Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пасьля я яшчэ пасьпеў паказаць госьцю два старажытныя замкi, касьцёлы, царкву, паўразбураную сiнагогу ў квартале былога яўрэйскага гета. Ну а замест узарванай камунiстамi царквы i разбураных у вайну ратушы i гатэлю паказаў толькi iх месцы, даўшы яму самому ўявiць, як тое выглядала калiсьцi. Таксама як i зьнесены квартал лiёнскiх дамкоў, што колiсь былi збудаваны для тамтэйшых ткачоў. Зь нясьцiхнутым сумам па былой Гораднi паехалi ў летувiскiя Друскенiкi, якiя шмат гадоў былi адхланьнем для гарадзенцаў, бы Вэрсаль для парыжанаў. Расслабленая курортная атмасфэра гэтага гарадку ўцiхамiрвала смутак, асаблiва ягоныя паркi са старымi дрэвамi, духмяныя кавярнi ды цудоўны сваёй сьцiпласьцю музэйчык Чурлёнiса. Каньяк у кавярнях яшчэ быў той, што пахнуў клапамi, — выдатны армянскi каньяк. Нёман там здаўся ня надта прыгожы, i я, прыпамятаўшы колiшнюю прыхiльнасьць Лазара да воднай стыхii, прапанаваў яму пазнаёмiцца з Нёманам заўтра. У Гораднi Нёман лепшы. Рэч у тым, што госьць калiсьцi вучыўся на марака, ваяваў у пяхоце, а хлеб колькi гадоў еў зь лiтаратуры. Таксама пярэсты пакручасты лёс, як i ў ягонага гаспадара. Але, мабыць, то агульны лёс нашага пастралянага на вайне пакаленьня. Назаўтра ранiцай паплылi ад гарадзенскiх мастоў унiз — да Пышак, паўзь Мелавыя горы, Ласасянкi i далей да вусьця Чорнай Ганьчы. У мяне тады быў невялiчкi маторны кацярок маркi «Прагрэс», на якiм я тут аб’езьдзiў усё навакольле ўверх i ўнiз па Нёмане. I цяпер з захапленьнем старажыла паказваў госьцю тое, што шмат разоў бачыў сам. Чaхаў на малых абаротах маторчык, мiма праплывалi баравыя i лугавыя беражкi, пясчаныя косы i парослыя трысьнягом старыцы. У зацiшных мясьцiнах зьдзiўлена пазiралi зь берагу нерухомыя чаплi, а поруч боўталi ў вадзе цяжкiя рыбiны. Навокал не было нi душы. Мы выбралi здатны мурожны беражок i дасталi начыньне для шашлыку. Пакуль над плёсам расплываўся смачны дымок, размаўлялi пра наша паганае жыцьцё, хоць у Маскве цi ў Гораднi, за якое колiсь пралiвалi кроў. Мы дык хоць выжылi, а нашыя таварышы (97 з сотнi) — даўно ў братнiх магiлах, раскiданых па зямлi ад Сталiнграду да Эльбы. Пагiнулi, так i не дазнаўшыся, калi скончылася вайна — тое найбольш для iх крыўдна. Можа, думаюць, што мы ўсё ваюем? Як той партызан з анэкдоту, што вылез зь лесу i пытаецца ў хлопчыка: дзе немцы? Хлопец кажа: якiя немцы, вайна ж даўно скончылася. Партызан расчаравана вылаяўся: а я ўсё цягнiкi пад адхон пушчаю. Падобна, гэтак i мы. Вайна даўно скончылася, а мы ўсё ня можам адчапiцца ад яе — усё пiшам i пiшам. Можа, каму гэта трэба? Так, трэба, кажа Лазар. Пакуль будзе балець, трэба пiсаць. Ды ўжо ж, ад таго болю колькi гадоў няма нам спакою. I ня будзе, кажа мой сябра. Тое — наш пажыцьцёвы боль. «Мае веды пэсымiстычныя, але мая воля i надзея аптымiстычныя», — хацелася мне думаць словамi Альбэрта Швэйцара. Позна ўвечары па цiхай вадзе вярталiся ў горад. Нёман рыхтаваўся да начнога спачыну, абапал на берагах зблiзку i здалёку запальвалiся агнi. То было маё апошняе нёманскае падарожжа, нечаканае разьвiтаньне з гэтай мiлай ракой, сьцiплай сваёй мiлосьцю, лепшаю за ўсе вядомыя мне рэкi Эўропы i Азii.

Яшчэ калi я жыў у Гораднi, неяк прыехаў туды Андрэй Макаёнак, якi быў дэпутатам Вярхоўнага Савету па Гарадзенскай акрузе, меў з намi спатканьне. Мы з Карпюком i Данутай вадзiлi яго ў рэстаран, заходзiлi да яго ў гатэль. Тады ён у мяне запытаў: «Слухай, чаму ты не напiшаш п’есу? У цябе такi драматычны матар’ял, — што нi аповесьць, то амаль гатовая п’еса. Напiшы. Калi што, i я памагу, пачытаю…». Пасьля мяне пра тое ж прасiлi з тэатру, рэжысэр Раеўскi, i я неяк мiжволi пачаў прымервацца да п’есы. Вядома ж, драмы на тэму мiнулай вайны. Але я ўсё ж не драматург i нават не аматар тэатру, тое, мабыць, паўплывала на працу i на яе вынiк. Як празь нейкi час мяне ўгаварылi прачытаць мой твор перад калектывам Купалаўскага тэатру, стала зразумела, што шэдэўру не атрымалася. Але тут усё праз таго ж Макаёнка прыйшла прапанова з маскоўскага МХАТу, там захацелi пазнаёмiцца зь п’есай. Пасьля знаёмства загадчык лiтаратурнай часткi паведамiў, што п’есу варта трошачкi дацягнуць i можна будзе паставiць у iхнiм тэатры. Я ўзяўся дацягваць. Тое дацягваньне доўжылася цi ня ўсё лета, я перапсаваў кiляграмы паперы, якую тады трэба было «даставаць», але мхатаўцы заахвочвалi — яшчэ трошкi… Знайшлi ўжо i рэжысэра — маладога і таленавiтага Валодзю Салюка зь ягонай таксама маладой i таленавiтай жонкай-актрысай. Тыя прыяжджалi ў Горадню, каб папрацаваць з аўтарам i дацягнуць п’есу, каторая атрымала назву «Апошнi шанец». Нарэшце ўсё быццам было зроблена, мяне запрасiлi ў тэатр, дзе адбылося абмеркаваньне.

Абмеркаваньне, афармленьне, дэкарацыi мне ўвогуле не спадабалiся; мала радасьцi выклiкалi, мяркуючы па ўсiм, яны i ў галоўнага рэжысэра Алега Яфрэмава. Калi я ўбачыў, што ў афармленьнi «абыгрываецца» вобраз падпольшчыкаў у выглядзе людзей, што вылазяць «з-пад полу», то-бок — падлогi, зразумеў, што праз той фармалiзм рэалiстычнага спэктаклю не атрымаецца. Так яно i выйшла. На абмеркаваньнi ж, у якiм удзельнiчалi спрэе заслужаныя i масьцiтыя маэстры, выказвалiся па дробязях, а сакратарка партбюро, знакамiтая Ангелiна Сьцяпанава, вядома ж, шчыравала пра палiтычнае гучаньне п’есы, каб ня дай Бог, не адбылося куды перакосу ад iдэяў партыйнасьцi i народнасьцi. Прэм’ера мне кепска запомнiлася, хiба што банкетам, дзе запрошаны мной Вiктар Астаф’еў стрымана сказаў: «Столькi людзкога гора, а назва блатняцкая. Не стасуецца!». Мабыць, мог бы сказаць i болей, але з увагi да аўтара змоўчаў. З Аляксандрам Вампiлавым мы разам iшлi ўвечары ў гасьцiнiцу i размаўлялi. Гэты сiбiрскi драматург тады толькi ўзыходзiў на маскоўскую ецэну, напiсаў сваё «Вуцiнае паляваньне», якое зрабiла яго славутым, на жаль, пасьля ягонай трагiчнай пагiбелi ў Байкале. А тады ён быў поўны тэатральных клопатаў i праэктаў. Ён мiж iншым сказаў, што рэжысэрам падабаюцца «цёмныя» п’есы, якiя б дазвалялi сябе трактаваць як заўгодна i як заўгодна ставiць. Калi ў п’есе ўсё ясна i рэальна, тое для iх нецiкава, бо суадносiцца з крытэрыямi рэальнага жыцьця. А яны ня хочуць крытэрыяў. Гэта былi залатыя словы. Мы гутарылi таксама пра сучасных актораў, i, памятаю, я скардзiўся яму, што сучасныя, нават самыя таленавiтыя акторы ня ў стане адчуць псыхалёгiю ваеннага часу i ня могуць пазьбегнуць фальшу. Ён з гаркатой зазначыў, што яны не адчуваюць i часу, у якiм жывуць. Асаблiва сталiчныя акторы. Таму iм лепей гуляць у клясыку. Пасьля прэм’еры мяне стрымана вiншавалi, вiншавалi рэжысэра-пастаноўшчыка i галоўнага, але я думаў, што болей у тэатр не пайду. Не падабалася мне гэтае мастацтва наогул зь яго празьмернаю ўмоўнасьцю (цi наадварот — натуральнасьцю), ненатуральнымі галасамi актрыс, пастановачнымi вывертамi. Я думаў, што калi вартая п’еса, дык лепш я яе прачытаю на адзiноце i ўяўлю. А тэатр у ягоных вобразах i дзеях — хiба для тых, хто пазбаўлены ўяўленьня. Я прыпамiнаў некалi чытанае ў Бунiна пра тэатр зь яго ненатуральнасьцю i фальшам, ад якiх яго «каробiла». Але мне казалi: трэба яшчэ ўлiчваць непасрэднае ўзьдзеяньне асобаў актораў i актрыс, iхняе чалавечае абаяньне. Ну, калi абаяньне актрыс, тады iншая справа, думалася мне. Але тады лепей — балет. Нездарма начальства з усiх вядомых мастацтваў найболей падабае балет. Пасьля за чаркай мы нядоўга, але, на маю думку, шчыра пагутарылi з Алегам Яфрэмавым, якi скардзiўся на сваю тэатральную долю. Тэатр, як, зрэшты, i ўсё савецкае мастацтва, задушаны палiтычным гнётам, рэжысэр знаходзiцца пад няспыннай палiтычнай залежнасьцю i, калi мае якiя магчымасьцi, дык толькi ў галiне формы. Фармальныя па сутнасьцi магчымасьцi. Усё iншае — не ў ягонае кампэтэнцыi. Часам паяўляецца вялiкае жаданьне на ўсё махнуць рукой i… Але што за тым «i»? Там, на жаль, пустка… Я слухаў яго i думаў: дык гэта ж у Маскве, у сталiцы. А як нам у правiнцыi, якой ёсьць Беларусь зь яе ўяўным нацыяналiзмам, якога ўсе баяцца? I калi ў нас яшчэ не тупiк, дык цi ня дзякуй за тое нашай нацыянальнай элiце, найперш жменьцы беларускiх пiсьменьнiкаў. У цалкам зрусіфiкаванай, скамунiзаванай краiне яны яшчэ маюць адвагу трымацца свае нацыянальнай мовы i нейкiх парэштак старадаўняй культуры.

Мiнуў пэўны час, i хтосьцi з маiх сяброў (здаецца, Адамовiч) зацягнуў мяне на знакамiтую тады Таганку i славуты спэктакль «Гамлет» з Высоцкiм у галоўнай ролi. Тут шмат што было не такое, як у МХАЦе, пачынаючы з багемнага выгляду кабiнэту галоўнага — Юрыя Любiмава, дзе на сьценах значылiся дзясяткi (калi ня сотнi) аўтографаў знакамiтых наведвальнiкаў, што вялi тут спаборнiцтвы ў вастраслоўi. Галоўны захоплiваў адразу катэгарычнай трапнасьцю думак i меркаваньняў. Здаецца, для яго не было нi ўлады, нi аўтарытэтаў, а толькi адно вялiкае мастацтва тэатру, якому ён iмкнуўся служыць беззаганна. Toe ж можна было назiраць i на сцэне, дзе апантаны Высоцкi, гойсаючы са шпагай у руках, змагаецца зь цяжкай суконнай заслонай. Асацыяцыi самыя блiзкiя i пазнавальныя, нягледзячы на замшэлую даўнасьць тэмы. А можа, справа менавiта ў той замшэласьцi? Сучаснасьць усё ж будзе ўспрымацца iнакш? Без неабходных для тэатру iлюзiяў.

Позна ўвечары невялiчкай групай пайшлi ў рэстаран, трэба было адзначыць знаёмства з Таганкай. Iнiцыятарам таго, вядома ж, быў Адамовiч. Памятаю, тады ж пазнаёмiўся з Юрам Каракiным302, якi нядаўна прыехаў з Прагi, дзе працаваў у часопiсе. Размова, натуральна, зайшла пра тэатр i сучасных актораў. Акторы ўвогуле дрэнь, нават i ў славутых тэатрах. Бо ўсе выходзяць з навучэнства паводле адной сыстэмы. А ў навучэнства трапляюць або па блаце, або па агульным конкурсе: хто без памылак напiша сачыненьне на тэму «Я знаю, город будет, я знаю, саду цвесть». На Захадзе iнакш, казаў Каракiн. Знакамiты рэжысэр Вiсконцi, якому спатрэбiлася ў Алжыры маладая актрыса, пайшоў у суседнюю гiмназiю i «выгледзеў» дзяўчыну. Тою дзяўчынай аказалася Клаўдзiя Кардынале. «Мабыць, у пэўных краiнах дзяўчаты ад нараджэньня — актрысы, вольныя i таленавiтыя, чаго ў нас нiякiмi лекцыямi не даможашся. Але для таго яшчэ трэба быць знакамiтым Вiсконцi», — сказаў Высоцкi. Як разыходзiліся, ён папытаўся, цi нельга ў Менску дзе «падхалтурыць», на якой карцiне, бо трэба грошы.

Як бы там нi было, мяне ўгаварылi паспрабаваць напiсаць п’есу, на гэты раз сынтэтычную з дзьвюх аповесьцяў — «Сотнiкаў» i «Круглянскi мост». Я абяцаў, хаця з увагi на складанасьць задачы мне далi памочнiка, якi, здаецца, усё i зрабiў. Прыехаўшы на прагон, я мала што зразумеў. Але мусiў празь дзень iсьцi зь Любiмавым у Мiнкульт, дзе павiнна адбыцца абмеркаваньне i выдача (цi нявыдача) дазволу на спэктакль. Тут мяне чакала шмат новага i нават цiкавага.

Абмеркаваньне адбывалася ў шыкоўным старасьвецкiм кабiнэце мiнiстэрства культуры — з гарбатай на сталах, пры зважлiвай цiшынi прысутных, аргумэнтаваных выступах адказных чыноўнiкаў i пiсьмовай рэгiстрацыi iхнiх прэтэнзiяў. Начальнiк глаўку сядзеў змрочнай чыгуннай тумбай, на якую Юрый Пятровiч, здаецца, не зьвяртаў нiякай увагi. Як, зрэшты, i на выступы ўсiх астатнiх. Калi ўсё было скончана, далi слова Любiмаву, якi ва ўласьцiвай яму бескампрамiснай манеры сказаў, што ён ня хлопчык на пабягушках Мiнкульту цi нават хiмiка Дзёмiчава, ён рэжысэр, ставiць п’есу паважанага аўтара i зробiць толькi тое, што палiчыць патрэбным. А калi ён на штосьцi скажа НЕ, дык ужо будзьце ўпэўненыя, нiхто яго ня змусiць тое зрабiць. Гэта яго апошняе слова.

Мне гэта дужа спадабалася, гэткага рашучага дзеяча культуры я бачыў упершыню. Тады яшчэ было невядома, куды яго прывядзе тая рашучасьць, чым абернецца ў яго тэатральным лёсе. Хаця што-нiшто можна было прадбачыць. Хутка ён зьедзе з Масквы, яго пазбавяць савецкага грамадзянства, будзе бадзяцца па сьвеце, аднак застаючыся верным сьвятому паклiканьню мастацтва, i пераможцам вернецца назад пасьля развалу СССР. Але для таго Любiмаву трэба было пражыць шмат год. У мастацтве наогул трэба жыць доўга, бо за кароткае жыцьцё рэдка каму наканавана здабыць перамогу.

Позьняй восеньню адбылася прэм’ера спэктаклю пад назвай «Перекрёсток» (Перакрыжаваньне). Сцэнаграфiя славутага мастака Бароўскага была выкананая ў выглядзе некалькiх складзеных накрыж бярвеньняў, па якiх поўзалi пэрсанажы п’есы. Я маўчаў. Тэатралам той сцэнавы антураж падабаўся.

Спэктакль паводле «Апошняга шанцу» ў Купалаўскiм тэатры адбыўся няхутка, мне ў iм запомнiлася яркае, нават магутнае выкананьне ролi Мейра старым шаноўным Дзядзюшкам.

Але, як гэта нярэдка бывае, яркая зорка сваiм сьвятлом прытушыла бляск iншых. Хаця вiна ў тым, можа, ляжыць i на аўтары, якi «ня справiўся», ня даў патрэбнага шанцу заблiшчэць i ўсiм астатнiм. А галоўнае, як я зразумеў, паводле прыроды сваёй мастацтва — справа iндывiдуальная. Калектыўным яго зрабiлi жыцьцё ды гiстарычныя абставiны i ўжо тым самым паставiлi пад сумнеў яго, так бы мовiць, першазданную, мэтафiзычную сутнасьць. Без тае сутнасьцi мастацтва — не мастацтва, а ўсяго толькi вытворчасьць пацехi.

Але культурная парадыгма мяняецца. Век iндывiдуалiзму, дарэшты расквiтнеўшы, уступае месца вынайдзенаму Юнгам фэномэну бесьсьвядомага калектыўнага. Колiсь то быў фэномэн, цяпер — агульнаўпадабаны працэс, што ахапiў краiны i кантыненты. Мабыць, культура, як i жыцьцё, у сваiх выявах зьменлiвая, шматаблiчная i бясконцая. Хаця i ў мiнулым ня ўсё было проста; заблытана i складана, як i цяпер. Вядома, што Твардоўскi не любiў вершы, Бунiн i Хэмiнгуэй — тэатр, Горкi ненавiдзеў праўду, якой усё жыцьцё iмкнуўся служыць Талстой, i нарадзiў сацрэалiзм. Мабыць, болей праўды ў афарызме Бярдзяева, што «культура — гэта няўдача чалавецтва», i ўжо безумоўна ў словах Гётэ: «Памiж двума поглядамi — ня iсьцiна, а праблема».. Таму цi варта дыскутаваць пра культуру? Прыняць за iсьцiну знакамiты «Чорны квадрат» Малевiча i зачынiць праблему? Былi i яшчэ спэктаклi паводле названых ды iншых п’есаў Быкава. Ставiў iх ленiнградзкi тэатр на Лiцейным, маскоўскi тэатр Станiслаўскага, расейскi тэатр iмя Горкага ў Менску, шмат якiя тэатры ў Расеi, на Украiне, у краiнах Цэнтральнай Азii. Але тое — без удзелу i нават без увагi аўтара, якi з самага пачатку страцiў цiкавасьць да тэатру. Можа, так i не набыўшы яе. Але што ж: кожнай вароне — свой сук на дрэве. На чужы сядаць i ня трэба.

Я чалавек не музыкальны i мала каго ведаў з музыкаў. Ну, можа, Алоўнiкава, зь якiм нас зьвязвала вайна i агульныя ўспамiны пра баi ў Венгрыi, цi Лучанка, якога ведалi ўсе. Але вось Матукоўскi пазнаёмiў мяне з Яўгенам Глебавым, якi напiсаў музыку балету паводле «Альпiйскай балады», што, казалi, з посьпехам iшоў у оперным тэатры. Балет мне ўвогуле спадабаўся, як можа спадабацца iншае мастацтва паводле празаiчнай крынiцы. Добра танцавалi, гарманiчны дуэт. Пасьля спэктаклю пазнаёмiўся з аўтарам музыкi. Глебаў аказаўся чалавекам камунiкабельным, востраязыкiм ды iранiчным. Гутарыць зь iм было адно задавальненьне. Асаблiва калi ён зьедлiва-iранiчна кранаў палiтыку цi беларускае начальства, ад якога нядаўна яшчэ нямала трываў. Яго выключалi з Саюзу кампазытараў, адбiралi працу. Сямейныя праблемы таксама не абышлi яго стараной. Але затым палiтыка ў адносiнах да iнтэлiгенцыi трохi паслабела, некаторых пачалi цягнуць у партыю. Глебаў нават стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. У партыю ён не хацеў, доўга i вяла супрацiўляўся, але ведама, што вялы супрацiў — не супрацiў. I яго змусiлi напiсаць заяву. Пасьля — прыём. Пасьля разгляд на парткамiсii райкаму, гаркаму… Звычайна да такой важнай працэдуры будучыя камунiсты грунтоўна рыхтавалiся, вучылi гiсторыю партыi. Глебаў не рыхтаваўся, таму на ўсе пытаньнi, зададзеныя яму на парткамiсii, адказваў — ня ведаю цi проста пацiскаў плячыма. Тады самы ўедлiвы, ён жа i самы заслужаны член папытаўся: «Ну а ў якiм годзе адбылася Вялiкая Кастрычнiцкая Сацыялiстычная рэвалюцыя, вы ведаеце?». Глебаў, гледзячы яму ў вочы, адказаў: «Не, ня ведаю». Ягоны адказ выклiкаў абурэньне ў залi. Глебаў падумаў: ну, можа, цяпер адлiпнуць? Аж не адлiплi — прынялi. Тады Глебаў абурыўся — у яго былi iншыя пляны i надзеi.

Мы зь iм у тую пару часта сустракалiся — у ягоным «даляры» цi ў мяне на Танкавай. Ягоная жонка Ларыса Васiльеўна, ня ў прыклад шмат якiм пiсьменьнiцкiм жонкам, ва ўсiм была на баку мужа i ўсяляк падтрымлiвала яго. Жэня бачыў у тым сваё вялiкае шчасьце. Так яно i было. Тварыў ён выдатную музыку, можа, i не заўжды беларускую па гучаньнi, часам касмапалiтычную, любiў скандынаваў, Грыга. Напiсаў музыку балету «Маленькi прынц», якi быў пастаўлены ў Хельсiнкi, i Глебаў езьдзiў туды на прэм’еру. Падчас майго побыту у Фiнляндыi я спатыкаў некаторых фiнаў, што памяталi ягоны спэктакль i празь яго дазналiся тады пра незнаёмую для iх краiну — Беларусь.

Поделиться с друзьями: