Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– Такога ніколі не было, сэр! – вымушаны быў згадзіцца з Холінам Хэнк. – За ўвесь тэрмін маёй службы, а гэта больш за дваццаць пяць гадоў…
– Вось бачыш, Фрыдрых! – сказаў Холін стомлена. – А ты кажаш – выпадкова! Ну а другая шлюбка? – зноў звярнуўся ён па Хэнка. – Другую шлюбку яна проста збіла, хіба не так?
– Не зусім так, сэр! – пачціва сказаў Хэнк. – Напэўна, зразумеўшы, што іншага выйсця ў яе няма, гэтая жанчына проста накіравала свой транспартнікна бліжэйшую шлюбку. Гэта быў элементарны жэст адчаю, сэр!
– Гэта было мэтанакіраванае, заранне пралічанае дзеянне!
Узняўшыся з-за стала, Холін нейкі час моўчкі хадзіў па кабінеце. Хэнк і Зіберт засталіся сядзець на ранейшых месцах, яны толькі шматзначна пераглянуліся. Абодвы дэсантнікі, і дзеючы, і былы, са значнай доляй пагарды адносіліся да ўсіх, хто не належыў да іх прывілегіяванай касты. Холін, хоць і з’яўляўся зараз рэзідэнтам, але дэсантнікам не быў ніколі … і гэтым было ўсё сказана…
– У стане адчаю яна б не магла так дакладна патрапіць!
З гэтым сцвярджэннем дэсантнікі не сталі спрачацца, ці таму, што яно, сцвярджэнне гэтае, з’яўлялася бясспрэчным, ці таму толькі, што выказана сцвярджэннебыло непасрэдным начальнікам.
На нейкі час у кабінеце ўсталявалася поўнае і даволі працяглае маўчанне. Холін, крыху супакоіўшыся, апусціўся на ранейшае сваё месца.
– З якой доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што яны ўсе загінулі? – спытаўся ён, не звяртаючыся канкрэтна ні да Зіберта, ні да Хэнка. – Я нават задам пытанне крыху інакш: ці ёсць шанц, няхай і самы мінімальны, што хтосьці з гэтых трох змог застацца ў жывых?
– Шанцаў аніякіх, сэр! – ажывіўшыся, запэўніў Холіна Хэнк. – У час выбуху шлюбкі тэмпература ў эпіцэнтры дасягнула, судзячы па паказаннях прыбораў, трох з паловай тысяч градусаў. Таму мы і не здолелі знайсці аніякіх рэшткаў загінуўшых. На зямлю проста падаў дождж з кропляў расплаўленага металу…
– Больш таго, - паспешліва дадаў Зіберт, - тры бліжэйшыя шлюбкі атрымалі значныя пашкоджанні ў выніку гэтага выбуху, і з цяжкасцю змаглі дасягнуць пасадачнай пляцоўкі. Зараз яны рамантуюцца, сэр!
– Гэта мне вядома, - сказаў Холін і, уздыхнуўшы, дадаў: - Адзін маленькі транспартны кацер змог у няроўным баю знішчыць дзве нашых шлюбкі і яшчэ тры пашкодзіць.Ці не занадта вялікая плата за перамогу над адной-адзінай жанчынай, хай сабе і “дзікай кошкай”?
– Іх было дзве, сэр! – пачціва напомніў Зіберт. – І яшчэ гэты… Свенсан…
– Яна была адна! – стомлена сказаў Холін, зноў устаючы з-за стала. – Другая, хутчэй за ўсё, валялася без прытомнасці! А Свенсан… што Свенсан…
Ён падыйшоў да акна, нейкі час моўчкі глядзеў кудысьці ўніз.
– На ўсялякі выпадак аб’явіце іх ва ўсепланетны вышук, - сказаў ён, не паварочваючыся. – І прэмію назначце. Скажам… па дзесяць тысяч за кожнага…
– Вы што, не верыце ў тое, што яны загінулі?
– здзівіўся Зіберт.
У гэты час з селектара данёсся мілагучны жаночы голас, пачуўшы які, і Хэнк, і Зіберт скрывіліся так, быццам абодвы сербанулі раптам па лыжцы неразбаўленага воцату.
– Сэр, - прагаварыў прыемны гэты голас. – З вамі хоча размаўляць Цэнтр. Тэрмінова.
– Злучай!
– таропка сказаў Холін, паварочваючыся да манітораў на сцяне… і амаль адразу ж адзін з іх засвяціўся. На ім з’явілўся твар Раджы, таго самага, што некалькі дзён таму наведваў Аграполіс. – Добры дзень, сэр! – яшчэ больш таропка прагаварыў Холін, а Хэнк і Зіберт як па камандзе ўзняліся з-за стала і застылі па стойцы смірна.
Нейкі час Раджа моўчкі і без усялякага выразу на прадаўгаватым твары разглядваў усіх трох халодным позіркам блакітных вачэй. Потым ягоны позірк спыніўся на Холіне, і той раптам адчуў сябе даволі няёмка пад уважлівым пранізлівым гэтым позіркам.
– Як ідуць справы? – спытаўся Раджа і ў голасе ягоным нічога не прагучала: ні раздражнення, ні гневу, ні наватцікаўнасці… гэта быў роўны, лянівы голас звышчалавека, які вымушаны звяртацца зараз да нейкіх ніжэйшых істотаў… вымушаны, што ж рабіць… - Спадзяюся, зараз вы інфармуеце мяне аб сваіх несумненных поспехах…
– Поспехі ёсць, сэр! – сказаў Холін, адчуўшы раптам, як нечакана перасохла ў роце, якім чужым і непаслухмяным зрабіўся язык. – Праўда, маюцца і значныя страты з нашага боку. Па-першае, гэта…
Раджа ляніва ўзняў руку, перапыняючы Холіна.
– Не трэба аб стратах, - сказаў ён усё тым жа абыякавым тонам. – Гэта вы выкладзеце потым у справаздачы. Зараз мяне больш цікавяць вашы поспехі. Вядома ж, калі яны ў вас ёсць… - дадаў ён шматзначна і, здаецца, з нейкай нават пагрозай у голасе.
– Яны ёсць, сэр! – паспешліва сказаў Холін. – Дзве жанчыны знішчаны! У жывых засталася зараз толькі адна з “дзікіх кошак”.
– Толькі адна, - задумліва паўтарыў Раджа. – Ну, што ж, гэта абнадзейвае…. Ідзе ж яна зараз, гэтая “кошка”? – спытаўся ён нечакана рэзка. – Колькі часу вам патрабуецца, каб яе абяшкодзіць?
Халодны погляд блакітных вачэй літаральна паралізаваў Холіна, не даваў яму нават варухнуцца. У роце перасохла яшчэ больш, а да ўсяго іншага Холін адчуў раптам як па твары збягаюць уніз кроплі халоднага поту. Чаго я так расхваляваўся? – міжволі падумалася яму. – Ці я баюся яго? Напэўна, і сапраўды баюся! А, можа, не яго нават? Можа, я баюся таго, што гэтыя жанчыны… хоць адна з гэтых жанчын усё ж засталася ў жывых? Ды не, глупства! Такое немагчыма… немагчыма нават для “дзікіх кошак”! Яны ж, нягледзячы на ўсе плёткі аб іх, звычайныя людзі… самыя звычайныя людзі, і ніхто больш! І каму, як не мне, ведаць гэта…
– Што ж вы маўчыце, Максіміліян? – прагаварыў Раджа нечакана мякка і нават спагадліва… але гэтая ягоная мяккасць і спагадлівасць чамусьці ўстрывожылі Холіна куды больш, чым ранейшы халодны абыякавы тон. – Я спытаўся: як і калі вы збіраецеся пакончыць з гэтай апошняй “кошкай”?
– Я зараз усё растлумачу, сэр? – сказаў Холін, з усяе сілы, хоць і без асаблівага поспеху стараючыся трымацца ўпэўнена, асабліва ў вачах уласных падначаленых. – Зірніце сюды!
Узяўшы са стала пульт-указку, Холін падыйшоў да сцяны, процілеглай той, адкуль з шырокага экрана на яго ўважліва глядзеў Раджа.Потым ён націснуў пальцам наўказку -і на сцяне сталі паступова прыступаць нейкія цьмяныя лініі і плямы. Яшчэ імгненне – і там, дзе толькі што была суцэльная белая сцяна, з’явілася раптам вялікая каляровая карта.
Гэта была карта планеты Аграполіс…
На абодвух паўшар’ях шырокая зялёная паласа размяшчалася паміж двух блакітных: даволі вузкай зверху і вельмі шырокай знізу.На гэтай шырокай блакітнай частцы, асабліва каля самага мацерыка, было размешчана вялізная мноства астравоў самага рознага памеру і канфігурацыі, таму ніжняячастка карты мела даволі стракаты выгляд…
Карта Аграполіса была вельмі дакладнай, бо рабілася яна пры дапамозе касмічных апаратаў сувязі. Таму тут былі прадстаўлены ўсе без выключэння астравы ў абодвух акіянах, Паўночным і Паўднёвым…і абрысы ўсіх берагавых ліній таксама былі правільнавызначаны. Больш таго, мноства маленькіх чырвоных кропак на паўночнай частцы мацерыка не простаабазначалі тое ці іншае аддзяленне ФІРМЫ. Любую частку карты можна было па жаданню павялічыць да неабходных памераў… да такіх нават, калі станавіліся бачнымі асобныя фермерскія сядзібы. Гэтак жа маленькія аранжавыя кропкі на ўзбярэжжы адпавядалі найбольш буйным курортным ці санаторным цэнтрам, сінія – рыбацкім пасёлкам. І, пры адпаведным павелічэнні, там таксама можна было вызначыць нават размяшчэння асобных будынкаў ці карпусоў.