў можна хоць дымам адратавацца, ад машкары — нічым. Бывала, у нас паяўляюцца салодкія мары: вось прывязаць бы тут да дзерава на ноч таго вусатага, калі яшчэ жыў, і бачыць, як ён выкручваўся б, ці надзорак разам з Прасветавым і Кір’янавым... Ад такіх мараў нам лягчэла крыху. Вось Олю Мароз з Міляю і ўзялі на такую сенажаць, а мяне далі на кухню раздатчыцай. Дзве тысячы жанчын і столькі разоў махнуць толькі чарпаком тройчы ў дзень, а катлы валачыць, а мыць раздачу і т.п. За тое даюць нам есці крыху рыбы, тамату, хлеба, супу. Што ж, работа чыстая, і я папраўляюся. Пад белым халатам у мяне заўсёды прыгожая блузачка з пражскіх рэчаў, хораша завязаная касынка. У лагеры адныя калекі, жаль на іх паглядаць, альбо старушэнцыi, вельмі разумныя некаторыя. Усе тут яшчэ пад уражаннем ад начальніка ОЛПа, нейкага Петрусенкі. Ён тут быў цар і бог, адным словам, тыран над бабамі. Старушкі качагарылі, усё вазілі на сабе й жудасна баяліся. Петрусенка быў зверам, ён нападаў на жанчын, саджаў іх у БУР, на дварэ ім задзіраў спадніцы й шманаў. У кожным бараку сядзела адна такая бабка па чарзе дзень і ноч на «внимании». Гэта знача — уваходзіць яго вялічаства Петрусенка, і яна схопіцца й крычыць усім: «Внимание». Бяда тым, хто прылёг ці не саскочыў у час. БУР забяспечаны. Настолькі быў страшны, што адна жанчына ўпала з верхніх нараў і моцна прыбілася — проста прысніўся ёй, беднай, Петрусенка. Людзі былі тут як не людзі, запалоханыя, прыбітыя. Тварылася тут дзіўнае, але нават такое: выходзіць раненька адна масквічка з бараку, а быў Вялікдзень, і бачыць — па сцежцы за лагерам крочыць канвой і крэсціцца, крэсціцца... Гэта ўжо з дзіваў дзіва! Але адна смелая прыгажуня, сапраўды красуня на рэдкасць, абяцала бедным жанчынам выгнаць Петрусенку й выгнала. Гэта была Лена, дачка знамянітага белага генерала Сямёнава й японкі. Прыгожая, як зара, мудрая. Казалі, што па-расейску гаварыла як ніхто, нейкай асаблівай, прыгожай мовай. Я яе не бачыла. Яна цяпер сядзела ў загароджаным корпусе псіхічна хворых, і кажуць, што не сімулявала хваробы. Вось яна звярнулася да тырана, глянула, і ён згубіў голаву й спакой. Гэта ўсім сказала. А аднойчы ўзяла ноччу бушлат, кінула яго на драты, падманула сабак. Шпіёнка яна была адумысловая, і так канвоям не прыйшло ў голавы, што інвалідкі зробяць пабег, яны сабе драмалі на вышках ці марылі аб павышэнні, а красуля лезла праз драты й пералезла! Яна нікуды не ўцякала, бо дарога ў тундры адна й старожаць яе тысячы чацвераногіх і двуногіх сабак. Калі хлопцы рабілі пабег, іх палапалі. Пагрызеных сабакамі, кінулі іх ля лагернай брамы як перасцярогу другім. Да іх нельга было падыходзіць, і яны ў страшных мучэннях памерлі. Лена ведала гэта. Яна проста пайшла з раніцы ва ўпраўленне лагероў пасёлка Абезь. Сказала, хто яна, і заявіла, што вельмі засумавала па сваім мілым — Петрусенку... Ну, так яна, гэтае мужнае дзяўчо, выратавала няшчасных, замучаных, зацюканых інвалідаў. Лену далі ў псіхкорпус, і яна, пэўна, была першай ахвярай гэтай няслаўнай практыкі — хаваць разумных і нявінных за падвойныя краты. Аб ёй гаварылі легенды. У гэтым лагеры яшчэ было нешта несуразнае: вольны мужчына! Быў гэта немец доктар Штэер, хірург. Меў ён сваё царства-гасударства — хірургічны корпус, зусім ізаляваны ад рэшты лагеру, і апераваў каго трэба — каго не трэба. Аб ім адзываліся розна. Адныя хвалілі яго, а другія, якія сталі калекамі пасля яго аперацыяў, клялі яго. Адна лекарка мне казала, што ён — шарлатан, які не ведае нават анатоміі, і ён тут вельмі дзіўная асоба. Крыху хворых жанчын ён апераваў звычайна, без аперацыі, казалі, ён не мог жыць. Усім, каму трэба — каму не трэба, ён выкідаў матку і ўсіх рабіў няплоднымі. Ляжалі ў яго, гнілі па паўтара года, а звычайны апендыцыт трэба было адлежаць заўсёды з загнаеннем раны найменей тры месяцы. Тут іншая рэч: аўтаклаў абслугоўвала санітарка, літоўка нейкая Косця. Яна мела ключы ад аперацыйнай, і без яе волі Штэер не меў права сам увайсці ў аперацыйную. Па-мояму, аўтаклаў, я яго бачыла, быў сапсаваны. Хворым раны зашывалі дзесятым нумарам ніцей, якімі шыць. Хворых было там поўна заўсёды, яны гнілі. Штэер рабіў ім перавязкі, абсалютна не трымаючыся антысептыкі, разносіў гной. Нешта тут праўды было.

Яшчэ на Інце я прыхворвала, у мяне была пухліна маткі, якая павялічвалася. Нейкая па-навучнаму — фібраміёма. Яна дакучала мне, а пасля дзвігання цяжкіх катлоў боль быў цяжкі. Але я насіла катлы, шпарка махала апалонікам, разліваючы зупу, мерачы кашу. Загадчыца кухні-сталовай была расейка, нейкая талковая жанчына. Было вельмі чыста, абеды лепшыя, як на Інце. Інвалідкі ля кожнага бараку мелі гародчыкі з моркваю, бурачкамі, усё гэта йшло ў супольны кацёл. Свінні тут былі крыху й для нас. Часам былі мікраскапічныя порцыі, але былі. Хто меў пасылкі, варыў сабе на індывідуальнай кухні. Была такая кухня й на Інце, і мне раз спяклі там пляцкі. Мы рабілі нешта ў воінскай часці, і мяне паставілі вытрасаць мяшкі ад мукі. Там было пакрысе мукі, і я настрасала яе болей кілаграма. Тыя бонды смакавалі мне страшна, і я частавала імі дзяўчат. На Інце яшчэ я атрымала пасылку са Львова ад Маці Марты Лесняк. Акрамя смачных рэчаў была там мяккая падушачка, і я ажыла. Мне перастала балець галава.

У Абезі было таксама многа беларусак, але вельмi былі яны расцярушаныя. Спалоханыя сваім СБМ і строга за гэта пакараныя, яны хацелі жыць, хацелі дамоў. Мала хто разумеў з іх лёс свайго народу й тое, што трэба было ў розных варунках жыць і пра яго думаць. Палітыкі ў лагеры ў нас ніякай не было, гэта не час быў. Мы стараліся толькі выжыць, застаўшыся сабой, людзьмі, знача, якія думаюць. Мы ведалі, хто мы, і стараліся захаваць гонар, які адабралі, патапталі нашаму народу. Разумны й чэсны беларус знойдзе дарогу да яснейшага лёсу свайго й Айчыны, калі будзе трэба. Толькі ўжо быць гаспадарамі ў нашай хаце другім не дамо й зняволення не пацерпім.

Ніхто не ведаў, хто я — проста паэтка й вязень. Маё імя з волі нічога не мела супольнага з маім лагерным імем. Гэта паўставала асобна, гартавалася ў горы. Кожны ведаў толькі, што сын у мяне і ў няволі муж. Гэта і слабасць мая, і сіла. Застыць, аднак, у горы мне было і нельга, і непатрэбна. Патрэбна было думаць і жыць і памагаць думаць другім. Мае думкі — мае вершы. Памятаю, раз на куццю ў палякаў, дзе сапраўды было вельмі цёпла й міла, у мяне папрасілі вершаў. Яны пасыпаліся з самага сэрца. Па-беларуску, і так усюды, заўсёды.

«За что вам дали срок?» — пытае нейкі следавацель у лагеры. «Имею честь терпеть за Беларусь...» Гэта дзейнічала. Свае думалі, вярталіся да нас, чужыя нас шанавалі. Гэта не была палітыка лозунгаў, нянавісці інстынктаў, а хутчэй палітыка розуму, праўды й сэрца. Некалі сябры казалі мне, што я летуценнік, што без палітыкі нельга. Я згодная, але ў гэтым выпадку лепш было так. Разлічвалася на доўга, усе словы й чыны не раз яшчэ праверыць час. Сапраўдны беларус — чалавек, з дарогі не змыліць, і мэта яго адна: Беларусь.

Працаваць мне было штораз цяжэй, балела паясніца — ні сесці, ні ўстаць. Мяне паслалі да лекарак. Глядзелі мяне, давалі мазі, але боль не сціхаў. На Абез тым часам прыязджалі мужчыны з канцэртамі, была й свая культбрыгада. Мужчынаў мы частавалі ў нашай сталовай запяканымі макаронамі на іх гонар, капустай, чаем. Парадкі мяняліся відавочна. Яшчэ на Інце, расказвалі дзяўчаты, якія былі ў зоне, што прыйшлі нейкія начальнікі, шкадавалі зняволеных, падавалі нат рукі... Ну, гэта не быў Казлоў і яго хеўра... Недзе з нетраў гэтай вялікай зямлі прабівалася чалавечнасць, прачыналася сумленне ў людзей, але не ва ўсіх.

Мяне паслалі на прыём да Штэера. Ён вельмі здзівіўся, убачыўшы мяне, нейк узрушыўся. Знайшоў маю хваробу й адразу назначыў легчы ў яго стацыянар. Пані Луцкая, украінка, з якою мы пасябравалі, крыху спалохалася, я — не! І вось аперацыя. Ноччу з’явілася да мяне ўся мая сям’я ў сне. Тата, мой магутны тата схапіў мяне на рукі й недзе адносіў з чорнай, нейкай захмаранай Абезі й аж лекацеў са страху, прыціскаючы мяне да грудзей... «Не, не хачу аперацыі, — сказала я, — зусім не хачу». — «Не, вы паляжэце сабе ў больніцы, — сказаў Штэер, — пасля будзем бачыць, я вам дам тут працу, будзеце ў нас раздатчыцай для хворых і мне падасце ежу. Цяпер тут раздатчыцай страшны чалавек, полька — пані Ніка. Яна мяне ненавідзіць і я яе, а вы тут адпачнеце, ужо я вас скрыўдзіць не дам». Там працавала Кэтты, англічанка, якую з Інты вывезлі раней. Была яна ў Штэера санітаркай і вельмі добра глядзела хворых. На жаль, яна дружыла з пані Нікай. Ніка была з Вільні, нямілая дама, яе нянавісць перайшла й на мяне. Не ведаю, паколькі праўда, але Штэер казаў мне, што яна дабівалася яго сэрца... З майго боку тут Штэеру нічога не пагражала, а што я ніколі не прадам яго, ён добра ведаў. Знача, пакуль аперацыі не будзе. Ноччу зноў пры мне тата. У Абезі светла й ціха, ён абняў мяне, памахаў рукою й сам адзінока пайшоў у напрамку лесу... Знача, усё добра. А мне добра было там, хворыя такія свае, такія харошыя. У палаце нашай Слава Грэбянюк. У яе нешта з лёгкімі, некалі выразалі ёй два рабры, і цяпер горай, і яшчэ мілыя ўкраінкі ляжаць на выцяжцы — хворыя касцякі. Гутарым, смяемся. Са Штэерам працуе вольная злая сястра й надзвычай прыгожая й мілая ўкраінка Анечка. Злая Косця спіць не з намі. Штэер ад Нікі збавіўся, ад Косці ўсё не можа. Штэеру даю тое, што ўсім, але прыгожа кладу гэта на талерку. Ён ненавідзіць кашы й кажа, што калі вернецца ў Берлін, дык забароніць падаваць іх на стол, а ў тое, што ён вернецца, ён моцна верыць. Гаворым з ім шчыра аб усім. У сваім пакоі ён вельмі любіць кветкі, «грюнэ эккэ», як кажа, зялёны куточак. А кветак у Абезі многа, паклонніцаў удзячных у Штэера яшчэ болей, дык кветкі ў вазонах заўсёды ёсць. Ніка недзе ў брыгадзе, а што там робіцца ў зоне, я нават не ведаю, хоць прыходзяць да мяне дзяўчаты, але ў нас свае беларускія справы. Маці Марта прыслала мне ў пасылцы кетгуту, пеніцыліну й шчотачкі мыць хірургу рукі, бо мыў вельмі сцертымі, але аперацыю мы адкладаем. «Вы мне не давяраеце?» — пытае Штэер... «Не, я не давяраю Косці й гэтай вальняшцы, што з ёю шэпчацца й што вам асістуе на аперацыях. Я іх баюся й аперацыі баюся». Пра свой сон не кажу, гэта мая тайна, мая сіла. Даўно ўжо мне не было так зацішна ад начальства, так добра. На Штэера розна кажуць, што ён закаханы ў маладое ўкраінскае дзяўчо і т.п. Гэта мяне не датычыць, і я сапраўды не бачу злога за ім. Ён чэсны, адданы хворым, разумны. Мне добра, але цяжка Олі Мароз, вось бы ёй так адпачыць тут крыху са мною. Патрэбная якраз санітарка. Кажу яму ўсё як ёсць, што Оля штрафнік, як і я. Ён кажа, што і яму 25 сроку і ён штрафнік, паспрабуе яе ўзяць. Оля ў нас, і мы пасмейваемся. Штэер разумеецца на моцных людзях і рады, што ёй памог. Кэтты й пані Ніка пасінелі са злосці, вольная сястра — як звер! Вось чапляецца да мяне. Я разліваю хворым малако, цяжкахворым. Крыху застаецца, даю яго слабенькай бабцы пры ёй, і вось яна даносіць на мяне, што раздаю малако каму не трэба... Што я дакажу, што мы наагул можам даказаць? Мяне выклікаюць, каб апераваць. «Я вам не веру, — кажу вольнай сястры. — Калі так лжаце, дык можаце й забіць чалавека...» Мяне выпісваюць з больніцы ў брыгаду, забіраюць адразу і Олю, а так хацелася, каб яна адпачыла...

Я ў брыгадзе, ходзім за зону на «овощехран», перабіраем бульбу, прымерзла. Тут даюць бульбу й для нас, а ў Інце для нас сыпалі яе ў роў і прыкрывалі снегам. Варылі нам яе мерзлую, смярдзячую. Нас пасылалі яе абіраць, і калі размярзалася, яна была як порхаўкі. Так сапсаваць — свінні не елі б, ну, мы яе елі... Пад весну яна гніла, чарнела, і мы ўсё ж яе елі. Тут нам варылі добрую. У засеку напісана, што бульба з Беларусі. Гарыць печачка, дзяўчаткі пякуць па бульбачцы... Кажу: «Як вам смакуе бульба з мае зямлі?» Яны частуюць мяне, а канвой пытаецца, скуль я. Я-то не хачу з ім гаварыць, пытаецца зноў. Кажу, што з Беларусі. Ён усё болей, болей пытаецца, аж дайшлі да Гудзевіч, і ён паправіў мяне, што фэст там на Зельну, а на Пятра ў Воўпе. Знайшлі сваякоў яго ў нашым сяле, і ён сам з Машталераў. Кажа, што такога блізкага чалавека яшчэ на поўначы не сустрэў і, быццам перапрашаючы мяне, гаворыць, што й роднага бацьку мусяў бы канваіраваць, каб яму загадалі. Паглядаю на яго з жалем, але цешуся, што і ў ім яшчэ тлее іскра чалавечай беларускай народнай культуры, і жаль, і ўстыд яму, што сабакаю стаіць над сваімі...

Поделиться с друзьями: