Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Паляваньне на пэўных пiсьменьнiкаў прадаўжалася, i я зьехаў у Маскву. Там нейкi час тулiўся на гасьцiннай кватэры Грышы Куранёва. Цэкоўцы i кадэбiсты шукалi мяне ў Гораднi i Менску, у Маскве мяне было не знайсьцi. А некаторыя масквiчы ў той час зьяжджалi ў iншыя гарады. Бакланаў, напрыклад, тыдзень цi болей iнкогнiта жыў у Ленiнградзе ў рэжысэра Хейфiца. Яго таксама дужа шукалi. Каб запэцкаць i выкарыстаць.

Але колькi дзе нi хавайся, урэшце мусiш вярнуцца дадому. Вярнуўся i я. Трохi пажыў на кватэры, туляючыся, бы злачынца.

А праз колькi дзён пазванiлi зь Менску, клiкалi, каб ехаць у Магiлёў. Я падумаў, што тое будзе дарэчы, i прыехаў у Менск. Адтуль на аўтобусах павезьлi ў Магiлёў. У Магiлёве былi нейкiя выступы i сустрэчы з удзелам вялiкае трупы беларускiх пiсьменьнiкаў на чале з Iванам Шамякiным. Пасьля абеду паехалi на галаўное магiлёўскае прадпрыемства — капралактамавы камбiнат. Пашвэндаўшыся па цэхах, зайшлi ў кабiнэт дырэктара, дзе той, як звычайна, пачаў распавядаць пра посьпехi прадпрыемства. У сярэдзiне яго расповеду расчыняюцца дзверы, i элегантна апрануты мужчына пытаецца: «Хто тут Быкаў? Тэрмiнова выклiкае Менск». Я спалохаўся — цi ня здарылася кепскае дома — i выйшаў з кабiнэту. Аказалася, трэба ехаць у абкам да прамога проваду. Машына i шафёр чакаюць. Прадчуваючы кепскае, пайшоў да машыны.

У пустым кабiнэце першага (быў выхадны) чамусьцi доўга ня ладзiлася з тэлефонам, мабыць, злучалi з рознымi абанэнтамi. Нарэшце далi трубку, у якой я пазнаў голас аднаго тагачаснага беларускага цэкоўца. Ён ветлiва i цiха паведамiў, што ў ЦК КПСС ёсьць лiст слынных дзеячаў культуры, якiя рашуча асуджаюць падрыўную дзейнасьць Сахарава i Салжанiцына. Ад Беларусi той лiст падпiсаў Мележ, трэба, каб быў i подпiс Быкава. Я сказаў, што той лiст не чытаў, таму падпiсваць яго не магу. Ён сказаў, што то мая справа, але ён павiнен папярэдзiць аб магчымых наступствах. Я, не разьвiтаўшыся, паклаў трубку i выйшаў з кабiнэту.

Тая ж машына адвезла мяне на хiмкамбiнат, але пiсьменьнiкi адтуль ужо зьехалi. Да гатэлю я дабiраўся самапасам. А як прыехаў, цi ня ўсе мае калегi сядзелi перад тэлевiзарам, глядзелi праграму «Время». Знаёмая дыктарка якраз чытала той самы лiст з «Правды», дзе група савецкiх пiсьменьнiкаў асуджала Сахарава i Салжанiцына. З асаблiвай iнтанацыяй пералiчыла падпiсантаў, у тым лiку i маё прозьвiшча. Мае калегi ажывiлiся, некаторыя павярнулiся да мяне. Iван Чыгрынаў моўчкi, але выразна пацiснуў руку. Iншыя нядобра нахмурылiся. Я быў разгублены i падаўлены…

З тым жа настроем прыехаў у Менск. Усё думаў, што рабiць? Ад аднаго дасьведчанага чыноўнiка з ЦК дазнаўся, што ўсё вырашалася ў Маскве, а беларускаму толькi загадалi перадаць, што ён i зрабiў са спазьненьнем. Празь дзень вярнуўся ў Горадню. Карпюк быў абураны, як я яму распавёў маю гiсторыю. Сказаў, што трэба пiсаць. Куды? Скрозь. Усюды. Я патэлефанаваў у Маскву Сяргею Залыгiну, iмя якога таксама значылася пад тым лiстом. Сяргей Паўлавiч сказаў, што, на жаль, ня можа аб тым гаварыць па тэлефоне, няблага, калi б я прыехаў у Маскву. Я хутка сабраўся i паехаў.

Залыгiна застаў дома, ён пачуваўся ня лепшым чынам i цiха распавёў, што ўсё тое — вялiкая правакацыя, учыненая Шаурам ды iншымi. Iх па адным выклiкалi ў ЦК i там проста выкручвалi кожнаму рукi, дамагаючыся подпiсу. Верныя партыйнай дысцыплiне камунiсты-пiсьменьнiкi, хоць i неахвотна, змушаныя былi падпiсаць. Залыгiн жа, спаслаў шыся на сваю беспартыйнасьць, спрабаваў адмовiцца. Тады перад iм паставiлi пытаньне: з кiм ён — зь iмi цi з намi? Яны хутка апынуцца на лаве падсудных, як бы не далучылi да iх i вас. Залыгiн толькi нядаўна перабраўся ў Маскву, атрымаў неблагую кватэру, меў нейкiя лiтаратурныя i выдавецкiя пляны (пасьля стаў галоўным рэдактарам «Нового мира»), а тут такi зьверскi выбар. I ён падпiсаў. «Але ж я не падпiсваў!» — сказаў я. — «Ну дык ты ж — у правiнцыi. У правiнцыi ўсё прасьцей. I страшней», — сказаў Залыгiн, якi толькi месяц таму выбраўся зь сiбiрскай правiнцыi.

Мы доўга гаманiлi i думалi ў той вечар. Я застаўся начаваць у Залыгiных. Вырашылi прыдумаць што заўтра. Найперш належала перапрасiць Аляксандра Iсаевiча. Зранку пачалi званiць па знаёмых. Нехта даў тэлефон Растраповiча, дзе нейкi час жыў Салжанiцын. Але той тэлефон не адказваў, а аўтаадказчыкаў тады не было. Не адказваў i маскоўскi тэлефон будучай жонкi Салжанiцына. Нехта з агульных знаёмых сказаў, што Аляксандр Iсаевiч зьехаў. Напэўна, за мяжу. Тут яго не знайсьцi. Тады я напiсаў лiст у ЦК, Залыгiн памагаў. Але ў нiводны пад’езд на Старой плошчы мяне не пусьцiлi. Давялося аднесьцi лiст на пошту, адправiць заказным. Адказу на яго не атрымаў нiколi.

Пайшоў у часопiс, дзе працаваў Лазар, якi пад той час пiсаў кнiгу пра маю творчасьць, i я хацеў параiцца зь iм. Выйшлi на вулiцу, пагаманiлi, штораз азiраючыся. Мудры Лазар мяне суцешыў: «Ня тузайся, не апраўдвайся, нiчога нiкому не тлумач. Тыя, што цябе ведаюць, усё зразумеюць бяз слоў, а хто ня ведае, таму не растлумачыш. Хай застаюцца пры сваiм».

Тым ня менш тлумачыць давялося — тады i пасьля. Некаторыя слухалi i маўчалi. Некаторыя абуралiся. Я пачуваўся вiнаватым. Але што можна было зрабiць? Пасьля Аляксандра Салжанiцына выслалi з краiны, i я зь iм не пабачыўся i не павiнiўся. Было дужа няёмка. Я праклiнаў тых, што ўчынiлi такое нялюдзтва… [2]

2

Шмат гадоў пасьля адзiн адказны працаўнiк ЦК КПСС па шчырасьцi растлумачыў мне, што тое было зроблена дзеля майго паратунку. Iнакш яны змушаны былi б скiраваць мяне сьледам за Салжанiцыным.

У даволi драматычным i багемным пiсьменьнiцкiм побыце немалая праблема склалася праз алкаголь. Частыя паездкi, бадзяньнi i гасьцяваньнi, паседжаньнi i зьезды амаль нiколi не абыходзiлiся без таварыскiх пачостак, нярэдка даўгiх i празьмерных. Не заўсёды яны мiналiся ў таварыскай лагодзе — часам адбывалiся ў сварах i каштавалi нэрваў…

Памятаю, на нейкім зьезьдзе мы з адным маім сябрам, толькі спаткаўшыся ўранку, вядома ж, скіравалі ў буфэт, дзе і заселі надоўга. Неўзабаве да нас далучыліся два кіеўскіх літаратары, і пачалася спрэчка пра адносіны да Віктара Някрасава, якога цкавалі ў Кіеве. Спрэчка перайшла ў злосную сварку, і мы сварыліся і пілі аж да сканчэньня мерапрыемства. Так і не зайшоўшы ў залю. І гэта не адзіны выпадак. Былі і горшыя.

Натуральна, што такія паводзіны не маглі не застацца без непажаданых наступстваў. Не маглі не прывесьці да канфліктных адносінаў у сям’і.

Першы адчуў кепскае ў маiм жыцьцi Аляксей Карпюк, каторы пачаў захады здалёку. Аднойчы паехаў у Менск i насварыўся на маiх сяброў за тое, што яны нiбыта спойваюць Быкава. Тады гэта мяне абурыла, i я пасварыўся з Карпюком. А як пагляджу цяпер, з вышынi пражытых гадоў, дык бачу, што цьвярэзьнiк Карпюк меў рацыю. Хаця яго прынцыповая цьвярозасьць, штодзённыя зарадкi i наогул любоў да фiзкультуры не прадоўжылi ягонага жыцьця. На чалавека заўжды знойдзецца якая халера — ня рак, дык начальства, якое ня горш за хваробы ўмее загнаць чалавека ў дамавiну. А што да гарэлкi, дык хто яе ня пiў? Як казалi мае землякi, той ня п’е, у каго няма грошай. Неўпрыцям стварыўся пэўны iмiдж Быкава, вядома, ня самы лепшы, i я знарок не бурыў яго. Ён што-нiшто мне выбачаў, найперш у вачох начальства. Хаця тут важна было не перабраць меры. Іначай сьвяціла яшчэ большая небясьпека. У Маскве ў той час я калi-нiкалi заходзiў да Куранёва i там пазнаёмiўся зь ягоным сябрам, псыхiятарам Валодзем. Валодзя працаваў загадчыкам аддзяленьня псыхiятрычнай больнiцы, ня так даўно лячыў генэрала Грыгарэнку i яшчэ некаторых дысыдэнтаў. Аднойчы ў выхадны, калi мы з Куранёвым былi ў яго на гасьцях, доктар прапанаваў пазнаёмiцца зь ягонымi хворымi, тым болей што больнiца знаходзiлася ў суседнiм корпусе. Мы пайшлi. Увогуле было цiкава, нi Куранёў, нi я з псыхамi яшчэ не знаёмiлiся. I мы iх пабачылi. То было жахлiвае вiдовiшча. Адзiн, лежачы на ложку, скардзiўся, што не выконваецца плян вывазкi драўнiны, толькi што ён званiў у дальнi лясгас. Я запытаўся ў доктара, цi адсюль у яго ёсьць магчымасьць званiць? Ды не, кажа доктар, тое яму толькi здаецца. То сакратар абкаму па прамысловасьцi, i ён усё кiруе выкананьнем пляну. Другi, здаровы дзяцюк, што еў за сталом кашу, аказваецца, быў выпускнiк школы КДБ, якi перад тым, як ехаць на заданьне, збаяўся, i яго падазраюць у сымуляцыi. А трэцi — вунь той, што ляжыць на ложку i пазiрае на нас, прапанаваў Суславу праэкт рэфармаваньня ўраду. Суслаў яго сюды i прыслаў. Куранёў запытаўся: «А што, яны — сапраўды хворыя?». Доктар з усьмешкай сказаў: «Здаравей-шыя, чым мы з вамi».

Toe, па ўсёй верагоднасьцi, было праўдай. А той псыхiятар праз кароткi час зьнiк. Можа, паплацiўся за сваю даверлiвасьць, а можа, яшчэ што. Мы з Куранёвым спрабавалi яго адшукаць, але Куранёў неўзабаве памёр. I тады я зразумеў, што ў маiм жыцьцi трэба нешта мяняць. Тым болей, што сыны мае на той час вырасьлi i абралi свой шлях. Старэйшы, Сяргей, скончыў вайсковую вучэльню ў Палтаве i служыў у Лейпцыгу. Нядаўна ў яго нарадзiўся сынок, таксама Сярожка. Малодшы, Васiль, ужо працаваў доктарам у Гораднi, захапляўся рыбалкай. У мяне з сынамi былi нармальныя адносiны. Дрэнна хiба, што пры пэўных абставiнах жыцьця я ня мог стварыць iм нацыянальных умоваў выхаваньня, i хлопцы вырасьлi па сутнасьцi ў касмапалiтычным гарадзкiм асяродку. Жонкi iх таксама былi небеларускамi, — у аднаго расейка, а ў другога ўкраiнка. Вельмi шкада было пакiдаць Горадню, якая стала для мяне роднай, але мусiў перабрацца ў Менск. Нейкi час жыў у гатэлях, ды тое было ня надта зручна ва ўсiх адносiнах. Тады Андрэй Макаёнак, зь якiм я неяк па-добраму зблiзiўся, пазванiў у ЦК Кузьмiну. Той адразу зрэагаваў — паклiкаў мяне да сябе, распытаў, што i як. Пачуўшы, што мне трэба жытло, прыпамятаў, як колiсь таксама агiтаваў мяне на пераезд у Менск, дзе я меў магчымасьць выйсьцi з-пад гнятлiвай увагi абласных босаў. У Менску, казаў, усё ж лягчэй будзе дыхаць. Тады я адмовiўся, а цяпер сам прашуся. Аляксандр Трыфанавiч павёў мяне на iншы паверх — да Аксёнава, якi без даўгiх размоваў зьняў тэлефонную трубку i кудысь пазванiў. Празь дзень я атрымаў ордэр на недабудаваную, праўда, кватэру па Танкавай, дзе i жыву дасюль. У навасельскiх клопатах мне нямала дапамог спачувальны Мiкола Матукоўскi зь яго паслужлiвым шафёрам Пецем. Матукоўскi затым вазiў мяне да мiнiстра гандлю, каб набыць для новай кватэры мэблю (iначай было немагчыма), перавозiў некаторыя рэчы з Гораднi. Як увечары я саматугам зьбiраў-зьвiнчваў тую мэблю, прыехаў для знаёмства палкоўнiк Сульянаў. Яшчэ вучачыся ў акадэмii ў Маскве, ён чытаў мае кнiгi i адчуў пэўную сымпатыю да аўтара. Неўзабаве Анатоль Канстанцiнавiч стаў генэралам, пiсьменьнiкам i адарыў мяне адданай i сардэчнай дружбай.

Поделиться с друзьями: