Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– Дурніца! – з роспаччу прашаптаў Свенсан, кусаючы сабе вусны. – Якая ж ты дурніца! І я дурань, што звязаўся з табой!
Невядома, на што разлічвала жанчына… хутчэй за ўсё, тут проста спрацаваў прыроджаны інстынкт “дзікай кошкі” - змагацца да апошняга. Але, як бы там ні было, заканчэння гэтага няроўнага паядынку Свенсан так і не змог пабачыць. І маленькі безабаронны кацер, і велічэзныя баявыя шлюбкі, якія ўсё ніяк не маглі і не маглі ў яго патрапіць… усё гэта знікло раптам за лініяй небакраю… і толькі пасля гэтага Свенсан павярнуўся і панура накіраваўся да другой жанчыны, Ізіды, каб паспрабаваць выратаваць ёй жыццё…
Магчыма, гэтая Ізіда таксама была вельмі прыгожай жанчынай, магчыма, яна была нават прыгажэйшай за тую… ва ўсім гэтым Свенсан зможа пераканацца толькі зняўшы з яе дэсантны скафандр… але ж не дзеля яе ён гэтак рызыкаваў. Свенсан паставіў на карту, здаецца, усё, што ў яго яшчэ заставалася ў гэтым жыцці: сваю бездакорную двухгадовую службу ў ФІРМЕ, сваю даволі паспяховую кар’еру, сваё добрае імя, само жыццё сваё нават… паставіўі прайграў усё гэта ў адно кароткае імгненне…
Глава 11
Цяжка дыхаючы, Сарджэн хутка крочыў па адным з незразумелых гэтых калідораў, часам ён нават пераходзіў на бег, спадзяючыся, што вось-вось калідор закончыцца, і ён акажацца раптам у такой знаёмай акруглай зале. Але калідор і не думаў заканчвацца, ён усё працягваўся і працягваўся… а час ішоў, няўмольна ішоў час і вельмі хутка ўжо Мэры вернецца дадому і не застане там яго. А, можа, яна ўжо і вярнулася, бо ў паніцы Нікалязусім згубіў усялякае адчуванне часу. Колькі ён ужо блукае тут: гадзіну?...тры гадзіны?...дзесяць гадзін?
Самым непрыемным было тое, што Сарджэн нават не быў упэўнены, што ідзе зараз у правільным накірунку. З такім жа поспехам ён мог ісці ў накірунку прама процілеглым правільнаму…
“Добра яшчэ, што калідоры гэтыя маюць стабільнае асвятленне – міжволі падумалася Сарджэну. – Бо інакш…”
А ўрэшце рэшт, наўрад палез бы ён сюды, калі б тут было цёмна!
І тут Сарджэн убачыў перад сабой такія знаёмыя металічныя дзверы (ці перагародку) і зразумеў, што, на жаль, і сапраўды рухаўся не туды. Спыніўшыся, ён з адчаем і нават злосцю глядзеў нейкі час на дзіўны малюнак-іерогліф на самай сярэдзіне перагародкі, потым штосьці прымусіла яго перавесці погляд сабе пад ногі.
Там, знізу, ляжаў прадмет з нейкага залацістага метала… і Сарджэн не адразу нават зразумеў, што абрысы незразумелага гэтага прадмета поўнасцю супадаюць з такім жа незразумелым іерогліфам на перагародцы.
“Ключ! – усхвалявана падумалася Сарджэну. – Я нарэшце знайшоў ключ ад адных з гэтых дзвярэй”
Нахіліўшыся, ён ухапіў залацісты прадмет і адразу ж зразумеў, што гэта ніякае не золата. Прадмет быў занадта лёгкім для залатога… магчыма, ён быў проста пазалочаным, магчыма, зробленым з нейкага асаблівага сплаву… але не гэта было галоўным зараз. Галоўным было іншае…
Што адбудзецца, калі ён усё ж прыставіць гэты своеасаблівы “ключ” да малюнка на дзвярах?
Ці адчыняцца пасля гэтага загадкавыя дзверы?
І што чакае Сарджэна там, за “дзвярыма”? І ці надта гарыць ён жаданнем сустрэцца з тым, што можа яго там чакаць?
Нічога гэтага Сарджэн пакуль што не ведаў. Нейкі час ён моўчкі стаяў з “ключом” у руках і ўсё глядзеў і глядзеў на дакладную выяву гэтага “ключа” на металічнай перагародцы. Потым, рашыўшыся нарэшце, усё ж прыклаў “ключ” да выявы.
І адразу ж зразумеў, што не памыліўся – гэта і сапраўды быў ключ. Ён адразу ж літаральна зліўся са сваёй выяваў у нейкае адзінае цэлае… а потым у металічнай заслоне, якраз на месце гэтага іх зліцця, з’явілася раптам маленькая круглая адтуліна, якая пачала павольна пашырацца.
Узрушаны да самай глыбіні душы, Сарджэн бліжэй падсунуўся да адтуліны і ўбачыў за ёй… пустыню. Так, самую сапраўдную пустыню, толькі пясок там быў не жоўтым, як звычна ўяўляў сабе пясок пустыні Сарджэн, а нейкім цьмяна-фіялетавым.
У рэшце рэшт, тут, на Аграполісе, сапраўдных пустынь не існавала… дакладней, іх не існавала ў паўночнай частцы мацерыка. Тут жа, у нязведаных прасторах Поўдня ўсё было магчыма, але ж як далёка адыйшоў ён тады ад будынка?І няўжо ўсе гэтыя доўгіякалідоры заканчваюцца простымі выхадамі знадворак?
Круглая, ці, хутчэй, авальная адтуліна ўсё працягвала і працягвала пашырацца. Вось яе дыяметр стаў такім вялікім , што хударлявы чалавек мог спакойна, прыгнуўшы толькі галаву, пераступіць праз яго…
Магчыма, калі б там, знадворку, буялі такія знаёмыя джунглі, Сарджэн яшчэ б раздумваў, як яму быць, бо вельмі добра памятаў сваю адзіную экскурсію ў тое зялёнае пекла. Але пустыня, што знаходзілася зараз за адтулінай, выглядала зусім бяскрыўдна, прынамсі, нічога жывога, а тым больш, небяспечнага, не назіралася ў ёй … ды і заблукаць на адкрытай гэтай мясцовасці, страціўшы накірунак, было даволі праблематычна. Таму Нікаля, пасля нядоўгіх ваганняў, усё ж рашыўся на эксперымент і пераступіў праз тыя невялікія рэшткі, што засталіся зараз ад суцэльнай металічнай перагародкі. Пераступіў і адразу ж азірнуўся.
Перад вачыма ягонымі прадстала даволі дзіўнае відовішча: авальная адтуліна як бы “вісела” ў паветры сама па сабе. Вакол была ўсё тая ж фіялетавая пустыня: і справа, і злева, і адразу ж за адтулінай…
Але ж так не бывае… не павінна быць, ва ўсялякім разе!
Узрушаны да самай глыбіні душы Сарджэн павольна пачаў абыходзіць адтуліну, каб зірнуць на яе са зваротнага боку і…адчуў раптам яшчэ большае ўзрушэнне.
Адтуліна знікла. Перад Сарджэнам расцілалася толькі бясконцая фіялетавая пустыня і нічога больш не было бачна на шмат міль вакол...
Няўжо яна зачынілася так раптоўна?! І што ж яму рабіць у такім выпадку?!
Увесь здранцвелы ад жаху, Нікаля кінуўся назад і з невыразнай палёгкай зноў убачыў ранейшы ўваход у калідор. Уваход гэты нікуды не знік, проста ён быў бачны чамусьці толькі з аднаго гэтага боку і ніадкуль больш…
Стараючыся не выпускаць яго з поля зроку, Сарджэн пачаў павольна прасоўваццанаперад, асцярожна ступаючы па зыбучым фіялетавым пяску, але ўсяго праз некалькі дзесяткаў метраў нервы Нікаля не вытрымалі, і ёнзноў кінуўся да чорнай адтуліны ўвахода.Страціўшыяеаднойчы і ледзь не страціўшы ад гэтага розум, ён не жадаў больш рызыкаваць.