Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Яшчэ ў адной штрафной зоне пазней паклікаў мяне канваір да вышкі й сказаў, што гэтая малая зона — нашая праверка, каго пусцяць, каго навечна засадзяць, што ён знае — хто я, і хоча, каб я была хітрай. Гэта быў малады літовец. Калі мяне адвозілі ў Абезь, тое самае казала мне Марыя-беларуска, яна была блізка ля начальства, радзіла хоць крыху пісаць, іначай загубяць... Але доўга мне не давялося там папрацаваць. Рана нейк прыслалі па мяне ў КВЧ (Культурно-воспитательная часть), я не пайшла, па мяне з’явіліся зноў, каб я там працавала. Я ні за што не хацела. Перад гэтым я са злосці пайшла да начальніка, хоць ведала, што ён быў паганы чалавек, і папыталася яго, чаго ад мяне тая вольная сястра хацела? Няўжо яны забралі мяне стуль за рэшту малака бабцы? Што яны сабе думаюць і чаго хочуць? Я была грубай. Ён сказаў мне толькі, што тут тое малако ні пры чым, другая справа... Ну, мне было ясна й толькі прыкра, што Кэтты стукала, што рабіла гэта пані Ніка — не дзіва... Было жаль Олі й Штэера. Вось і ўчапіліся да мяне, і я мусяла йсці туды рабіць нейкія цацкі на ёлку ў пасёлак, рыхтаваць касцюмы для канцэртаў. Працавалі там ужо пані Ядзя, старэнькая нейкая супрацоўніца Пілсудскага, мілыя латышкі, украінкі. Было цікава. А доктар пераказваў, каб нейк непрыкметна забегла. Было важна, ён вычытаў у газеце, што А[рганізацыя] А[б’яднаных] Н[ацый] [222] нешта пастанавіла пазітыўнае для нас, зняволеных тут чужынцаў, і што нас, напэўна, пусцяць, ён спадзяваўся. Другі раз ён мяне клікаў, бо рыхтавалі этап, баяўся, каб мяне дзе не заперлі на канец свету. Радзіў ісці куды хоць санітаркай, бо з больніц не будуць браць. Я паслухала яго рады, але мяне не ўзялі санітаркай, лепш, сказалі, сястрой-гаспадыняй. Так я перайшла ў корпус. Этап ехаў у Караганду, адвозілі Олю Мароз і шмат, шмат дарагіх дзяўчат. Ад мяне не адчапіліся тыя з КВЧ, я ім мусяла пісаць частушкі і іншыя рэчы. Хацелі вершаў, але мне было не да іх. Корпус быў велькі, усе паехалі на этап, толькі засталіся хронікі ў нашым корпусе. Усяго абслугі — я й адна санітарка, а колькі людзей! Лекарка нейкая руская, баптыстка, між іншым. Вельмі нам добра з ёю працавалася, але работы было. Адной вады навазіць колькі. Але калі мелася быць нейкая камісія, дык мае хворыя ажывалі, яны спаўзалі з нараў і памагалі мне, хто што мог. І тут было па-сямейнаму й вельмі чыста. Розныя нацыі, розныя людзі й «класы», але адно гора, якое нас аб’яднала. У стацыянары многа хворых са следства, то ныркі адбітыя, то бакі, то косці, то голавы. Ёсць даволі сімулянтаў, якія маюць пасылкі й так кантуюцца, і мы іх абслугоўваем. У корпусе ўборная, але такія пісяюць у баначку, і сястра-хазяйка, бо санітарка адна, мусяе збіраць гэта, выносіць па іх, мыць, тады, калі ляжаць ледзь жывыя манашанькі, у іх васпаленне лёгкіх найчасцей, яны паміраюць. Тут іх каля 200 чалавек, у іх свой барак, і жывуць яны па-свояму, моляцца, посцяць. На раздачы я ім асобна давала ежу, яны неслі яе ў свой барак. Мяса, якога яны не бралі, мне загадалі даваць такім ці іншым брыгадам. Галя-малдаванка вельмі дзівілася, што я не з імі. Не, я не пайшла да іх, акрамя малітвы трэба ж было яшчэ нешта думаць. Таксама яны білі радыё, як на Інце, зрывалі неймаверныя лозунгі, як: «Доблестный труд — путь к освобождению», так жа старажылі іх, так жа яны мерзлі па ўборных зімою ў латаных-пералатаных сваіх лахманах з волі. Шэрыя верабейчыкі са стойкасцю волатаў. Вось цяпер яны ў мяне ляжалі. Прынясуць такі мяшэчак касцей, і яно ні за што не ляжа на казённае. Добра, што Маці Марта прыслала падушачку й навалачкі, дык нацягну навалачку сваю й так падману крыху, каб толькі нейк улажыць. Глядзіць гэта прасветленымі вачыма ў душу, бачыць мой боль, а можа, і маё махлярства, і маўчыць сцішана. Не вылечвалі такіх, яны, як свечачкі, гаслі ў мяне на руках. Прыходзілі манашанькі, маліліся над імі, мы выносілі лёганькі трупік у скрынцы, які адсылалі на ўскрыццё. Усё «па-навучнаму»... Яшчэ ляжала такая старэнькая ў Штэера са мной у адной палаце, быў у яе рак кішок. Кроў давала адна літоўка, у якой былі добрыя пасылкі, але старушка на гэта не згадзілася, бо не хацела сваю праваслаўную кроў мяшаць з літоўскай. Як мы яе ні ўгаворвалі, яна ўсё цвярдзіла, што хацела б толькі маю кроў. Штэер смяяўся, але не згадзіўся, бо надта было ў мяне мала гемаглабіну.
222
ААН — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, міжнародная арганізацыя дзяржаваў, створаная ў 1945 г. для падтрымкі міру, бяспекі і супрацоўніцтва.
Тым часам да нас прывезлі немак з Варкуты. Мелі яны ўжо свае пасылкі, лісты з дому, адзенне. Іх пасялілі ў асобных бараках, было іх шмат. Леглі яны цяжарам на наш ОЛП. Як іх ні прасілі, яны не хацелі нам нічым памагчы, былі няветлівыя, такая «пануючая нацыя». Яны разумелі, што бабкам цяжка цягаць усё на іх, мыць, варыць, карміць і чысціць, але што ім да знясіленых старэнькіх украінак? Яны адчувалі сябе нечым вышэйшым за нас, і на гэта было прыкра глядзець. Сітуацыя была такая, што трэба было нам ратавацца ўзаемна. Дабраты ў гэтых фрау не было, як і ў нашага начальства. Толькі нейкае дзяўчо прыходзіла часам падзяжурыць ноччу ля нашых хворых. Казала, што на Варкуце выпальвала ў печах цэглу. Тым часам прыйшоў раз ліст ад мужа, і там была картка ад мае сястры, дзе яна пісала, што Юра ў той жа школе, што й Ларыса... Ясней яснага, я так і абмякла, але мой муж гэтага не прыкмеціў і думаў, што Юра сапраўды вучыцца... Я абмярцвела, але не плакала, а толькі думала: як жа, як ратаваць маё дзіця... Ад’язджалі немкі, прыйшоў развітацца Штэер, ён быў узрушаны, і відно было, што харошы ён чалавек. Я яго прасіла нейк даведацца, што з маім сынам, весткі, аднак, ад яго не было. Часта ў гутарцы ён успамінаў мінулае й казаў, што немцы мусяюць рэабілітавацца перад людскасцю за тое, што натварылі вайною, што цвёрда цяпер мусяюць стаць на дарогу гуманнасці.
А з КВЧ мне не давалі спакою, усё ім трэба было нешта напісаць. У Інце на нейкае пушкінскае свята прасілі мяне аб гэтым таксама, але ў насценнай газеце надрукавалі мой верш без прозвішча. Усё ж прыходзілі жанчыны й дзякавалі за яго, пяро маё пазнавалі. Тут друкавалі мяне й нават давалі тэмы, але яны ў мяне ніколі не атрымоўваліся.
І тут стварылася ў нас свая сямейка. Былі Оля Стаўбцова, добрая вельмі дзяўчына з Капыля, Люся Краснадубская, мілае дзяўчо, Лёдзя Кавальчук, якая закончвала срок, і трэба было аб ёй думаць, і інш. Ладзілі мы разам куццю нашу й зноў мой дзень нарадзінаў. У мяне было з Інты крыху грошай, хоць на цукеркі для іх. Лёдзю я завочна пазнаёміла з Кастусём Шышэем, ён і ажаніўся з ёю. А пакуль да гэтага дайшло, яна працавала электрыкам у Абезі, як вольная. Была маладзенькай, прыгожай, сядзела за арганізацыю «Чайка», пасадзілі малую ў 16 год. І так дзяжурачы ў Абезі як электрык, апаясвала сваю канурку дротам з высокім напружаннем, каб ніхто не смеў да яе прыблізіцца, бо аматараў танных пачуццяў хапала. Так дачакалася яна свайго Кастуся, якога яшчэ перавыхоўвала на свой лад, як казалі. Людскае дзяўчо! Наймілейшай была сустрэча й дружба там з Маці Іосіфай Вітэр, супрацоўніцай мітрапаліта Шаптыцкага [223] , — таксама, як Маці Марта, — ігуменняй. Была гэта такая цікавая жанчына, такая шматгранная ў сваіх зацікаўленнях, што мне стала лягчэй жыць. Іх прывезлі з Нарыльску, гэта былі катаржанкі. Маці Іосіфа мела туберкулёз — у час следства яна сядзела тры месяцы па калені ў вадзе. Яна, напэўна, ужо сама аб сабе не пісала, а было што. Мой муж казаў, што такой прыгожай і разумнай жанчыны ў жыцці не бачыў, не сустракаў. Але я тут крыху памылілася, Маці Іосіфу я сустрэла не ў Абезі, а ў Мардоўскай АССР, годам пазней, тут былі іншыя сёстры-ўкраінкі — прачысты ідэйны народ.
223
Шаптыцкі Андрэй (1865–1944) — мітрапаліт, з 1900 г. кіраўнік украінскай уніяцкай царквы.
Аднойчы прысніліся мне зноў усе свае. Мама выцягнула па мяне рукі, але да яе бегла чорнае жарабя з тварыкам мае наймалодшай сястронкі Люсі, і Люсеньку мама прытуліла й забрала з сабою... Я атрымала праз Маці Марту ліста з Польшчы ад сястры Ніны, дзе яна пісала аб смерці Люсі. 22 мая 1952 года яе знайшлі нежывую са слядамі крыві, атручаную газам. Ніхто не ведае, як гэта сталася, але кожны ведае, што гэта была збродня [224] . Я мучылася, як жывёла, на гэты раз голасна не плакала, выношвала план. Люся была прыгожай і здольнай, працавала. Нарадзілася яна, калі мы ўжо пападрасталі, мне было 15 год. Мы крыху злаваліся, што ў мамы малое дзецятка, нейк устыдаліся, тупыя, неразумныя стварэнні... А дзецятка расло, былі вельмі пышныя хрысціны, з’ехаўся ў Жлобаўцы ўвесьь наш род. Было гэта на Вялікдзень. Калі я прыехала на канікулы са школы, дык дзіцятка ляжала ціхенька, яно ніколі не плакала. Мама ўсё ў гаспадарчых справах, а дзіця глядзелі, як сабе хацелі, служанкі. Раз нейк завалілі яе падушкамі й ледзь не задушылася малое. Я вельмі палюбіла тады яе. Перад яе нараджэннем памёр мой маленькі брацік Юрачка, меў цудоўныя сінія вочы. Пеніцыліну тады не было, а ў яго было васпаленне лёгкіх, і я сама апранала яго, убірала ў кветкі. Не магла мама. Я яго й да доктара вазіла, сама дзіця яшчэ, бо я ўсё магла. І вось Люсенька, Пуца, як мы яе называлі, такая яна незвычайна добрая, ласкавая й цікавая для мяне, як сама наша зямля, як паэма. Мне несказана цяжка было ў школе без яе й без мамы, наагул без Жлобаўцаў. Там кожны кусцік размаўляў са мною. А дзіця расло, разумнела, ад мяне яно не адыходзіла. Паставілі новы дом і нам з ёю далі асобны пакойчык — найстарэйшай і наймалодшай. Мы не разлучаліся. Я ўсё шыла для яе, усё ёй маленькай аддавала. А калі ёй было шэсць гадоў, дык абняла яна мяне за шыю аднойчы й прашаптала: «Ларачка, а я буду цябе называць мамаю, толькі паціху, бо мамачцы балела б сэрца, каб гэта ведала». Але мама ведала гэта, канаючы ў Казахстане, яна сказала аб гэтым Люсеньцы й аддала яе мне пад апеку. Я бачыла Люсю на гары Снежцы, што між Польшчай і Чэхамі. Мы там сустрэліся як турысты, гаварыць не маглі. Мы яе хацелі забраць у Чэхаславаччыну, гэта было ў 1947 годзе, але другая сястра Ніна не дала мне яе, баялася, што палякі яе пасадзяць, а чэхі так хацелі мне памагчы. Яны дазволілі мне пасылку ў Польшчу, і я гэтых абарваных з высылкі, няшчасных хораша адзела. Мае знаёмыя ў Польшчы далі ім кватэру, працу, дапамогу, і вось нас арыштавалі, вывезлі ў лагеры на канец свету, дурных сёстраў маіх спаілі, купілі, здаецца, тыя, якія спойваюць і купляюць дурных. Яны забыліся аб маёй дапамозе, аб сваім цярпенні, аб смерці бацькоў і братоў, аб нашых мучэннях і думалі толькі й толькі аб сабе самых і аб тым, аб чым ім загадалі. Яны ведаюць, што было з Люсяю, заціраюць сляды. І вось маё дзіця ў вязніцы, мая сястронка ў зямлі — колькі ж можна й дзе мне падзецца з такім горам нечалавечым? Я й так ледзь перажыла смерць бацькоў і братоў, аб чым даведалася ў адзін дзень, а пасля разбілі, зняволілі нашую сям’ю, а цяпер яшчэ гэта... Божа мой, калі ж канец...
224
Zbrodnia (польск.) — злачынства.
А мяне зноў цягаюць. На гэты раз зноў нейкі яўрэй, нейкі важны начальнік, відно. Угаворвае па-добраму напісаць памілаванне ці жалабу, каб нарэшце пусцілі мяне. «Сколько можно порядочным людям сидеть?» — крычыць мне, што пусцяць нас у Чэхаславакію ці сюды, толькі каб я напісала, ён хоча ведаць, што ўгаварыў мяне. Не, не і яшчэ раз не! Я ні за што сядзела, і няхай у мяне просяць, каб даравала! Плачу і ўцякаю. Праз увесььь лагер няма ў мяне просьбаў да іх! Мяне не мелі права судзіць, і яны гэта ведаюць і няхай дадуць мяне туды, скуль узялі! Што тут робіцца, чаго яны хочуць? Шкадаваць яны нікога не шкадуюць, і гэта я ведаю, яны хочуць мяне абмануць, знача, хочуць мяне тут пакінуць, выпусціць на маю просьбу, ага, так яно выглядае... Трэба рабіць так, каб адвезлі ў Еўропу, там сын, людзі болей чалавечыя й няма Комі. Ах, якія ж шчаслівыя немкі і ўсе, каму ўдалося вырвацца згэтуль. Сталіна няма, але яны тут родзяцца, як грыбы, і хто ведае, ці зноў з якога духоўнага семінарыста не вылупіцца падобны чорт? Не, не, толькі ўпарта старацца, каб як далей згэтуль! Мы, беларусы, сентыментальныя скрыпкі, раскісаем без Радзімы й лецімо да яе на загубу. Нас можна так вылушчыць да апошняга, ап’яненых любоўю да сёлаў! Трэба жыць розумам, а святасць пачуццяў захаваць аж на дно душы. Тут галоўнае — быць і застацца чалавекам, пасля ўжо быць сацыялістам, пралетарам ці кім хто хоча, але чалавекам трэба быць перад усім, а тут нельга!
Раны ў душы пякуць, як агонь, муж не загіне, ён піша, што цяпер працуе лекарам і гэта жыць можна, але вось сын мой у горы, малы мой сын... «Мама, я піў гарэлку, я быў як нелюдз, — скажа ён мне пасля, — іначай яны мяне не выпусцілі б...» Так, яны выпускаюць толькі, калі заб’юць у людзей сумленне, а за граніцу — дык толькі запэўненых сваіх стукачоў, усё знекуль ведаю, але ведаю гэта напэўна. Перахітрыць ворага й не быць у яго крывавых руках прыладдзем да яго спраў. Мяне яны ўжо не абмануць, а вось як мой муж? Гэта непакоіць мяне, і я ўжо хацела б забыцца аб ім, бо чую з яго лістоў, што мы розныя людзі. Ён піша аб Варкуце, аб сустрэчы, аб шчасці тут, на Поўначы... Якое, чалавек, шчасце, калі ўсё тут на абмане, на трупах і патрэбная барацьба!
З эпісталярнай спадчыны (1943—1983)
Прага, 30 ліпеня 1943 г.
Высокапаважаны сябра!
Позна адказваю, але не гневайцеся. Падарожжа, з якога я прывязла нават мужа назад у Прагу, і іншыя клопаты, не дазволілі мне Вам напісаць.
Долю архіва ўжо, хіба, знаеце. Яго сілай забраў др. Ермачэнка з прадстаўнікамі з Менску і па адпаведнай рэвізіі ён цяпер ляжыць у архіве пры Мініст[эрстве] ўнутр[аных] спраў.
Між іншым, з архіва звяртаюцца да Вас цераз мяне з просьбаю аб надасланні камплекту выданых цяпер у Вас газетаў, часопісаў, адозваў і г.д. і аб надсыланні рэгулярна ўсяго па-беларуску ці аб Беларусі, што толькі будзе выдавацца. Можна паслаць ім “наложным плацяжом” на адрас: Weisruttenisches Archiv beim Archiv des Ministeriums des inneru Prag IV Lorettogasse 6. Было б добра, каб Вы ім напісалі, што я да Вас звярнулася, і на якіх варунках будзеце з імі працаваць. Патрабуем туды чалавека, будзем прасіць, каб дазволілі прыехаць Бакачу.
Маю ўражанне, што Вашы пісьмы з архіва дзядзя недзе схаваў…
Наагул, Ермачэнка нападаў, галоўнае, на мяне, што архіў не цэлы і г.д. Але Вы, мілы змагару, мяне разумееце, справы Бацькаўшчыны ў мяне перадусім, і нічога ў мяне не магло згінуць…
Дзякую Вам шчыра за апошні мілы ліст і крыху “няскромныя” пажаданні, як на сянняшні ваенны час, а і наагул, я з Вамі згаджаюся, але муж – дзе там! Уражанні мае такія розныя, бурныя, сумныя і вясёлыя, ускружылі мне галаву, і цяпер маю вочы, поўныя Беларусі, а сэрца – поўнае болю.
Але пакуль бывайце. Шчыра вітаю Вас.
Ваша – Ларыса Геніюш.
Прага, 5 верасня 1945 г.
Ваша высокадастойнасць!
Дазволю сабе патурбаваць Вашу высокадастойнасць вельмі паважнай просьбай, да якой мяне падштурхоўвае адчайная сітуацыя, у якой апынулася я і мая сям’я, а таксама давер да Вашай шляхотнай велікадушнасці.
Я – знаная беларуская пісьменніца, выйшла замуж за доктара медыцыны, які закончыў у Празе медыцынскі факультэт і цяпер працуе заводскім лекарам на Чэшска-Мараўскіх машынабудаўнічых заводах. У Чэхіі я з 1937 году, калі са сваім сынам прыехала ў Прагу. Калі ў 1939 годзе мая радзіма Беларусь была анексаваная СССР, мы хацелі выехаць у родны край, але даведаліся, што нашу сям’ю там без сумнення альбо вынішчылі, альбо адправілі на выгнанне. З гэтай прычыны мы засталіся ў Празе, жывучы тут як людзі без грамадзянства і працуючы на карысць саюзнікаў і чэшскага народу, не падтрымліваючы кантактаў з нямецкімі акупантамі.
Калі ў Прагу прыйшло савецкае войска, мы сустрэлі яго гасцінна і прыхільна.
Апошнім часам вакол нас пачалася новая бяда. Супрацоўнікі савецкага ГПУ спрабавалі мяне ўгаварыць, каб я вярнулася ў Савецкі Саюз. Калі я адмовілася, бо ведала, якая доля мяне там чакае, агенты ГПУ хацелі мяне выманіць з кватэры. Пасля таго, як я зноў адмовілася, яны, як я ведаю, гатовыя мяне сілай выцягнуць з Прагі, ад майго мужа і сына, і вывезці ў Расею.
Мы ніколі не былі савецкімі грамадзянамі, і я была паінфармаваная, што немагчыма выдаць ордэр на наш арышт. Але ўсё ж у падобных выпадках людзей часам прымусова вывозяць у Савецкі Саюз, там звінавачваюць і караюць.