ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

А той камісар быў раней у Зэльве, быў гэта нейкі, кажуць, немец з палякаў, меў адну руку й сабаку, якога рад нацкоўваў на людзей. У Зэльве вешаў яўрэяў, біў беларусаў і любіў полек. Казаў мне Славачка, што наш знаёмы настаўнік Файкоўскі перакладчыкам у яго, дык ужо мае зусім крывы твар і вывернутую шчаку ад пабояў таго камісара. А на сямнаццацігадовую дзяўчыну нацкаваў сабаку, які так пашматаў дзяўчо, што сканала... «Чаму ж не заб’еце гада?» — пытаюся. «Нельга, залатая рыбка, сто чалавек нашых за яго забілі б, сёлы трэба нам сцерагчы». Казаў, што аднаго такога запынілі ў ляску на спацыры на кані, дык грымнуўся, гад, на калені й крычаў: я быў добры, я быў добры! Яго толькі адлупілі, здаецца, таксама думаючы пра сёлы. Той Міша, відно, не дурны быў хлапец. Ён ажаніўся з дзяўчынаю з Палавок, вёскі, што каля нас, і памёр, казалі, пасля вайны ад сухотаў...

Ведаючы нямецкую мову, шмат каму памагаў Расціслаў. Жыў ён спакойна, бо людзі любілі яго, але пад канец прыйшлі нейкія невядомыя далёкія партызаны й ледзь яго не забілі. Не хацеў ён ехаць да нас у Прагу. Кахаў маці й чакаў яе, завяраючы мяне, што бальшавікі цяпер перамяніліся і ўжо перасталі глуміць і вынішчаць людзей. Маці, маці й маці...

У Красным Грудзе жыла мая дваюрадная сястра, што за Каліноўскім. У іх бываў Расціслаў, перавёз да іх свае рэчы, калі ў 44-м годзе адыходзіў у Савецкую Армію. Ён хаваўся спачатку, бо хацеў ехаць шукаць нашай маці, але тая нашая сястра яго выдала. Расціслаў загінуў 26 красавіка 1945 года, пахаваны недзе ў раёне Барнім у Нямеччыне.

Шмат пазней сястра Ніна прасіла мяне, каб я кінула думаць пра Беларусь, бо яны вынішчаць усю нашую сям’ю. Яны забілі майго тату, дамучылі сведама маму, атруцілі сястронку Люсю ў 1952 годзе ва Вроцлаве, даканалі маральна й фізічна Юрку, а ў канцы вайны савецкі афіцэр забіў выстралам у вісок Расціслава, кажучы: «Твая сястра-пісьменніца супраць нас, і ты кулацкі сын...». Вестку гэтую трудна мне праверыць, але, мяркуючы па тым, як яны нішчылі людзей і асабліва нашую сям’ю, гэта зусім праўдападобна. Такога не рабілі нават гітлераўцы, асабліва са сваімі людзьмі. Высокі мой, светлы мой, каханы малады брат... Я толькі пытаюся ў Бога — за што?

Нейк пару гадоў таму падышоў да мяне чалавек у Воўпе. Ён мне сказаў, што ў арміі хлапцы з Данілаўцаў угаворвалі Расціслава ўцякаць з-пад Берліна, ён адмовіўся. Сказаў, што ўдома ёсць Папенюкі і іншыя, якім ён зрабіў дабро, і яны цяпер выслугоўваюцца перад бальшавікамі тым, што яго праследуюць... Што ж, і гэта пакінем Богу... Мы з Расціславам як дзеці, і пакуль што гэта наш крыж.

Калі мы вярнуліся з лагеру, дык былі зусім бедныя, амаль абдзёртыя. Тады я паехала па просьбе Яначкі да тае свае стрыечнае сястры Лены ў Красны Груд. Славачка пісаў мне, што завёз да яе й маю зінгераўскую машыну. Меў да нас пасля доўгае разлукі прыехаць наш сын. Мы хацелі прадаць машыну й крыху лепей прыняць сына. У Воўпе сустрэлі мяне нашыя сяляне, яны завялі мяне ў сяло, брыгадзір даў каня й чалавека, і мы паехалі ў Красны Груд. Сястра мая сядзела пад яблыняю, і перад ёю ляжалі горы яблыкаў, якімі яна мяне частавала. Яна вельмі здзівілася, што я добра выглядаю, а што яна хворая, ходзіць на ўколы. Пачала бедаваць, што яна бедная, тады я заверыла яе, што нічога ў яе прасіць не збіраюся. «А што ў цябе ёсць?» — запыталася яна. «У мяне ёсць сын і ёсць муж, а гэта вялікае багацце!» — сказала я сястры. Тады я пачала пытацца ў яе маю машыну, аб адзежы братавай я не гаварыла, яна перарабіла яе сваім сынам. Сястра ахвотна аддавала мне маю машыну, але толькі тады, калі я дам ёй 600 рублёў (было да рэформы), бо яна дала Славачцы, якога выдала, два кілаграмы сала й 500 рублёў грашыма, вось гэта я ёй мушу вярнуць, іначай яна не мае што гаварыць са мною... Тады селянін, які быў са мною, кажа ёй: «Калі вы давалі Расціславу грошы, дык тады пуд жыта каштаваў 500 рублёў, я вам дам сяння два пуды жыта, толькі аддайце Ларачцы яе машыну». Яна не аддала. Мне прыпомнілася, як вайною ў Прагу прыехала яе родная сястра з сям’ёй, з мужам, святаром Лапіцкім [101] і дзяцьмі, і як я старалася ўсё магчымае зрабіць для іх, але я маўчала. Чалавек, які мяне прывёз, хацеў паглядзець на машыну, і мы пайшлі ў былы палац, дзе жыла мая сястра. Паркет блішчэў, зелянела плюшавая мэбля, адчуваўся ва ўсім вялікі дастатак. «Гэта мне людзі перахавалі»,— тлумачылася да подласці скупая скнара-сястра. А селянін сказаў ёй: «Вось бачыце, вам перахавалі рэчы, а тут за чужую машыну вы хочаце грошы ад чалавека, у якога няма, толькі як на дарогу...» Машына мая стаяла раненая куляю й гранатаю. Машына перажыла нас. Я пагладзіла яе рукою, і мы пайшлі. Тут сястра ўпала амаль у істэрыку, яе дачка пачала плакаць, каб я ў іх засталася, сын ужо прынёс гарэлку. «Не, — сказала я, — з такімі людзьмі не пераламлю я хлеба» — і выйшла. Сястра дзівілася, як мяне, паню, яшчэ возяць сяляне, а яны вазілі мяне, можа, крыху баяліся прадсядацеля, але падвезлі. Усю дарогу назад мяне мучыла сэрца, і падарожжа я ўспамінаю са страхам. Гэта была родная дачка замучанай у 41-м годзе татавай сястры цёці Мані...

101

Лапіцкі Мікалай (1907—1976) — рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік Аўтакефальнага сабора Беларускай праваслаўнай царквы (1942), дэлегат ад духавенства на Другім Усебеларускім кангрэсе (1944). З 1950 г. жыў у ЗША.

Людзі зрабіліся як зверы, яны вырывалі адзін другому з рук убогія лахманы й старыя рэчы. Напаверх выплыла ў людзях найгоршае. Усякая шляхотнасць у асяроддзі бальшавікоў выдаецца «буржуазным предрассудком», нечым так ненармальным, як некалі — подласць. Вартасць чалавека мерылася не яго чынамі, пражытым жыццём, а той толькі шызафрэнічнай ярасцю, з якою ён хваліў некалі Сталіна, а цяпер тое, што славілі заместа яго. Людзі пашалелі ад дзікага. Мне казалі, што ў 41-м годзе быў канец свету й людзі, каб выжыць, рабіліся проста звяр’ём. Калі ястрабкі арыштавалі татавага брата ў Гудзевічах, дзядзьку Валодзю, дык яго жонка са страху пакінула чацвёра дзяцей, ад 15 да 4 гадоў, і ўцякла ў Польшчу.

Старшая сястронка за некага выйшла замуж, а маленствы папляліся аж у Крынкі, ад Гудзевіч гэта амаль 50 км, да свайго дзеда Юрка Анісімовіча. Шукалі ратунку. Дзед данёс на іх у НКВД з просьбаю, каб забралі ад яго памешчыцкіх дзяцей і вывезлі туды, дзе ўсіх вывозяць... Не паспелі іх вывезці, бо наскочылі немцы. Расказвала мне гэта з жудасцю Тамара, адно з тых бедных дзетак. Дзед памёр у Хорашчы, згубіўшы розум, але гэта пасля. Людзям забіралі зямлю, іх суседзьяў, іх родных, і самае страшнае тое, што ім забіралі сумленне, тое беларускае, хрысціянскае сумленне маіх землякоў. Тое ж самае я наглядала і ў Празе. Гэта была адзіная нагода, дзе праяўляліся самыя звярыныя інстынкты чалавека, і называлася гэта — прагрэсам... У Гітлера рабілі гэта паводле яго загаду, а тут рабіў гэта кожны! Кожны стараўся даказаць, што ён дастойны біць, мучыць і забіваць, знача, прыгодны для Сталіна. Трудна думаць, што людзі, узгадаваныя на падобным, створаць культуру, дастойную чалавека. З такіх крыніцаў раней ці пазней выплыве загуба для свету. Машына — не культура, і шрубкі — не індывідуумы...

І так Прага, 1943 год. Вясна. У Прагу маецца ў водпуск прыехаць мой муж, мы з Юрам яго вельмі чакаем. Але пакуль прыехаў ён, дык паявіўся, на маё гора, Ермачэнка. Ён адразу прыслаў да мяне свайго ад’ютанта Аўчыннікава, які загадаў мне здаць Ермачэнку беларускі архіў па В. Захарку. Што ж, я яму паказала дзверы. За некалькі гадзін ён зноў прыехаў у наш малы пакойчык, цяпер ужо з запіскаю нейкага Лангера й Рыхтэра — начальства з Менску. Я ветліва паясніла Аўчыннікаву, што мы жывем у Пратэктараце Чэхія і Маравiя й толькі гэтай уладзе я падпарадкуюся. Трэці раз ён прыехаў з загадам ужо ад пражскага гестапа. Я сказала, што паеду да Ермачэнкі.

Хораша адзеўшыся, каб не адчуваць сябе ніжэй ад іх, я села ў трамвай. Ва мне ўсё дрыжэла. Я паднялася ў кватэру Ермачэнкі, і яго дзяржыморда адчыніў мне дзверы. Ля дзеравянай бочачкі, з каньяком відавочна, стаялі поўныя чаркі, закусі не было відно, а Ермачэнка й два немцы сядзелі ў дыміну п’яныя, чырвоныя й не вельмі пэўныя ў вымове слоў. Яны папыталіся ў мяне, дзе ключ ад архіву памершага? Я пацікавілася: пашто ім гэта? «Мы хочам вывучыць беларускую мінуласць, каб ведаць, як у далейшым адносіцца да беларусоў як да нацыі». Я сказала, што ключа ў мяне няма. «Што ж, мы тады зломім замок»,— прамармытаў немец. Атмасфера была напружанай, слоў падала мала, і былі яны цяжкія, як град. А ў каго ключ, каму яго даў Захарка? Не ў нашых інтарэсах было путаць Міколу й камплікаваць [102] ужо й так дастаткова скамплікаванае нашае становішча, і я адкрыла сваю вельмі элеганцкую сумку й паклала ключы ім на стол. Немцы з цікавасцю паглядалі на мяне, яны былі болей талковыя за Ермачэнку.

102

Камплікаваць (польск. komplikowa'c) — ускладняць.

Уся я была ў цёмна-шэрым і ў чорным, і найчарнейшым быў мой настрой. На сходах я па-бабску расплакалася. Нікога, хто мне дапамог ці парадзіў бы, ля мяне не было. Калі прыехаў Янка, дык ніякіх ён зацікаўленняў маімі справамі не праявіў. Быў вельмі заняты сабою й толькі сабою. Ён, здавалася мне, перастаў быць нават джэнтэльменам, і, гледзьячы на яго, мне рабілася прыкра. Многа распавядаў пра Слонім і становішча на Беларусі. Немцы да яго адносіліся з недаверам. Еў ён разам з імі, але ў асобным пакоі, зусім адзін, каб не слухаў размовы немцаў. Ён сам не сеў бы з імі за стол, але тое, што яны сепаравалі яго, было прыніжаючым. Муж расказваў аб расстрэлах сёлаў, аб тым, як яны стараліся іх ратаваць. Мужа прыслалі на месца доктара Дылеўскага, таксама з Чэхаславакіі, якога арыштавалі. Супраць мужа былі палякі й немцы. Палякі рукамі немцаў стараліся вынішчаць альбо высылаць у Нямеччыну беларускі элемент. Яны многа ўжо паспелі вынішчыць нашых, абвіняючы іх у камунізме. Камуніст ці не камуніст — для нас не мела значэння, трэба было ратаваць усіх. Муж вырваў з лагероў савецкіх і яўрэйскіх лекараў, і яны ўсе ўцяклі ў партызаны. Калі мужа камісар Эрэн абвініў у дапамозе ім, дык ён сказаў, што хіба камісар ведае тое, што яўрэяў розуму вучыць не трэба. Эрэн, яшчэ пад уплывам палякаў, затаіў на мужа нянавісць, але Піпэр трымаў з Прагі руку над Янкаю, і пакуль што яму нічога нельга было зрабіць...

А тым часам Ермачэнка паехаў з немцамі на кватэру дзядзькі Васіля, і яны перавязлі архіў дзядзькі на кватэру да Ермачэнкі. Ермачэнка больш-менш арыентаваўся ў тым, што было ў архіве. Дзядзька паказваў яму дакументы, і вось ён не знаходзіць іх, ён лютуе! Аб гэтым мне расказала пані Крэчэўская, якой Ермачэнка абяцаў, што назаве яе імем яслі ў Менску. Гэта яе не кранула. Цану авантурніку яна ведала. Але доказы Ермачэнкі былі галаслоўнымі, бо чым ён мне мог давесці, што ў архіве было. Немцам я сказала, што архіў пакінуў мне дзядзька Васіль проста як сваёй сваячніцы. Але са страху я не спала ночы.

Янка збіраўся ад’язджаць. Заставацца з Ермачэнкам было небяспечна, і Янка пайшоў прасіць, каб нас з Юрам пусцілі да бацькоў у Зэльву. Надзіва нам гэта дазволілі, толькі на гэты раз без права ехаць у Слонім і наагул у «Остлянд» [103] , як казалі яны. Мы хуценька сабраліся ў дарогу й на Берлін і Варшаву выехалі на дзве нядзелі да бацькоў у Зэльву. У Берліне сустрэліся з сябрамі, і яны нам памаглі сесці на варшаўскі цягнік, на які быў сапраўдны натоўп. Едучы, мы маўчалі, маўчала й нашае дзіця. Немцы, як чмялі, глядзелі на ўсіх не немцаў, не скрываючы свае нянавісці. Каля цягніка бегалі іх партыйныя фрау з апаскамі на рукавах і нешта ўсё дапамагалі сваім. Адчувалася тут, што немцы — людзі, а рэшты яны не прызнаюць. І як там людзі маглі з імі жыць, гэта як сярод ваўкоў?..

103

Ostland (ням.) –назва Райхскамісарыяту, утворанага ў 1941 г., які уключаў у сябе тэрыторыі Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Поделиться с друзьями: