Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

Штосьці непакоіла яго яшчэ, акрамя дзіўнага становішча ўваходу ў калідор, толькі вось што?

Можа, фіялетавы колер пяску, бо пясок такога колеру ніколі не сустракаўся там, на поўначы?

Але ж поўнач ёсць поўнач, а тут, на поўдні, без сумнення, магчыма ўсё…

Тады, можа, здзіўляючая бясконцасць гэтай пустыні, дзе да самага небакраю не назіраецца нават чагосьці падобнага на зялёную палоску лесу. Праўда, вельмі цяжка разглядзець штосьці зялёнае ў такой далечыні, асабліва калі зялёным выглядае само неба…

Стоп, а чаму яно выглядае зялёным, гэтае неба?! Бо неба, яно ж адно для ўсяго Аграполіса! Ці янопроста здаецца зялёным тут, на фоне фіялетавага пяску пад нагамі?

Сарджэн узняў галаву, спадзяючыся, што хоць там, зверху, неба будзе мець звычайнае сваё блакітнае адценне…

Але неба ўсё роўна засталося зялёным… і цэлых тры сонцы ярка свяцілі ў зялёным гэтым небе: адно зусім маленькае, чырванаватае, другое, крыху большае за першае, было асляпляльна белага колеру, і нарэшце, трэцяе, вялізнае і зялёнае, напэўна ж, і надавала небу яго незвычайны колер…

Зялёнае сонца было амаль у самым зеніце, чырвонае і белае - ці то заходзілі, ці то толькі ўзыходзілі …

Але ж на Аграполісе проста не магло быць трох сонцаў! Нідзе не магло, ні там, на поўначы, ні тут, на поўдні, а значыцца…

Значыцца, гэтае месца ніяк не магло знаходзіцца на планеце Аграполіс!

“Дзе ж я тадыапынуўся? – разгублена падумалася Сарджэну. – І як такое магло здарыцца?

Ён ужо зразумеў, што знаходзіцца зараз на нейкай іншай планеце, і планета гэтая, магчыма, знаходзіцца зусім у другой частцы Галактыкі…можа,за сотні нават светавых год ад Аграполіса.

Незразумелым заставалася толькі пытання, якім чынам ён змог патрапіць сюды? Але Сарджэну зараз было зусім не да вырашэння гэтай загадкі, бо, азірнуўшыся, ён з жахам заўважыў, што загадкаваяадтуліна не толькі пачала ўжо звужвацца, але і паспела звузіцца за гэты часда небяспечна малых памераў.

З крыкам роспачы Нікаля кінуўся да выратавальнай гэтай адтуліны. Няхай там, за ёй, чакалі яго зноў доўгія і заблытаныя калідорныя мілі, дзе ён, магчыма, зноў будзе блукаць немаведама колькі, беспаспяхова шукаючы выйсця… няхай ён нават памрэ там, у калідоры, ад голаду і смагі… але там была ягоная родная планета, між тым, як тут…

Апынуўшыся, нарэшце, зусім побач з адтулінай, Нікаля зразумеў, што яму ніякім чынам не пралезці туды, такой маленькай яна зараз зрабілася…і ўсё працягвала і працягвала звужвацца. У адчаі Сарджэн ухапіўся аберуч за яе краі, спрабуючы хоць нейкім чынам запаволіць,спыніць няўхільнае гэтае звужэнне.

І сапраўды гэта яму ўдалося. Адтуліна больш не памяншалася, але, як не намагаўся Сарджэн хоць крышачку пашырыць уваход- нічога пакуль што не выходзіла. Больш таго, як толькі ён на імгненне аслабіў націск на краі адтуліны, яна зноў нечакана прыйшла ў рух… і Нікаля, перш чым змог спыніць гэты рух,прайграў яшчэ некалькі сантыметраў…

Становішча Сарджэна станавілася адчайным. Ён не мог адпусціць рук нават на самае кароткае імгненне, але і вечна стрымліваць краі адтуліныСарджэн таксама быў не ў стане. Рукі ўжо пачыналі павольна нямець… яшчэ крыху - і яны поўнасцю адмовяцца падпарадкавацца свайму гаспадару. І тады…

Разуменне таго, што адбудзецца тады, здавалася б, прыдало Нікаля новыя сілы. Закрычаўшы ад жаху і роспачы, ён зноў прыналёг на краі адтуліны і… о, цуд!... яна пачала паддавацца пакрысе гэтаму адчайнаму ягонаму націску. А, магчыма, націск гэты быў тут ні пры чым, проста спрацаваў нейкі іншы механізм, і працэс пайшоў паступова ў зваротным напрамку. Так ці інакш, але ўваход у калідор зноў пачаў паступова пашырацца і калі ён зрабіўся шырокім настолькі, што плечы Сарджэна ў яго праходзілі, Нікаля не стаў больш чакаць. Ён кінуўся у гэты ўваход рукамі наперад, нібы ныральшчык у ваду, балюча стукнуўшыся пры гэтым аб металічны край адтуліны, затым яшчэ больш балюча прызямліўся на каменную падлогу калідора. Ад моцнага ўдару ў патыліцу ў яго нават у вачах пацямнела, праўда, прытомнасці Нікаля ўсё ж не страціў. І, лежачы на спіне, добра бачыў, як адтуліна зноў пачала хутка звужвацца. Вось ад яе застаўся толькі невялікі прасвет… вось ужо адна толькі яркая зеленаватая кропка… вось і гэтая кропка прапала зусім.

Перад Сарджэнам зноў былі суцэльныя металічныя дзверы з замыславатым іерогліфам пасярэдзіне. А потым іерогліф гэта афарбаваўся раптам у залацісты колер… яшчэ імгненне – і “ключ”, зноў раз’яднаўшыся са сваёй выявай на дзвярах, звонка зваліўся на падлогу...

* * *

– Ну што?

Адкінуўшыся ў крэсле, Холін з нейкім задавальненнем нават разглядваў збянтэжаныя твары падначаленых. Дакладней, падначаленым Холіна з прысутных з’яўляўся адзін толькі Зіберт...палкоўнік Хэнк, які камандаваў дэсантнай групай, рэзідэнту планетынепасрэдна не падпарадкоўваўся, і пры кожным зручным выпадку ўсяляк стараўся падкрэсліць гэты свой незалежны стан…

Тым не менш, выгляд у яго зараз быў не меншзбянтэжаны, чым у Зіберта

– Дык што было далей?

Пытанне адрасавалася непасрэдна Хэнку, таму і адказваць прыйшлося менавіта яму.

– Разумееце, - пачаў Хэнк, - мы даволі доўга не маглі патрапіць у гэты… гэты…

Тут палкоўнік змоўк, так і не завяршыўшы фразы.

– У няўзбоены ціхаходны транспартнік! – прыйшлося завяршаць за яго Холіну. – Скажыце, палкоўнік, а колькі ўсяго плазменных зарадаў вы выпусцілі ў Свенсана, перш, чым…

Палкоўнік нічога не адказаў, замест яго адказаў Зіберт.

– Вы ж разумееце, сэр, - пачціва і, разам з тым, крыху паблажліва сказаў ён, - што, хутчэй за ўсё, кіравала транспартнікам адна з гэтых жанчын. Калі б за пультам кіравання знаходзіўся Свенсан, мы б лёгка збілі гэты транспартнік усяго за некалькі хвілін пагоні…

– Мы! –з нейкай нават доляй ганарлівасці удакладніў Хэнк. – Мы б яго збілі ўсяго за некалькі хвілін!

– А каб збіць “дзікую кошку” вам спатрэбілася амаль паўгадзіны! – рэзка асадзіў палкоўніка Холін. – Ды вы яе нават і не збілі, шчыра кажучы, –дадаў ён яшчэ больш рэзкім тонам,памаўчаў крыху, і, не стрымаўшыся, вылаяўся ўголас: - Дэсантнікі, маць вашу!

Успыхнуўшы, Хэнк хацеў, здаецца, адказаць Холіну рэзкасцю на рэзкасць… але, чамусьці,так і не рашыўся гэтага зрабіць. Успомніў, магчыма, што зараз ён разам са сваёй групай знаходзіцца ўсё жна тэрыторыі, якая падначаленаХоліну і толькі яму аднаму…

Замест Хэнка зноўадказаў Зіберт.

– Але дэсантнікі ўсё ж перамаглі іх, сэр!

– Згубіўшы пры гэтым дзве сваіх шлюбкі? – з’едліва-лагодным тонам пацікавіўсяХолін. – Гэта значыць, што “дзікая кошка”, не маючы на борце сваёй нязграбнай пасудзінкі аніякай, больш-менш ладнай зброі, схітрылася, тым не менш, знішчыць дзве баявыя шлюбкі, якімі кіравалі дэсантнікі! Дзве баявыя дэсантныя шлюбкі, падумаць толькі! І ты называеш гэта перамогай, Фрыдрых?!

– Гэта не зусім так, сэр! – пакрыўджана сказаў Хэнк, і Холін з задавальненнем адзначыў, што збіў усё ж з гэтага пыхлівага індыка крыху ягонай невыноснай фанабэрыстасці… вось ён ужо і слова “сэр” успомніў…

– Проста адна шлюбка выпадкова патрапіла пад агонь сваіх жа… - дадаўЗіберт.

– Выпадкова патрапіла пад агонь сваіх! – паўтарыў Холін насмешліва і адначасова з нейкай горыччу. – Ды не выпадкова гэтая шлюбка аказалася раптам пад агнём сваіх жа, зусім не выпадкова! Скажыце, палкоўнік, - нечакана звярнуўся ён да Хэнка, – у вас былі выпадкі, каб дэсантнікі збівалі сваіх? Хай нават не шлюбку, а невялікі боцік ці кацер…

Поделиться с друзьями: